Рэспубліка
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Рэспу́бліка (па-лацінску: res publica, «грамадзкая справа», «рэч паспалітая») — гэта форма дзяржаўнага кіраваньня, пры якой вярхоўная ўлада ажыцьцяўляецца выбарнымі органамі, абранымі насельніцтвам (але не заўсёды) на пэўны тэрмін. У цяперашні час з 190 дзяржаваў сьвету больш за 140 зьяўляюцца рэспублікамі.
Рэспубліцы ўласьцівыя наступныя прыкметы:
- Існаваньне аднаасобнага і калегіяльнага кіраўніка дзяржавы — прэзыдэнта і парлямэнту. Парлямэнт уяўляе заканадаўчую ўладу. Задача прэзыдэнта — узначальваць выканаўчую ўладу, але гэта характэрна не для ўсіх тыпаў рэспублік.
- Выбарнасьць на пэўны тэрмін главы дзяржавы і іншых вярхоўных органаў дзяржаўнай улады. Так, прэзыдэнт і парлямэнт павінны абірацца народам на пэўны тэрмін.
- Юрыдычная адказнасьць главы дзяржавы.
- У выпадках, прадугледжаных канстытуцыяй, правам выступу ад імя дзяржавы валодае прэзыдэнт.
Клясыфікацыя рэспублік зьвязаная з тым, якім менавіта чынам ажыцьцяўляецца палітычная ўлада, і хто з суб’ектаў дзяржаўна-прававых адносін нададзены вялікай колькасьцю паўнамоцтваў. Або, інакш кажучы, рэспублікі падзяляюцца па трох парамэтрах:
- як абіраецца парлямэнт,
- як фармуецца ўрад,
- які аб’ём правамоцтваў прыналежыць прэзыдэнту.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня большасьць краінаў сьвету зьяўляюцца рэспублікамі. Хоць рэспубліка лічыцца шматлікімі сучаснай формай улады і сынонімам дэмакратыі, гэтае хібнае меркаваньне, заснаванае на тым, што гістарычна было больш дзяржаўных утварэньняў з манархічнай формай кіраваньня, дзе ўлада перадаецца па спадчыне.
Першыя рэспублікі паўсталі яшчэ ў антычнасьці (гл. «Атэнская дэмакратыя» і «Рымская рэспубліка». У Сярэднявеччы на тэрыторыі сучаснай Расейскай Фэдэрацыі доўгі час існавалі Наўгародзкая рэспубліка і Пскоўская рэспубліка (але яны былі зьнішчаныя Масковіяй на чале з Іванам Жахлівым). А ў Эўропе больш за тысячагодзьдзе існавала Вэнэцыянская рэспубліка. А створаная ў 301 годзе рэспубліка Сан-Марына існуе і ў цяперашні час.
У большасьці сучасных рэспублік кіраўнік дзяржавы (у асноўным, прэзыдэнт) абіраецца ўсеагульным галасаваньнем грамадзян краіны або ўсенародна абраным парлямэнтам. Улада главы дзяржавы таксама абмежаваная ў залежнасьці ад Канстытуцыі — ад даволі самавітых паўнамоцтваў (ЗША, Расея, Францыя) да чыста цырыманіяльна-прадстаўніцкіх функцый (Аўстрыя, Нямеччына, Італія).
У адрозьненьне ад Сярэднявечных рэспублік, у шматлікіх сучасных дэмакратычных дзяржавах абмежаваныя ня толькі тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта, але і сама колькасьць тэрмінаў. Таксама абмежаваная, хоць і ў рознай меры, улада кіраўніка дзяржавы. Права галасу ў рэспубліках маюць усё грамадзяне краіны. Для параўнаньня, у Вэнэцыянскай рэспубліцы дож абіраўся пажыцьцёва і ня ўсімі грамадзянамі, а таксама меў практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Аднак, і ў цяперашні час у некаторых краінах выбары не зьяўляюцца ўсеагульнымі. У ПАР да 1990-х ня мелі права голасу негры і мулаты.
У рэспубліках адменены інстытут дваранства. Усе грамадзяне маюць роўныя правы, аднак, ня ўсе сталыя жыхары, нават народжаныя на тэрыторыі краінаў маюць грамадзянства.
У некаторых рэспубліках ёсьць пажыцьцёвыя сэнатары (Італія, Францыя), але іх месцы не перадаюцца па спадчыне.
Аднак рэспубліка не зьяўляецца сынонімам дэмакратыі. У шматлікіх краінах, афіцыйна рэспубліках, адмяняюцца выбары прэзыдэнта альбо адбываюцца на безальтэрнатыўнай аснове. У той жа час у шматлікіх дзяржавах-манархіях дэмакратычныя інстытуты шырока распаўсюджаныя.
Рэспубліка — самая распаўсюджаная сёньня палітычная форма кіраваньня. Манархія ў некаторых краінах — толькі даніна традыцыі.
Выбары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лібэральных дэмакратыях прэзыдэнт абіраецца альбо непасрэдна народам, альбо ўскосна, парлямэнтам або сэнатам. Як правіла, пры прэзыдэнцкай і парлямэнцка-прэзыдэнцкай форме кіраваньня прэзыдэнт абіраецца непасрэдна народам ці ўскосна, як гэта робіцца ў Злучаных Штатах Амэрыкі. У гэтай краіне прэзыдэнт афіцыйна абіраецца калегіяй выбарнікаў, абранай дзяржавай з дапамогай прамога галасаваньня выбаршчыкаў. Ускосныя выбары прэзыдэнта праз калегію выбаршчыкаў адпавядаюць канцэпцыі рэспублікі ў якасьці адной з сыстэмаў непрамых выбараў.
Тыпы рэспублік
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Парлямэнцкая рэспубліка
- Прэзыдэнцкая рэспубліка
- Зьмяшаная рэспубліка
- Фэадальная рэспубліка (гл.: Наўгародзкая фэадальная рэспубліка, Пскоўская фэадальная рэспубліка)
- Рабаўладальніцкая рэспубліка
- Веча
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэспубліка на bibliotekar.ru
- Рэспубліка. Электронны слоўнік Умники.ру