Перайсьці да зьместу

Афрыканскі зьвяз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Афрыканскі зьвяз
African Union

Сьцяг Афрыканскага зьвязу
Абрэвіятура АЗ
Дэвіз Аб’яднаная і моцная Афрыка
Дата ўтварэньня 9 ліпеня 2002
Тып кантынэнтальнае аб’яднаньне
Юрыдычны статус міжурадавая арганізацыя
Штаб-кватэра Адыс-Абэба, Этыёпія
Дзейнічае ў рэгіёнах Афрыка
Афіцыйныя мовы амхарская, арабская, француская, ангельская, партугальская, самалійская, гішпанская, суахілі, афрыканскія
Старшыня Жуан Ларэнсу
Сайт http://au.int/

Афрыка́нскі зьвяз (па-ангельску: African Union, па-француску: Union africaine) — міжнародная арганізацыя палітычнага, вайсковага і эканамічнага характару, у якую ўваходзяць 55 краіны, якія ўсе прадстаўляюць Афрыку. Да 30 студзеня 2017 году сярод афрыканскіх краінаў толькі Марока не была чальцом арганізацыі, што было зьвязана з тым, што частка тэрыторыі Сахарскай Арабскай Дэмакратычнай Рэспублікі была акупавана гэтай краінай.

Арганізацыя была створана 26 траўня 2001 году ў Этыёпіі, у горадзе Адыс-Абэба, аднак пачала функцыянаваць 9 ліпеня 2002 году на перамовах у Дурбане. Да гэтага часу на афрыканскім кантынэнце ўжо мелася арганізацыя, якая яб’ядноўвала афрыканскія краіны Арганізацыі Афрыканскага Адзінства. Афрыканскі зьвяз фактычна замяніў Арганізацыю афрыканскага адзінства. Нефармальным лідэрам Афрыканскага зьвязу лічыўся кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі, які ў 2000 годзе нават прапанаваў стварэньне Злучаных Штатаў Афрыкі, што не атрымала асаблівай падтрымкі з боку афрыканскіх лідэраў.

Найбольш важныя рашэньні зьвязу прымаюцца на паседжаньнях Асамблеі Афрыканскага зьвязу, то бок сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў-чальцом раз на паўгады. Сакратарыят і камісіі зьвязу месьціцца ў Адыс-Абэбе. У выніку свайго геаграфічнага становішча Афрыканскі зьвяз мае плошчу амаль у 29 млн км², на якой жывуць 1,2 млрд чалавек. 25 траўня сьвяткуецца Дзень Афрыкі. Першым кіраўніком зьвязу стаў прэзыдэнт ПАР Табо Мбэкі. На сёньня пасаду старшыні зьвязу займае дзейны прэзыдэнт Анголы Жуан Ларэнсу.

Мэтамі дзейнасьці АЗ зьяўляецца ўтварэньне:

  • агульнага парлямэнту;
  • цэнтральнага банку;
  • агульнага суда;
  • агульнай валюты;
  • міратворчых сілаў.

Асновы існаваньня АЗ:

  • ахова і спрыяньне разьвіцьцю дэмакратычных каштоўнасьцяў у Афрыцы,
  • абарона правоў чалавека,
  • узаемадапамога пры ўзьнікненьні вайсковых канфліктах,
  • стварэньне агульнаафрыканскай эканамічнай прасторы,
  • абмежаваньне ўмяшальніцтва былых каляніяльных дзяржаваў ва ўнутраныя справы Афрыкі,
  • прыцягненьне замежнага капіталу.
Афрыканскія лідэры, якія спрычыніліся да стварэньня Арганізацыі афрыканскага адзінства.

Гістарычныя асновы Афрыканскага зьвяза былі закладзеныя на Першым кангрэсе незалежных афрыканскіх дзяржаваў, які ладзіўся ў Акры з 15 па 22 красавіка 1958 году. За мэту канфэрэнцыі ставілася заснаваньне Дня Афрыкі, каб штогод адзначаць вызваленчы рух, то бок зьвяртаньня ўвагі на падрыхтаванасьці афрыканскага народа вызваліцца ад каляніяльнага панаваньня, а таксама наступныя спробы аб’яднаць Афрыку, у тым ліку праз Арганізацыю афрыканскага адзінства (ААА), якая была створаная 25 траўня 1963 году, і Афрыканскую эканамічную супольнасьць у 1991 годзе. Крытыкі сьцьвярджалі, што ААА, у прыватнасьці, мала што зрабіла дзеля абароны правоў і свабодаў афрыканскіх грамадзянаў ад іхных уласных палітычных лідэраў, часта называючы яе «Клюбам дыктатараў»[1].

