Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «НАТА»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
анг. North Atlantic Treaty Organisation, NATO
Сьцяг НАТО
Сьцяг
Дзяржавы-ўдзельніцы НАТО
Дзяржавы-ўдзельніцы
Абрэвіятура НАТО
Дата ўтварэньня 4 красавіка 1949 (73 гады таму)
Тып вайсковая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта супольная бясьпека
Штаб-кватэра Брусэль
Месцазнаходжаньне Бэльгія
Сяброўства 30 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я
Афіцыйныя мовы ангельская, француская
Генэральны сакратар Енс Стольтэнбэрг
Кіраўнік вайсковага камітэту Пэтр Павал
Кіроўны орган Паўночнаатлянтычная рада
Бюджэт Green Arrow Up Darker.svg$945,962 млрд (2017 г.)[1]
Сайт nato.int

Арганіза́цыя Паўночнаатлянты́чнай дамо́вы (АПАД[2]), таксама Паўночнаатлянтычны альянс або НАТО (анг. North Atlantic Treaty Organisation, NATO; франц. l'Organisation du Traité de l'Atlantique Nord, OTAN) — міжнародная арганізацыя калектыўнай бясьпекі і міжурадавы вайсковы зьвяз, які функцыянуе на аснове Паўночнаатлянтычнай дамовы, падпісанай 4 красавіка 1949 году ў Вашынгтоне. Гэта сыстэма калектыўнай абароны, згодна зь якой удзельнікі арганізацыі згаджаюцца да ўзаемнай абароны ў адказ на напад з боку ўсякага замежнага агрэсара. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Бэльгіі, у Брусэлі. Працоўныя мовы — ангельская і француская. У склад арганізацыі ўваходзяць 30 дзяржаваў, якія месьцяцца ў Паўночнай Амэрыцы і Эўропе. Найноўшым сябрам ёсьць Паўночная Македонія, якая далучылася да зьвязу ў сакавіку 2020 году. 22 краіны ўдзельнічаюць у праграме арганізацыі Партнэрства дзеля міру. Акрамя таго, 15 іншых краінаў сьвету маюць афіцыйныя праграмы дыялёгу з блёкам. Камбінаваныя вайсковыя выдаткі ўсіх сяброў складаюць больш за 70% ад агульнасусьветнага аб’ёму выдаткаў у вайсковую сфэру[3]. Выдаткі на абарону ўдзельнікаў складаюць каля 2% СУП[4].

Артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, паводле якога ўсе сябры зьвязу мусяць прыйсьці на дапамогу да іншай дзяржавы-ўдзельніцы ў выпадку ўзброенага нападу на яе, ужываўся толькі аднойчы — праз тэракты 11 верасьня 2001 году[5], па чым войскі дзяржаваў НАТО былі разгорнутыя ў Аўганістане. Арганізацыя ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць праз шэраг дадатковых праграмаў, як то дзейнасьць вайсковых інструктараў у Іраку, дапамогу ў змаганьні зь пірацтвам[6]. У 2011 годзе арганізацыя ўсталявала беспалётную зону над Лібіяй у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1973 Рады Бясьпекі ААН. Артыкул 4, які прадугледжвае правядзеньне кансультацыяў паміж дзяржавамі-сяброўкамі, застасоўваўся чатыры разы. У 2003 годзе правам скліканьня скарысталася Турэччына падчас ірацкай вайны. Двойчы ў 2012 годзе Турэччына выкарыстала права на артыкул 4 па зьбіцьці турэцкага выведвальнага самалёту F-4 падчас сырыйскай грамадзянскай вайны і па мінамётным абстрэле Турэччыны з боку тэрыторыі Сырыі[7]. У 2014 годзе Польшча выступіла ініцыятарам правядзеньня кансультацыяў блёку па расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ў Крыме[8].

Мэты дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэты дзейнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу зацьверджаныя ў Артыкуле 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, паводле якой удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх зь іх у Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі празь неабходныя для гэтага меры ўключна з ваеннымі, з мэтаю падтрыманьня бясьпекі ў паўночнаатлянтычным рэгіёне.

Дамова не зьмяшчае зьвестак пра патэнцыйных ворагаў і канкрэтныя меры па калектыўнай абароне. Тым ня менш, першапачаткова альянс ствараўся для супрацьстаяньня дэмакратычных краінаў пагрозе з боку СССР і камуністычнага блёку. Упершыню палажэньне аб нападзе на адну з краінаў блёку спрацавала толькі ў 2001 годзе пасьля падзеяў 11 верасьня[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хада пашырэньня НАТО

Антыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і іншыя распалася практычна адразу пасьля перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Былыя хаўрусьнікі распачалі перадзел сьвету на сфэры ўплыву і прыступілі да рэалізацыі мер па ваенна-палітычным замацаваньні сваіх партыкулярных посьпехаў.

17 сакавіка 1948 году пяць заходнеэўрапейскіх краінаў — Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды і Францыя — падпісалі Брусэльскі дагавор, на падставе якога яны стварылі субрэгіянальную сыстэму калектыўнай абароны — Заходнеэўрапейскі зьвяз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы заключылі паміж сабой дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Заходнеэўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаваньне з ЗША і Канадай праекту Паўночнаатлянтычнага ваенна-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краінаў Заходняй Эўропы — Данію, Ісьляндыю, Італію, Нарвэгію і Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаньнем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дагавору паміж гэтымі дванаццацьцю краінамі. У 1952 да яго далучыліся Грэцыя і Турэччына, у 1955 — ФРН (у 1990 — дзеяньне дагавору пашырылася на тэрыторыю былой НДР), у 1982 — Гішпанія, у 1999 — Вугоршчына, Польшча, Чэхія, у 2004 — Баўгарыя, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія, Эстонія, у 2009 — Альбанія, Харватыя, у 2017 — Чарнагорыя, у 2020 — Паўночная Македонія. Перамовы аб магчымым далучэньні вядуцца з Грузіяй, Сэрбіяй, Босьніяй і Герцагавінай і Ўкраінай.

СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасьці магчымага ўдзельніка НАТО дзеля захаваньня міру і адзінства ў Эўропе, але сябры арганізацыі адверглі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР са сваімі ўсходнеэўрапейскімі саюзьнікамі, каб зьменшыць пагрозу з боку аб’яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскай Дамовы.

У 1958 НАТО сутыкнулася зь першым вялікім унутраным крызісам. Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Эўропы. У прыватнасьці, ён падверг крытыцы асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТО. У наступныя гады штаб-кватэра НАТО і камандаваньне аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Эўропе былі пераведзеныя з Парыжу адпаведна ў Брусэль і Монс (Бэльгія), амэрыканскія вайсковыя базы на францускай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэньня ядзернай зброі і ў 1966 годзе на 29 гадоў (да 1995 году) пакінула вайсковую арганізацыю НАТО.

У 1974 з вайсковай арганізацыі НАТО на 6 гадоў выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварваньня на Кіпр (вярнулася ў 1980). Ва ўмовах блёкавага супрацьстаяньня, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасьці для пашырэньня альянсу: інтэгравалі ў НАТО дэнацыфікаваную Заходнюю Нямеччыну і постфранкісцкую Гішпанію, вялі працу з нэўтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Разгорнуты комплекс сакрэтных апэрацыяў вайсковых і палітычных выведак краінаў НАТО па падрыхтоўцы партызанаў на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадзкае жыцьцё шэрагу краінаў Заходняй Эўропы, у прыватнасьці не дапусьціў прыход да ўлады левых сілаў у Італіі (апэрацыя «Глядыё»).

Рэформы, якія пачаліся за часам кіраваньня Міхаіла Гарбачова, прывялі да скасаваньня дзейнасьці Арганізацыі Варшаўскай дамовы

НАТО з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глябальнай міжблёкавай вайне, адпаведна былі адбудаваныя яе палітычная і вайсковая структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасьці НАТО (пераважна, абмен выведвальнай інфармацыяй) пры вырашэньні яе сябрамі менш маштабных задачаў (канфлікт вакол Фолклэндзкіх астравоў, Паўночнаірляндзкі канфлікт і г. д.). Шматлікія ж непаразуменьні і спрэчкі паміж сябрамі НАТО вырашаліся безь яе ўдзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасярэдніцтве ААН), што пацьвярджае характар НАТО як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бясьпекі. На працягу «Халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТО была Арганізацыя Варшаўскай дамовы. Ліквідацыя апошняй у 1991 годзе прывяла да «крызісу ідэнтычнасьці» НАТО, зьвязанага з пошукам абгрунтаваньня неабходнасьці захаваньня арганізацыі, зь якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў канфлікты на Балканах, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.

Аналіз новай стратэгічнай сытуацыі дазволіў аўтарам канцэпцыі зрабіць 2 важныя высновы аб захаваньні мэтаў і функцыяў НАТО па бясьпецы і аб стварэньні больш шырокіх, чым калі-небудзь, магчымасьцяў для дасягненьня ейных мэтаў палітычнымі сродкамі. Гаворка ішла аб дыялёгу і супрацы між сябрамі НАТО і іншымі дзяржавамі ва ўсіх галінах, зьвязаных з эўрапейскай бясьпекай. Адносна абароны стратэгічная канцэпцыя 1991 году прадугледжвала зьніжэньне агульнай колькасьці ўзброеных сілаў і ўзроўню іхнай боегатоўнасьці з адначасовым павышэньнем іхнай мабільнасьці і здольнасьці дзейнічаць у крытычных сытуацыях. Важнай карэктывай было таксама памяншэньне залежнасьці вайсковай стратэгіі альянсу ад ядзернай зброі, якая павінная адыгрываць у асноўным палітычную ролю — захаваньне міру, стрымліваньня любога агрэсара.

