Грэцыя
Грэцыя, Эляда лац. Hrecyja Ελληνική Δημοκρατία | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Ελευθερία ή θάνατος («Элефтэрыя і танатос») («Свабода або сьмерць») | |||||
Дзяржаўны гімн: «Hymn to Liberty» | |||||
Афіцыйная мова | Грэцкая | ||||
Сталіца | Атэны | ||||
Найбуйнейшы горад | Атэны | ||||
Форма кіраваньня | Парлямэнцкая рэспубліка Катэрына Сакелярапулю Кірыякас Міцатакіс | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
94-е месца ў сьвеце 131 957[1] км² 0,87% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2012) • шчыльнасьць |
83-е месца ў сьвеце 10 816 286[2] 82/км² | ||||
СУП • агульны (2014) • на душу насельніцтва |
51-е месца ў сьвеце $271 млрд $24 574 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
EET (UTC+2) EEST (UTC+3) | ||||
Незалежнасьць -Абвешчаная -Прызнаная |
Ад Атаманскай імпэрыі 25 сакавіка 1821 3 лютага 1830 | ||||
Аўтамабільны знак | GR | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .gr | ||||
Тэлефонны код | +30 | ||||
Грэ́цкая рэспу́бліка (па-грэцку: Ελληνική Δημοκρατία), Эля́да альбо Грэ́цыя (грэц. Ελλάδα) — дзяржава ў Паўднёвай Эўропе, на Балканскім паўвостраве й шматлікіх астравах (найбуйнейшыя — Крыт, Эўбэя, Родас, Лесбас) у Эгейскім і Іянічным марах, ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Насельніцтва каля 11 мільёнаў, каля 95% зь іх — грэкі. Сталіца — Атэны.
На поўначы Грэцыя мяжуе з Баўгарыяй і Паўночнай Македоніяй, на паўночным захадзе з Альбаніяй, на паўночным усходзе з Турэччынай. Мае дзевяць гістарычных абласьцей: Македонію, Цэнтральную Грэцыю, Пэляпанэс, Тэсалію, Эпір, Эгейскія астравы, Тракію, Крыт і Іянічныя астравы. Знаходзіцца на 11-м месцы ў сьвеце паводле працягласьці берагавой лініі — 13 676 км[1]. Грэцыі належаць больш за 2000 астравоў, каля 170 зь якіх населеныя[3].
Шмат хто лічыць Грэцыю «калыскай» сучаснай заходняй цывілізацыі. Тут зарадзіліся дэмакратыя, заходняя філязофія, Алімпійскія гульні, заходняя літаратура, гістарыяграфія, паліталёгія, базавыя навуковыя й матэматычныя прынцыпы і драма (у тым ліку трагедыя й камэдыя). Культурніцкія й тэхналягічныя дасягненьні Грэцыі аказалі значны ўплыў на сьвет, распаўсюдзіліся на Ўсход праз заваёвы Аляксандра Вялікага, а на Захад праз інкарпарацыю ў Рымскую імпэрыю і наступную Бізантыю. Грэцкая праваслаўная царква таксама распаўсюдзіла грэцкія традыцыі на шырэйшы праваслаўны сьвет. Багатая спадчына Грэцыі захавалася ў ейных 17 аб’ектах Сусьветнай спадчыны. Незалежнасьць дзяржавы была абвешчаная ў 1830 року пасьля вайны Грэцыі за незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі.
