Асманская імпэрыя
Асманская імпэрыя ці Атаманская імпэрыя (па-асманску: دَوْلَتِ عَلِيّهٔ عُثمَانِیّه Дэвлэці Аліеі Османіе) — адна з найбуйнейшых і наймацнейшых дзяржаваў у Міжземнамор’і, якая існавала з 1299 да 1923 году і займала тэрыторыю Малай Азіі, Балканаў, чарнаморскага басэйну, Блізкага і Сярэдняга Ўсходу, а таксама Паўночнай Афрыкі. З XVI стагодзьдзя Асманская імпэрыя стаецца выключна ісламскай дзяржавай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асманская імпэрыя была першапачаткова часткай уладаньняў сэльджукаў. Калі Румскі султанат пачаў занепадаць у XIII стагодзьдзі, Анатолія была падзеленая на мноства незалежных турэцкіх княстваў, вядомых як Анаталійскія бэйлікі. Адно зь іх, якое месьцілася ў Бітыніі на мяжы зь Бізантыйскай імпэрыяй, было ачоленае турэцкім[2] племянным правадыром Асманам I[3]. Ён быў асобай зь няясным паходжаньнем, але менавіта ад ягонага імя атрымала сваю назву Асманская імпэрыя[4]. Асмана падтрымлівалі некаторыя турэцкія племянныя групы і бізантыйскія ўцекачы, многія зь якіх, але ня ўсе, навярнуліся ў іслам[5]. Асман пашырыў сваё княства, заваёўваючы бізантыйскія гарады ўздоўж ракі Сакар’я. Параза Бізантыі ў бітве пры Бафэе ў 1302 годзе спрыяла ўздыму Асмана. Недастаткова зразумела, як раньнія асманы здолелі дамінаваць над іншымі суседзямі празь недахоп захаваных крыніцаў. Папулярная ў XX стагодзьдзі тэорыя тлумачыла іхны посьпех мабілізацыяй рэлігійных воінаў дзеля барацьбы ў імя ісламу, але цяпер яна не ўважаецца прыярытэтнай. Іншыя гіпотэзы таксама не атрымалі шырокага прызнаньня[6][7].
Цягам стагодзьдзя па сьмерці Асмана I кіраваньне ягонага княства пачало пашырацца на Анатолію і Балканы. Бізантыйска-асманскія войны, якія вяліся ў Анатоліі ў канцы XIII стагодзьдзя, у сярэдзіне XIV стагодзьдзя перамясьціліся ў Эўропу. За імі рушылі таксама баўгарска-асманскія і сэрбска-асманскія войны. Гэты час быў адзначаны актыўнай экспансіяй асманаў на Балканах. Сын Асмана, Архан I, захапіў паўночна-заходні анаталійскі горад Бурсу ў 1326 годзе, зрабіўшы яго сваёй новай сталіцай і замяніўшы бізантыйскую ўладу ў рэгіёне. Важны порт Тэсалёнікі быў захоплены ў вэнэцыянцаў у 1387 годзе. Перамога асманаў у Косава ў 1389 годзе фактычна адзначыла канец сэрбскай улады ў гэтым рэгіёне, адкрыўшы шлях дзеля асманскай экспансіі ў Эўропу[8]. Бітва пад Нікопалем у 1396 годзе за баўгарскае Відынскае царства, якое уважаецца апошнім буйнамаштабным крыжовым паходам Сярэднявечча, ня здолела спыніць прасоўваньне непераможных асманаў[9].
З пашырэньнем кантролю на Балканах адною з найважнейшых задачаў сталася заваёва Канстантынопалю. Асманы ўсталявалі сваю ўладу над амаль усімі былымі бізантыйскімі землямі вакол гораду, але моцная абарона Канстантынопалю, разьмешчанага на стратэгічнай Басфорскай пратоцы, ускладняла ягоны захоп. У 1402 годзе бізантыйцы атрымалі часовую палёгку, калі цюрка-мангольскі правадыр Тымур, заснавальнік імпэрыі Тымурыдаў, уварваўся ў Асманскую Анатолію з усходу. У бітве пры Анкары ў 1402 годзе Тымур разграміў асманскія сілы і ўзяў султана Баязід I у палон, а краіна трапіла ў бязладзьдзе. Наступная грамадзянская вайна цягнулася з 1402 па 1413 гады, пакуль сыны Баязіда змагаліся за трон. Вайна скончылася, калі Мэхмэд I стаў султанам і аднавіў уладу асманаў[10]. Асманавы праўнук Мурад I быў першым, хто абвесьціў тытул валадара Асманскай дзяржавы — султанам. Пасьля заваяваньня Канстантынопаля ў 1453 годзе, дзяржава стала магутнай імпэрыяй.
