Арамуны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арамуны

Неафіцыйны сьцяг арумынаў
Саманазва Armãnji, Rrãmãnji
Колькасьць к. 250 000 (носьбіты арумынскай мовы)[1]
Рэгіёны пражываньня
Мовы арумынская
Рэлігіі Праваслаўе
Блізкія этнасы істра-румыны, мэглена-румыны, румыны)

Арамуны, арумыны, таксама валахі (па-арамунску: Armãnji, Rrãmãnji) — эўрапейскі этнас, які насяляе паўднёвыя Балканы і размаўляе па-арумынску (усходнераманскай мовай, блізкай да румынскай).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Час зьяўленьня арамунаў на Балканах цяжка акрэсьліць пэўна: у хроніках існуе прагал між наездам барбараў і першымі згадкамі валахаў у XI—XII стагодзьдзях. З XIII стагодзьдзя тэрмін валахі пачынае зьяўляецца шточасьцей; аднак цяжка разьмежаваць, да якога этнасу тычацца тыя згадкі. Лічыцца, што валахамі называлі нашчадкаў рымскіх жаўнераў ці лацінізаванага мясцовага насельніцтва (грэкаў, ілірыйцаў, тракійцаў, дакійцаў). Арумынская мова мае повязі з народнай лацінай, якой размаўлялі ў той пэрыяд на Балканах.

За асманскім панаваньнем арамуны трымаліся праваслаўнага вызнаньня, лінгва франка якіх на Балканах была грэцкая мова. Таму найбольш заможныя і ўрбанізаваныя арамуны элінізаваліся, адыгрываючы значную ролю ў распаўсюджаньні грэцкай мовы і культуры. Нават першая арумынамоўная кніга была напісаная грэцкімі літарамі і прызначалася для навучаньня арамунаў грэцкай мове.

У XIX стагодзьдзі на тле паўстаньня балканскіх нацыянальных рухаў разьвіваецца і арамунская самасьвядомасьць. У 1815 року будапэшцкія арамуны дамагаліся дазволу на выкарыстаньне роднай мовы ў літургіі, аднак атрымалі адмову ад мітрапаліта. Арамунская шляхта супраціўлялася нацыянальнаму адраджэньню, імкнучыся ўліцца ў нацыянальныя большасьці краінаў пражываньня. Таму вялікая колькасьць арамунаў зрабілі значны ўнёсак у гісторыі сучасных балканскіх дзяржаваў, прыкладам: македонскі рэвалюцыянэр Піту Гулі, грэцкі прэм’ер-міністар Ёаніс Калетыс, грэцкі магнат Георгіяс Авэраф, грэцкі міністар абароны Эвангеляс Авэраф, сэрбскі прэм’ер-міністар Уладан Джорджавіч, патрыярх Канстантынопальскі Атэнагорас I, румынскі мітрапаліт Андрэй Шагуна ды інш.

Пасьля ўтварэньня незалежнай Румыніі і аўтакефальнай Румынскай праваслаўнай царквы арамуны трапляюць пад уплыў румынскага нацыянальнага руху. У выніку народ падзяліўся на прагрэцкую і прарумынскую часткі, меншая дзеля засталася трымацца арамунскай ідэнтычнасьці.

22 траўня 1905 року арамунская меншасьць дабілася права мець уласны(d) мілет у Асманскай імпэрыі, а таксама свабоду веравызнаньня і адукацыі роднай мовай. Аднак празь вялікую ступень асыміляцыі арамуны ня здолелі стварыць уласнай дзяржавы. Больш за тое, у 1897 року нямецкі балканіст Густаў Вайганд адзначыў, што «арамуны пераважна ня проста абыякава, але нават варожа ставяцца да ўласнага нацыянальнага руху».

Падчас барацьбы за Македонію большасьць арамунаў падтрымалі «патрыярхісцкую» Грэцыю. У часе I і II сусьветнай войнаў Італія намагалася перавабіць арамунаў на свой бок, прапануючы нават стварыць аўтаномію(d). Гэты праект ня меў значнага посьпеху; наадварот, сярод выбітных дзеячоў грэцкага Супраціву былі такія арамуны, як Андрэас Дзімас, Стэфанас Сарафіс, Аляксандрас Своляс.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць арамунаў — праваслаўныя хрысьціяне, якія трымаюцца юліянскага календара.

У народнай кухні заўважны ўплыў міжземнаморскай кухні ды сярэднеўсходняй кухняў.

Вядомыя арамуны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьпіс арамунаў

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Report: Aromanians. Council of Europe Parliamentary Assembly.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шаблён:Арамуны