Цяпер Грэцыя — дэмакратычная разьвітая дзяржава з разьвітай эканомікай, высокімі якасьцю і стандартамі жыцьця. Краіна зьяўляецца адной з заснавальніцаў ААН, дзясятай далучылася да Эўрапейскіх супольнасьцяў (прадвесьнік Эўразьвязу), з 2001 року ўваходзіць у Эўразону. Зьяўляецца сябрам міжнародных арганізацыяў, такіх як Рада Эўропы, НАТО, АЭСР, АБСЭ і СГА.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Саманазва краіны — Эляс (Hellas) або Эляда (Ellada), аднак на іншых мовах краіна называецца інакш. Тэрмін Грэцыя паходзіць ад лацінскага Graecia, што літаральна азначае «зямля грэкаў» (ад грэц. Γραικός).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцыя была заселеная зь незапамятных часоў. Рэшткі старажытных архантрапаў узростам ў 270 тыс. гадоў знойдзены ў пячоры Пэтралоне. Вядомыя таксама астанкі неандэртальцаў, якія жылі 40 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Пэляпанэсу.
Дагрэцкая эгейская цывілізацыя датуецца XXX—XII стагодзьдзямі да н. э.
Першая культура на тэрыторыі Грэцыі, дзе дамінуе ўласна грэцкае насельніцтва — гэта Мікенская культура, якая аб’яднала ў сабе дасягненьні ранейшых эгейскіх культураў.
«Цёмныя вякі» або «Гамэраўская Грэцыя» — пэрыяд у гісторыі Старажытнай Грэцыі, які ахоплівае каля 1200—800 да н. э., пачаўся пасьля заняпаду Мікенскай культуры і меркаванага ўварваньня дарыйцаў, і скончыўся з пачаткам росквіту грэцкіх полісаў (пэрыяду архаікі).
Традыцыйна ўласна старажытнагрэцкі пэрыяд пачаўся зь першых Алімпійскіх гульняў у 776 да н. э. і працягваўся да сьмерці Аляксандра Македонскага ў 323 да н. э.
Эліністычны пэрыяд гісторыі Грэцыі працягваўся ад сьмерці Аляксандра Македонскага да далучэньня Пэляпанэскага паўвострава і грэцкіх астравоў да Рыма ў 146 да н. э.
Рымская Грэцыя — пэрыяд грэцкай гісторыі пасьля перамогі Рыма над карынцянамі ў бітве пры Карынце ў 146 да н. э. да перайменаваньня гораду Бізантыя ў 330 у Новы Рым, пазьней Канстантынопаль, рымскім імпэратарам Канстантынам I і пераносу ў яго сталіцы Рымскай імпэрыі.
У складзе Бізантыі значэньне Грэцыі зноў павышаецца. У XIV стагодзьдзі гэты пэрыяд заканчваецца з далученьнем Грэцыі да імпэрыі турак-асманаў. Большая частка Грэцыі зьяўлялася часткай Асманскай імпэрыі да абвяшчэньня незалежнасьці ў 1821.
Першым кіраўніком незалежнай Грэцыі быў Яан Кападыстрыя.
Аднак на тэрыторыі незалежнай Грэцыі тады пражывала толькі каля 1/6 часткі грэкаў Міжземнамор’я (каля 0,8 млн з 5 мільёнаў). Таму да 1970-х гадоў галоўным вэктарам ўнутранай і зьнешняй палітыкі былі пляны па аднаўленьні грэцкага адзінства, якія атрымалі ў XIX стагодзьдзі назву Вялікай ідэі (па-грэцку: Μεγάλη Ιδέα), а на сумежных грэцкіх тэрыторыях узьнік тэрмін энозіс, або імкненьне да ўзьяднаньня з Грэцыяй.
Пасьля стварэньня Турэцкай Рэспублікі Грэцыя ўцягнулася ў 1919—1922 гадах у вайну супраць яе і прайграла. У 1941—1944 гадах акупаваная італьянска-нямецкімі войскамі. У 1944—1949 гадах у Грэцыі ідзе грамадзянская вайна паміж камуністамі і раялістамі, аднак манархія будзе скасаваная толькі ў 1973 сіламі ваенных.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Грэцыі ўключае ў сабе 13 адміністрацыйных акругаў (вобласьцей, або пэрыфэрыяў (па-грэцку: περιφέρειες)), якія затым падзяляюцца на 54 номы, або прэфэктуры. Дадаткова да гэтых акругаў існуе адзін аўтаномны рэгіён — Аян-Орас (па-грэцку: Άγιον Όρος — «Сьвятая Гара») у раёне гары Атон.