Краіна дасягнула свайго піка пад кіраўніцтвам Сулеймана І ў XVI стагодзьдзі. Сулейман захапіў Бялград у 1521 годзе ды заваяваў паўднёвую і цэнтральную часткі Каралеўства Вугоршчыны падчас Асманска-вугорскіх войнаў. Пасьля сваёй гістарычнай перамогі ў бітве пры Мохачы ў 1526 годзе, асманы ўсталявалі сваё кіраваньне на тэрыторыі сучаснай Вугоршчыны і іншых рэгіёнаў Цэнтральнай Эўропы. У 1529 годзе ён аблажыў Вену, але ня здолеў яе захапіць[11]. У 1532 годзе Сулейман зноў зрабіў спробу нападу на Вену, але ягоная атака была адбітыя[12][13]. У гэты ж час Трансыльванія, Валахія і часам Малдова сталі даньнікамі Асманскай імпэрыі. На ўсходзе асманы ў 1535 годзе захапілі Багдад у пэрсаў, атрымалі кантроль над Мэсапатаміяй і атрымалі дасяг да Пэрсыдзкай затокі. У 1555 годзе ўпершыню Каўказ быў падзелены паміж Сэфэвідамі і асманамі. Статус-кво ў гэтым рэгіёне захоўваўся да сканчэньня Расейска-турэцкай вайны 1768—1774 гадоў. Паводле ўмоваў замірэньня Заходняя Армэнія, заходні Курдыстан і Заходняя Грузія апынуліся пад кантролем Асманскай імпэрыі, у той час як Паўднёвы Дагестан, Усходняя Армэнія, Усходняя Грузія і Азэрбайджан засталіся ў складзе Пэрсіі[14].
У 1539 годзе 60-тысячнае асманскае войска аблажыла гішпанскі гарнізон у Кастэльнуова на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора. Зважаючы на тое, што аблога была пасьпяховай, яна каштавала асманам 8 тысячаў загінулых[15]. У 1540 годзе Вэнэцыя пагадзілася на мірныя ўмовы, саступіўшы большую частку сваіх уладаньняў у Эгейскім моры і Марэі. Францыя і Асманская імпэрыя, аб’яднаныя ўзаемным супрацьстаяньнем да Габсбургаў[16], сталі хаўрусьнікамі. Сумесныя дзеі францускага караля Францыска I і Сулеймана прывялі да заваёвы Ніццы ў 1543 годзе і Корсыкі ў 1553 годзе. Войскі ў гэтых кампаніях былі ачоленыя асманскімі адміраламі Хайрэдынам Барбаросам і Тургутам Рэйсам[17]. У 1543 годзе за часам асманскай заваёвы Эстэргама на поўначы Вугоршчыны Францыя дапамагла асманам артылерыяй. Сулейман памёр з натуральных чыньнікаў падчас аблогі Сыгетвару ў 1566 годзе. Па ягонай сьмерці Асманская імпэрыя ўвайшла ў час заняпаду, але многія дасьледнікі аспрэчваюць гэтае сьцьверджаньне[18]. Да канца панаваньня Сулеймана ягоная імпэрыя займала блізу 2 273 720 км² і ахоплівала тры кантынэнты.
Дзякуючы сваёй магутнасьці аказвала ўплыў на краіны розных частак сьвету, напрыклад: Асманская імпэрыя вяла падтрымку мусульманскіх кіраўнікоў у Кеніі, а таксама дапамагла галяндзкай пратэстанцкай уладзе ў змаганьні з каталіцкай Гішпаніяй. У XVII стагодзьдзі, пад уплывам зьнешніх і нутраных ворагаў, дарагіх войнаў, асабліва супраць Пэрсіі, Расеі і Аўстра-Вугоршчыны, пачынаецца палітычны і эканамічны спад. Нягледзечы на цяжкія абставіны імпэрыі і дагэтуль атрымоўваецца заставацца адной з найболей важных палітычных сілаў у Эўропе і Заходняй Азіі. У Першай сусьветнай вайне, далучылася да цэнтральных сілаў, якія ў выніку трывалі паразу ў вайне. Пасьля турэцкай вайны за незалежнасьць (1918—1923), на астатках былой імпэрыі 29 кастрычніка 1923 ўтварылася новая краіна — Рэспубліка Турцыя.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асманскі ўрад наўмысна вёў палітыку разьвіцьця такіх гарадоў як Бурса, Эдырнэ (Адрыянопаль) і Канстантынопаль, пасьлядоўныя атаманскія сталіцы, у далейшым галоўныя камэрцыйныя і прамысловыя цэнтры краіны, вакол якіх фармавалася нутраная эканоміка краіны.