Адной з найважнейшых ініцыятываў Альянсу стала праграма «Партнэрства дзеля міру» заснавана на брусэльскім саміце НАТО ў 1994 годзе. Праграма абвяшчала задачу фармаваньня новых адносінаў бясьпекі паміж Паўночнаатлянтычным зьвязам і ягонымі партнэрамі ў справе захаваньня міру. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаны дзяржавы-сяброўкі Рады эўраатлянтычнага партнэрства і іншыя краіны АБСЭ. Паўночнаатлянтычная рада прапанавала дзяржавам-партнэрам далучыліся да працы палітычных і вайсковых органаў у штаб-кватэры НАТО ў рамках дзейнасьці, зьвязанай з партнэрствам. Прадугледжваліся таксама кансультацыі зь любым актыўным удзельнікам праграмы, калі ён будзе адчуваць прамую пагрозу сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці, палітычнай незалежнасьці або бясьпекі. За тры гады ўдзельнікамі «Партнэрства дзеля міру» сталі 27 дзяржаваў Эўропы і Азіі. Беларусь далучылася да гэтае праграмы ў 1995 гозе.

У 1997 годзе НАТО дасягнула дамоўленасьці аб значным скарачэньні сваёй каманднай структуры ад 65 існых штаб-кватэраў да толькі 20[10]. Сілы рэагаваньня НАТО пачалі сваю дзейнасьць на саміце ў Празе 21 лістапада 2002 году, які стаў першым самітам у краіне былой Рады эканамічнай узаемадапамогі. 19 чэрвеня 2003 году прайшла далейшая рэструктурызацыя вайсковых падразьдзяленьняў НАТО, падчас якой было створанае Хаўруснае камандваньне па пытаньнях трансфармацыі са штаб-кватэрай у Норфалку, штат Вірджынія, ЗША. У сакавіку 2004 году пачала дзейнічаць місія НАТО ў краінах Балтыі, паводле якой ажыцьцяўляецца падтрыманьне сувэрэнітэту Латвіі, Летувы і Эстоніі. Паводле місіі ў Летуве базуюцца чатыры зьнішчальнікі краінаў НАТО на ўмове ратацыі[11].

На Рыскім саміце 2006 году была падкрэсьленая важнасьць пытаньня энэргетычнай бясьпекі краінаў блёку. Гэта быў першы саміт НАТО, які прайшоў у краіне, якая раней была часткай Савецкага Саюзу. На красавіцкім саміце 2008 году ў Бухарэсьце, сябры НАТО пагадзіліся на ўваходжаньня ў блёк Харватыі і Альбаніі, і абедзьве краіны ўступілі ў арганізацыю ў красавіку 2009 году. Украіна і Грузія выказаліся наконт цікавасьці да атрыманьня статусу сяброў НАТО[12], што ў сваю чаргу выклікала незадаволенасьць з боку Расеі. Крытыка з боку расейскіх уладаў была таксама накіраваная на сыстэмы супрацьракетнай абароны арганізацыі, якія былі разьмешчаны ў Польшчы і Чэхіі. Хоць лідэры НАТО запэўнілі афіцыйных прадстаўнікоў расейскае дзяржавы, што сыстэма не накіраваная на Расею, абодва прэзыдэнты Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў раскрытыкавалі гэты праект як пагрозу да сваёй краіны[13].

Зь лістапада 2014 году кіраўніцтва НАТО ў супрацы з краінамі Балтыі, а таксама Польшчай вядзе дзейнасьць па павелічэньні колькасьці трэніровачных патруляваньняў і перахопаў самалётаў, што зьвязана з пачашчэньнем актыўнасьці расейскай вайсковай авіяцыі ў міжнароднай паветранай прасторы, падчас якой расейская авіяцыя не падае папярэдняга пляну палёту, не кансультуецца з кіраваньнем руху і не адказвае на запыты дыспэтчараў, што, на думку камандзіра партугальскага падразьдзяленьня паліцэйскай місіі Луіша Мараіша, нясе рызыку для цывільных самалётаў. Акрамя таго, разгортваюцца дадатковыя кантынгенты ЗША і танкавыя злучэньні[14].

На саміце краінаў НАТО ва Ўэйлзе 2014 году НАТО аб’явіла пра далейшыя вучэньні ў краінах-сяброўках арганізацыі Ўсходняй Эўропы, аднак шэраг аналітыкаў мяркуе, што, нягледзячы на жаданьне Расеі аднавіць свой уплыў у краінах Балтыі, у выпадку актыўных дзеяньняў Расея выкарыстае расейскую меншасьць у гэтых краінах[14]. У 2014 годзе фінскі прэм’ер-міністра Аляксандар Стуб заявіў, што мажлівасьць сяброўства краіны ў Альянсе ляжыць у доўгатэрміновай пэрспэктыве й ёсьць малаверагоднай[15].

29 чэрвеня 2022 году на зьезьдзе ў Мадрыдзе кіраўнікі ўрадаў-удзельнікаў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО) ўхвалілі павелічэньне сілаў хуткага рэагаваньня з 40 000 да 300 000 жаўнераў. У 5-м артыкуле Мадрыдзкай дэклярацыі НАТО згадвалася: «Расейская Фэдэрацыя ёсьць найбольш значнай і непасрэднай пагрозай бясьпецы саюзьнікаў, міру і стабільнасьці ў эўраатлянтычным рэгіёне». Згодна зь 9-м артыкулам Дэклярацыі, хаўрусьнікі забавязаліся разгарнуць дадатковыя баяздольныя сілы на ўсходнім флянгу, дзе кожны батальён мелі пашырыць да брыгады. Паводле 18-га артыкула, старшыні ўрадаў вырашылі «запрасіць Фінляндыю і Швэцыю стаць сябрамі НАТО і пагадзіліся падпісаць Пратаколы аб далучэньні» абедзьвюх краінаў да НАТО. У 8-м артыкуле новай Стратэгічнай канцэпцыі НАТО падкрэсьлівалася: «Нарошчваньне маскоўскіх войскаў, у тым ліку ў рэгіёнах Балтыйскага, Чорнага і Міжземнага мораў, разам з вайсковай інтэграцыяй зь Беларусьсю кідае выклік нашай бясьпецы і інтарэсам». Згодна з 13-м артыкулам Канцэпцыі прызнавалася, што заяўленыя памкненьні і прыгнятальная палітыка Кітаю «кідаюць выклік зацікаўленасьцям, бясьпецы і каштоўнасьцям» дзяржаваў НАТО[16].

Юрыдычная прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сутнаснае прызначэньне НАТО — забесьпячэньне бясьпекі дзяржаваў-сяброў ва ўсіх сфэрах у адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі міжнароднага права. Фундамэнтальны прынцып дзейнасьці арганізацыі — супраца і ўзаемадзеяньне сувэрэнных дзяржаваў, заснаванае на непадзельнасьці бясьпекі. НАТО падтрымлівае г. зв. трансатлянтычную сувязь, пры якой бясьпека Паўночнай Амэрыкі непасрэдна зьвязана зь бясьпекай Эўропы.

З прававога пункту гледжаньня, НАТО — міжнародная (міжурадавая) арганізацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэньне міжнароднай арганізацыі як аб’яднаньня дзяржаваў, створанага на падставе міжнароднага дагавору для выкананьня пэўных мэт, якое мае адпаведную сыстэму органаў, валодае правамі і абавязкамі, адрознымі ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сяброў, і заснаванае ў адпаведнасьці з міжнародным правам, можна, такім чынам, гаварыць аб наступных пяці прыкметах, якія складаюць паняцьце міжнароднай арганізацыі зь юрыдычнага погляду: дагаворная аснова; наяўнасьць пэўных мэт; адпаведная арганізацыйная структура; самастойныя правы і абавязкі; заснаваньне ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

1. Дамоўная аснова (канвэнцыйны базіс) Паўночнаатлянтычнага альянсу прадстаўлена Вашынгтонскім дагаворам 1949 году і 14-ю пагадненьнямі — 1952 (2), 1955, 1980, 1999 (3) і 2004 (7 пагадненьняў) гадоў — аб далучэньні Грэцыі, Турэччыны, ФРН, Гішпаніі, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі, Латвіі, Летувы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі і Эстоніі да НАТО. Суб’ектамі дамовы ёсьць дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду міжнароднай арганізацыі, сьведчыць аб яе міждзяржаўным характары, адрозьніваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганізацыяў.

2. Наяўнасьць пэўных мэтаў — важная прыкмета ў вызначэньні правамернага характару міжнароднай арганізацыі, яе арганізацыйнай структуры, кампэтэнцыі, якой надзеленая арганізацыя. НАТО стваралася, каб аб’яднаць намаганьні краінаў-сяброў для калектыўнай абароны і захаваньня міру і бясьпекі. Заключаны ў адпаведнасьці са Статутам ААН. Паўночнаатлянтычны пакт ставіць перад НАТО і мэты Аб’яднаных Нацыяў, зафіксаваныя ў прэамбуле і арт. 1 Статуту: вызваліць наступныя пакаленьні ад бедзтваў вайны, пацьвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека і ў роўнасьць правоў вялікіх і малых нацыяў, стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасьць і павага да абавязацельстваў, што вынікаюць з дагавораў і іншых крыніц міжнароднага права, садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэньню ўмоў жыцьця пры большай волі, ажыцьцяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэньні міжнародных праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару, падтрымліваць міжнародны мір і бясьпеку і з гэтай мэтай прадпрымаць эфэктыўныя калектыўныя захады для прадухіленьня і спыненьня пагрозы міру і падаўленьня актаў агрэсіі ці іншых парушэньняў міру.

