Перайсьці да зьместу

Гаага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гаага
нід. Den Haag
Палац міру
Палац міру
Герб Гаагі Сьцяг Гаагі
Дата заснаваньня: XIII стагодзьдзе
Краіна: Нідэрлянды
Правінцыя: Паўднёвая Галяндыя
Бургамістар: Ян ван Занэн[d]
Плошча: 98,2 км²
Вышыня: 1 м н. у. м.
Насельніцтва (2024)
колькасьць: 566 221 чал.
шчыльнасьць: 5766 чал./км²
Тэлефонны код: 070
Паштовыя індэксы: 2491—2599
Геаграфічныя каардынаты: 52°4′48″ пн. ш. 4°18′36″ у. д. / 52.08° пн. ш. 4.31° у. д. / 52.08; 4.31Каардынаты: 52°4′48″ пн. ш. 4°18′36″ у. д. / 52.08° пн. ш. 4.31° у. д. / 52.08; 4.31
Гаага на мапе Нідэрляндаў
Гаага
Гаага
Гаага
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.denhaag.nl

Гаа́га (па-нідэрляндзку: Den Haag / 's-Gravenhage, [dɛnˈɦaˑχ] / [ˈsχraˑvə(n)ˌɦaˑɣə]) — трэцяе паводле велічыні места Нідэрляндаў з колькасьцю насельніцтва 566 221 чалавек (на 22 лістапада 2024 году). Гаага зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Паўднёвая Галяндыя і муніцыпалітэтам. У гэтым месьце разьмяшчаецца ўрад і парлямэнт краіны, а таксама рэзыдэнцыя манарха. Хаця Гаага не зьяўляецца сталіцай дзяржавы, статус які належыць Амстэрдаму, места ўсё адно выконвае частку сталічных функцыяў. У прыватнасьці, большая частка амбасадаў і міністэрстваў знаходзяцца ў Гаазе. Таксама места зьяўляецца цэнтрам для шматлікіх міжнародных арганізацыяў і кампаніяў.

Мяркуецца, што назва месту пайшла ад выразу de Haag van de Graaf, што літаральна перакладаецца як «лес графа». У простай мове стала пашыранай назва Die Haghe ці Den Hag(h)e, аднак у афіцыйных дакумэнтах з XVII ст. выкарыстоўвалася назва 's-Gravenhage, якое лічылася больш мілагучным. З 1990 году кіраўніцтва муніцыпалітэту стала пасьлядоўна выкарыстоўваць назву Den Haag замест 's-Gravenhage. Прычынамі сталі інтэнсіўная інтэрнацыяналізацыя места, а таксама жаданьне прывесьці імя з іншамоўнымі назвамі (The Hague па-ангельску, La Haye па-француску, Den Haag па-нямецку, Haag па-нарвэску, па-швэдзку і па-дацку, L’Aia па-італьянску і Гаага па-расейску, па-беларуску і па-ўкраінску). Аднак ёсьць тэндэнцыя выкарыстаньня назвы 's-Gravenhage у афіцыйным справаводзтве менавіта муніцыпалітэту, а ня месту. Так, у пашпартах і ідэнтыфікацыйных картках жыхароў муніцыпалітэту пазначаецца такая назва.

Гэтая тэрыторыя была часткай рымскай правінцыі Ніжняя Германія і месьцілася недалёка ад мяжы імпэрыі. У 1997 годзе ў Ватэрынгсэ-Вэльдзе былі выяўленыя чатыры рымскія дарожныя камяні.

Выява 1625 году, дзе намаляваныя Бінэнгофу і прыдворная сажалка Гофвэйвэр.

