Судан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Судан
جمهورية السودان
Jumhūriyyat as-Sūdān
Сьцяг Судану Герб Судану
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: النصر لنا
(«Перамога наша»)
Дзяржаўны гімн
«نحن جند لله جند الوطن»
Месцазнаходжаньне Судану
Афіцыйная мова арабская, ангельская
Сталіца Хартум
Найбуйнейшы горад Хартум
Форма кіраваньня рэспубліка
Амар Хасан аль-Башыр
Алі Асман Таха
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
16-е месца ў сьвеце
1 886 068 км²
6
Насельніцтва
 • агульнае (2008)
 • шчыльнасьць
40-е месца ў сьвеце
30 894 000
16,4/км²
СУП
 • агульны (2011)
 • на душу насельніцтва
69 месца ў сьвеце
$123,636 млрд
$2309
Валюта Суданскі фунт (SDG)
Часавы пас EAT (UTC+3)
Незалежнасьць
— ад Эгіпту і Вялікабрытаніі

1 студзеня 1956
Аўтамабільны знак SUD
Дамэн верхняга ўзроўню .sd
Тэлефонны код +249
Мапа Судану

Рэспубліка Суда́н (па-арабску: سودان‎) — дзяржава ў Паўночна-Ўсходняй Афрыцы. Мяжуе з Эгіптам на поўначы, Лібіяй на паўночным захадзе, Чадам на захадзе, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай на паўднёвым захадзе, Паўднёвым Суданам на поўдні, Эрытрэяй і Этыёпіяй на паўднёвым усходзе. На паўночным усходзе мае выхад да Чырвонага мора. Па стане на 2017 году ў Судане пражывае 37 мільёнаў чалавек[1]. Агульная плошча краіны складае 1,861 млн км², што робіць Судан трэцяй паводле велічыні краінай у Афрыцы. Пераважнай рэлігій Судану зьяўляецца іслам[2], афіцыйнымі мовамі ёсьць арабская і ангельская. Сталіца і найбуйнешы горад Хартум, які месьціцца ў месцы зьліцьця Блакітнага і Белага Ніла. Назва краіны паходзіць ад арабскага «Bilad-al-sudan», даслоўна — «краіна чорных».

Гісторыя Судану ўзыходзіць да пэрыяду панаваньня ў рэгіёне фараонаў. Яе можна прасачыць ад дзяржавы Керма, якая мела месца каля 2500 гадоў да н. э. да 1500 году да н. э. У далейшым значная частка сучаснага Судану ўваходзіла ў склад Новага каралеўства ў пэрыяд ад 1500 гадоў да н. э. да 1070 году да н. э. У апошнім тысячагодзьдзі да н. э. назіраўся ўздым каралеўства Куш ад 785 году да н. э. да 350 году н. э., кіраўнікі якога кіравалі Старажытным Эгіптам на працягу амаль стагодзьдзе. Пасьля падзеньня дзяржавы Куш нубійцы сфармавалі тры хрысьціянскія каралеўствы Набатыя, Макурыя і Алёдыя, два апошнія зь якіх існавалі да 1500 году. Паміж XIV і XV стагодзьдзямі вялікая частка Судану была заселеная арабамі-мусульманамі. У XVI—XIX стагодзьдзях у цэнтральнай і ўсходняй частках Судану дамінаваў султанат Фундж, у той час як на захадзе сучаснага Судану месьціўся султанат Дарфур, а скрайная поўнач кіравалася Асманскай імпэрыяй. У гэты пэрыяд у рэгіёне назіраўся працэс шырокай ісламізацыі і арабізацыі. З 1820 па 1874 гадох Судан кантраляваўся дынастыяй Мугамада Алі, які захапіў рэгіён. Паміж 1881 і 1885 гадамі адбылося паўстаньне Магдзі Магамада Агмада супраць эгіпецкага панаваньня, у выніку якога быў абвешчаны незалежны халіфат Амдурман. Халітаф існаваў да 1898 году калі быў захоплены ангельцамі, якія з таго часу сумесна з Эгіптам атрымалі кантроль над Суданам.