- Атыка
- Заходняя Грэцыя
- Заходняя Македонія
- Іянічныя астравы
- Крыт
- Паўднёвыя Эгейскія астравы
- Паўночныя Эгейскія астравы
- Пэляпанэс
- Тэсалія
- Усходняя Македонія і Тракія
- Цэнтральная Грэцыя
- Цэнтральная Македонія
- Эпір
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцыя — парлямэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт, які выбіраецца парлямэнтам на пяцігадовы тэрмін. Існуючая канстытуцыя была зацьверджаная парлямэнтам і ўведзена ў дзеяньне ў 1975 годзе, пасьля падзеньня вайсковай хунты, захапіўшай уладу з 1967 да 1974 году. З таго часу канстытуцыя зьмянялася ў 1986, 2001 і 2008 гадах[1]. Канстытуцыя ўтрымлівае 120 параграфаў, якія падзяляюць дзяржаўную ўладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую і дае пашыраныя гарантыі грамадзкім свабодам і правам.
Згодна з канстытуцыяй, выканаўчая ўлада належыць прэзыдэнту рэспублікі і ўраду. Пасьля папраўкі 1986 году прэзыдэнцкія абавязкі былі значна паменшаныя і зараз прэзыдэнт зьяўляецца хутчэй пратакольнай асобай. Абавязкі прэм’ер-міністра выконвае лідэр партыі, якая мае, на бягучы момант, большасьць у парлямэнце. Прэзыдэнт фармальна пазначае прэм’ер-міністра і па яго рэкамэндацыям міністраў. Прэм’ер-міністар валодае большай часткай палітычнай улады, і згодна з папраўкай 1986 году яму была перададзена большая частка прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.
Заканадаўчая ўлада належыць парлямэнту, які складаецца з 300 дэпутатаў. Законы прынятыя парлямэнтам павінны зацьвярджацца прэзыдэнтам. Парлямэнцкія выбары праходзяць кожныя чатыры гады, але прэзыдэнт мае права распусьціць парлямэнт па прапанове кабінэта міністраў. Прэзыдэнт таксама можа распусьціць парлямэнт пасьля таго як апазыцыя зможа арганізаваць вотум недаверу.
Судовая ўлада незалежная ад выканаўчай і заканадаўчай і складаецца з трох вярхоўных судоў: Касацыйны Суд (Άρειος Πάγος), Дзяржаўны Савет (Συμβούλιο της Επικρατείας) і Эканамічны Суд (Ελεγκτικό Συνέδριο). Судовая ўлада ўключае яшчэ й грамадзянскія суды, якія разглядаюць адміністрацыйныя, грамадзянскія і крымінальныя справы.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцкі паўвостраў, разьмешчаны на паўднёвым усходзе Эўропы, займае плошчу 131 957 км²[1]. Грэцыя разьмешчаная ў паўднёвай частцы Балканскага паўвострава і на прылеглых да яго і да ўзьбярэжжа Малой Азіі астравах. Мяжуе з Альбаніяй, Македоніяй, Баўгарыяй і Турэччынай. Абмываецца: Міжземным морам, у тым ліку: Іянічным, Эгейскім морамі, а паўднёвае ўзьбярэжжа Крыта — Лібійскім морам. У склад Грэцыі ўваходзіць каля 2 тысячаў астравоў, на якія прыходзіцца каля 20 % усёй краіны[4]. Тэрыторыя Грэцыі падзеленая на тры часткі. У матэрыковую Грэцыю ўваходзяць: Македонія — паўночная вобласьць Грэцыі, межная з Альбаніяй (Яніна, Ігуменіца), Баўгарыяй (Радопі) і Паўночнай Македоніяй (Касторыя, Халькідыкі); Тракія — паўночна ўсходняя вобласьць, межная з Баўгарыяй і Турэччынай (Александропаль, Каматыні); Эпір — паўночна заходняя вобласьць, межная з Альбаніяй (абмываецца Іянічным морам); Тэсалія — найболей раўнінная вобласьць, з усходу абмываецца Эгейскім морам (Лярыса, Воляс, Трыкала); Цэнтральная Грэцыя — цэнтральная частка Грэцыі (Халькіда, Лямія, Амфіса); Атыка — вобласьць вакол Атэнаў; Пэляпанэс — самы вялікі паўвостраў Грэцыі (плошча — 21,4 тыс. кв. км), злучаны з матэрыковай часткай вузкім Карынтскім перашыйкам (шырыня 5 км), празь які ў канцы XIX стагодзьдзя быў прарыты канал (даўжынёй 6500 м, шырыня 23,5 м, глыбіня 40 м). Трэці раён утвараюць астравы Эгейскага мора: Эўбэя — другая па велічыні, пасьля Крыта, востраў Грэцыі (3,9 тыс.кв.км), злучаны з кантынэнтам мастом; Лесбас — адзін з буйных астравоў Грэцыі (1,6 тыс.кв.км); Паўночныя Спарады — астравы Скірас, Скапелас, Юра, Іліадрамія і інш. у паўночна-заходняй часткі Эгейскага мора; Кіклады — «кіклас» па-грэцку — утвараючы кольца, архіпэляг у цэнтральнай і паўднёвай частцы Эгейскага мора (астравы Аморгас, Андрас, Сыфнос, Сантарыні, Тымас, Кітнас і інш.); Паўднёвыя Спарады — Дадэканэс — архіпэляг з 12 астравоў у паўднёваўсходняй часткі Эгейскага мора, ва ўзьбярэжжа Турэччыны (астравы Родас, Самас, Астыпалея, Калімнас, Карпатос, Лерас і інш.).
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцкі ляндшафт — гэта чаргаваньне скалістых, звычайна бязьлесных гор, густанаселеных далінаў, шматлікіх астравоў, праліваў і бухтаў. Маляўнічыя скалы, пляжы, экзатычныя гроты падаюць велізарныя магчымасьці для адпачынку на моры і горнага турызму. Шырокае распаўсюджваньне вапнякоў, асабліва ў заходняй частцы краіны, прывяло да фармаваньня карставых варонак, пячораў, якія надаюць ляндшафту своеасаблівае дзікае аблічча і што прываблівае аматараў выпрабаваць свае сілы ў спэлеалёгіі. Горныя масівы займаюць амаль чвэрць паверхні тэрыторыі краіны. Гэта пераважна сярэдняй вышыні горы (да 1200—1800 м)[4]. Найвышэйшы пункт Грэцыі — гара Алімп (2917 м)[1]. Вышэй 2000 мэтраў паднімаюцца таксама Пінд, Парнас, горны ланцуг на поўначы Пэляпанэса і Тайгет. Раўнін мала, засяроджаныя яны ва ўсходняй палове краіны, за выключэньнем Пэляпанэса, дзе раўніны пераважаюць на заходнім узьбярэжжы. Пад лесам і хмызьняком каля 30,9 % тэрыторыі. Нацыянальныя паркі: Вікас-Аос, Мікра-Прэспа, Эта і інш.
Рэкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На вузкім і гарыстай Грэцкай паўвысьпе не маглі ўтварыцца вялікія рачныя сыстэмы. Пераважаюць горныя рэкі, кароткія, бурныя, з маляўнічымі парогамі і вадаспадамі, часта бягучыя да мора ў вузкіх каньёнах. Самая доўгая рака Грэцыі — Альякмон (амаль 300 км). Іншыя буйныя рэкі — Эбрас, Нэстас, Стрымон, Вардар, Ахелас. Рэкі не прыдатныя для суднаходзтва, але гуляюць даволі вялікую ролю як крыніцы энэргіі.