Пра паходжаньне Гаагі вядома замала. Сучасных дакумэнтаў, якія згадваюць места, няма, а пазьнейшыя крыніцы часта маюць сумнеўную надзейнасьць. Адное дакладна вядома, што Гаага была заснаваная апошнімі графамі з дому Нідэрляндаў. Граф Флёрыс IV ужо валодаў дзьвюма рэзыдэнцыямі ў гэтым рэгіёне, але, як мяркуецца, у 1229 годзе набыў яшчэ адзін надзел, разьмешчаны каля сучаснага Гофвэйдвэру, які раней належаў жанчыне на імя Мэйлендыс. Мяркуецца, што Флёрыс IV меў намер пабудаваць тут вялікі замак, але памёр на турніры ў 1234 годзе, перш чым што-небудзь было ўзьведзенае[1]. Ягоны сын і пераемнік Вільгэльм II пазьней быў абраны каралём рымлянаў у 1248 годзе, фактычна стаў каралём Нямеччыны. Ён неадкладна вярнуўся ў Гаагу і загадаў будаўнікам ператварыць маёнтак на каралеўскі палац на беразе возера сярод выдмаў, вядомы сёньня як Бінэнгоф. Як і бацька ён памёр у 1256 годзе, перш чым палац быў завершаны, але некаторыя ягоныя часткі былі пабудаваныя за час караляваньня ягонага сына Флёрыса V. Найбольш прыкметнай часткай таго будынку быў Рыдэрзаал («Рыцарская заля»), якая была аздобленая пазалочаным дахам і дзьвюма вежамі. Гэта заля захавалася дасюль[2][3]. Заля дагэтуль выкарыстоўваецца для палітычных імпрэзаў, як то штогадовая прамова нідэрляндзкага манарха.

«Вуліца ў Гаазе» працы Сыбранда ван Бээста каля 1650 году.

Вёска, якая ўзьнікла вакол Бінэнгофу, упершыню згадваецца у грамаце, датаванай 1242 годам. Яна стала галоўнай рэзыдэнцыяй графаў Нідэрляндаў у 1358 годзе і, такім чынам, стала месцам працы многіх дзяржаўных установаў. Гэты статус дазволіў вёсцы разьвівацца. Да позьняга Сярэднявечча яна вырасла да памераў гораду, хоць і не атрымала гарадзкіх правоў[4]. У першыя гады свайго існаваньня вёска месьцілася ў сельскай акрузе Монстэру, якой кіраваў граф Монстэру. Аднак, імкнучыся ўзяць большы кантроль над вёскай, граф аддзяліў яе і стварыў асобны амбахт пад назвай Гаагамбахт, якім кіравалі наўпрост графы Нідэрляндаў. Тэрыторыя Гаагамбахту была значна пашыраная падчас панаваньня Флёрыса V[5]. Калі ў 1432 годзе Бургундзкі дом атрымаў у спадчыну графствы Галяндыі і Зэляндыі, ён прызначыў штатгальтэра, які кіраваў тут замест яго, а Генэральныя штаты і Заходняя Фрысьляндыя былі кіраваныя дарадчай радай. Не зважаючы на тое, што іхная рэзыдэнцыя перабывала ў Гаазе, горад пачаў падпарадкоўвацца больш важным цэнтрам улады, як то Брусэлю і Мэхэлену, адкуль манархі кіравалі ўсё больш цэнтралізаванымі Бургундзкімі Нідэрляндамі[4]. На пачатку Васьмідзесяцігадовай вайны адсутнасьць гарадзкіх муроў аказалася катастрафічнай, бо дазволіла гішпанскім войскам лёгка заняць горад. У 1575 годзе кіраўнікі Генэральных штатаў Нідэрляндаў, часова месьцячыся ў Дэльфце, нават разглядалі магчымасьць зносу гораду, але гэтая прапанова была адсунутая за пасярэдніцтвам Вільгэльма Аранскага. У 1588 годзе Гаага стала сталай рэзыдэнцыяй Генэральных штатаў Галяндзкай рэспублікі[6]. Каб адміністрацыя магла кантраляваць гарадзкія справы, Гаага гэтак і не атрымала афіцыйнага статусу гораду, але мела шмат прывілеяў, якія звычайна надаюцца толькі гарадам. У сучасным адміністрацыйным праве «гарадзкія правы» больш ня маюць месца.