У XX стагодзьдзі назіраўся рост суданскага нацыяналізму. У 1953 годзе Вялікабрытанія надала Судану права на самакіраваньне. Незалежнасьць краіны была абвешчана 1 студзеня 1956 году. З моманту здабыцьця незалежнасьці Судан кіраваўся шэрагам нестабільных парлямэнцкіх урадаў і вайсковых рэжымаў. Пад кіраўніцтвам Джафара Німэйры ў Судане быў уведзены шарыяцкі закон у 1983 годзе, што значна пагоршыла раскол паміж арабскай поўначчу і чорнафрыканцкім хрысьціянскім поўднем. Адрозьненьні ў мове, рэлігіі, этнічнай і палітычнай традыцыі прывялі да пачатку грамадзянскай вайны паміж урадавымі сіламі, з моцнай падтрымкай Нацыянальнага ісламскага фронту (НІФ), і паўднёвымі паўстанцамі, сярод якіх самай уплывовай была фракцыя Суданскай народна-вызваленчай арміі (СНВА). У канчатковым выніку вайна скончылася праз мірнай дамовы і абвяшчэньня незалежнасьці Паўднёвага Судану ў 2011 годзе[3]. З 2011 году ўрад Судану ўцягнуты ў вайну з Суданскім рэвалюцыйным фронтам. Судан у апошнія гады быў сумна вядомы праз сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека, рэлігійны перасьлед і абвінавачваньне, што Судан быў бясьпечным прытулкам для тэрарыстаў сьвету. У 1995 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў (ААН) усталявала санкцыі супраць Судану.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восем тысяч гадоў да н. э. на тэрыторыі Судану пасялілася племя, якое належыла да нэалітычнай культуры. Яно заснавала некалькі умацаваных паселішчаў, пры гэтым традыцыйныя заняткі, як то паляваньне і рыбалоўства на Ніле, былі выцесьненыя вырошчваньнем збожжа і выпасам быдла[4]. У 5 тысячагодзьдзі да н. э. міграцыя з Сахары, дзе пачалася засуха, прывяла да зьяўленьня ў даліне Нілу нэалітычных плямёнаў, якія прынесьлі з сабой земляробства. На працягу наступных стагодзьдзяў разьвіцьцё гэтага генэтычна і культурна зьмешанага грамадзтва прывяло да зьяўленьня сацыяльнай герархіі і стварэньня каралеўства Куш са сталіцай у горадзе Керма ў 1700 да н. э.

Каралеўства Куш[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Храм з глінянай цэглы ў старажытным горадзе Керма.
Нубійскія піраміды ў Мэраэ.

Каралеўства было аднім зь першых нубійскіх дзяржаўных утварэньняў у зьліцьці Блакітнага і Белага Нілу. Яно было заснавана пасьля распаду эгіпецкага Новага каралеўства. Пасьля таго, як кароль Кашта скарыў Эгіпет у VIII стагодзьдзі да н. э., кушыцкія каралі кіравалі краінай у якасьці фараонаў дваццаць пятай дынастыі Эгіпта на працягу стагодзьдзя, перш чым атрымалі паразу і былі выгнаныя асырыйцамі. На піку сваёй славы, кушыты значна пашырылі эгіпецкую імпэрыю, якая распасьціралася ад Паўднёвага Кардафану да гары Сынай. Фараон Піянхі спрабаваў пашырыць межы імпэрыю на Блізкі Ўсход, але гэтыя пляны былі сарваныя асырыйскім каралём Саргонам II. Нубійцы не пакідалі надзеі заваяваць Асырыю і фараон Тагарка распачаў вайну супраць асырыйскага караля Сынахэрыба, аднак атрымаў паразу. Больш за тое наступнік Сынахэрыба кароль Асаргадон уварваўся у Эгіпет і выгнаў кушытаў з Эгіпту, які стаў калёніяй Асырыі.

У наступным асырыйцы, новыя уладальнікі Эгіпту, спрабавалі атрымаць кантроль над кушытамі. Эгіпецкае войска ў 590 годзе да н. э. зруйнавала тагачасную сталіцу Кушу Напату, прымусіўшы двор зьехаць у Мэраэ. Пасьля гэтага на працягу некалькіх стагодзьдзяў мэрайскае каралеўства разьвівалася незалежна ад Эгіпту, які тым часам знаходзіўся пад уладай пэрсаў, грэкаў і, у рэшце, рымлянаў. На піку свайго разьвіцьця Мэрайскае каралеўства займала тэрыторыю ад трэцяга парогу Нілу на поўначы да сучаснага Хартума на поўдні. У пэрыяд клясычнай антычнасьці, у старажытнай грэцкай геаграфіі, Мэрайскае каралеўства было вядома як Этыёпія, тэрмін, які таксама выкарыстоўваўся раней асырыйцамі пры іхнай сустрэчы з нубійцамі-кушытамі. Цывілізацыя Куш быў адной з першых у сьвеце, якая выкарыстоўвала жалеза тэхналёгіі ягонай плаўкі.

