Перайсьці да зьместу

Шарль дэ Голь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шарль дэ Голь
па-француску: Charles de Gaulle
18-ы Прэзыдэнт Францыі
1-ы Прэзыдэнт Пятай рэспублікі
8 студзеня 1959 — 28 красавіка 1969
Папярэднік: Рэнэ Каці
Наступнік: Жорж Пампіду
(час. в. а. Ален Паэр)
1-ы Старшыня Часовага ўраду Францускай рэспублікі
3 ліпеня 1944 — 20 студзеня 1946
Папярэднік: Анры Філіп Пэтэн (кіраўнік дзяржавы, рэжым Вішы)
П’ер Ляваль (кіраўнік ураду, рэжым Вішы)
Наступнік: Фэлікс Гуэн
149-ы Прэм’ер-міністар Францыі
22-і Старшыня савету міністраў Чацьвертай рэспублікі
1 чэрвеня 1958 — 8 студзеня 1959
Прэзыдэнт: Рэнэ Каці
Папярэднік: П’ер Пфлімлен
Наступнік: Мішэль Дэбрэ
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 22 лістапада 1890(1890-11-22)[1][2][3][…]
Ліль
Памёр: 9 лістапада 1970(1970-11-09)[2][3][4][…] (79 гадоў)
Калямбэ, Верхняя Марна
Партыя:
Сужэнец: Івона Вандру
Дзеці: Філіп, Элізабэт, Ганна
Бацька: Анры дэ Голь[d]
Маці: Жанна Маё[d]
Адукацыя:
Узнагароды:
Выява аўтографу

Шарль дэ Голь (па-француску: Charles de Gaulle; 22 лістапада 1890 — 9 лістапада 1970) — францускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзяяч. Поўнае імя — Шарль Андрэ́ Жазэ́ф Мары́ дэ Голь (па-француску: Charles André Joseph Marie de Gaulle). Пад час Другой сусьветнай вайны — сымбаль францускага супраціву. Першы прэзыдэнт цяперашняй Пятай Рэспублікі (1959—1969).

Нарадзіўся 22 лістапада 1890 году ў Лілі. У 1912 годзе скончыў вайсковую акадэмію Сэн-Сір. У гады Першай сусьветнай вайны быў тройчы паранены і трапіў у палон пад Вэрдэнам у 1916 годзе. З 1919 да 1921 году дэ Голь знаходзіцца ў Польшчы, дзе выкладае ў былой вучэльні імпэратарскай гвардыі ў Рэмбэртаве ля Варшавы, а ў ліпені-жніўні 1920 году нядоўга ваюе на фронце савецка-польскай вайны ў чыне маёра. Мяркуецца, што ў гэты час ён мог быць у Беларусі. Адхіліўшы прапанову пастаяннай пасады ў Войску польскім, вяртаецца на радзіму.

У пэрыяд паміж двума сусьветнымі войнамі дэ Голь выкладаў ваенную гісторыю ў вучэльні Сэн-Сір, служыў памочнікам маршала Пэтэна, напісаў колькі кніжак па пытаньнях ваеннай стратэгіі і тактыкі. У адной зь іх, «За прафэсійнае войска» (1934), настойваў на мэханізаваньні сухаземных войскаў і выкарыстаньні танкаў ва ўзаемадзеяньні з авіяцыяй і пяхотай.

Лідэр францускага супраціву ў гады Другой сусьветнай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У красавіку 1940 году дэ Голь атрымаў званьне брыгаднага генэрала. 6 чэрвеня быў прызначаны намесьнікам міністра нацыянальнай абароны. 16 чэрвеня 1940 году, калі маршал Пэтэн вёў перамовы аб капітуляцыі, дэ Голь паляцеў у Лёндан, адкуль 18 чэрвеня па радыё зьвярнуўся з заклікам да суайчыньнікаў працягваць змаганьне з захопнікамі. Заснаваў у Лёндане рух «Вольная Францыя». Пасьля высадкі ангельска-амэрыканскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы ў чэрвені 1943 году ў м. Альжыр быў створаны Францускі камітэт нацыянальнага вызваленьня (ФКНВ). Дэ Голь быў спачатку прызначаны яго сустаршынём (разам з генэралам Анры Жыро), а пасьля аднаасобным старшынём. У чэрвені 1944 году ФКНВ быў пераназваны ў Часовы ўрад Францускай рэспублікі.

Палітычная дзейнасьць пасьля вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вызваленьня Францыі ў жніўні 1944 дэ Голь у якасьці кіраўніка часовага ўраду з трыюмфам вярнуўся ў Парыж. Аднак галісцкі прынцып моцнай выканаўчай улады ў канцы 1945 году быў адхілены выбарцамі, якія ўхвалілі канстытуцыю, шмат у чым падобную да канстытуцыі Трэцяй рэспублікі. У студзені 1946 году дэ Голь сышоў у адстаўку.

У 1947 годзе дэ Голь заснаваў новую партыю — Аб’яднаньне францускага народу (РПФ), галоўнай задачай якой стала скасаваньне Канстытуцыі 1946 году, якая абвясьціла Чацьвертую рэспубліку. Аднак РПФ не атрымалася дасягнуць жаданага выніку, і ў 1955 годзе партыя была распушчаная.