Старая ратуша блізу 1900 году.

У 1806 годзе, калі Каралеўства Галяндыя было марыянеткавай дзяржавай Першай Францускай імпэрыі, паселішча атрымала гарадзкія правы ад Люі Банапарта[7]. Па напалеонаўскіх войнах сучасныя Бэльгія і Нідэрлянды былі аб’яднаны ў Злучанае Каралеўства Нідэрляндаў, каб утварыць буфэр супраць Францыі. У якасьці кампрамісу Брусэль і Амстэрдам чаргаваліся ў якасьці сталіцы кожныя два гады, але ўрад заставаўся ў Гаазе. Пасьля аддзяленьня Бэльгіі ў 1830 годзе Амстэрдам застаўся сталіцай Нідэрляндаў, але ўрад зноў жа застаўся засядаць у Гаазе. Калі ўрад пачаў адыгрываць больш прыкметную ролю ў грамадзтве пасьля 1850 году, Гаага хутка пашыралася. Шмат вуліц было пабудаваная адмыслова дзеля вялікай колькасьці дзяржаўных службоўцаў, якія працавалі ва ўрадзе краіны, і для галяндцаў, якія сыходзілі на пэнсію з кіраваньня Нідэрляндзкай Ост-Індыі. Рост гораду часткова ўлучыў у свой склад сельскую грамаду Лёосдуйнэн у 1903 годзе, цалкам паглынуўшы паселішча ў 1923 годзе. Горад моцна пацярпеў за час Другой сусьветнай вайны. Шмат габрэяў было забіта падчас нямецкай акупацыі. Акрамя таго, праз горад быў пабудаваны Атлянтычны вал[8], у выніку чаго вялікі квартал быў зьнесены нацысцкімі акупантамі. 3 сакавіка 1945 году Каралеўскія вайскова-паветраныя сілы Вялікабрытаніі памылкова разбамбілі квартал Бэзёйдэнгаўт. Мэтай была ўстаноўка ракет Фаў-2 у суседнім парку Гаагсэ-Бос, але праз навігацыйныя памылкі бомбы трапілі ў густазаселеную гістарычную частку гораду[9]. Бамбаваньне спрычыніла вялікія разбурэньні ў гэтым раёне[10] і стала прычынай зьяўленьня 511 ахвяраў.

Празь нявызначанасьць адносна таго, што рабіць пасьля разбурэньняў, выкліканых бамбаваньнямі, аніхто не спрабаваў сплянаваць рэканструкцыю раёну. У 1962 годзе Давід Ёкінэн убачыў мажлівасьць пакласьці канец сытуацыі. Ягоны плян прадугледжваў намер зьнесьці станцыю Стаатспоор, а цэнтральнай станцыяй мусіла стаць Голяндс-Споор. Плян Ёкінэна выклікаў гарачыя дыскусіі, у выніку чаго ён ня меў рэалізацыі, часткова таму, што быў высунуты толькі тады, калі прыняцьцё рашэньняў нарэшце дасягнула прасунутай стадыі. На месцы станцыі Стаатспоор цяпер стаіць чыгуначная станцыя Дэн-Гааг-Сэнтрааль. Па вайне Гаага ў свой час сталася найбуйнейшай будаўнічай пляцоўкай у Эўропе. Места значна пашырылася на паўднёвы захад, і зьнішчаныя раёны былі хутка адноўленыя. Насельніцтва дасягнула піку ў 600 тысяч жыхароў блізу 1965 году. У 1970-х і 1980-х гадах пераважна сем’і карэнных нідэрляндцаў сярэдняй клясы пераехалі ў суседнія гарады, як то Воорбург, Лейдсхэндам, Рэйсвэйк і найперш Зутэрмээр. У 1990-х гадах на згоду парлямэнту Нідэрляндаў Гаага ўлучыла ў свой склад вялікія тэрыторыі суседніх і несумежных гарадоў дзеля будаўніцтва новых жылых раёнаў.