3. Як правіла, аснову сыстэмы органаў міжнароднай арганізацыі складаюць наступныя віды органаў: 1) найвышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адміністрацыйны, 4) спэцыяльныя камітэты і камісіі. Структура НАТО не адпавядае гэтай сыстэме, характэрнай для большасьці сучасных міжнародных арганізацыяў, і больш нагадвае сыстэму органаў ААН зь яе галоўнымі і дапаможнымі органамі. Дамова ўсталёўвае стварэньне Рады і дапаможных органаў, зь якіх першым будзе створаны Камітэт абароны. Такім чынам, Рада (Паўночнаатлянтычная рада) — найвышэйшы орган НАТО. У выканаўчым органе, які закліканы кіраваць арганізацыяй між сэсіямі найвышэйшага органу, НАТО ня мае патрэбы. Паняцьце сэсійнасьці тут умоўнае, бо ёсьць магчымасьць зьбіраць прадстаўнікоў дзяржаваў-сяброў у любы момант (пры тым, што і ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзін раз на тыдзень). Функцыі, якія, як правіла, выконваюць выканаўчыя органы, — забесьпячэньне эфэктыўнасьці дзейнасьці міжнароднай арганізацыі, ажыцьцяўленьне сувязі зь дзяржавамі-сябрамі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, складаньне бюджэту арганізацыі, падрыхтоўка павесткі дня паседжаньняў найвышэйшага органу і разгляд пытаньняў пэрсаналу — у асноўным перададзены Міжнароднаму сакратарыяту НАТО. Між тым, у большасьці міжнародных арганізацыяў сакратарыят — орган адміністрацыйны.

4. НАТО мае самастойныя правы і абавязкі, адрозныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сябровак. Ва ўстаноўчым акце міжнароднай арганізацыі асобныя артыкулы адрасаваны непасрэдна дзяржавам-сябрам, іншыя — міжнароднай арганізацыі, у асобе яе органаў. У арт. 8 Вашынгтонскай дамовы абвешчана, што

«кожны бок, які дамаўляецца, заяўляе, што ні адно зь міжнародных пагадненьняў, якія маюць у цяперашні час сілу, паміж ім і любым іншым бокам, які дамаўляецца, не знаходзіцца ў супярэчнасьці з палажэньнямі гэтага дагавору, і абавязуецца не прымаць ніякага міжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтаму дагавору».

Арт. 9 дагавору, наадварот, зьвернуты непасрэдна да арганізацыі:

«Рада стварае такія дапаможныя органы, якія могуць аказацца неабходнымі, у прыватнасьці, яна неадкладна створыць Камітэт абароны, які будзе рэкамэндаваць меры для прымяненьня артыкулаў 3 і 5».

Магчымасьць міжнароднай арганізацыі мець самастойныя правы і абавязкі, асобныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сяброў, фарміруе арганізацыю як суб’екта міжнароднага права, які валодае сваёй прававой воляй і правы якога непасрэдна зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Да такіх правоў належыць права на заключэньне міжнародных пагадненьняў, права на прывілеі і імунітэты, права на прадстаўніцтва і іншыя правы, зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Вонкава міжнародная арганізацыя, у тым ліку і НАТО, выступае самастойна, як адзінае цэлае, прадстаўленае генэральным сакратаром арганізацыі.

5. Пад заснаваньнем ў адпаведнасьці зь міжнародным правам разумеецца правамерны характар міжнароднай арганізацыі, неабходнасьць адпаведнасьці яе статута і дзейнасьці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права і, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвэнцыі аб праве міжнародных дамоваў 1969 году. Лічыцца, што імпэратыўнымі нормамі jus cogens зьяўляюцца прынцыпы Статуту ААН, а Паўночнаатлянтычная дамова ў цэлым тэкстуальна сумяшчальны са Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VІІІ Статуту ААН палажэньні Вашынгтонскай дамовы аб яго тэрытарыяльнай сфэры дзеяньня: некалькі кантынэнтаў і велізарныя прасторы Сусьветнага акіяна. НАТО таксама не выконвае арганізацыйна-прававых захадаў, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасьці з главой VІІІ, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасьць ажыцьцяўляць прымусовыя дзеяньні адносна іншых дзяржаваў, як у выпадку зь легітымацыяй агрэсіі НАТО супраць Югаславіі.

Арганізацыйная структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Паўночнаатлянтычная рада (па-ангельску: The North Atlantic Council, NAC) — найвышэйшы палітычны орган НАТО, складаецца з пастаянных прадстаўнікоў (у рангу пасла) усіх краінаў-сяброў, якія праводзяць пасяджэньні як мінімум раз на тыдзень. Рада таксама зьбіраецца на міністэрскім і на вышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў, незалежна ад узроўню, на якім гэта было зроблена. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Старшынюе на паседжаньнях генэральны сакратар НАТО.

Рада — адзіны орган, стварэньне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлянтычнага дагавору. Рада надзеленая паўнамоцтвамі ўтвараць дадатковыя органы. Так былі створаны камітэты і плянавыя групы для забесьпячэньня работы Рады і падрыхтоўкі рэкамэндацыяў у спэцыяльных галінах.

Пытаньні, якія разглядае Рада, датычацца ўсіх аспэктаў дзейнасьці арганізацыі і, звычайна, засноўваюцца на дакладах і рэкамэндацыях, якія рыхтуюцца па запыту Рады ніжэйшымі камітэтамі. Пытаньні таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымі пастаяннымі прадстаўнікамі ці Генэральным сакратаром.

  • Камітэт плянаваньня абароны (па-ангельску: Defence Planning Committee, DPC) — палітыка-вайсковы орган НАТО, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнікоў усіх краінаў-сяброў (акрамя Францыі) і як мінімум двойчы на год склікаецца на ўзроўні міністраў абароны і разглядае пытаньні, зьвязаныя з сумесным абарончым плянаваньнем. Камітэт плянаваньня абароны забясьпечвае кіраваньне ваеннымі структурамі НАТО і, у межах сваёй кампэтэнцыі, мае тыя функцыі і паўнамоцтвы, што і Паўночнаатлянтычная Рада ў межах яе кампэтэнцыі.
  • Група ядзернага плянаваньня (па-ангельску: Nuclear Planning Group, NPG) — асноўны орган для кансультацыяў па ўсіх пытаньнях, што адносяцца да ролі ядзерных сілаў у палітыцы бясьпекі і абароны НАТО. У групе ўдзельнічаюць усе краіны-сябры, за выключэньнем Францыі. Ісьляндыя ўдзельнічае як назіральнік. Група, як правіла, зьбіраецца два разы на год на ўзроўні міністраў абароны, звычайна разам з Камітэтам плянаваньня абароны, а таксама на ўзроўні паслоў — па меры неабходнасьці.
  • Генэральны сакратар (па-ангельску: The Secretary General) — найвышэйшая службовая асоба НАТО. Адказвае за арганізацыю і кіраўніцтва працэсам кансультацыяў і выпрацоўкі рашэньняў у Паўночнаатлянтычным альянсе. Узначальвае паседжаньні Паўночнаатлянтычнай рады, Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня і іншых галоўных камітэтаў. Ён дзейнічае як галоўны афіцыйны прадстаўнік (па-ангельску: principal spokesman) арганізацыі ў яе зьнешніх стасунках. Генэральнаму сакратару падпарадкаваны Міжнародны сакратарыят.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам генэральнага сакратара знаходзяцца Кабінэт (па-ангельску: Private Office) і Адміністрацыя (па-ангельску: Office of the Secretary General) генэральнага сакратара. Кабінэт дапамагае генэральнаму сакратару і яго намесьніку (які кіруе шэрагам працоўных групаў) па ўсіх аспэктах іх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт і спэцыяльны дарадца ў справах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Адміністрацыя генэральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыяту, Управы інфармацыі і прэсы, а таксама Службы бясьпекі НАТО. Выканаўчы сакратарыят (па-ангельску: Executive Secretariat) забясьпечвае функцыянаваньне Рады НАТО, Рады эўраатлянтычнага партнэрства, Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня і ўсіх структураў, утвораных вышэйназванымі органамі. На Выканаўчы сакратарыят ускладзена і адміністрацыйнае забесьпячэньне праграмы «Партнэрства дзеля міру».

Управа інфармацыі і прэсы (па-ангельску: Office of Information and Press) складаецца са Службы СМІ (па-ангельску: Press and Media Service) і Інфармацыйнай службы (па-ангельску: Information Service). Дырэктар Управы ўзначальвае таксама Камітэт па інфармацыі і культурных сувязях (па-ангельску: the Commitee on Information and Cultural Relations).

Служба бясьпекі НАТО (па-ангельску: NATO Office of Security) каардынуе і ажыцьцяўляе палітыку ўнутранай бясьпекі НАТО. Дырэктар службы — галоўны дарадца генэральнага сакратара па пытаньнях бясьпекі і старшыня Камітэту НАТО па бясьпецы (па-ангельску: NATO Security Committee). Ён кіруе Службай бясьпекі штаб-кватэры і адказвае за ўсеагульную бясьпеку ў блёку.

  • Міжнародны сакратарыят (па-ангельску: International Staff) забясьпечвае дзейнасьць Рады НАТО і яе камітэтаў. Міжнародны сакратарыят складаецца з Адміністрацыі Генэральнага сакратара, пяці аддзелаў (палітычны, плянаваньня і палітыкі абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня абароны, інфраструктуры і плянаваньня выкарыстаньня цывільных службаў пры надзвычайным становішчы, па навуцы і навакольным асяродзьдзі), кіраўніцтва справамі і кабінэта фінансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваецца памочнікам генэральнага сакратара. Акрамя таго, Міжнародны сакратарыят — гэта некалькі цывільных агенцтваў і арганізацыяў, разьмешчаных у розных краінах-сябрах. Гэтыя арганізацыі працуюць па спэцыяльных кірунках, такіх, як камунікацыі ці тылавое забесьпячэньне.