У мэтах захаваньня прэстыжу Францыі і ўмацаваньня яе нацыянальнай бясьпекі дэ Голь падтрымаў Эўрапейскую праграму рэканструкцыі і Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы. Падчас каардынацыі ўзброеных сілаў Заходняй Эўропы ў канцы 1948 году дзякуючы ўплыву дэ Голя французам было перададзенае камандаваньне сухаземнымі войскамі і флётам. Як і многія французы, дэ Голь працягваў ставіцца з падазрэньнем да «моцнай Нямеччыны» і ў 1949 году выступіў супраць Бонскай канстытуцыі, якая паклала канец заходняй вайсковай акупацыі, але не адпавядала плянам Шумана і Плевэна (1951).

У 1953 годзе дэ Голь адышоў ад палітычнай дзейнасьці, пасяліўся ў сваім маёнтку ў Каломбэ-ле-дэз-Эліз і заняўся напісаньнем сваіх «Ваенных мэмуараў».

У 1958 годзе зацяжная каляніяльная вайна ў Альжыры спрычынілася да вострага палітычнага крызісу. 13 траўня 1958 году ў альжырскай сталіцы ўльтракаляніялісты і прадстаўнікі францускага войска ўзьнялі мяцеж. Неўзабаве да іх далучыліся прыхільнікі генэрала дэ Голя. Усе яны выступалі за ўтрыманьне Альжыру ў складзе Францыі. Сам генэрал пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў скарыстаўся гэтым і дамогся згоды Нацыянальнага сходу на стварэньне свайго ўраду на прадыктаваных ім умовах.

Першыя гады пасьля вяртаньня да ўлады дэ Голь займаўся ўмацаваньнем Пятай рэспублікі, фінансавай рэформай, пошукамі разьвязаньня альжырскага пытаньня. 28 верасьня 1958 году на рэфэрэндуме была прынятая новая канстытуцыя краіны.

21 сьнежня 1958 году дэ Голь быў абраны прэзыдэнтам рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам узрос уплыў Францыі на міжнароднай арэне. Аднак у каляніяльнай палітыцы дэ Голь сутыкнуўся з праблемамі. Пачаўшы ўрэгулёўваць альжырскую праблему, дэ Голь цьвёрда праводзіў курс на самавызначэньне Альжыру. У адказ на гэта выбухнулі мяцяжы францускага войска і ўльтракаляніялістаў у 1960 і 1961 гадах, тэрарыстычная дзейнасьць Узброенай сакрэтнай арганізацыі (ОАС), замах на дэ Голя. Тым ня менш, пасьля падпісаньня Эвіянскіх дамоваў Альжыр атрымаў незалежнасьць.

У верасьні 1962 году дэ Голь прапанаваў папраўку да канстытуцыі, паводле якой выбары прэзыдэнта рэспублікі павінны праводзіцца праз усеагульнае галасаваньне. Сутыкнуўшыся з супрацівам Нацыянальнага сходу, вырашыў зьвярнуцца да рэфэрэндуму. На кастрычніцкім рэфэрэндуме папраўка была ўхваленая большасьцю галасоў. Лістападаўскія выбары прынесьлі перамогу галісцкай партыі.

У 1963 годзе дэ Голь наклаў вэта на ўступленьне ў «Агульны рынак» Вялікабрытаніі, блякаваў спробу ЗША паставіць у краінах НАТО ядзерныя ракеты, адмовіўся падпісаць дамову аб частковай забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі. Яго вонкавая палітыка спрыяла прымірэньню і збліжэньню Францыі і Заходняй Нямеччыны. У 1963 дэ Голь наведаў Блізкі Ўсход і Балканы, а ў 1964 годзе — Лацінскую Амэрыку.

21 сьнежня 1965 году дэ Голь быў пераабраны на пост прэзыдэнта на наступны 7-гадовы тэрмін. Доўгае супрацьстаяньне ў рамках НАТО дасягнула кульмінацыі ў пачатку 1966 году, калі францускі прэзыдэнт вывеў сваю краіну з складу ваеннай структуры блёку. Тым ня менш, Францыя засталася чальцом Атлянтычнага зьвязу.

Выбары ў Нацыянальны збор у сакавіку 1967 году прынесьлі галісцкай партыі і яе хаўрусьнікам невялікую большасьць, а ў траўні 1968 году пачаліся студэнцкія хваляваньні і агульнанацыянальны страйк. Прэзыдэнт ізноў распусьціў Нацыянальны збор і прызначыў новыя выбары, перамогу на якіх атрымалі галісты. 28 красавіка 1969 году, пасьля паразы на рэфэрэндуме 27 красавіка па пытаньні аб рэарганізацыі сэнату, дэ Голь сышоў у адстаўку.

Памёр дэ Голь у Калямбэ-ле-дэз-Эліз 9 лістапада 1970 году.

  1. ^ а б Charles André Joseph Marie De Gaulle (фр.)ministère de la Culture.
  2. ^ а б в г Charles de Gaulle // filmportal.de — 2005.
  3. ^ а б в г Charles de Gaulle // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б Charles de Gaulle // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480