Атон (гара)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 40°9′26″ пн. ш. 24°19′35″ у. д. / 40.15722° пн. ш. 24.32639° у. д. / 40.15722; 24.32639

Атон (па-грэцку: Όρος Άθως, Ἄθως) — назва гары (вышыня 2033 м) і аднайменнага паўвострава ў Македоніі на поўначы Ўсходняй Грэцыі, таксама вядомага як «Сьвятая Гара» (па-грэцку: Άγιον Όρος, «А́гіён Арос»).

У сыстэме адміністрацыйных раёнаў Грэцыі мае назву «Аўтаномная манаская дзяржава Сьвятой Гары​​» (грэц. Αυτόνομη Μοναστική Πολιτεία Αγίου Όρους). Нягледзячы на афіцыйную назву, не зьяўляецца самастойнай дзяржавай. Гэта самакіраваная супольнасьць 20 праваслаўных манастыроў у непасрэднай царкоўнай юрысдыкцыі канстантынопальскага патрыярха (з 1312). Зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце цэнтрам праваслаўнага манаства. Сувэрэнітэт Грэцыі над паўвостравам замацаваны Лязанскай дамовай 1923; рэжым самакіраваньня грунтуецца на палажэньнях першага Статуту Сьвятой гары Атон («Трагоса»), зацьверджанага Хрысавулам імпэратара Яна Цымісхіюса ў 972 годзе.

У адрозьненьне ад астатняй часткі канстантынопальскага патрыярхату, на Атоне выкарыстоўваецца выключна юліянскі каляндар, у тым ліку ў адміністрацыйных дакумэнтах. У 2001 годзе насельніцтва Атону складала 2262 чалавекі. Для параўнаньня, у 1903 годзе насельніцтва гары Атон складала прыблізна 7432 чалавекі, а ў 1917 годзе — каля 10 500 чалавек. Аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Адным з самых вядомых звычаяў манаскай гары Атон ёсьць забарона на ўезд жанчынам і жывёлам жаночае плоці.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]