Пэрсанал Міжнароднага сакратарыяту набіраецца непасрэдна арганізацыяй альбо па накіраваньнях урадаў краінаў-сябровак тэрмінам на 3—4 гады. Супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыяту адказныя перад генэральным сакратаром і абавязваюцца захоўваць поўную ляяльнасьць арганізацыі на ўвесь час знаходжаньня на пасадзе.

  • Вайсковы камітэт (па-ангельску: Military Committee) — найвышэйшы вайсковы орган НАТО, дае палітычным уладам блёку рэкамэндацыі ў вайсковых пытаньнях дзейнасьці ў зоне адказнасьці НАТО, забясьпечвае Галоўнаму камандаваньню НАТО магчымасьць выкананьня сваіх функцыяў. Знаходзіцца пад палітычным кіраўніцтвам Паўночнаатлянтычнай рады і Камітэта плянаваньня абароны, а калі закранаюцца ядзерныя пытаньні, то і Групы ядзернага плянаваньня. Камітэт складаецца з начальнікаў штабаў кожнай краіны-сябра (у тым ліку і Францыі, якая да 1996 году была прадстаўленая вайсковай місіяй у Вайсковым камітэце). Ісьляндыя ня мае ўзброеных сілаў, але можа быць прадстаўленая цывільнай асобай. Начальнікі штабоў сустракаюцца не радзей, як 2 разы на год. У астатні час краіны прадстаўленыя нацыянальнымі вайсковымі прадстаўнікамі, што прызначаюцца начальнікамі штабоў.
  • Інтэграваная вайсковая структура (па-ангельску: Integrated Military Structure) знаходзіцца пад палітычным кантролем і бягучым кіраўніцтвам найвышэйшага ўзроўню. Яе прызначэньне — у забесьпячэньні арганізацыйных рамак абароны тэрыторыяў краінаў-сябровак ад зьнешніх пагрозаў. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандаваньня, што пакрывае ўсю Паўночнаатлянтычную зону.

НАТО мае 2 галоўныя цэнтры камандаваньня — Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у Эўропе (па-ангельску: Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), разьмешчанае ў так званым ШЭЙПе (па-ангельску: SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монсу (Бэльгія), і Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у зоне Атлянтычнага акіяна (па-ангельску: Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вірджынія, ЗША). Існуе таксама Рэгіянальная стратэгічная група Канады—ЗША (па-ангельску: Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), разьмешчаная ў Арлінгтане (ЗША), якой даручана каардынаваць плянаваньне абароны Паўночнай Амэрыкі.

  • Міжнародны вайсковы штаб (па-ангельску: International Military Staff) забясьпечвае дзейнасьць Вайсковага камітэту і арганізуе выкананьне яго рашэньняў. Супрацоўнікі Міжнароднага вайсковага штабу маюць такі ж статус у арганізацыі, як і супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыяту, але падпадаюць пад адміністрацыйную ўладу начальніка штабу альбо кіраўніка самастойнага агенцтва НАТО, у якім яны непасрэдна працуюць. Начальнік Міжнароднага вайсковага штабу выбіраецца Вайсковым камітэтам і можа быць прадстаўніком любой краіны, але мець адрознае грамадзянства ад старшыні Вайсковага камітэту.

У арганізацыйным пляне Міжнародны вайсковы штаб падразьдзяляецца на наступныя аддзелы: выведкі, плянаваньня і палітыкі, апэрацыяў, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, сувязі і сыстэмаў інфармацыі, узбраеньняў і стандартызацыі. Пры начальніку Міжнароднага вайсковага штабу створаны Сытуацыйны цэнтар НАТО (па-ангельску: NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлянтычнай радзе, Камітэту плянаваньня абароны і Вайсковаму камітэту ў выкананьні імі сваіх функцыяў у крызісныя пэрыяды. Цэнтар кругласутачна назірае за палітычным, ваенным і эканамічным станам у сфэрах, якія цікавяць НАТО, наглядае і абслугоўвае сыстэмы сувязі НАТО, забясьпечвае магчымасьці для хуткай арганізацыі кансультацыяў і камандных дзеяньняў падчас пэрыядаў напружанасьці.

Пасьля абвешчаных пасьля студзеньскага саміту 1994 году ініцыятыў Паўночнаатлянтычная рада заснавала некалькі дадатковых структураў, якія дапамагаюць НАТО ў выкананьні яе новых задачаў.

Камітэт палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» (па-ангельску: Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) зьяўляецца важнейшым рабочым форумам «Партнэрства». Ён зьбіраецца ў розных канфігурацыях: гэта і сустрэчы з асобнымі краінамі-партнэрамі, і з усімі краінамі—ўдзельніцамі Рады Эўраатлянтычнага партнэрства.

Сумесны камітэт па праблеме распаўсюджваньня зброі (па-ангельску: Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палітыку ў галіне распаўсюджваньня ўзбраеньняў і зьяўляецца палітычным форумам для кансультацыяў па гэтай праблеме.

Часовая група каардынаваньня палітыкі (па-ангельску: Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрыманьня міру і над тым, як павысіць эфэктыўнасьць НАТО ў гэтай галіне, распрацоўвае канцэпцыю аб’яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацоўніцтва з Заходнеэўрапейскім зьвязам.

  • Большасьць з арганізацыйных структураў НАТО месьціцца ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра НАТО (па-ангельску: the NATO Headquarters) у Брусэлі зьяўляецца палітычным цэнтрам Альянсу і пастаянным месцам знаходжаньня Паўночнаатлянтычнай Рады. Тут разьмяшчаюцца пастаянныя прадстаўніцтвы дзяржаваў-сяброў, Генэральны сакратар і Міжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўніцтвы, старшыня Вайсковага камітэту і Міжнародны вайсковы штаб і шмат якіх агенцтваў НАТО.

Каля 4 тысячаў чалавек працуюць у штаб-кватэры НАТО на поўнай стаўцы. Зь іх больш за 2000 — сябры нацыянальных прадстаўніцтваў пры НАТО. Прыкладна тысячу чалавек налічвае Міжнародны сакратарыят і да 500 — Міжнародны ваенны штаб.

  • У дадатак да апісаных вышэй камандных структураў існуе шэраг ваенных агенцтваў, дасьледчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Ваеннаму камітэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.

Дарадчая група па аэракасьмічных дасьледаваньнях (ДГАД; па-ангельску: Advisory Group for Aerospace Research and Development, AGARD) была ўтвораная ў 1952 годзе для спрыяньня распрацоўкам і абмену інфармацыяй у галіне аэракасманаўтыкі паміж краінамі НАТО. Штаб-кватэра ДГАД знаходзіцца ў Парыжы.

Вайсковае агенцтва стандартызацыі (па-ангельску: Military Agency for Standartisation, MAS) — галоўнае вайсковае агенцтва стандартызацыі ў НАТО. Створанае ў Лёндане ў 1951 годзе з мэтай садзеяньня апэратыўнай, працэдурнай і матэрыяльна-тэхнічнай стандартызацыі сярод сяброў НАТО дзеля наданьня войскам Альянсу большай эфэктыўнасьці ў сумесных апэратыўных захадах. З 1970 разьмяшчаецца ў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі.

Кансультацыйны камітэт НАТО па вайсковай электроніцы (ККВЭ, па-ангельску: NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966 годзе. Закліканы павысіць магчымасьці электронных службаў НАТО падчас баявых дзеяньняў. Аналізуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўні і ў інтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасьцяў вайсковага электроннага забесьпячэньня. ККВЭ складаецца з прадстаўнікоў кожнай краіны-сяброўкі НАТО і вярхоўных галоўнакамандуючых.

Вучэбная група НАТО (па-ангельску: NATO Training Group, NTG) аб’ядноўвае ўсе намаганьні ў рамках НАТО па трэніроўках і вучэньнях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзеньню трэніровак і вучэньняў сярод краінаў-сяброў.

Камітэт кіраўнікоў вайскова-мэдычных службаў краінаў НАТО (па-ангельску: Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з найвышэйшых вайскова-мэдычных чыноўнікаў краінаў-сябровак, дзейнічае як цэнтар па разьвіцьці, каардынацыі і кансультаваньні Вайсковага камітэту ў гэтай галіне.

Мэтэаралягічная група Вайсковага камітэту (па-ангельску: Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спэцыяльныя парады Вайсковаму камітэту ў сфэры мэтэаралёгіі, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палітыкі і тэхнікі.

Шэсьць спэцыялізаваных агенцтваў сувязі, сыстэмаў сувязі і інфарматыкі (па-ангельску: Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забясьпечваюць Вайсковы камітэт экспэртнай падтрымкай у гэтай галіне вайсковай тэхнікі. Паміж сабой яны спэцыялізуюцца на камунікацыйнай і кампутарнай бясьпецы (ACCSA), лініях сувязі (ALLA), радыёчастасьцях (ARFA), тактычных сродках сувязі (ATCA), узаемасувязі баз дадзеных (ADSIA), марской сувязі (ANCA). Разьмяшчаюцца ў Брусэлі, за выключэньнем ANCA, месцазнаходжаньне якога — Лёндан.

Тэхнічны цэнтар Вярхоўнага галоўнакамандаваньня аб’яднанымі войскамі ў Эўропе (па-ангельску: SHAPE Technical Centre) разьмяшчаецца ў Гаазе і працуе пад палітычным кіраўніцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі ў Эўропе (SACEUR). Задача цэнтру заключаецца ў тэхнічнай дапамозе ШЭЙПу і ў правядзеньні дасьледаваньняў для аб’яднанага камандаваньня ў Эўропе. Сфэра інтарэсаў тэхнічнага цэнтру: гатоўнасьць войскаў і вайсковых структур, новыя тэхналёгіі ўзбраеньняў, камандаваньне і кантроль (інфарматызацыя і аўтаматызацыя гэтых працэсаў), інжынэрныя сыстэмы і апэратыўная дапамога.