Ідэя стварэньня зьвязу была адроджаная ў сярэдзіне 1990-х гадоў, дзякуючы намаганьням тагачаснага кіраўніка лібійскай дзяржавы Муамара Кадафі[2]. Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ААА высунулі Сырцкую дэклярацыю 9 верасьня 1999 году, у якой заклікалі да стварэньня Афрыканскага зьвязу[3]. Пасьля гэтага адбыліся саміты ў Лямэ ў 2000 годзе, калі быў прыняты Канстытуцыйны акт Афрыканскага зьвязу, і ў Лусацы ў 2001 годзе, калі быў зацьверджаны ўласна плян стварэньня Афрыканскага зьвязу. У той жа час была таксама вылучаная ініцыятыва па стварэньні Новага партнэрства дзеля разьвіцьця Афрыкі[4][5].

У выніку Афрыканскі зьвяз быў заснаваны ў Дурбане 9 ліпеня 2002 году, а ягоным першым старшынём быў абраны паўднёваафрыканскі палітык Табо Мбэкі[6]. Другая сэсія Асамблеі ладзілася ў Мапуту ў 2003 годзе, а трэцяя сэсія адбылася ў Адыс-Абэбе 6 ліпеня 2004 году. З 2010 году Афрыканскі зьвяз імкнецца да стварэньня сумеснай афрыканскай касьмічнай агенцыі[7][8][9][10]. Барак Абама быў першым у гісторыі дзейным прэзыдэнтам ЗША, які выступіў на паседжаньні Афрыканскага зьвязу ў Адыс-Абэбе 29 ліпеня 2015 году. Падчас сваёй прамовы ён заклікаў сьвет да пашырэньня эканамічных сувязей праз інвэстыцыі і гандаль з кантынэнтам і высока ацаніў прыкметы прагрэсу, дасягнутага ў адукацыі, інфраструктуры і эканоміцы. Аднак ён таксама раскрытыкаваў адсутнасьць дэмакратыі і лідэраў, якія адмаўляюцца сыходзіць у адстаўку, дыскрымінацыю ў адносінах да меншасьцей і карупцыю. Ён прапанаваў узмацніць дэмакратызацыю і пашырыць свабодны гандаль, каб значна павысіць якасьць жыцьця афрыканцаў[11][12].

Усе дзяржавы-сябры ААН, якія геаграфічна месьцяцца ў Афрыцы і на афрыканскіх астравах, ёсьць удзельнікамі зьвязу, як і часткова прызнаная дзяржава Сахарская Арабская Дэмакратычная Рэспубліка (САДР). Марока выйшла з Арганізацыі афрыканскага адзінства ў 1984 годзе праз прыняцьцё ў якасьці дзяржавы-ўдзельнікам САДР. Такі ж стан падтрымліваўся да 30 студзеня 2017 году, калі Марока зноў была прынятая ў зьвяз[13]. Самалілэнд, на які прэтэндуе Самалі, падаў заяўку на ўступ у арганізацыю ў 2005 годзе[14].

Сяброўства Малі ў арганізацыі было прыпыненае 19 жніўня 2020 году па вайсковым перавароце[15]. 9 кастрычніка таго ж году Рада міру і бясьпекі Афрыканскага зьвязу скасавала прыпыненьне, накладзенае на Малі, спасылаючыся на прагрэс, дасягнуты ў вяртаньні да дэмакратыі[16]. Сяброўства краіны было зноў прыпыненае 1 чэрвеня 2021 году пасьля другога вайсковага перавароту цягам дзевяці месяцаў[17]. Сяброўства Гвінэі таксама было прыпыненае кіраўніцтвам Афрыканскага зьвязу 10 верасьня 2021 году пасьля таго, як у выніку вайсковага перавароту быў зрынуты прэзыдэнт краіны Альфа Кандэ[18]. Сяброўства Судану было прыпыненае 27 кастрычніка 2021 году пасьля таго, як у выніку вайсковага перавароту быў зрынуты цывільны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Абдалам Гамдукам[19]. Сяброўства Буркіна-Фасо было прыпыненае Афрыканскім зьвязам па вайсковым перавароце 31 студзеня 2022 году[20].