Азёры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Грэцыі налічаецца больш за 20 азёраў плошчай 10—100 км². Самыя буйныя і глыбокія зь іх тэктанічнага паходжаньня. Да іх прыналежаць азёры Трыхоніс (95,5 км²), Волві (75,6 км²), Вэгарытыс (72,5 км²). Шмат карставых азёраў. Яны, як правіла, невялікія, сілкуюцца ў асноўным падземнымі водамі. Найбуйнае з іх — Яніна (22 км²).
Астравы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У склад Грэцыі ўваходзіць больш за 2000 астравоў, ад буйных (Крыт, Эўбэя) да дробных (Патмас, Хрысі, Кастэлярыза). На іх долю прыпадае каля 20 % усёй грэцкай тэрыторыі (24,8 тыс. кв. км.[5]).
Усе астравы падзяляюцца на некалькі груп:
- Іянічныя астравы — разьмешчаныя ў Іянічным моры, у заходніх берагоў Грэцыі. Найбуйнейшы востраў — Кефалінія.
- Паўночныя Эгейскія астравы — разьмешчаныя на поўначы Эгейскага мора, у берагоў Турэччыны. Найбуйнейшы востраў — Лесбас.
- Паўночныя Спарады і востраў Эўбэя — разьмешчаны ля ўсходніх берагоў Грэцыі.
- Кіклады — знаходзяцца ў цэнтры Эгейскага мора. Цэнтар старажытнай разьвітой Кікладзкай культуры. Тут разьмешчаны ў асноўным невялікія астравы: Андрас, Наксас, Міканас, Сантарыні.
- Дадэканэс — група астравоў, разьмешчаных на поўдні Эгейскага мора, у берагоў Турцыі, часам таксама іх называюць Паўднёвымі Спарадамі. Гэта важны цэнтар турызму ў Грэцыі. Найбуйнейшы востраў — Родас.
- Крыт — найбуйнейшы востраў Грэцыі. Цэнтар старажытнай Крыцкай цывілізацыі. Побач з востравам разьмешчана мноства невялікіх астравоў-спадарожнікаў (Хрысі і г. д.). З поўдня востраў амываецца Лівійскім морам.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцыя не валодае значнымі запасамі якіх-небудзь карысных выкапняў. Найбольш распаўсюджаным і здабываемым зьяўляецца лігніт, або слабавуглефікаваны буры вугаль. Ён зьяўляецца галоўным паліўным рэсурсам Грэцыі. У канцы XX стагодзьдзя ў Эгейскім моры былі знойдзеныя нязначныя запасы нафты і газу. Вядзецца іх распрацоўка.
Адносна багатая Грэцыя руднымі карыснымі выкапнямі. Сярод іх жалезныя, марганцавыя, нікелевыя, хромавыя, медныя і полімэталічныя руды. Значныя запасы баксытаў, або алюмінавых руд. Паводле ацэнак геолягаў у нетрах Грэцыі залягаюць каля 650 млн.т. гэтай каштоўнай руды, што робіць Грэцыю адным з найбуйнейшых яе здабытчыкаў ў Эўропе.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Грэцыі захавалася няшмат відаў дзікіх жывёлаў і папуляцыі іх невялікія. Гэта зьвязана са шматтысячагадовай гісторыяй гэтай краіны — больш за 8000 гадоў людзі актыўна палявалі на жывёлаў і вынішчалі расьліны на тэрыторыі Грэцыі. Найбольш распаўсюджаныя тут невялікія жывёлы: зайцы, барсукі і розныя віды мышэй.
З прыкладна 5000 відаў расьлінаў Грэцыі найбольш распаўсюджаныя невялікія расьліны і кусты. На паўвысьпе Халкідыкі часта сустракаюцца хваёвыя лясы. Распаўсюджаныя кіпарысы і плятаны. Узрост некаторых дасягае некалькіх тысячаў гадоў. Вельмі распаўсюджаная аліва — адно з каштоўных дрэваў Грэцыі і ўсяго Міжземнамор’я.
