Супрацьракетная абарона Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сыстэма супрацьракетнай абароны АПАД — супрацьракетная абарона, якую Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (АПАД) разбудоўвае ў Эўропе з 2010 году.

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2017 г. Супрацьпаветраная абарона АПАД улучала:

  • Камандны асяродак на ваенна-паветранай базе Рамштайн (зямля Райнлянд-Пфальц, Нямеччына);
  • супрацьракетныя комплексы комплексы «Патрыёт» (ЗША) і «Самп-Т» (Францыя);
  • карабельныя і наземныя радары;
  • спадарожнік папярэджаньня;
  • адсочвальны радар у Кэпэзы (правінцыя Малат’я, Турэччына);
  • 4 амэрыканскія караблі з СРА «Эгіда» ў порце Рота (аўт.суп. Андалюзія, Гішпанія);
  • СРА «Эгіда на беразе» ў Дзевяселу (Румынія)[1].

Разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 лістапада 2002 г. на саміце АПАД у Празе (Чэхія) кіраўнікі ўрадаў ухвалілі Дэклярацыю, у 4-м артыкуле якой заявілі: «Сёньня мы распачалі новае дасьледаваньне ажыцьцявімасьці Супрацьракетнай абароны АПАД, каб вывучыць варыянты абароны земляў, войскаў і буйных паселішчаў Зьвязу ад цэлага шэрагу ракетных пагрозаў»[2]. 11 сакавіка 2005 г. Паўночнаатлянтычная рада зацьвердзіла Статут Арганізацыі кіраваньня праграмай Дзейнай шматузроўневай супрацьракетнай абароны тэатру ваенных дзеяньняў (ДШСРАТВД). Праграма прадугледжвала абарону разгорнутых войскаў ад балістычных ракетаў ТВД кшталту савецкай «Р-17». Сетка кіраваньня мела злучыць супрацьракетныя комплексы «Патрыёт» (ЗША) і «Самп-Т» (Францыя) з Сыстэмай сярэдняй пашыранай паветранай абароны (ССППА)[3]. У лютым 2008 году ў Гаазе (Нідэрлянды) адчынілі выпрабавальную пляцоўку для СРА. 3 красавіка 2008 г. на саміце АПАД у Бухарэсьце (Румынія) кіраўнікі ўрадаў зацьвердзілі Дэклярацыю, у 37-м артыкуле якой заявілі: «Мы даручаем (Паўночнаатлянтычнай) Радзе на пастаянным пасяджэньні распрацаваць для разгляду на нашым саміце ў 2009 годзе варыянты ўсеабдымнай архітэктуры супрацьракетнай абароны, каб пашырыць пакрыцьцё ёй на ўсе землі і насельніцтва Зьвязу, не пакрытыя інакш сыстэмай ЗША»[4].

19 лістапада 2010 году на саміце АПАД у Лісабоне (Партугалія) кіраўнікі ўрадаў зацьвердзілі Стратэгічнае паняцьце абароны і бясьпекі сябраў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы «Дзейнае ўцягненьне, сучасная абарона». Паводле 19-га артыкула Стратэгічнага паняцьця, дзяржавы АПАД вырашылі «разьвіваць здольнасьць бараніць нашае насельніцтва і землі ад удару балістычных ракетаў у якасьці ключавога складніка нашай супольнай абароны, які спрыяе непадзельнай бясьпецы Зьвязу»[5]. 20 лістапада 2010 г. тамсама на пасяджэньні Паўночнаатлянтычнай рады кіраўнікі урадаў-удзельнікаў АПАД ухвалілі Дэклярацыю Лісабонскага саміту, згодна з 2-м артыкулам якой «вырашылі распрацаваць магчымасьці супрацьракетнай абароны ўсяго насельніцтва, земляў і войскаў АПАД у Эўропе». Паводле 37-га артыкула Дэклярацыі, дзяржавы АПАД «вырашылі пашырыць ахоп сучаснай праграмы кіраваньня, нагляду і сродкаў сувязі Дзейнай шматузроўневай супрацьракетнай абароны тэатру ваенных дзеяньняў (ДШСРАТВД) па-за разгорнутыя войскі АПАД, каб таксама абараніць насельніцтва, землі і войскі АПАД у Эўропе». Тамсама згадвалася: «Мы даручылі (Паўночнаатлянтычнай) Радзе распрацаваць захады ўзгадненьня, кіраваньня і нагляду за супрацьракетнай абаронай да сустрэчы нашых міністраў абароны ў сакавіку 2011 году. Мы таксама даручылі Радзе скласьці парадак дзеяньняў для ўвасабленьня супрацьракетнай абароны ў жыцьцё да сустрэчы міністраў абароны ў чэрвені 2011 году»[6].

