Ядзерная зброя
Прыклады і апісаньне ў гэтым артыкуле могуць не прадстаўляць глябальны ахоп тэмы. |
Я́дзерная збро́я (а́тамная зброя) — від зброі масавага паражэньня, дзеяньне якой заснавана на выкарыстаньні энэргіі радыяактыўнасьці.
Упершыню ўжытая ў якасьці зброі ў 1945 годзе ЗША супраць Японіі. Асноўныя паражаючыя фактары ядзернае зброі: ударная хваля, пранікальная радыяцыя, электрамагнітны імпульс, сьветлавое выпраменьваньне. Выкарыстаньне ядзернае зброі выклікае моцнае радыяактыўнае забруджваньне мясцовасьці. Магутнасьць ядзернае зброі вымяраецца тратылавым эквівалентам — колькасьцю трынітраталуолу, які забясьпечвае выбух з той жа энэргіяй. Сродкам дастаўкі ядзернае зброі могуць служыць артылерыйскія снарады, авіяцыйныя бомбы, тарпэды, ракеты.
Прынцып дзеяньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аснову ядзернае зброі пакладзеная некіравальная ланцуговая рэакцыя дзяленьня ядра. Для ажыцьцяўленьня ланцуговай рэакцыі выкарыстоўваюцца ізатопы ўран-235, плутоній-239 і (у асобных выпадках) уран-233. Існуюць дзьве асноўныя схемы: «гарматная», так званая балістычная, і імплязыўная.
- «гарматная» схема характэрная для самых прымітыўных мадэляў ядзернае зброі I-га пакаленьня, а таксама артылерыйскіх і стралковых ядзерных баявых прыпасаў, якія маюць абмежаваньне па калібры зброі. Сутнасьць яе складаецца ў «выстрэльваньні» насустрач адзін аднаму двух блёкаў рэчыва дакрытычнай масы, якое дзеліцца. Дадзены спосаб дэтанацыі магчымы толькі ва ўранавых боявых прыпасах, бо плутоній мае больш высокі нэўтронны фон, што прыводзіць да павелічэньня патрабуемай хуткасьці злучэньня частак зарада, што перавышае тэхнічна дасягальныя межы. Іншая прычына выкарыстаньня ўрана ў артылерыйскіх боепрыпасах заключаецца ў тым, што ўран лепш за плутоній вытрымоўвае перагрузкі, не дэфармуючыся.
- другая схема — «імплязыўная» — мае пад сабой атрыманьне звышкрытычнага стану шляхам обціску матэрыялу, які дзеліцца сфакусаванай ударнай хваляй, створанай выбухам звычайнай хімічнай выбухоўкі, якой для факусаваньня надаецца вельмі складаная форма і падрыў адбываецца адначасова ў некалькіх кропках з прэзыцыйнай дакладнасьцю.
Магутнасьць ядзернага зарада, які працуе выключна на прынцыпах дзяленьня цяжкіх элемэнтаў, абмяжоўваецца сотнямі кілятонаў. Стварыць больш магутны зарад, заснаваны толькі на дзяленьні ядраў, магчыма, але вельмі цяжка: павелічэньне масы рэчыва, якое дзеліцца не вырашае праблемаў, бо распачаты выбух распыляе частку паліва, яно не пасьпявае прарэагаваць цалкам і, такім чынам, апыняецца бескарысным, павялічваць масу баяваго прыпасу і радыяактыўнае забруджваньне мясцовасьці. Самы магутны ў сьвеце баявы прыпас, заснаваны толькі на дзяленьні ядраў, быў выпрабаваны ў ЗША 15 лістапада 1952 году, магутнасьць выбуху склала 500 кт.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 траўня 1960 г. у Беларускай ССР на баявое дзяжурства заступілі першыя ракетныя дывізіёны 4 палкоў з 4 шахтавымі пускавымі ўстаноўкамі (ПУ) «Дзьвіна» ў кожнага дывізіёна і балістычнымі ракетамі Р-12 (дальнасьць 2080 км; 1 мэгатона). Абодва 1-ы і 2-і ракетныя дывізіёны 638-га ракетнага палка (в/ч 25585) заступілі на баявое дзяжурства пад вёскамі Акунінава Слонімскага раёну (Гарадзенская вобласьць) і Коханава Івацэвіцкага раёну (Берасьцейская вобласьць) адпаведна[1]. Адначасна на баявое дзяжурства заступілі асобныя дывізіёны 3 іншых ракетных палкоў: 85-га (Пінск), 142-га (Наваградак), 378-га (Гезгалы, Зьдзецельскі раён).