Сярэднявечныя нубійскія каралеўствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да VI стагодзьдзя на месцы Мэрайскага каралеўства паўсталі тры дзяржавы-нашчадкі, як то Набатыя на поўначы, на тэрыторыі сучаснага Эгіпту, Макурыя ў цэнтры і Алёдыя на поўдні, у сэрцы былой мэрайкаскае дзяржавы.

Ісламскае пранікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя паміж Нілам і Чырвоным морам была багатая на золата і смарагд, і сюды сталі пранікаць арабскія золаташукальнікі. Арабы прынесьлі з сабою іслам.

Турэцкі і магдзіскі Судан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1821 годзе асманскі кіраўнік Эгіпта Мугамад Алі ўварваўся і захапіў паўночны Судан. Хоць тэхнічна Эгіпет уваходзіў у склад Асманскай імпэрыі, Мугамад Алі называў сябе кіраўнікоў практычна незалежнага Эгіпту. Імкнучыся дадаць Судан да сваіх валадараньняў, ён паслаў свайго трэцяга сыну Ісмаіла на поўную заваёву Судану ў склад эгіпецкае дзяржавы. За выключэньнем шайкійцаў і султанату Дарфур ён быў сустрэты без супраціву. Эгіпецкая палітыка, скіраваная на заваёву Судану, была пашырана і ўзмоцнена сынам Ібрагіма-пашы, Ісмаілам, за часам панаваньня якога вялікая частка Судану была далучана да Эгіпту.

Ангельска-эгіпецкі Судан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1899 годзе Вялікабрытанія і Эгіпет дасягнулі пагадненьня, паводле якога Судан знаходзіўся ў падпарадкаваньні генэрал-губэрнатара прызначанага Эгіптам з брытанскае згоды. У рэчаіснасьці Судан зьяўляўся ангельскай калёніяй, хоць эгіпцяне намагаліся атрымаць як мага большы кантроль над паўднёвымі тэрыторыямі. Ангельцы імкнуліся завярнуць гэты працэс, які пачаўся за часам Мугамада Алі-пашы, і імкнуліся зруйнаваць усе эгіпецкія намаганні, накіраваныя на далейшае аб’яднаньне дзьвюх краінаў.

Часы незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля рэвалюцыі 1952 году Эгіпет прызнаў правы суданскага народу на самавызначэньне. У 1955 годзе суданскі парлямэнт абвесьціў незалежнасьць краіны, і ў тым жа годзе ангельскія і эгіпецкія войскі былі выведзеныя з Судану. 9—15 студзеня 2011 году адбыўся рэфэрэндум у пытаньні незалежнасьці паўднёвай часткі краіны, у выніку якога 9 ліпеня 2011 году ад Судану аддзяліўся поўдзень у выглядзе незалежнай дзяржавы Паўднёвы Судан.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўнае ўладкаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Судан зьяўляецца рэспублікай, часовая канстытуцыя якой дзейнічае з 2005 году. Кіраўнік дзяржавы і ўраду — прэзыдэнт.

Парлямэнт дзьвюхпалатны — Савет штатаў (50 месцаў, абіраецца органамі кіраваньня штатаў на 6-гадовы тэрмін) і Нацыянальная асамблея (450 месцаў, у 2005 годзе былі прызначаныя прэзыдэнтам — запоўнена 360 месцаў; 355 ад прэзыдэнцкай партыі Нацыянальны кангрэс і 5 беспартыйных).

11—15 ліпеня 2010 году прайшлі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў абвешчаны Амар Хасан аль-Башыр (68,24 %). Паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў больш за ўсё галасоў набрала партыя Нацыянальнага кангрэсу Судану.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйны падзел Судану складаецца з 17 штатаў (па-арабску: wilayat‎), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 133 акругі.

Калі-некалі штаты таксама называюцца і правінцыямі:

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большую частку тэрыторыі Судану займае плято (вышыня 300—1000 мэтраў), якое з поўдня на поўнач перасякае даліна ракі Ніл, утворанай зьліцьцём Белага і Блакітнага Нілу. У раёне зьліцьця знаходзіцца сталіца краіны, Хартум. Усе рэкі адносяцца да басэйну Нілу. Яны выкарыстоўваюцца як крыніцы арашэньня, натуральныя водныя шляхі, зьмяшчаюць таксама значныя запасы гідраэнэргіі.