У цэлым бедная расьліннасьць Грэцыі тлумачыцца шырокім распаўсюджваньнем коз у Старажытнай Грэцыі, якія абгрызалі кару дрэваў, з прычыны чаго тыя гінулі, а дробныя расьліны проста вытоптваліся. Існуе нават прымаўка — «Грэцыю зьелі козы».
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1981—1990 гадах у Грэцыі адбыліся значныя эканамічныя пераўтварэньні і пачаўся хуткі эканамічны рост краіны. Зь сельскагаспадарчай краіны Грэцыя перанакіравала сваю эканоміку на сфэру паслугаў (у асноўным транспарт), турызм, гандаль і фінансы. Важную ролю адыграла і сяброўства з 1981 году ў Эўрапейскім Зьвязе, а таксама дапамога зь яго боку. З 1985 да 1991 году Грэцыя атрымлівала штогод 2,5 млрд даляраў ЗША у рамках так званага інтэграцыйнага пляну, сярэднегадавы прырост СУП у 1987—1990 гадах складаў 1,6%. У 2017 годзе 79,1% нацыянальнага прыбытку ствараюць паслугі, 16,9% — прамысловасьць, 4,1% — сельская гаспадарка[1].
У прамысловасьці асноўнае разьвіцьцё атрымала лёгкая і харчовая галіны. Паводле ацэнкі, у 2015 годзе ў прамысловасьці былі занятыя 15% працаздольнага насельніцтва[1]. Вядзецца здабыча баксытаў, пірытаў, нікелю, магнэзытаў. Разьвітая і мэталюргічная прамысловасьць, яле ў адпаведнасьці з рашэньнем ЭЗ, вытворчасьць сталі скарочаная на 30%. Адным з найбольшых прадпрыемстваў каляровай мэталюргіі было «Біёхалко». Існуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, нафтахімічнай і дрэваапрацоўчай галінаў эканомікі. У горадзе Волас разьмешчана самая буйная ў сьвеце фабрыка цэмэнту. Пад грэцкім флягам рэгіструецца шмат караблёў, у выніку чаго, фармальна Грэцыя валодае самым буйным у сьвеце грамадзянскім флётам. Значную ролю, традыцыйна, мае рыбная лоўля. У Грэцыі 1308 гандлёвых караблёў (22 месца ў сьвеце).
У сельскай гаспадарцы разьвіцьцё атрымала вытворчасьць садавіны і гародніны. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца масьліны, вінаград, дыні, пэрсікі, апэльсіны і памідоры. Штогод Грэцыя прымае каля 10 млн турыстаў, што дае значную долю грашовага прыбытку краіны.
На 2022 год паямі «Банку Грэцыі» гандлявалі на «Біржы Атэнаў».
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле перапісу 1966 году, у Грэцыі жылі 8,74 чалавек[4]. У 1977 годзе ў Грэцыі жылі 9280 тыс. чалавек. У 1988 годзе насельніцтва Грэцыі ацэньвалася ў 9,9 млн чалавек[6]. У 1995 годзе ў Грэцыі пражывалі 10,5 млн чалавек[5]. У 2006 годзе насельніцтва Грэцыі складала 11,3 млн чалавек[7]. Паводле ацэнкі ў 2020 годзе насельніцтва Грэцыі складае 10 607 051 чалавек[1]. Большасьць насельніцтва Грэцыі складаюць грэкі (80—90%), але гэтыя зьвесткі часта аспрэчваюцца, у выніку недаўліку нацыянальных меншасьцяў, асабліва моўным. Афіцыйная статыстыка Грэцыі не вядзе ўліку насельніцтва па нацыянальнасьцям. Па зьвесткам навукоўцаў-этнаграфаў, у Грэцыі існуюць наступныя нацыянальныя меншасьці: туркі (0,8%), памакі (баўгарамоўныя мусульмане — 0,3%), цыганы-мусульмане (0,1%), альбанцы (1-5%), арамуны (1,1%), праваслаўныя цыганы (1,8%), сэрбы (0,3%), арабы (0,3%), армяне (0,3%), габрэі (0,05%) і інш.