Цэнтар падводных дасьледаваньняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі ў зоне Атлянтыкі (па-ангельску: SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спэцыі ў Італіі і афіцыйна стаў структурай НАТО ў 1963 годзе. Распрацоўвае парады SACLANT у галіне барацьбы з падводнымі лодкамі і мінамі. Праводзіць і акіянаграфічныя дасьледаваньні.

У 1996 пачало працу агенцтва па нагляду за навуковым і тэхналягічным працэсам у Альянсе — Арганізацыя па дасьледаваньнях і тэхналёгіях (АДТ, па-ангельску: Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш пасьпяховага кіраўніцтва дасьледчымі праграмамі ў рамках ужо існых Дарадчай групы па аэракасьмічных дасьледаваньнях (ДГАД) і Групы абарончых дасьледаваньняў (ГАД, па-ангельску: Defence Research Group, DRG), АДТ кіруецца Радай (па-ангельску: R&T Board), які, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кіраваньня ДГАД і ГАД. Рада каардынуе абмен навуковай інфармацыяй паміж краінамі-сябрамі. Складаныя сыстэмы навукова-дасьледчых супольнасьцей краінаў прадстаўленыя трыма элемэнтамі: урадавая, прамысловая і акадэмічная навука ў галіне абароны.

НАТО валодае трыма навучальнымі ўстановамі. Абарончы каледж НАТО (па-ангельску: NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951 годзе, пераведзены ў 1966-м у Рым. Рыхтуе афіцэраў і цывільны пэрсанал для заняцьця ключавых пастоў у НАТО і нацыянальных адміністрацыях.

Школа НАТО (па-ангельску: NATO (SHAPE) School), разьмешчаная каля Обэрамэргаў у Нямеччыне, — адзін з галоўных цэнтраў падрыхтоўкі вайсковых і цывільных спэцыялістаў для службы ў НАТО. Створаная ў 1953 годзе, у 1966 годзе перайшла пад апэратыўны кантроль SACEUR. З 1953 году падрыхтоўку ў школе прайшлі больш як 50 000 афіцэраў і цывільных асобаў. Кожны год каля 6 тысячаў слухачоў наведваюць курсы па спэцыяльнасьцях: ядзерная, біялягічная і хімічная абарона, вайсковая электроніка, камандаваньне і кантроль, мабільныя войскі, шматнацыянальныя войскі, падтрыманьне міру, ахова навакольнага асяродзьдзя, крызіснае кіраваньне.

Школа сродкаў сувязі і інфармацыйных сыстэмаў (па-ангельску: NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забясьпечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывільнага і ваеннага пэрсаналу перад накіраваньнем іх на працу ў камунікацыйныя і інфармацыйныя службы НАТО. Разьмяшчаецца школа на базе італьянскіх ВПС у Лаціне.

Мэханізм супрацоўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе краіны-сяброўкі НАТО ў поўнай ступені ўдзельнічаюць на палітычным узроўні супрацоўніцтва ў рамках Альянсу і ўсе аднолькава прынялі на сябе абавязкі, што ўтрымліваюцца ў арт. 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы і сымбалізуюць непадзельнасьць іх бясьпекі, а менавіта, што напад на адну ці некалькі краінаў разглядаецца як напад на ўсе краіны-сябры. Ніводная краіна-сяброўка НАТО не павінная спадзявацца толькі на свае вайскова-палітычныя намаганьні і эканамічныя рэсурсы. Роўнасьць бясьпекі краінаў-сябровак — у адсутнасьці залежнасьці паміж ёй і тымі нацыянальнымі вайсковымі магчымасьцямі, што ўкладзеныя ў агульную стабільнасьць.

Спосаб функцыянаваньня НАТО забясьпечвае ўлік патрэбаў краінаў-сябровак у адпаведнасьці зь іх становішчам у арганізацыі. Так, Ісьляндыя, ня маючы ўзброеных сілаў, прадстаўлена ў вайсковых органах НАТО цывільным прадстаўніком.

Францыя, застаючыся паўнавартым сябром арганізацыі і яе палітычных структураў, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры НАТО, ня ўдзельнічала ў працы Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Вайсковага камітэту. Рэгулярныя кантакты з вайсковымі структурамі НАТО ажыцьцяўляліся праз францускую вайсковую місію пры Вайсковым камітэце, а таксама праз удзел у асобных галінах супрацоўніцтва (сродкі сувязі, узбраеньні, матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне і г. д.). З 1995 году Францыя аднавіла работу ў Камітэце плянаваньня абароны і Ваенным камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТО не зьмяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымі пагадненьнямі.

Гішпанія ўдзельнічае ў працы Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Вайсковага камітэту. У адпаведнасьці з вынікамі нацыянальнага рэфэрэндуму 1986 году, Гішпанія ня ўдзельнічае ў інтэграванай вайсковай структуры НАТО, але бярэ ўдзел у калектыўным абарончым плянаваньні. Дамовы аб вайсковай каардынацыі дазваляюць гішпанскім войскам супрацоўнічаць зь іншымі саюзнымі войскамі ў спэцыяльных галінах, застаючыся пры гэтым па-за межамі інтэграванай вайсковай структуры. У 1996 годзе гішпанскі парлямэнт пагадзіўся з рашэньнем ураду аб пераходзе да поўнага ўдзелу Гішпаніі ў аб’яднанай вайсковай структуры НАТО.

Усе без выключэньня краіны НАТО ўдзельнічаюць у працы Камітэту палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» і іншых групах, што дзейнічаюць па праграмах Рады эўраатлянтычнага партнэрства і «Партнэрства дзеля міру».

Адрозьненьні паміж краінамі-сяброўкамі НАТО могуць таксама быць вынікам геаграфічнага, палітычнага, вайсковага або канстытуцыйнага становішча. Так, удзел Нарвэгі і Даніі ў ваенных плянах НАТО абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якім немагчыма разьмяшчэньне ядравай зброі і замежных войскfo на іх нацыянальнай тэрыторыі ў мірны час.

Выпрацоўка палітыкі НАТО і падрыхтоўка канкрэтных захадаў ажыцьцяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацыяў краінаў-сябровак. Такія кансультацыі могуць мець некалькі формаў:

  • аднабаковае прадастаўленьне інфармацыі кім-небудзь з удзельнікаў;
  • двухбаковы ці шматбаковы інфармацыйны абмен;
  • паведамленьне іншым удзельнікам пра рашэньні, прынятыя на нацыянальным узроўні (у тым ліку з мэтай атрымаць ухваленьне з боку партнэраў);
  • папярэдняе паведамленьне пры акцыі, якія рыхтуюцца;
  • папярэднія кансультацыі з мэтай узгадненьня паралельных дзеяньняў, якія будуць ажыцьцяўляцца кожным з удзельнікаў індывідуальным чынам;
  • кансультацыі з мэтай выпрацоўкі такіх рашэньняў, якія павінныя прымацца ці ажыцьцяўляцца на калектыўнай аснове.

Рэгулярныя кансультацыі па палітычных пытаньнях таксама маюць месца ў межах Рады эўраатлянтычнага партнэрства і пры сустрэчах Паўночнаатлянтычнае рады і палітычных камітэтаў з партнэрамі па супрацы — дзяржавамі, якія ня ёсьць сябрамі НАТО.

Галоўнымі форумамі НАТО для інтэнсіўных кансультацыяў падчас пэрыядаў палітычнай напружанасьці ёсьць Паўночнаатлянтычная рада і Камітэт плянаваньня абароны пры падтрымцы Вайсковага камітэту і палітычных камітэтаў. Стабільнасьць камунікацыйнага працэсу забясьпечвае Сытуацыйны цэнтар НАТО, які круглыя суткі падтрымлівае сувязь з сталіцамі дзяржаваў-сябровак НАТО і галоўнакамандуючымі войскамі НАТО.

Вайсковыя апэрацыі і місіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Апэрацыі і місіі НАТО

Паўночнаатлянтычны альянс іграе актыўную і вядучую ролю ў забесьпячэньні міру і бясьпекі на міжнароднай арэне. Доўгі час НАТО ўдавалася падтрымліваць мір і бясьпеку эўрапейскіх краінаў выключна палітыка-дыпляматычнымі шляхамі. Аднак пачатак 1990-х адзначыўся новымі выклікамі і пагрозамі эўрапейскай бясьпецы. Першым сур’ёзным выпрабаваньнем для НАТО як арганізацыі, якая набывала характар ​​сілы, выкліканай ня толькі забесьпячэньнем абароны ейных сябраў, але і спрыяньнем захаваньню міру і стабільнасьці на ўсім эўраатлянтычнай прасторы, стала вайна ў Югаславіі. Першыя тры апэрацыі НАТО па падтрыманьні міру мелі месца ў Эўропе ў Босьніі і Герцагавіне, у Косава і ў былой Рэспубліцы Македонія.

Апэрацыя ў Босьніі і Герцагавіне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Апэрацыя НАТО ў Босьніі і Герцагавіне (1995) і Сілы стабілізацыі

З 1995 па 2004 гады пад кіраўніцтвам НАТО ажыцьцяўлялася апэрацыя па падтрыманьні міру ў Босьніі і Герцагавіне, што дапамагала гарантаваць бясьпеку і спрыяла аднаўленьню краіны пасьля вайны 1992—1995 гадоў.