1 ліпеня 1960 г. у Беларускай ССР стварылі 3 ракетныя дывізіі: 31-ю гвардзейскую ў Пінску (Берасьцейская вобл.; в/ч 18288), 32-ю ў Паставах (Віцебская вобласьць; в/ч 14153) і 33-ю гвардзейскую ў Мазыры (Гомельская вобласьць; в/ч 14225). Іх утварылі на аснове 83-й гвардзейскай авіяцыйнай дывізіі, 12-й інжынэрнай брыгады (вёска М́ышанка, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобл.) і 15-й гвардзейскай інжынэрнай брыгады (в. Мышанка) адпаведна. Усе 3 ракетныя дывізіі ўвайшлі ў склад 50-й ракетнай арміі (Смаленск, Расейская СФСР; в/ч 55135) Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня СССР, якую адначасна стварылі на аснове 50-й паветранай арміі дальняй авіяцыі. 5 кастрычніка 1962 г. з Омску (Расейская СФСР) ў Ліду (Гарадзенская вобл., БССР) перамясьцілі 49-ю гвардзейскую ракетную дывізію (в/ч 34154), якую таксама падпарадкавалі 50-й ракетнай арміі. На канец 1962 г. на ўзбраеньні 16 з 17 палкоў 4 ракетных дывізіяў стаялі шахтавыя пускавыя ўстаноўкі (ПУ) «Дзьвіна» з балістычнымі ракетамі Р-12 (дальнасьць 2080 км). Толькі 428-ы ракетны полк (Смаргонь, Гарадзенская вобл.; в/ч 44197) 32-й дывізіі меў шахтавыя ПУ «Чусовая» з ракетамі Р-14 (дальнасьць 4500 км)[2]. У 31-ю ракетную дывізію ўваходзіла 5 палкоў. У 32-ю, 33-ю і 49-ю ракетныя дывізіі — па 4.
На канец 1962 г. 31-я гвардзейская ракетная дывізія, кіраўніцтва якой да 1 верасьня 1961 г. перамясьцілі зь Пінска ў Пружаны (Берасьцейская вобл.), улучала 44-ы (Маларыта, Берасьцейская вобл.; в/ч 89503), 56-ы (в. Засімавічы, Пружанскі раён; в/ч 75413), 85-ы (в. Жабчыцы, Пінскі раён, Берасьцейская вобл.; в/ч 18279), 403-і (в. Слабудка, Пружанскі раён; в/ч 44121) і 638-ы (Слонім, Гарадзенская вобл.) ракетныя палкі[3]. 32-я ракетная дывізія ўлучала 249-ы (Полацак, Віцебская вобл.; в/ч 23463), 346-ы (Паставы; в/ч 33858), 402-і (пасёлак Ветрына, Полацкі раён; в/ч 34171) і 428-ы (Смаргонь) ракетныя палкі. 33-я гвардзейская ракетная дывізія(uk) ўлучала 369-ы (Жыткавічы, Гомельская вобл.; в/ч 42691), 396-ы (Петрыкаў; в/ч 14248), 398-ы ракетны полк (в. Козенкі, Мазырскі раён; в/ч 14273) і 404-ы (Гомель; в/ч 54140) ракетныя палкі. 49-я гвардзейская ракетная дывізія(ru) ўлучала 142-і (Наваградак, Гарадзенская вобл.; в/ч 34061), 170-ы (в. Мінойты, Лідзкі раён; в/ч 23462), 306-ы (Слуцак, Менская вобласьць; в/ч 23464) і 376-ы (Гезгалы, Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобл.; в/ч 21300) ракетныя палкі[4]. На 1 студзеня 1963 г. у 4 ракетных дывізіях стаялі 155 пускавых установак з балістычнымі ракетамі Р-12 і Р-14 (428-ы полк).
Камандзірамі 31-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
- Рыгор Дварко (1 красавіка 1959 — 27 жніўня 1960),
- Фёдар Чарняўскі (27 жніўня 1960 — 13 верасьня 1962),
- Юры Забягайлаў(uk) (13 верасьня 1962 — 7 жніўня 1965),
- Барыс Кадзілаў (7 жніўня 1965 — 24 красавіка 1974),
- Аляксандар Кокін (24 красавіка 1974 — 19 чэрвеня 1978),
- Барыс Іванавіч Жураўлёў (19 чэрвеня 1978 — 21 чэрвеня 1984),
- Юры Міхайлавіч Жураўлёў(ru) (21 чэрвеня 1984 — 8 ліпеня 1988),
- палкоўнік Валер Празораў (8 ліпеня 1988 — 20 кастрычніка 1989).
