Вотум недаверу
Вотум недаверу — заканадаўчы працэс, які зазвычай ініцыюецца парлямэнцкай апазыцыяй з мэтай перамагчы ці паслабіць урад, альбо, у рэдкіх выпадках, былымі прыхільнікамі, якія страцілі давер да ўраду. Вотум прымаецца ці адхіляецца асобным парлямэнцкім галасаваньнем («галасаваньне недаверу»).
Агляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго, як вотум недаверу быў падтрыманы альбо адмоўлены парлямэнтам, урад мусіць адказаць адным зь дзьвюх спосабаў:
- пайсьці ў адстаўку
- дабівацца роспуску парлямэнту і перавыбараў
Гэтая працэдура альбо адбываецца паводле канстытуцыйных традыцыяў, як напрыклад у Вялікабрытаніі, Канадзе і Аўстраліі, ці падрабязна рэглямэнтуецца дзейснай канстытуцыяй, як у Нямеччыне або Гішпаніі.
Калі ўрад згубіў давер адказнае палаты (напрыклад, ніжняе палаты, якая выбіраецца беспасярэдна агульным галасаваньнем; у некаторых краінах абедзьве палаты парлямэнту адказныя), кіраўнік дзяржавы можа скарыстаць канстытуцыйнае права і адмовіць у роспуску парлямэнту, тады гэта выклікае неадкладную адстаўку.
Варыяцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя краіны маюць варыяцыі працэдуры галасаваньня па даверы.
Напрыклад, у Нямеччыне, Гішпаніі і Ізраілі пры галасаваньні па недаверы да ўраду неабходна, каб апазыцыя прапанавала кандыдата, якога яны хочуць вылучыць на пасаду кіраўніка краіны. Такім чынам, вотум недаверу тут спалучаецца з вотумам даверу да новага кандыдату (такая варыцыя атрымала назву канструктыўны вотум даверу). Ідэя заключаецца ў тым, каб пазьбегнуць крызісу ўлады, падобнага таму, які адбыўся напрыканцы існаваньня нямецкае Ваймарскае рэспублікі, абраньнем новага кіраўніка ўраду, які атрымаў дастатковае прызнаньне.
У адрозьненьне ад брытанскае сыстэмы, нямецкі канцлер не абавязаны падаваць у адстаўку ў выпадку выказаньня ягонаму ўраду вотуму недаверу, але толькі ў тым выпадку, калі галасаваньне па даверы было ініцыяванае самім канцлерам. Замест гэтага канцлер мае права зьвярнуцца да фэдэральнага прэзыдэнта з заклікам правесьці парлямэнцкія выбары. Прэзыдэнт можа падтрымаць заклік альбо адмовіцца ад перавыбараў парлямэнту.
Часам галасаваньне па даверы ўраду прапануецца, проста каб аказаць ціск на ўрад, хоць такое галасаваньне наўрад ці будзе падтрыманае большасьцю. Таму ў шматлікіх парлямэнцкіх дэмакратыях усталяваныя строгія часавыя абмежаваньні па прапанове вотуму недаверу, напрыклад раз у тры, чатыры або шэсьць месяцаў. Таму выбар найлепшага часу для абвяшчэньня вотуму недаверу ёсьць формай палітычнага працэсу.
Прэзыдэнцкая сыстэма кіраваньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры прэзыдэнцкай сыстэме кіраваньня заканадаўчая галіна ўлады зрэдчас можа выказваць вотум недаверу, як гэта было ў 1950-х гадох з дзяржсакратаром ЗША Дынам Ачысанам, ці нядаўная спроба супраць Генэральнага пракурора Злучаных Штатаў Альбэрта Ганзалеса, але такія недаверы маюць толькі сымбалічнае значэньне. У прэзыдэнцкіх сыстэмах звычайна ўжываецца працэдура імпічмэнту, паводле якой ад улады адхіляецца прадстаўнік выканаўчай ці судовай галінаў улады.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы вотум недаверу зьдзейсьніўся ў сакавіку 1782 году, калі пасьля навіны пра паразу брытанцаў пад Ёрктаўнам ў часе вайны за незалежнасьць ЗША мінулай восеньню, парлямэнт Вялікабрытаніі прагаласаваў, што «болей ня можа давяраць дзейсным міністрам». Прэм’ер-міністар лорд Норт запытаў караля Георга III прыняць сваю адстаўку. Гэта не адразу сталася традыцыяй: цягам XIX-га стагодзьдзя некаторыя прэм’ер-міністры, напрыклад Робэрт Піл, спрабавалі кіраваць пры адсутнасьці падтрымкі парлямэнцкае большасьці. Гэтыя спробы хутка паказалі сваю бясплённасьць, і ў сярэдзіне стагодзьдзя спосаб адстаўкі ўраду шляхам выказваньня яму свайго недаверу усталяваўся ў каралеўстве рашуча.
У цяперашнія часы вотум недаверу ў двухпартыйных дэмакратыях здараецца вельмі рэдка. У большасьці выпадках партыйная дысцыпліна дазваляе кіроўнай партыі атрымаць большасьць у падтрымку ўраду; калі ж большасьці здабыць не атрымоўваецца, тады ўраду прасьцей зьмяніць сваю палітыку, чым атрымаць недавер ад заканадаўцаў.
У шматпартыйных краінах магчымасьць вотуму недаверу больш вялікая ў выпадку, калі меншая партыя мусіць ствараць кааліцыйны ўрад. Гэта можа спрычыніцца да паўтарэньня сітуацыяў, калі некалькі ўрадаў зьмяняюцца адзін за адным, бо партыйныя структуры займаюцца адно адстаўкамі ўраду замест таго, каб стварыць урад. Гэта сталася прычынай нестабільнасьці Чацьвёртай Францускай рэспублікі і Ваймарскае рэспублікі ў Нямеччыне. Пазьнейшыя прыклады гэтага фэномэну сустракаюцца ў Італіі паміж 1950-мі і 1990-мі гадамі, у Ізраілі і Японіі.
У Францыі, каб надалей пазьбегнуць палітычнага крызісу, вялізная доля выканаўчай улады перададзеная Прэзыдэнту Францыі, які не падлягае вотуму недаверу.