На поўначы краіны — Лібійская і Нубійская пустэчы, амаль пазбаўленыя расьліннасьці (у тых пустэчах ёсьць: сухія травы і злакі, рэдкія дрэвы, паўпустыя аазісы). У цэнтры краіны — саванны і рачныя рэдкалесьсі. На поўдні — трапічныя і экватарыяльныя лясы. На ўсходзе і захадзе — горы. Найвышэйшы пункт Судану — гара Кіньеці (3187 мэтраў над узроўнем мора).

На поўдні клімат трапічны, на поўначы — сьпякотны пустэчны. Асноўныя экалягічныя праблемы — эрозія глебы і апустэчваньне.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа, якая паказвае месцы здабычы нафты і газу, іхнай пераапрацоўкі і траспартаваньня на 2004 год.

У 2010 годзе эканоміка Судану лічылася адной з самых хуткарослых у сьвеце, займаючы 17 радок у гэтым сьпісе[5], аднак, хуткае разьвіцьцё краіны ў значнай ступені залежыла ад прыбытку ад продажу нафты, нават тады, калі на Судан былі накладзены міжнародныя санкцыі[6]. Праз аддзяленьне Паўднёвага Судану, у якім зьмяшчаецца больш за 80% нафтавых радовішчаў Судану, краіна ўступіла ў пэрыяд стагфляцыі. Рост СУП запаволіўся да 3,4% у 2014 годзе, а ў 2015 годзе склаў 3,1%. Інфляцыя пры гэтым заставался даволі высокай, дасягаючы 21,8% па стане на 2015 год[7].

Нават да аб’яўленьня незалежнасьці Паўднёвага Судану, Судан па-ранейшаму сутыкаўся зь вялізнымі эканамічнымі праблемамі, а стан эканомікі быў зьвязаны зь вельмі нізкім узроўнем вытворчасьці на душу насельніцтва. Эканоміка Судану няўхільна расла на працягу 2000-х гадох, і, паводле справаздачы Сусьветнага банка, у цэлым рост СУП у 2010 годзе склаў 5,2%. Гэты рост быў падтрыманы нават падчас вайны ў Дарфуры і пэрыядам аўтаноміі для паўднёвых рэгіянаў, які папярэднічаў незалежнасьці Паўднёвага Судану[8][9]. Нафта была асноўным артыкулам экспарту краіны, аднак вытворчасьць рэзка ўзрасла ў канцы 2000-х гадох. Нафта экспартавалася за мяжу ў асноўным праз трубаправод, які вядзе да Порт-Судану, гораду на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Пасьля незалежансьці Паўднёвага Судану, які стаўся кантынэнтальная краінай без выхаду да мора, Судан і Паўднёвы Судан у жніўні 2012 году склалі дамову аб выкарыстаньні суданскіх трубапровадаў дзеля транспартаваньня нафты[10]. Таксама, варта адзначыць, што нафтаперапрацоўчыя аб’екты пасьля аддзяленьня Паўднёвага Судану засталіся ў Судане. Кітай зьяўляецца адным з асноўных гандлёвых партнэраў Судану. Пры гэтым Кітай валодае 40% кампаніі Greater Nile Petroleum Operating Company[11]. Акрамя таго, краіна прадае Судану стралковую зброю, якая выкарыстоўваецца ў ваенных апэрацыях, як то канфлікты ў Дарфуры і Паўднёвым Кардафане[12].

Асновай эканомікі зьяўляецца сельская гаспадарка, у якой заняты 80% працаздольнага насельніцтва і якая складае 39% СУП. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: пшаніца, бавоўна, лён, арахіс, сорга. Значная частка сельскай гаспадаркі прадстаўлена жывёлагадоўляй (у асноўным вярблюдаў). Аднак, нестабільнасьць і неспрыяльныя ўмовы надвор’я і нізкія кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю не спрыяюць павелічэньня даходаў у гэтае галіне, што выклікае тое, што большая частка насельніцтва застаецца на мяжы рысы беднасьці на працягу многіх гадоў. У цяперашні час Міжнародны валютны фонд працуе разам з суданскім урадам дзеля ажыцьцяўленьня разумнай макраэканамічнай палітыкі. Гэта адні зь першых стасункаў МВФ з Суданам, пасьля пэрыяд 1980-х гадох, калі абцяжараны пазыкамі Судан сапсаваў адносіны з МВФ і Сусьветным банкам, што прывяло да ягонага магчымага адхіленьні ад МВФ[13]. З 1997 году Судан ажыцьцяўляе макраэканамічныя рэформы, рэкамендаваныя Міжнародным валютным фондам. У Судане маецца адна з самых магутных ГЭС у Афрыцы, ГЭС Мэровэ, якая забясьпечвае краіну электраэнэргіяй больш за 90% насельцніва. Яна месьціца на поўначы краіны ў 350 км ад Хартума на рацэ Ніл. Будаўніцтва плаціны было завершана ў сьнежні 2008 году.