Камандзірамі 32-й ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
- Вячаслаў Фронтаў(ru) Вячаслаў Фронтаў (верасень 1959 — жнівень 1970),
- Вадзім Нядзелін(ru) (жнівень 1970 — лістапад 1973),
- Анатоль Лапшын (лістапад 1973 — верасень 1977),
- Уладзімер Міхцюк (верасень 1977 — сьнежань 1980),
- Уладзімер Шаварын (сьнежань 1980 — ліпень 1986),
- палкоўнік Генадзь Зайкоў (ліпень 1986 — 20 кастрычніка 1989),
- палкоўнік Валер Празораў (20 кастрычнік 1989 — чэрвень 1991),
- палкоўнік Васіль Рудзенка (чэрвень 1991 — чэрвень 1992),
- генэрал-маёр Васіль Малафееў (чэрвень 1992 — лістапад 1993).
Камандзірамі 33-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
- Рыгор Асюкоў (30 верасьня 1959 — 31 сакавіка 1966),
- Рыгор Мерзьлякоў (31 сакавіка 1966 — 17 сьнежня 1974),
- Яўген Барадуноў (17 сьнежня 1974 — 9 сьнежня 1980),
- Ігар Малажаеў(uk) (9 сьнежня 1980 — 6 жніўня 1987),
- Валер Юшчанка(uk) (6 жніўня 1987 — 29 чэрвеня 1990),
- Генадзь Кунараў (29 чэрвеня 1990 — 6 жніўня 1994),
- Генадзь Каваленка(ru) (6 жніўня 1994 — 16 чэрвеня 1995),
- Уладзімер Увакін (14 чэрвеня 1995 — 3 верасьня 1996)[5].
Камандзірамі 49-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
- Пётар Курасанаў(ru) (14 чэрвеня 1961 — 1 сакавіка 1965),
- Андрэй Глушэнка (1 сакавіка 1965 — 1 чэрвеня 1973),
- Юры Аверкіевіч Жукаў (1 чэрвеня 1973 — 18 сьнежня 1975),
- Фёдар Корсун (18 сьнежня 1975 — 10 ліпеня 1978),
- Уладзімер Аляксандравіч Мураўёў (10 ліпеня 1978 — 15 жніўня 1982),
- Уладзімер Іванавіч Новікаў (15 жніўня 1982 — 22 ліпеня 1985),
- Віктар Жарко (22 ліпеня 1985 — 29 чэрвеня 1989),
- Аляксандар Васільевіч Казлоў (29 чэрвеня 1989 — 21 студзеня 1994),
- Анатоль Крываў (21 студзеня 1994 — 15 красавіка 1995),
- Анатоль Іванцоў (15 красавіка 1995 — 1 верасьня 1997).
На пачатку 1960-х гадоў у Беларускай ССР зьявіліся 2 паветраныя часткі з атамнымі бомбамі, якія сталіся першымі ў сваім родзе ў складзе Савецкай арміі. Першы полк дальніх бамбавікоў разьмясьцілі на аэрадроме Баўбасаў (Аршанскі гарадзкі савет, Віцебская вобл.). Другі ў Баранавічах (Берасьцейская вобл.)[6]. Цягам 1976—1977 гадоў у 31-ю, 32-ю, 33-ю і 49-ю ракетныя дывізіі ў Пружанах, Паставах, Мазыры і Лідзе адпаведна паступілі самаходныя пускавыя ўстаноўкі (СПУ) «Піянэр» (МАЗ-547В) з балістычнымі ракетамі РСД-10 (дальнасьць 5500 км; 3 баяблёкі па 150 кілятонаў кожны). У 1988—1990 гг. СПУ «Піянэр» з ракетамі РСД-10 замянілі на СПУ «Таполя» (7-восевы МАЗ) з балістычнымі ракетамі РТ-2ПМ (РС-12М; дальнасьць 10 000 км)[7]. Цягам 1986—1990 гг. на 975-й базе захоўваньня балістычных ракетаў «Лясная» (Баранавіцкі раён) разрэзалі састарэлыя ракеты Р-12 з усіх 4 ракетных дывізіяў, якія знаходзіліся ў Беларускай ССР[6]. Да скасаваньня СССР у сьнежні 1991 г. 9 з 14 ракетных палкоў у БССР пасьпелі ўзброіць 81 пускавой устаноўкай «Таполя».
