Перайсьці да зьместу

Прэзыдэнт Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Прэзыдэнты Беларусі»)

Прэзыдэ́нт Рэспу́блікі Белару́сь — кіраўнік дзяржавы, гарант Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна. Ён прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах зь іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.[1]

Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня меней за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.[1]

Першыя выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся 10 ліпеня 1994 году, у іх удзельнічалі 6 кандыдатаў. У першым туры тройка лідэраў набрала: Аляксандар Лукашэнка — 44,82%, Вячаслаў Кебіч — 17,32%, Зянон Пазьняк — 12,82%. У другім туры з вынікам каля 80 адсоткаў перамог Аляксандар Лукашэнка.[2]

24 лістапада 1996 году ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум, на які былі вынесеныя папраўкі, якія пашыраюць паўнамоцтвы выканаўчай улады і прэзыдэнта і некаторыя іншыя пытаньні. За прыняцьце паправак выказалася 70,45% выбарнікаў.[3]

9 верасьня 2001 году адбыліся чарговыя выбары прэзыдэнта, у якіх на другі тэрмін быў пераабраны Аляксандар Лукашэнка, які набраў 75,65% галасоў.[4]

17 кастрычніка 2004 году быў праведзены рэфэрэндум аб занясеньні ў Канстытуцыю паправак, якія здымаюць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. 77,3% выбарнікаў падтрымалі гэтыя зьмены. Варта адзначыць, што зьмены ў закон «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь», якія здымалі абмежаваньні ў два тэрміны, былі ўхваленыя Саветам Рэспублікі толькі 5 кастрычніка 2006[5]. Такім чынам, на момант правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі дзейнічала Канстытуцыя, якая ня ўтрымоўвала абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, і закон аб прэзыдэнце, артыкул 8 якога абвяшчаў: «Тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта — пяць гадоў. Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Аднак паводле артыкулу 137 Канстытуцыі, у выпадку супярэчнасьцяў яна мае прыярытэт перад законамі, указамі і г. д.

19 сакавіка 2006 году адбыліся чарговыя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Перамогу на іх атрымаў Аляксандар Лукашэнка.

Статус, правы і абавязкі прэзыдэнта

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статус, правы і абавязкі прэзыдэнта вызначаюцца Канстытуцыяй Беларусі:

Артыкул 81:

  • Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні.
  • Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасьці ня меней за 100 тысячаў подпісаў выбарнікаў.
  • Выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня тэрміна паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта.
  • Калі пасада прэзыдэнта апынулася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазьней чым праз 70 дзён са дня адкрыцьця вакансіі.

Артыкул 82:

  • Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у сьпіс выбарнікаў.
  • Прэзыдэнт лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.
  • Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасьці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасаваньня па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў выбарнікаў. Абраным лічыцца кандыдат у прэзыдэнты, які атрымаў пры паўторным галасаваньні больш за палову галасоў выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Парадак правядзеньня выбараў прэзыдэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 84.

Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь:

  1. прызначае рэспубліканскія рэфэрэндумы;
  2. прызначае чарговыя і пазачарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы;
  3. распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй;
  4. прызначае шэсьць чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  5. утварае, касуе і рэарганізуе Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя органы дзяржаўнага кіраваньня, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры прэзыдэнце;
  6. са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду прэм’ер-міністра;
  7. вызначае структуру Ўраду Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады намесьнікаў прэм’ер-міністра, міністраў і іншых чальцоў Ураду, прымае рашэньне аб адстаўцы Ўраду або яго чальцоў;
  8. са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыню Канстытуцыйнага Суду, старшыню Вярхоўнага Суду, старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  9. са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду судзьдзяў Вярхоўнага Суду, судзьдзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суду, старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора, старшыню і чальцоў Кіраваньня Нацыянальнага банку;
  10. прызначае шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, іншых судзьдзяў Рэспублікі Беларусь;
  11. вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, старшыню і судзьдзяў Вярхоўнага Суду, старшыню і судзьдзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суду, старшыню і чальцоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора, старшыню і чальцоў Кіраваньня Нацыянальнага банка па падставах, прадугледжаным законам, з апавяшчэньнем Савету Рэспублікі;
  12. прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю;
  13. зьвяртаецца з пасланьнямі да народу Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных кірунках унутранай і вонкавай палітыкі;
  14. зьвяртаецца з штогадовымі пасланьнямі да Парлямэнту, якія заслухоўваюцца без абмеркаваньня на паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у працы Парлямэнту і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленьнем;
  15. мае права старшыняваць на паседжаньнях Ураду Рэспублікі Беларусь;
  16. прызначае кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і вызначае іх статус; прызначае прадстаўнікоў прэзыдэнта ў Парлямэнце і іншых службовых асобаў, пасады якіх вызначаныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
  17. вырашае пытаньні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненьні і падаваньні сховішча;
  18. усталёўвае дзяржаўныя сьвяты і сьвяточныя дні, узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае клясныя чыны і званьні;
  19. ажыцьцяўляе памілаваньне асуджаных;
  20. вядзе перамовы і падпісвае міжнародныя дамовы, прызначае і адклікае дыпляматычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;
  21. прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпляматычных прадстаўнікоў замежных дзяржаваў;
  22. у выпадку стыхійнага бедзтва, катастрофы, а таксама беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам альбо пагрозай гвалту з боку групы асобаў і арганізацыяў, у выніку якіх узьнікае небясьпека жыцьця і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасьцях надзвычайнае становішча з занясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на зацьвярджэньне Савету Рэспублікі;
  23. у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мае права адкласьці правядзеньне страйку або прыпыніць яго, але ня больш чым на трохмесяцовы тэрмін;
  24. падпісвае законы; мае права ў парадку, усталяваным Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго становішчы са сваімі пярэчаньнямі ў Палату прадстаўнікоў;
  25. мае права адмяняць акты Ўраду;
  26. непасрэдна або праз створаныя ім органы ажыцьцяўляе кантроль за захаваньнем заканадаўства мясцовымі органамі кіраваньня і самакіраваньня; мае права прыпыняць рашэньні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасьці іх заканадаўству;
  27. фармуе і ўзначальвае Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь; прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі;
  28. зьяўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь; прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаваньне Ўзброеных Сіл;
  29. уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з занясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на сьцьвярджэньне Савету Рэспублікі;
  30. ажыцьцяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]