Асманская імпэрыя, якой эканамічнае меркаваньне было цесна зьвязаная з фундамэнтальнымі паняткамі грамадзтва на Блізкім Ўсходзе, у якім абсалютнай мэтай была кансалідацыя і пашырэньне магутнасьці кіраўніка, імкнулася дасягнуць гэтага праз павелічэньне прыбытку ў дзяржаўную казну, ствараючы прадукцыйныя заможныя клясы. Абсалютная мэта складалася ў тым, каб павялічыць дзяржаўныя прыбыткі ў максымальна магчымай ступені, не парушаючы традыцыйную арганізацыю грамадзтва. Скарбнiца і канцылярыі былі нашмат больш разьвітыя, чым у любой іншай ісламскай краіне, да XVII стагодзьдзя, яны былі вядучымі арганізацыямі сярод усіх дзяржаўных установаў.
Эканамічная структура імпэрыі таксама вызначалася ейнай геапалітычнай структурай. Асманская імпэрыя стаяла паміж Захадам і Ўсходам, такім чынам кантралюючы маршрут ва ўсходнім кірунку, што вымусіла гішпанскіх і партугальскіх мараплаўцаў шукаць новыя маршруты на Ўсход. Перад адкрыцьцём новых марскіх шляхоў, Асманская імпэрыя была ў зэніце эканамічнага разьвіцьця, сваёй тэрыторыяй яна ахапіла тры кантынэнты. Пасьля настаў эканамічны спад, выкліканы зьніжэньнем колькасьці маршрутаў ва ўсходнім кірунку праз Блізкі Ўсход і Міжземнамор’е, паколькі Заходняя Эўропа адчыняла новыя акіянскія маршруты.
Грамадзтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1520 | 11,692,480[19] |
1566 | 15,000,000[20] |
1683 | 30,000,000[21] |
1831 | 7,230,660[19] |
1856 | 35,350,000[19] |
1881 | 17,388,604[19] |
1906 | 20,884,000[19] |
1914 | 18,520,000 |
1919 | 14,629,000 |
Адным з посьпехаў сацыяльнай структуры Асманскай імпэрыі было адзінства, якое існавала сярод шматнацыянальнасьці насельніцтва, праз арганізацыю названую, як мілет. Мілеты ўяўлялі сабой рэгілійныя групы, якім дазвалялі ўстаёлўваць уласныя адміністрацыйныя ўстановы, паводле Асманскага кіраваньня. Таксама дазвалялася захоўваць уласныя рэлігійныя законы, традыцыі і мову, пад агульнай абаронай султана. Такім чынам мілеты паслужылі ключом да даўгавечнасьці імпэрыі. Ужо ў часы панаваньня Мэхмэда II, шырокія правы атрымалі фанарыёты і габрэі. У выніку, адносна высокая ступень недапушчэня этнічных розьніц, была адной зь яе самых вялікіх сілаў у аб’яднаньні новых вобласьцей, але гэтая неасымілюючая палітыка стала слабасьцю, пасьля павышэньня нацыяналізму ў народаў, якія апынуліся ў складзе Асманскай імпэрыі.
Унікальная асаблівасьць грамадзкага жыцьця заключалася ў суіснаваньні шматлікіх культураў, з традыцыйным мусульманскім вобразам жыцьця і запазычаньнем заходняга ладу жыцьця. Сталіца Асманскай імпэрыі — Канстантынопаль таксама мела ўнікальную культуру, галоўным чынам таму што да асманаў горад зьяўляўся сталіцай рымскай і бізантыйскай культураў. Асманскі суд ў шматлікіх аспэктах сабраў старажытныя традыцыі пэрсыдзкіх шахаў, але меў шмат грэцкіх і эўрапейскіх уплываў.