У сьнежні 2010 г. чуйнікі і ракетныя комплексы супрацьракетнай абароны пасьпяхова выпрабавалі разам, пасьля чаго перадалі Аб'яднанаму асяродку паветраных апэрацыяў у Юдэме (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына). У верасьні 2011 году ўрады адразу 4 краінаў-удзельніцаў АПАД абвясьцілі пра ўдзел у Супрацьпаветранай абароне АПАД. Урад Турэччыны дазволіў разьмясьціць амэрыканскі радар. Урады ЗША і Румыніі падпісалі пагадненьне пра разьмяшчэньне ў Румыніі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны «Эгіда на беразе». Набыло моц амэрыканска-польскае пагадненьне пра разьмяшчэньне ў Польшчы СРА «Эгіда на беразе». Урад Нідэрляндаў абвясьціў пра намер абсталяваць 4 фрыгаты паветранай абароны далёкасяжнымі радарамі. У кастрычніку 2011 году ўрад Гішпаніі пагадзіўся разьмясьціць амэрыканскія караблі з СРА «Эгіда» ў порце горада Рота (правінцыя Кадыс, аўт.суп. Андалюзія). У лютым 2012 году ўрад Нямеччыны прапанаваў свае супрацьракетныя комплексы «Патрыёт». У красавіку 2012 г. сыстэмы кіраваньня пасьпяхова выпрабавалі на паветранай базе Рамштайн (зямля Райнлянд-Пфальц, Нямеччына)[7]

21 траўня 2012 году ў Чыкага (ЗША) саміт АПАД пастанавіў запусьціць першую фазу сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе. У выніку амэрыканскі вайсковы карабель з радарамі і супрацьракетамі, які базаваўся ў Турэччыне, перадалі пад загад базы АПАД у Нямеччыне (Рамштайн). Далейшае разгортваньне прадугледжвала 4 ступені з разьмяшчэньнем у 6 краінах: Польшчы, Румыніі, Чэхіі, Турэччыне, Нідэрляндах і Гішпаніі[8]. У лютым 2014 г. першы амэрыканскі эсьмінец з СРА «Эгіда» разьмясьцілі ў порце Рота (Гішпанія). У жніўні 2014 году ўрад Даніі абвясьціў пра рашэньне набыць радар для фрыгата. У лістападзе 2015 г. брытанскі ўрад абвясьціў пра будучае ўкладаньне ў наземны радар СРА. 12 траўня 2016 г. пачала працу СРА на базе ВПС у Дзевяселу (Румынія).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Абарона АПАД ад балістычных ракетаў(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 11 ліпеня 2016 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  2. ^ Дэклярацыя Праскага саміту 2002 году(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 6 траўня 2014 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  3. ^ Пуск праграмы АПАД «Дзейная шматузроўневая супрацьракетная абарона тэатру ваенных дзеяньняў (ДШСРАТВД)»(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 16 сакавіка 2005 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  4. ^ Дэклярацыя Бухарэсцкага саміту 2008 году(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 8 траўня 2014 г. Архіўная копія ад 27 кастрычніка 2009 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  5. ^ Стратэгічнае паняцьце абароны і бясьпекі сябраў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы 2010 году «Дзейнае ўцягненьне, сучасная абарона»(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 3 лютага 2012 г. Архіўная копія ад 14 лютага 2012 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  6. ^ Дэклярацыя Лісабонскага саміту 2010 году(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 20 лістапада 2010 г. Архіўная копія ад 17 кастрычніка 2011 г. Праверана 26 верасьня 2017 г.
  7. ^ Супрацьракетная абарона(анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 25 ліпеня 2016 г. Праверана 25 верасьня 2017 г.
  8. ^ НАТА прыступіла да разгортваньня сыстэмы ПРА ў Эўропе // Зьвязда : газэта. — 22 траўня 2012. — № 95 (27210). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]