27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР зацьвердзіў Дэклярацыю «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР», у 10-м артыкуле якой абвяшчалася, што: «Беларуская ССР ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай»[8]. 23 траўня 1992 г. у Лісабоне (Партугалія) міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь Пятро Краўчанка падпісаў на беларускай мове Пратакол да Дамовы між ЗША і СССР «Аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў» (ДСНУ) ад 31 ліпеня 1991 году. Паводле 5-га артыкула Лісабонскага пратакола, «Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан і Украіна маюць далучыцца да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ) ад 1 чэрвеня 1968 г. у якасьці дзяржаваў-удзельніцаў, якія не валодаюць ядзернай зброяй»[9]. 22 ліпеня 1993 г. урад Беларусі далучыўся да ДНЯЗ[10], раней за ўрады Казахстану і Ўкраіны.
27 лістапада 1996 г. з чыгуначнай станцыі Яцукі (Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобласьць) выправілі ў Расею апошні эшалён зь міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Таполя»[11], які належаў 170-му ракетнаму палку 49-й гвардзейскай ракетнай дывізіі.
25 траўня 2023 году міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску дакумэнты аб вызначэньні парадку ўтрыманьня расейскай ядзернай зброі ў сховішчы на тэрыторыі Беларусі[12]. 16 чэрвеня 2023 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў на Пецярбурскім эканамічным форуме: «Першыя ядзерныя зарады дастаўленыя ў Беларусь»[13].
ЗША
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]23 сьнежня 2013 году Бюджэтная ўправа Кангрэсу ЗША абнародавала справаздачу пра выдаткі ў 2014—2023 гадах на падтрыманьне ў баявым стане ядзернага ўзбраеньня і яго носьбітаў, а таксама на распрацоўку новага ядзернага ўзбраеньня. Гэтыя выдаткі мелі скласьці 355 млрд даляраў або 35,5 млрд $ у сярэднім за год[14].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 638-ы ракетны полк (рас.) // Даведнік «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня» ад партала «Ружаны стратэгічныя», 2013 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ 32-я ракетная дывізія (рас.) // Даведнік «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня» ад партала «Ружаны стратэгічныя», 2013 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ 31-я ракетная дывізія (рас.) // Даведнік «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня» ад партала «Ружаны стратэгічныя», 2013 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ 49-я ракетная дывізія (рас.) // Даведнік «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня» ад партала «Ружаны стратэгічныя», 2013 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ 33-я ракетная дывізія (рас.) // Даведнік «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня» ад партала «Ружаны стратэгічныя», 2013 г. Праверана 14 сьнежня 2016 г.
- ^ а б Вікенці Ключнік. Баранавічы: ад царскай стаўкі і ўланаў да стратэгічных ракетаносцаў // Плацдарм. — 12 чэрвеня 2013. — № 16 (24). — С. 4.
- ^ 43-я ракетная армія (рас.) // Сайт «Ружаны стратэгічныя», 2007 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ Поўны тэкст Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР // Часопіс «Архэ-Пачатак», 13 студзеня 2012 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ Дамова між ЗША і СССР аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (анг.) // Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, 2011 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ Падпісальнікі і бакі Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (анг.) // Саюз амэрыканскіх навукоўцаў, 3 сьнежня 1998 г. Праверана 16 сьнежня 2016 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. 20 гадоў таму зь Беларусі ў Расею сышоў апошні эшалён з міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі // БелаПАН, 27 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 27 лістапада 2016 г. Праверана 13 сьнежня 2016 г.
- ^ Хрэнін і Шайгу падпісалі дакумэнты аб парадку захоўваньня нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2023 г. Праверана 25 траўня 2023 г.
- ^ Першыя ядзерныя зарады дастаўлены ў Беларусь – Пуцін // Радыё «Спадарожнік», 16 чэрвеня 2023 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
- ^ ЗША выдаткуюць на ядзерную зброю 355 млрд даляраў // Зьвязда : газэта. — 28 сьнежня 2013. — № 244 (27609). — С. 1. — ISSN 1990-763x.