Гарады Грэцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для Грэцыі характэрная дыспрапорцыя гарадзкога расьсяленьня: пераразьвітая аглямэрацыя Атэнаў (з агульным насельніцтвам звыш 4 млн чалавек — 7-я па памерах аглямэрацыя ў ЕС) і невялікія іншыя гарады (толькі 4 зь іх, што не ўваходзяць у атэнскую аглямэрацыю, маюць насельніцтва звыш 100 тыс. чалавек).
Паводле перапісу 2011 году буйнейшымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца[8]:
Нр | Горад | Колькасьць насельніцтва ў рысе гораду |
---|---|---|
1. | Атэны | 664 046 |
2. | Тэсалёнікі | 325 182 |
3. | Патры | 213 984 |
4. | Іракліён | 173 993 |
5. | Пірэй (частка атэнскай аглямэрацыі) | 163 688 |
6. | Лярыса | 162 591 |
7. | Пэрыстэры (частка атэнскай аглямэрацыі) | 139 981 |
8. | Нікея (частка атэнскай аглямэрацыі) | 105 430 |
9. | Калітэя (частка атэнскай аглямэрацыі) | 100 641 |
10. | Калямарыя (частка тэсаляніцкай аглямэрацыі) | 91 518 |
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле афіцыйных ацэнак, 81-90% грэкаў зьяўляюцца чальцамі грэцкай праваслаўнай царквы[1].
У праведзеным Эўрастатам у 2010 року апытаньні 79% грамадзянаў Грэцыі адзначылі, што «вераць у існаваньне Бога»[9].
Рэлігія ў Грэцыі (2015)[1][a] | ||||
---|---|---|---|---|
Праваслаўе | 81% | |||
Іслам | 2% | |||
Іншыя | 3% | |||
Ніякая | 4% | |||
Не пазначаная | 1% | |||
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кухня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцкая кухня прадстаўляе сабой прыклад тыповай міжземнаморскай або балканскай кухні. Але шмат у чым кухня грэкаў адрозная ад кухняў яе бліжэйшых суседзяў — Баўгарыі, Альбаніі і Італіі. Перш за ўсё спэцыі: іх грэкі дадаюць у сваю ежу часьцей за іншых у Эўропе. Разам з тым грэцкая кухня не зьяўляецца вострай.
Другая адметная асаблівасьць грэцкай кухні гэта мноства аліўкавага алею. Ён дадаецца практычна ва ўсе стравы і выкарыстоўваецца ня толькі як духмяная прыправа, але і падчас тэрмічнай апрацоўкі ежы. Яшчэ адным незаменным кампанэнтам зьяўляецца лімон.
Асаблівы гонар грэкаў — сыр. У Грэцыі яго вырабляецца ня менш за 50 гатункаў (у кожным рэгіёне свой асаблівы рэцэпт). Грэкі спажываюць сыру больш за ўсіх у сьвеце — больш за 25 кг у год на чалавека. Самы папулярны гатунак носіць назву «фэта»: менавіта ён выкарыстоўваецца ў прыгатаваньні знакамітага «грэцкага салату», які ў самой Грэцыі называецца «харыятыкі» (вясковы).
Ня менш папулярнае ў Грэцыі мяса. Перавага аддаецца сьвініне, бараніне і казьляціне. Мусака — адна з самых вядомых страваў, прыгатаваная з дадаваньнем як мяса, так і традыцыйнай для Грэцыі агародніны. Вельмі папулярныя рыба, малюскі і іншыя морапрадукты.