Адной з галоўных частак грамадзтва ў Асманскай імпэрыі было рабства, якое мела рэгілійныя і сацыяльныя падтрымкі. Яшчэ ў 1908 у імпэрыі прадаваліся рабы. На працягу XIX стагодзьдзя імпэрыя пад ціскам заходнеэўрапейскіх краінаў, абвесьціла рабства па-за законам, але на практыкі гандаль рабамі працягваўся.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс у XVIII—XIX стагодзьдзях пагубна адлюстравалася на разьвіцьці нацыянальнай культуры Асманскай імпэрыі. Навука, літаратура, мастацтва прыйшлі ў заняпад. Яшчэ больш стала непераадольнай прорва паміж чуждай народу культурай клясаў, якія кіруюць, і працоўнымі масамі. З-за адыходу ад асноўных каштоўнасьцяў Іслама пры султанскім двары, у палацах фэўдалаў назіралася перайманьне заходнеэўрапейскіх каралеўскіх двароў. Першыя турэцкія тыпаграфіі, створаныя ў XVIII стагодзьдзі, друкавалі галоўным чынам багаслоўскія трактаты. У кнігах і афіцыйных дакумэнтах ужывалася мова, якая складалася амаль цалкам з арабскіх і пэрсыдзкіх словаў. Асьветніцтва і школа знаходзілася ў руках духавенства. Пісьменных людзей было вельмі мала. У гэтым цяжкіх умовах народныя масы захоўвалі і разьвівалі сваю нацыянальную культуру пераважна ў форме фальклёру і іншых відаў народнай творчасьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ База зьвестак нацыянальнай тэрміналёгіі ірляндзкай мовы (ірл.) — 2006.
- ^ Ágoston, Gábor; Masters, Bruce Alan (2008). «Encyclopedia of the Ottoman Empire». Infobase Publishing, NY. — С. 444. — ISBN 978-0-8160-6259-1.
- ^ Finkel, Caroline (13.02.2006). «Osman’s Dream: The Story of the Ottoman Empire, 1300–1923». Basic Books. — С. 2, 7. — ISBN 978-0-465-02396-7.
- ^ Ágoston & Masters 2009. С. 444.
- ^ Lowry, Heath (2003). «The Nature of the Early Ottoman State». SUNY Press. — С. 59. — ISBN 978-0-7914-5636-1.
- ^ Finkel, Caroline (2005). «Osman’s Dream: The History of the Ottoman Empire». Basic Books. — С. 5, 10. — ISBN 978-0-465-00850-6.
- ^ Lindner, Rudi Paul (2009). «Anatolia, 1300–1451». In Fleet, Kate (ed.). The Cambridge History of Turkey. Vol. 1, Byzantium to Turkey, 1071—1453. Cambridge: Cambridge University Press.
- ^ Elsie, Robert (2004). «Historical Dictionary of Kosova». Scarecrow Press. — С. 95—96. — ISBN 978-0-8108-5309-6.
- ^ Nicolle, David (1999). «Nicopolis 1396: The Last Crusade». Osprey Publishing. — ISBN 978-1-85532-918-8.
- ^ Ágoston & Masters 2009. С. 363.
- ^ Imber 2002. С. 50.
- ^ Thompson, Bard (1996). «Humanists and Reformers: A History of the Renaissance and Reformation». Wm. B. Eerdmans Publishing. — С. 442. — ISBN 978-0-8028-6348-5.
- ^ Ágoston & Masters 2009. С. 583.
- ^ «A Global Chronology of Conflict: From the Ancient World to the Modern Middle East», Vol. II, ed. Spencer C. Tucker. ABC-CLIO, 2010. — С. 516.
- ^ «Revival: A History of the Art of War in the Sixteenth Century (1937)». Routledge. 2018.
- ^ Aksan, Virginia (2007). «Ottoman Wars, 1700–1860: An Empire Besieged». Pearson Education Ltd. — С. 130—135. — ISBN 978-0-582-30807-7.
- ^ Imber 2002. С. 53.
- ^ Hathaway, Jane (2008). Надрадковы тэкстThe Arab Lands under Ottoman Rule, 1516–1800». Pearson Education Ltd. — С. 8. — ISBN 978-0-582-41899-8.
- ^ а б в г д M. Kabadayı, Inventory for the Ottoman Empire / Turkish Republic 1500—2000
- ^ Kinross 1979. С. 206.
- ^ Kinross 1979. С. 281.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ágoston, Gábor; Masters, Bruce Alan Encyclopedia of the Ottoman Empire. — Infobase Publishing, 2009. — ISBN 978-1-4381-1025-7
- Imber, Colin The Ottoman Empire, 1300–1650: The Structure of Power. — Palgrave Macmillan, 2002. — ISBN 978-0-333-61386-3
- Kinross, Lord The Ottoman Centuries: the Rise and Fall of the Turkish Empire. — Harper Collins, 1979. — ISBN 978-0-688-08093-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- The Ottoman Empire: Resources. University of Michigan (анг.)