Босьнія і Герцагавіна стала арэнай, на якой НАТО шмат чаго рабіла ўпершыню, і рашэньні, прынятыя НАТО ў адказ на падзеі ў гэтай краіне, дапамаглі фармаваць эвалюцыю альянсу і разьвіваць ягоныя магчымасьці па ўсталяваньні і падтрыманьні міру. У жніўні—верасьні 1995 году НАТО правяла паветраную апэрацыю ў Босьніі і Герцагавіне, якая дапамагла спыніць басьнійскую вайну і ў адпаведнасьці з Дэйтанскім мірным пагадненьнем узначаліла апэрацыю па падтрыманьні міру, якая доўжылася дзевяць гадоў, са сьнежня 1994 году па сьнежань 2004 году. Не зважаючы на тое, што ў сьнежні 2004 году НАТО перадала адказнасьць за паўсядзённую бясьпеку ў Босьніі і Герцагавіне Эўрапейскаму Зьвязу, альянс працягвае ўтрымліваць скарочаны штаб у Сараева для аказаньня дапамогі ў ажыцьцяўленьні вайсковай рэформы ў Босьніі і Герцагавіне і ў падрыхтоўцы краіны да ўдзелу ў праграме «Партнэрства дзеля міру»[17].

Канфлікт у Косава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Бамбаваньне Югаславіі сіламі НАТО і Міжнародныя сілы па падтрыманьні міру ў Косава

З чэрвеня 1999 году НАТО ўзначаліла апэрацыю па ўстанаўленьню міру ў сэрбскім краі Косава на падтрымку шырокіх міжнародных намаганьняў на ўсталяваньне міру і стабільнасьці ў гэтай спрэчнай сэрбскай правінцыі. Апэрацыя сілаў НАТО «Саюзная сіла» ў пэрыяд з 24 сакавіка па 10 чэрвеня 1999 году стала завяршальным этапам косаўскай вайны. Пасьля завяршэньня 78-дзённай паветранай кампаніі ў Косава былі разгорнутыя міжнародныя міратворчыя сілы для Косава пад кіраўніцтвам НАТО. Гэтая кампанія, якая была другой ваеннай кампаніяй НАТО, пачалася пасьля таго, як у правінцыі больш за год вяліся вайсковыя дзеяньні, а міжнародныя намаганьні па ўрэгуляваньні канфлікту дыпляматычнымі сродкамі ня мелі посьпеху[17].

Пасьля абвяшчэньня Косава сваёй незалежнасьці ў лютым 2008 году НАТО пагадзілася захаваць сваю прысутнасьць на аснове рэзалюцыі 1244 Рады бясьпекі ААН. У чэрвені 2008 году альянс вырашыў узяць на сябе нагляд за расфармаваньне корпусу абароны Косава і дапамагчы стварыць прафэсійныя шматэтнічная Сілы бясьпекі Косава[17].

НАТО ў Македоніі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адказваючы на запыт ураду Рэспублікі Македонія, са жніўня 2001 году па сакавік 2003 году НАТО ажыцьцявіла ў гэтай краіне тры пасьлядоўныя апэрацыі: «Эсэншал гарвэст», якая дазволіла раззброіць групы этнічных альбанцаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Македоніі; «Эмбэр фокс» забясьпечыла абарону міжнародных назіральнікаў, якія ажыцьцяўлялі нагляд за выкананьнем мірнага пляну; «Элайд Германі» па прадастаўленьні кансультантаў на дапамогу ўраду ў пытаньнях забесьпячэньня стабільнасьці на ўсёй тэрыторыі Македоніі.

Гэтыя апэрацыі ў Рэспубліцы Македонія прадэманстравалі цеснае супрацы між НАТО, ЭЗ і Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе[17].

Першая апэрацыя па барацьбе з тэрарызмам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 кастрычніка 2001 году, пасьля таго, як было вызначана, што тэрарыстычныя напады 11 верасьня на Нью-Ёрк і Вашынгтон былі ажыцьцёўлены з-за мяжы, НАТО прыняла пакет з васьмі мераў, накіраваных на падтрымку ЗША. Паводле запыту ЗША яна пачала першую ў сваёй гісторыі апэрацыю па барацьбе з тэрарызмам «Ігл эсыст», то бок 7 самалётаў далёкага радыёлякацыйнага сачэньня (СДРС) НАТО бралі ўдзел у патруляваньні паветранай прасторы Злучаных Штатаў.

Апэрацыя доўжылася зь сярэдзіны кастрычніка 2001 году да сярэдзіны траўня 2002 году. Было прыцягнута 830 сяброў экіпажаў з 13 краінаў НАТО, якія зьдзейсьнілі больш за 360 самалёта-вылетаў. Упершыню ў гісторыі альянсу ягоныя вайсковыя сілы і сродкі былі ўжытыя ў апэрацыі, якая праводзіцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі артыкула 5 Паўночнаатлянтычнага дагавору[17].

Нагляд за Міжземным морам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Апэрацыя «Актыўныя намаганьні»
Эсьмінец ВМС ЗША «Рос» вяртаецца ў Норфалк пасьля паўгадавога ўдзелу ў апэрацыі «Актыўныя намаганьні»

Апэрацыі НАТО не абмяжоўваюцца толькі зонамі канфліктаў. Пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001 году альянс пачаў прымаць меры для процідзеяньня пагрозе міжнароднага тэрарызму.

Апэрацыя «Актыўныя намаганьні», заснаваная ў кастрычніку 2001 году пад кіраўніцтвам ОВМС НАТО мае на мэце выяўленьне і стрымліваньне тэрарыстычнай дзейнасьці ў Міжземным моры. З красавіка 2003 году сілы НАТО сыстэматычна ажыцьцяўляюць высадкі на падазроныя судны са згоды капітанаў караблёў і краінаў сьцягу ў адпаведнасьці зь міжнародным марскім заканадаўствам. Увогуле, апэрацыя апынулася эфэктыўным сродкам як аховы стратэгічнага марскога раёну, гэтак і барацьбой з тэрарызмам у адкрытым моры[17].

Барацьба зь пірацтвам ля ўзьбярэжжа Самалі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З кастрычніка па сьнежань 2008 году НАТО пачало апэрацыю «Элайд правайдэр», якая прадугледжвала правядзеньне мераў барацьбы зь пірацтвам ля ўзьбярэжжа Самалі. У адказ на запыт Генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна вайскова-марскія падразьдзяленьня НАТО суправаджалі судны, ажыцьцяўлялі рэйсы для Сусьветнай харчовай праграмы ААН празь небясьпечныя раёны Адэнскай затокі. З сакавіка па жнівень 2009 году альянс правёў яшчэ адну апэрацыю па барацьбе зь пірацтвам «Элайд пратэктар», мэтай якой было ўмацаваньне бясьпекі марскіх гандлёвых маршрутаў і міжнароднай навігацыі ля берагоў Афрыканскага Рогу. Сілы НАТО выконвалі задачы па назіраньні і забесьпячэньні абароны для стрымліваньня і падаўленьня пірацтва і ўзброенага рабаваньня, што пагражае марскім шляхам і эканамічным інтарэсам[17].

Бягучая апэрацыя «Акіянскі шчыт», якая грунтуецца на вопыце папярэдніх апэрацыяў НАТО па барацьбе зь пірацтвам, у прыватнасьці «Элайд правайдэр» і «Элайд пратэктар», мае на мэце прыняцьце мераў па барацьбе з марскім пірацтвам ля ўзьбярэжжа Афрыканскага Рогу. Паўночнаатлянтычная рада прыняла правядзеньне гэтае апэрацыі 17 жніўня 2009 году. Па запыце рэгіянальных краінаў у рамках апэрацыі таксама прапануецца дапамога ў разьвіцьці ўласных магчымасьцяў барацьбы зь пірацтвам[17].

Трэніравальная місія ў Іраку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Трэніравальная місія НАТО ў Іраку
Намесьнік камандуючага трэніравальнай місіі ў Іраку Джаваньні Армэнтані кансультуе вайскоўцаў

На Стамбульскім саміце НАТО ў чэрвені 2004 году хаўрусьнікі па НАТО дамовіліся ўзяць удзел у міжнароднай дзейнасьці, накіраванай на аказаньне дапамогі Іраку ў фармаваньні баяздольных дэмакратычных структураў сілаў бясьпекі. Вынікам гэтага стала стварэньне Місіі НАТО ў Іраку. У рамках місіі ажыцьцяўляецца падрыхтоўка, кансультаваньне і настаўніцтва ірацкіх войскаў. У аказаньні дапамогі ў правядзеньні падрыхтоўкі ў Іраку ці па-за ягонымі межамі ўдзельнічаюць усе краіны-сяброўкі НАТО, якія дапамагаюць фінансава або бязвыплатна перадаючы тэхніку і абсталяваньне[17].

Аказаньне падтрымкі Афрыканскаму зьвязу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Дапамога Афрыканскаму зьвязу з боку НАТО ў Дарфуры

Паўночнаатлянтычны альянс аказвае падтрымку Афрыканскаму зьвязу ў выкананьні ягоных міратворчых задачаў на Афрыканскім кантынэнце. З чэрвеня 2007 году НАТО дапамагала Афрыканскаму зьвязу ў рамках ягонай місіі ў Самалі (AMISOM), дапамагаючы перапраўляць паветрам міратворцаў. Дапамога AMISOM з боку НАТО супала з падобнай апэрацыяй па аказаньні падтрымкі міратворчай місіі Афрыканскага зьвязу ў Судане. З чэрвеня 2005 году па сьнежань 2007 году НАТО забясьпечвала транспартаваньне па паветры каля 37 тысячаў ваеннаслужачых у складзе АМІC, а таксама падрыхтавала звыш 250 прадстаўнікоў АМІC[17].