Паводле індэксу ўспрыманьня карупцыі, Судан зьяўляецца адной з самых карумпаваных краінаў у сьвеце[14]. Паводле зьвестак Global Hunger Index 2013 году Судан мае значэньне індыкатара GHI 27.0, што сьведчыць аб тым, што ў краіне назіраецца трывожная сытуацыю. ​​Судан па-ранейшаму мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў у сьвеце паводле індэксу чалавечага разьвіцьця. Амаль адна пятая частка насельніцтва Судану жыве ніжэй міжнароднай рысы беднасьці, што азначае, што яны жывуць на менш чым $1,25 на дзень[15].

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна зь перапісам насельніцтва 1981 году, насельніцтва краіны налічвала 21 млн чалавек. Пасьля гэтага перапісы не праводзіліся з-за грамадзянскай вайны. Па сучасных ацэнках насельніцтва павялічылася да 38 млн чалавек.

Бесьперапынны рух народаў, гандаль рабамі, зьмена формаў існаваньня, распад старажытных дзяржаваў, уварваньне арабаў і эўрапейцаў прывяло да значных адрозьненьняў паміж рознымі групамі насельніцтва ў мове, рэлігіі і культуры. Разам з тым межы краіны падзяляюць такія народы як нубійцы на поўначы краіны, азандэ на паўднёвым захадзе і латука на поўдні.

Для Судану характэрна наяўнасьць дзьвюх культурных традыцыяў — арабскай і чорнай афрыканскай. У кожнай зь іх існуюць сотні этнічных племянных і моўных адрозьненьняў.

Паўночныя правінцыі займаюць большую частку Судану. Тут знаходзіцца большасьць гарадоў краіны. Большасьць насельніцтва паўночнага Судану — арабамоўныя мусульмане, рознага этнічнага паходжаньня, так сама большасьць зь іх карыстаецца і роднай мовай.

На поўдні і захадзе краіны жывуць у асноўным народы нэгроіднай расы. Большасьць зь іх захоўвае мясцовыя традыцыйныя веры ці прыхільнікі хрысьціянства. Для поўдня краіны характэрна сельскагаспадарчая эканоміка. Грамадзянская вайна, якая цягнецца тут з моманту атрыманьня краінай незалежнасьці, мае катастрафічныя наступствы для эканомікі і насельніцтва ўвогуле.

Большая частка насельніцтва знаходзіцца ў даліне Нілу і яго прытокаў. Самая высокая шчыльнасьць насельніцтва ў асноўным хлапкаробчым раёне краіны — паўночнай частцы міжрэчча Белага і Блакітнага Ніла. Пустэльныя раёны амаль незаселеныя.

Асноўныя гарады краіны: Хартум, Амдурман, Паўночны Хартум, Порт-Судан.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «The World Factbook». CIA.
  2. ^ Davison, Roderic H. (1960). «Where is the Middle East?». Foreign Affairs. 38 (4): 665—675. doi:10.2307/20029452.
  3. ^ Collins, Robert O. (2008). «A History of Modern Sudan». Cambridge University Press. ISBN 978-0-521-85820-5.
  4. ^ «Sudan A Country Study». Countrystudies.
  5. ^ «Economy». Government of South Sudan.
  6. ^ «War in Sudan? Not Where the Oil Wealth Flows». The New York Times.
  7. ^ «Sudan Economic Outlook». African Development Bank Group.
  8. ^ «South Sudan Gets Ready for Independence». Al Jazeera.
  9. ^ «As Secession Nears, Sudan Steps Up Drive to Stop Rebels». The New York Times.
  10. ^ «Sudan, South Sudan reach oil deal, will hold border talks». Reuters.
  11. ^ «The 'Big 4' – How oil revenues are connected to Khartoum». Amnesty International USA.
  12. ^ «Oil for China, Guns for Darfur». Bloomberg BusinessWeek.
  13. ^ Richard P. C. Brown (1992). «Public Debt and Private Wealth: Debt, Capital Flight and the Imf in Sudan». Macmillan Press. ISBN 978-0-333-57543-7.
  14. ^ «Corruption Perceptions Index 2013». Transparency International.
  15. ^ «Sudan: Population living below $1.25 PPP per day (%)». United Nations Development Programme.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Судансховішча мультымэдыйных матэрыялаў