Тапалягічная мапа места.

У Гаазе налічваецца 8 раёнаў (stadsdelen), якія ў сваю чаргу падзеленыя на яшчэ меншыя «мікрараёны» (wijken).[11] У адрозьненьне ад Амстэрдаму і Ратэрдаму гарадзкія раёны ня маюць аніякіх палітычных функцыяў і ў іх рамках не праводзяцца выбары.

Аглямэрацыі вакол Гаагі і Ратэрдаму дастаткова блізкія, таму ў некаторых кантэкстах іх разглядаюць як адзіную аглямэрацыю. Да прыкладу, яны маюць агульны аэрапорт Ратэрдам—Гаага ды сыстэму лёгкага чыгуначнага транспарту пад назовам Рандстадрэйл. Гэтая вялікая аглямэрацыя з цэнтрам у Гаазе і Ратэрдаме, у сваю чаргу, уважаецца часткай Рандстаду, у прыватнасьці, групы грамадаў пад назвай Паўднёвае крыло. Рандстад, які таксама ўлучае, сярод іншага, Амстэрдам і Утрэхт, мае насельніцтва ў 6,6 мільёнаў чалавек. Гаага разьмешчаная ў паўднёва-заходнім куце другой паводле велічыні аглямэрацыі ў Эўрапейскім Зьвязе.

У Гаазе месьцяцца як найбольш заможныя, гэтак і найбольш зьбяднелыя раёны ў Нідэрляндах. Больш заможныя раёны, да ліку якіх далучаюць Статэнквартыер, Бэльгійскі парк, Марлёт, Бэноордэнгаўт і Архіпэльбюўрт, звычайна месьцяцца ў паўночна-заходняй частцы гораду, бліжэй да мора, у той час як паўднёва-ўсходнія раёны, як то Трансвааль, Мёрвэйк і Схільдэрсвэйк, значна бяднейшыя, за выключэньнем раёнаў Вінэкс, як то Лейдсхэнвээн-Іпэнбюрг і Ватэрынгсэ Вэльд. ​​Гэты падзел адлюстроўваецца ў мясцовым маўленьні, бо больш заможных грамадзянаў звычайна называюць «гагенаарцамі» і яны размаўляюць на гэтак званым шыкоўным гаагаўскім дыялекце, што кантрастуе з гагенэзэнцамі, якія размаўляюць на вульгарным гаагаўскім дыялекце.

  1. ^ De geschiedenis van den Haag: graaf Floris IV. Geschiedenis van Den Haag. Архіўная копія ад 24.04.2019 г.
  2. ^ Den Haag en graaf Willem II. Geschiedenis van Den Haag. Архіўная копія ад 24.04.2019 г.
  3. ^ Het Binnenhof: ontstaat. Geschiedenis van Den Haag. Архіўная копія ад 24.04.2019 г.
  4. ^ а б Geschiedenis van Den Haag. Geschiedenis van Zuid-Holland. Архіўная копія ад 16.06.2018 г.
  5. ^ Het dorp Die Haghe: het ontstaan. Geschiedenis van Den Haag. Архіўная копія ад 24.04.2019 г.
  6. ^ De allerkortste geschiedenis van Den Haag. Merkboek Den Haag. Архіўная копія ад 16.06.2018 г.
  7. ^ A short history of The Hague. Denhaag.nl (28.11.2011). Архіўная копія ад 13.04.2014 г.
  8. ^ 'Vitaal onderdeel geschiedenis van bezet Nederland'. Defensie.nl (18.10.2022).
  9. ^ Bombardement op Bezuidenhout maart 1945. Koninklijke Bibliotheek. Архіўная копія ад 15.12.2013 г.
  10. ^ Stichting Ons Erfdeel The Low Countries: arts and society in Flanders and the Netherlands, a yearbook. — Flemish-Netherlands Foundation, 1998. — Т. 9. — ISBN 9789075862287
  11. ^ Gemeente Den Haag — Home

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]