Вайна ў Аўганістане[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Міжнародныя сілы садзейнічаньня бясьпекі
Брытанскія ваяры з групы «Вікінг» падчас апэрацыі «Іглс саміт»

Апэрацыя НАТО ў Аўганістане зьяўляецца самай значнай з усіх, што да гэтага часу выконваліся НАТО[17]. Сфармаваныя ў адпаведнасьці з мандатам ААН у 2001 годзе, Міжнародныя сілы садзейнічаньня бясьпекі дзейнічаюць пад кіраўніцтвам НАТО са жніўня 2003 году.

На ўсёй тэрыторыі Аўганістану ў складзе ІСАФ дзейнічаюць амаль 130 тысячаў вайскоўцаў з 48 розных краінаў. Іхнай задачай зьяўляюцца дапамога цэнтральнаму ўраду Аўганістану ў працы ўмацаваньня легітымнай улады ва ўсіх раёнах краіны і ўтварэньне ўмоваў для належнага функцыянаваньня дэмакратычных інстытутаў і вяршэнства права. Аднім з найважнейшых складнікаў гэтай задачы ёсьць стварэньне прафэсійных аўганскіх нацыянальных сілаў бясьпекі. Практычна з нуля за пэрыяд з 2003 году колькасьць узброеных сілаў Аўганістану павялічылася амаль да 164 тысячаў вайскоўцаў. Яна пачала браць на сябе кіраўніцтва большасьцю апэрацыяў.

Акрамя правядзеньня апэрацыяў па забесьпячэньні бясьпекі і разьвіцьця аўганскага войска і паліцыі, ІСАФ таксама непасрэдна спрыяюць разьвіцьцю і аднаўленьню Аўганістана. 28 групаў аднаўленьня правінцыяў былі прыцягнутыя да вызначэньня запатрабаваньняў у аднаўленчых работах і дапамогі гуманітарнай дзейнасьці ва ўсёй краіне[17].

Апэрацыя ў Лібіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Міжнародная ваенная апэрацыя ў Лібіі
Зьнішчаная францускай авіяцыяй вайсковая калёна лібійскага войска каля гораду Бэнгазі

Падвас Лібійскай грамадзянскай вайны 2011 году паміж палкоўнікам і фактычным кіраўніком краіны Муамарам Кадафі і паўсталымі пратэстоўцамі 17 сакавіка 2011 году была прынята рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН пад нумарам 1973, якая заклікала да спыненьня гвалту і ўпаўнаважыла ваенныя дзеяньні з боку кааліцыі для абароны грамадзянскіх асобаў, а таксама ўвяла эмбарга на пастаўкі зброі, замарозіла асабістыя актывы лібійскіх лідэраў і ўвяла забарону на перасоўваньне прадстаўнікоў найвышэйшага кіраўніцтва. Кааліцыя ўключала некалькі сяброў НАТО, якая пачала стварэньне зоны, забароненую для палётаў над Лібіяй, неўзабаве пасьля гэтага. 20 сакавіка 2011 году краіны-сяброўкі НАТО дамовіліся аб захаваньні эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію.

24 сакавіка НАТО пагадзілася ўзяць захаваньне беспалётнай зоны пад свой кантроль, у той час як кааліцыя была пераарыентавана на камандаваньне наземных сілаў[18]. 27 сакавіка альянс узяў на сябе адказнасьць за рэалізацыю ўсіх аспэктаў рэзалюцыі нумар 1973, каб абараніць грамадзянскае насельніцтва і раёны, якім пагражаў напад з боку рэжыму Муамара Кадафі[17], у гэтым альянс атрымаў дапамогу з боку Катару і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У чэрвені, як паведамлялася, падразьдзяленьні толькі васьмі краінаў альянсу ўдзельнічалі ў баявых апэрацыях[19]. Пры гэтым міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс паведаміў, што такія краіны, як Польшча, Гішпанія, Нідэрлянды, Турэччына і Нямеччына маглі б зрабіць большы ўнёсак у гэтых апэрыцыях, аднак апошняя апэлявала на тое, што арганізацыя перасягнула свае паўнамоцтвы ў канфлікце ў рамках мандату[20]. У сваім заключным выступе ў Брусэлі 10 чэрвеня Гейтс у далейшым працягваў крытыкаваць краіны-хаўрусьніцы, мяркуючы, што іхныя дзеяньні могуць прывесьці да гібелі НАТО[21].

Незважаючы на тое, што місія была падоўжана да верасьня, Нарвэгія пачала згортваньне сваіх сілаў да 1 жніўня[22]. Да канца місіі ў кастрычніку 2011 году, пасьля сьмерці палкоўніка Кадафі, самалёты НАТО агулам зрабілі каля 9500 ударных вылетаў супраць сілаў Кадафі[23]. Пасьля спробы дзяржаўнага перавароту ў кастрычніку 2013 году, прэм’ер-міністар Лібіі Алі Зэйдан запытаў тэхнічную кансультацыю і трэнэраў з НАТО для аказаньня дапамогі ў пытаньнях бягучай бясьпекі[24].

Месца і роля ў сьвеце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трансфармацыя НАТО[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узаемадзеяньне зь іншымі арганізацыямі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу
Краіны-заснавальнікі (4 красавіка 1949)

Далучыліся пазьней:

Былыя краіны Варшаўскай дамовы, што далучыліся пасьля заканчэньня «халоднай вайны»:

12 сакавіка 1999:

29 сакавіка 2004:

1 красавіка 2009 г.

5 чэрвеня 2017 г.

27 сакавіка 2020 г.

Пашырэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для пашырэньня складу НАТО распрацаваны адмысловы мэханізм, паводле якога краіны-кандыдаты маюць штогод рабіць справаздачу аб прагрэсе, дасягнутым у наступных кірунках:

  • Палітыка і эканоміка: краіны павінны дэманстраваць імкненьне вырашаць міжнародныя, міжэтнічныя і тэрытарыяльныя канфлікты мірнымі сродкамі, з увагай да законнасьці і правоў чалавека.
  • Абарона і войска: краіна павінна быць здольнай рабіць адпаведны ўнёсак у забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі і ўдзельнічаць у апэрацыях альянсу.
  • Рэсурсы: войска краіны-кандыдата павінна быць адпаведным чынам забясьпечанае матэрыяльна.
  • Бясьпека: забесьпячэньне інфармацыйнай бясьпекі краіны-кандыдата.
  • Заканадаўства: забесьпячэньне сумяшчальнасьці нацыянальнага заканадаўства і сяброўства ў NATO.

НАТО забясьпечвае кандыдатам адпаведную тэхнічную дапамогу ў выкананьні крытэраў сяброўства[26].

На 2022 год кандыдатамі на ўступленьне ў НАТО былі ўрады Фінляндыі і Швэцыі.

Актыўна вядуцца перамовы і дэ-факта прынятае прынцыповае рашэньне аб будучым прыняцьці ў склад арганізацыі Грузіі (пасьля вырашэньня тэрытарыяльных канфліктаў) і Ўкраіны (пасьля дасягненьня ўнутрыпалітычнага кансэнсусу што да далучэньня). У 2010 годзе Ўкраіна заявіла пра свой пазаблёкавы статус, але 19 лістапада 2014 Расея запатрабавала ад НАТО гарантыяў недалучэньня краіны да НАТО. Кіраўнік інфармацыйнага бюро НАТО ў Маскве Робэрт Пшэль адзначыў патрабаваньне як недарэчнае, зацеміўшы, што Ўкраіна ня ёсьць краінай-кандыдаткай на ўступленьне ў НАТО, а Расея, не зьяўляючыся сябрам НАТО, ня можа прымаць падобныя рашэньні. Супярэчнай міжнароднай дамовам заяву Расеі назвала прадстаўніца генэральнага сакратара НАТО Оана Лунгэску, на думку якой НАТО паважае сувэрэнітэт Украіны і рашэньні аб пашырэньні арганізацыі прымаюцца толькі сябрамі арганізацыі. Таксама Оана Лунгэску адзначыла сярод галоўных посьпехаў арганізацыі яе гатоўнасьць да прыняцьця новых сяброў[27].

Супраца зь іншымі краінамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіны-партнэры Паўночнаатлянтычнага альянсу:

     Краіны, якія ўваходзяць у Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы

     Краіны, што прынялі праграму «Партнэрства дзеля міру»

     Краіны, што прынялі праграму «Міжземнаморскі дыялёг»

Эўраатлянтычная супраца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для пашырэньня супрацоўніцтва паміж 26 краінамі Альянсу і 20 краінамі-партнэркамі былі распрацаваныя 2 праграмы.

  • Праграма Партнэрства дзеля міру была распрацаваная ў 1994 годзе і базуецца на індывідуальных двухбаковых адносінах паміж краінай-партнэрам і НАТО: кожная краіна можа абраць ступень свайго ўдзелу.[28]
  • Праграма Рада Эўраатлянтычнага партнэрства была прынятая 29 траўня 1997 г. і зьяўляецца форумам для рэгулярнай каардынацыі, кансультацыяў і дыялёгу паміж усімі 46 яе ўдзельнікамі.[29]

Краіны-партнэры НАТО:

  • Мальта была далучылася да «Партнэрства дзеля міру» ў 1994 г., але пакінула праграму ў 1996 г.
  • Кіпр ня стаў удзельнікам «Партнэрства дзеля міру» з-за супрацьстаяньня Турэччыны па пытаньні Паўночнага Кіпру.
  • Босьнія і Герцагавіна і Сэрбія зьяўляюцца кандыдатамі на далучэньне да праграмы «Партнэрства дзеля міру». Іх далучэньне залежыць ад правядзеньня рэформаў у вайсковай і палітчынай сфэрах.