Сьвяты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Грэцыі сьвяткуюць наступныя сьвяты[10]
Дата | Беларуская назва | Мясцовая назва | Заўвагі |
---|---|---|---|
1 студзеня | Новы год | ΠΡΩΤΟΧΡΟΝΙΑ | |
6 студзеня | Богаяўленьне | ΑΓΙΑ ΘΕΟΦΑΝΕΙΑ | |
Першы панядзелак Вялікага паста 2 сакавіка [ст. ст. 18 лютага] 2020 |
Чысты панядзелак | ΚΑΘΑΡΗ ΔΕΥΤΕΡΑ | |
Дабравешчаньне | ΕΥΑΓΓΕΛΙΣΜΟΥ ΘΕΟΤΟΚΟΥ | ||
25 сакавіка | Дзень незалежнасьці | ||
ад страсной пятніцы да Велікоднага[11] панядзелка | Вялікдзень | ||
Велікодная нядзеля | Вялікдзень | ||
1 мая | Дзень працы | ||
Дзень Сьвятога Духу | |||
15 жніўня | Унебаўзяцьце Найсьвяцейшай Панны Марыі | ||
28 кастрычніка | Нацыянальнае сьвята | ||
25-26 сьнежня | Раство |
Папулярная культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006 годзе Атэны прымалі ў сябе конкурс песьні Эўрабачаньне пасьля перамогі на папярэднім конкурсе сьпявачкі Хэлены Папарызу.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцыя — радзіма Алімпійскіх гульняў. Спорт папулярны тут з часоў гарадоў-дзяржаваў. Пра значнасьць спорту ў Грэцыі кажа той факт, што на час правядзеньня алімпійскіх гульняў перапыняліся ўсе войны паміж грэкамі.
У сучаснай Грэцыі спорт таксама не згубіў актуальнасьці. У 1896 годзе ў Атэнах былі праведзеныя першыя Алімпійскія гульні сучаснасьці, дзе ўдзельнічалі 13 краінаў.
У 2004 годзе Грэцыя ізноў прыняла ў сябе Алімпійскія гульні. У іх удзельнічала ўжо 211 дзяржаваў. Былі пабудаваныя новыя спартовыя збудаваньні з прымяненьнем найноўшых тэхналёгіяў.
Сёньня найбольш папулярнымі відамі спорту зьяўляюцца футбол, баскетбол і плаваньне. У 2004 годзе Грэцыя стала чэмпіёнам Эўропы па футболе, саступіўшы толькі ў адным матчы сборнай Расеі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Новыя апытаньні паказваюць, што каля 20% грэкаў нерэлігійныя, то бок далёка не 1%.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з і The World Factbook (анг.). CIA. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Перапіс насельніцтва 2011
- ^ Contributors: Richard Ralph Mowbray Clogg, Loring Danforth and Others (1 красавіка 2020) Greece. Encyclopædia Britannica, inc. Праверана 6 красавіка 2020 г.
- ^ а б в Дадиани Л. Я., Серебрянный Л. Р. Греция (Королевство Греция) // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ а б Грэцыя // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 505.
- ^ Страны мира: Краткий полит.-экон. справочник. — М.: Политиздат, 1989. — С. 48.
- ^ Герцен А. А., Страшун Б. А. и др. ГРЕЦИЯ // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2016); https://web.archive.org/web/20200812065315/https://bigenc.ru/geography/text/2378081 Дата обращения: 06.04.2020
- ^ Greece: Municipal Division (Regions and Municipalities) Population Statistics, Charts, Map, Location, Weather and Web Information
- ^ Special Eurobarometer, biotechnology; Fieldwork: January–February 2010 (анг.) (PDF) Праверана 23 красавіка 2015 г.
- ^ General Info. Visit Greece
- ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. вялікодны — пасхальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — ISBN 5-341-00918-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Greece (анг.) International Religious Freedom Report 2007. United States Department of State, Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor (15 верасьня 2006). Праверана 14 April 2007 г.