Баскетбол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Баскетбольны мяч
Баскетбольная пляцоўка

Баскетбо́л (па-анґельску: basket — кошык, па-анґельску: ball — мяч) — гульня, якая была распрацавана амэрыканскім выкладчыкам Джэймзам Нэйсьмітам 21 сьнежня 1891 году. У гульні прымаюць удзел дзьве каманды, на полі адначасова знаходзяцца па 5 чалавек з кожнай каманды. Задача каманды — закінуць мяч у кошык суперніка[1].

Баскетбол ёсьць адзін з найпапулярнейшых відаў спорту[2], але найбольшае разьвіцьцё гульня атрымала ў ЗША, дзе быў арганізаваны адзін з наймацнейшых баскетбольных чэмпіянатаў — чэмпіянат Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА). Баскетбол уваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў з 1936 году. Рэгулярныя чэмпіянаты сьвету па баскетболе сярод мужчынаў праводзяцца з 1950 году, сярод жанчынаў — з 1953 году, а чэмпіянаты Эўропы — з 1935 году. У Эўропе праводзяцца таксама міжнародныя клюбныя спаборніцтвы, у прыватнасьці Эўраліга ULEB, Кубак FIBA, Кубак выкліку.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узімку 1891 году студэнты каледжа Моладзевай хрысьціянскай асацыяцыі з Спрынгфілду, штат Масачусэтс, проста зьнемагалі ад нуды на занятках фізычнага выхаваньня, змушаныя выконваць бясконцыя гімнастычныя практыкаваньні, якія лічыліся ў той час ледзь не адзіным сродкам прылучэньня моладзі да спорту. Аднастайнасьці такіх заняткаў неабходна было тэрмінова пакласьці канчатак, занесьці ў іх сьвежую брую, якая здольная была бы задаволіць спаборніцкія патрэбнасьці моцных і здаровых маладых людзей.

Выхад з тупіковага становішча знайшоў выкладчык каледжа Джэймз Нэйсьміт. У сьнежні 1891 году ён прывязаў два кошыкі з-пад пэрсікаў да парэнчаў балькона спартовай залі і, падзяліўшы васямнаццаць студэнтаў на дзьве каманды, прапанаваў ім гульню, сэнс якой зводзіўся да таго, каб закінуць большую колькасьць мячоў у кошык супернікаў.

Цалкам прагматычна названая «баскетболам» (па-анґельску: basket — кошык, ball — мяч) гульня, вядома, толькі адаленна нагадвала тое фэерычнае відовішча, якое вядомае пад гэтым імем сёньня. Вядзеньня мяча не існавала, гульцы толькі перакідалі яго адзін аднаму, стоячы на месцы, і імкнуліся затым закінуць у кошык, прычым выключна аберуч зьнізу або ад грудзей, а пасьля ўдалага кідку адзін з гульцоў залазіў на прыстаўленую да сьцяны лесьвіцу і вымаў мяч з кошыка. З сучаснага погляду дзеяньні камандаў здаюцца млявымі і затарможанымі, аднак мэтай доктара Нэйсьміта было стварыць гульню менавіта калектыўную, у якую можна было бы залучыць адначасова вялікую колькасьць ўдзельнікаў.

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За адно трапленьне можа быць залічаная розная колькасьць пунктаў:

  • 1 пункт — са штрафной лініі;
  • 2 пункты — кідок зь сярэдняй або блізкай дыстанцыі;
  • 3 пункты — кідок з-за 3-пунктавай лініі (6 м 75 см — у Эўропе; 7 м 75 см — у НБА).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На красавік 2023 году ў Беларусі налічвалася 1971 баскетбольная пляцоўка[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Большой Энциклопедический словарь (БЭС; 1992; 2-е изд., 1998)
  2. ^ They think it's all over. The Guardian (2008-12-06)
  3. ^ Надзея Нікалаева. Спорт ці масавая фізычная культура // Газэта «Зьвязда», 22 красавіка 2023 г. Праверана 26 красавіка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баскетболсховішча мультымэдыйных матэрыялаў