Сяброўства Нігеру было прыпыненае 22 жніўня 2023 году па вайсковым перавароце ў канцы ліпеня, у выніку якога быў зрынуты дэмакратычна абраны прэзыдэнт Магамэд Базум, што сталася чыньнікам наступнага нігерскага крызісу 2023 году[21]. Сяброўства Габону было прыпыненае 31 жніўня 2023 году па вайсковым перавароце, у выніку якога быў зрынуты прэзыдэнт Алі Банго Андымба[22]. У красавіку 2025 года Рада міру і бясьпекі Афрыканскага зьвязу пастанавіў зьняць санкцыі супраць Габону[23]. Пасьля дзяржаўнага перавароту 2025 году было прыпыненае сяброўства Мадагаскару[24].

Да сябраў адносяць наступныя краіны:

  1. Reynolds, Paul. African Union replaces dictators’ club // BBC News, 08.07.2002 г. Архіўная копія ад 01.06.2010 г.
  2. Adebajo, Adekeye (26.08.2011) Gaddafi: the man who would be king of Africa. The Guardian. Архіўная копія ад 14.04.2021 г.
  3. The African Union After Gaddafi. The Journal of Diplomacy and International Relations (05.12.2011). Архіўная копія ад 10.04.2021 г.
  4. African leaders elect OAU boss. CNN (07.2001). Архіўная копія ад 14.04.2021 г.
  5. New Partnership for Africa’s Development – NEPAD: Poverty Eradication. UN (27.08.2015). Архіўная копія ад 19.04.2021 г.
  6. The African Union is launched. Africa Renewal (18.11.2016). Архіўная копія ад 16.04.2021 г.
  7. Smith, David. Africa prepares to join the big boys in the space race // The Guardian, 05.09.2010 г. Архіўная копія ад 16.11.2016 г.
  8. Smith, David. Sudanese president calls for African space agency // The Guardian, 06.09.2012 г. Архіўная копія ад 02.01.2017 г.
  9. Africa eyes joint space agency. Phys.org (11.09.2012). Архіўная копія ад 21.10.2013 г.
  10. AU to Establish African Space Agency. All Africa (09.08.2010). Архіўная копія ад 12.02.2014 г.
  11. Lee, Carol E.. Obama Becomes First U.S. President to Address African Union // The Wall Street Journal, 28.07.2015 г. Архіўная копія ад 29.07.2015 г.
  12. Remarks by President Obama to the People of Africa. whitehouse.gov (28.07.2015). Архіўная копія ад 20.01.2017 г.
  13. Morocco rejoins African Union // Worldbulletin, 30.01.2017 г. Архіўная копія ад 20.07.2018 г.
  14. Nelson, Elizabeth A. Regional Politics and State Secession. — Edward Elgar Publishing, 2021. — С. 105. — ISBN 978-1-83910-377-3
  15. African Union suspends Mali following coup // Deutsche Welle Архіўная копія ад 13.09.2021 г.
  16. African Union lifts Mali’s suspension imposed in the wake of coup. Aljazeera. Архіўная копія ад 09.10.2020 г.
  17. African Union announces 'immediate suspension' of Mali after second coup // France 24, 02.06.2021 г. Архіўная копія ад 12.09.2021 г.
  18. African Union suspends Guinea after coup, as envoys arrive for talks // France 24, 10.09.2021 г. Архіўная копія ад 12.09.2021 г.
  19. African Union suspends Sudan over coup. Aljazeera. Архіўная копія ад 27.10.2021 г.
  20. AU suspends Burkina Faso after coup as envoys head for talks. Aljazeera. Архіўная копія ад 23.12.2022 г.
  21. African Union suspends participation of Niger following coup // Reuters, 22.08.2023 г. Архіўная копія ад 06.09.2023 г.
  22. African Union says to 'immediately suspend' Gabon after coup. The Peninsula (31.08.2023). Архіўная копія ад 02.09.2023 г.
  23. L’Union africaine lève les sanctions contre le Gabon après son retour à l’ordre constitutionnel. Anadolu Ajansi (30.04.2025).
  24. African Union suspends Madagascar as military leader set to be sworn in as president // The Guardian, 15.10.2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]