Міжземнаморскі дыялёг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжземнаморскі дыялёг — гэта прынятая ў 1994 г. праграма каапэрацыі паміж NATO і сям’ю краінамі Міжземнаморскага рэгіёну:[30]

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычная структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэма прыняцьця рашэньняў і структура кіраваньня НАТО вызначаная ў Паўночнаатлянтычнай дамове. Кожная краіна-ўдзельнік мае сваю дэлегацыю ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі, Бэльгія. Дэлегацыя ўзначальваецца пастаянным прадстаўніком у статусе амбасадара.

Разам пастаянныя прадстаўнікі краінаў складаюць Паўночнаатлянтычную раду (North Atlantic Council), орган, які зьбіраецца як мінімум адзін раз на тыдзень і прымае рашэньні па асноўнай дзейнасьці і функцыянаваньні НАТО. Час ад часу Рада зьбіраецца з удзелам міністраў замежных справаў, абароны і прам’ер-міністраў для прыняцьця найбольш важных стратэгічных рашэньняў.

Старшынём на паседжаньнях Паўночнаатлянтычнай рады — генэральны сакратар НАТО. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Рашэньні не прымаюцца галасаваньнем ці большасьцю, усе краіны прадстаўленыя ў аднолькавай ступені.

Другі паводле значнасьці сябра дэлегацыі ад краіны — вайсковы прадстаўнік у рангу старэйшага афіцэру нацыянальнага войска. Вайсковыя прадстаўнікі ўтвараюць Ваенны камітэт, які адказны за падрыхтоўку прапановаў і рэкамэндацыяў палітычнаму кіраўніцтву Альянсу адносна мерапрыемстваў датычна забесьпячэньня агульнай абароны. Камітэт ажыцьцяўляе кансультацыі стратэгічнага камандваньня НАТО. Як і Паўночнаатлянтычная рада, Вайсковы камітэт пэрыядычна сустракаецца на больш высокім узроўні, з удзелам кіраўнікоў генэральных штабоў краінаў-удзельніцаў Альянсу.

Таксама функцыянуе Парлямэнцкая асамблея НАТО, якая складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў краінаў-удзельнікаў.

Вайсковая структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авіяцыйныя вучэньні НАТО

Вайсковыя апэрацыі НАТО кіруюцца двума стратэгічнымі камандэрамі, адказнымі перад Ваенным камітэтам за агульнае кіраваньне вайсковымі аспэктамі ў сфэры сваёй кампэтэнцыі.

Да 2003 году Стратэгічныя камандэры дзяліліся паводле геаграфічных рэгіёнаў (Эўропа і Амэрыка), аднак цяпер падзел ідзе паводле сфэраў дзейнасьці: Камандваньне трансфармацыямі (трансфармацыя і трэніяваньне войскаў) і Камандваньне апэрацыямі (вайсковыя апэрацыі НАТО).

Асобы на чале арганізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генэральныя сакратары [31]
# Імя Краіна Тэрмін
1 Генэрал Гастынгс Даянэл Ісмай Вялікабрытанія 4 красавіка 1952 — 16 траўня 1957
2 Поль-Анры Спаак Бэльгія 16 траўня 1957 — 21 красавіка 1961
3 Дырк Стрыкер Нідэрлянды 21 красавіка 1961 — 1 жніўня 1964
4 Мануілё Брозіё Італія 1 жніўня 1964 — 1 кастрычніка 1971
5 Ёзэф Люнс Нідэрлянды 1 кастрычніка 1971 — 25 чэрвеня 1984
6 Пітэр Карынгтан Вялікабрытанія 25 чэрвеня 1984 — 1 ліпеня 1988
7 Манфрэд Вёрнэр Нямеччына 1 ліпеня 1988 — 13 жніўня 1994
8 Сэрджыё Балянцына Італія 13 жніўня 1994 — 17 кастрычніка 1994
9 Вілі Клес Бэльгія 17 кастрычніка 1994 — 20 кастрычніка 1995
10 Сэрджыё Балянцына Італія 20 кастрычніка 1995 — 5 сьнежня 1995
11 Хавіер Саляна Гішпанія 5 сьнежня 1995 — 6 кастрычніка 1999
12 Джордж Робэртсан Вялікабрытанія 14 кастрычніка 1999 — 1 студзеня 2004
13 Яап дэ Гоп Схефэр Нідэрлянды 1 студзеня 2004 — 1 жніўня 2009
14 Андэрс Фог Расмусэн Данія 1 жніўня 2009 — 27 верасьня 2014
15 Енс Стольтэнбэрг Нарвэгія з 27 верасьня 2014
Намесьнік генэральнага сакратара [31]
# Імя Краіна Тэрмін
12 Сэрджыё Балянцына Італія 1994—2001
13 Алясандра Мінута Рыца Італія 2001—2007
14 Кляўдыё Бізаньера Італія 2007—2012
15 Аляксандар Вэршбаў ЗША 2012—2016
15 Роза Гётэмюлер ЗША з 2016 году

Беларусь і НАТО[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікамі НАТО ёсьць палова суседзяў Беларусі — Польшча, Летува, Латвія.

Беларусь удзельнічае ў Радзе эўраатлянтычнага партнэрства з 1992 году (да 1997 — Рада Паўночнаатлянтычнай супрацы), у праграме «Партнэрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у мерапрыемствах Навуковай праграмы НАТО беларускія навукоўцы бяруць з 1993. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО адкрыта ў 1998 годзе. На беларускіх вайсковых вучэньнях рэгулярна адпрацоўваецца сцэнар адбіцьця атакі з Захаду.

Супрацоўніцтва Беларусі і НАТО вядзецца па наступных асноўных кірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяньня пры ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, кіраваньне крызіснымі сытуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, ваенная адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі, плянаваньне і правядзеньне апэрацыяў па падтрыманьні міру, ваенная геаграфія, гуманітарнае разьмініраваньне, меры палітычнага і ваеннага характару, скіраваныя супраць распаўсюджаньня ядзернай, бактэрыялягічнай і хімічнай зброі, плянаваньне, арганізацыя і кіраваньне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых дасьледаваньняў і тэхналёгія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні.

Вясной 1999 году Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з НАТО, пазьней яны былі адноўленыя ў поўным аб’ёме. Восеньню 2001 году Беларусь аказала некаторую практычную дапамогу НАТО пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай вайсковай апэрацыі ў Аўганістане.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Заява пра выдаткі краінаў НАТО на абарону (2010—2017)(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 29 чэрвеня 2017 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
  2. ^ Уладзімер Русаковіч. Беларуска-летувіскія дачыненьні (1997—1998 гг.) // Белая вежа : часопіс. — Кастрычнік 2017. — № 7 (46). — С. 125-129. — ISSN 2311-245x.
  3. ^ The SIPRI Military Expenditure Database. Milexdata.sipri.org.
  4. ^ Europe Begins to Rethink Cuts to Military Spending. New York Times
  5. ^ Invocation of Article 5 confirmed. North Atlantic Treaty Organization.
  6. ^ Counter-piracy operations, North Atlantic Treaty Organization
  7. ^ NATO demands halt to Syria aggression against Turkey, Reuters
  8. ^ Statement by the North Atlantic Council following meeting under article 4 of the Washington Treaty, NATO Newsroom
  9. ^ Statement by the North Atlantic Council
  10. ^ Statement by Secretary of State Madeleine K. Albright During the North Atlantic Council Ministerial Meeting. NATO
  11. ^ NATO: Member nations should share military systems. The Boston Globe
  12. ^ U.S. wins NATO backing for missile defense shield. CNN.com
  13. ^ Medvedev calls missile defense a threat to Russia. The Washington Post.
  14. ^ а б НАТА Маскве: будзем бараніць Прыбалтыку // Белсат. — 2014.
  15. ^ Juhana Rossi. Finnish Prime Minister Still Eyes NATO Membership // The Wall Street Journal. — 2014.
  16. ^ Валер Карбалевіч. Беларусь — у ліку пагрозаў // Беларуская служба Радыё Свабода, 29 чэрвеня 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2022 г.
  17. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Апэрацыі і місіі НАТО. NATO.int
  18. ^ NATO to police Libya no-fly zone. Al Jazeera
  19. ^ NATO strikes Tripoli, Gaddafi army close on Misrata. Malaysia Star.
  20. ^ Gates calls for more NATO allies to join Libya air campaign. Los Angeles Times
  21. ^ Gates blasts NATO, questions future of alliance. The Washington Times
  22. ^ Norway to quit Libya operation by August. CNS News
  23. ^ NATO strategy in Libya may not work elsewhere. USA Today
  24. ^ NATO to advise Libya on strengthening security forces. Reuters.
  25. ^ Чарнагорыя афіцыйна ўступіла ў НАТА // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
  26. ^ https://web.archive.org/web/20040514213943/http://www.nato.int/issues/map/index.html
  27. ^ НАТО зьдзіўленая заявай прэсавага сакратара Пуціна // Радыё Свабода. — 2014.
  28. ^ http://www.nato.int/issues/pfp/index.html http://www.nato.int/pfp/sig-date.html(недаступная спасылка)
  29. ^ https://web.archive.org/web/20100508205230/http://www.nato.int/cps/en/natolive/topics_49276.htm
  30. ^ http://www.nato.int/med-dial/home.htm
  31. ^ а б http://www.nato.int/cv/secgen.htm

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • НАТО: проблемы трансформации и расширения / А. А. Розанов. — Менск: Завигар, 1996. — ISBN 985-6187-03-6
  • Мир после Косово = The World After Kosovo Crisis : Реф. сб. / РАН. Ин-т науч. информации по общественным наукам; Ред.-сост. О. А. Жирнов; Отв. ред. Т. Г. Пархалина. — М., 2001. — ISSN 0235-5620

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]