Перайсьці да зьместу

Кернаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кернава»)
Кернаў
лац. Kiernaŭ
лет. Kernavė
Гарадзішчы
Гарадзішчы
Герб Кернава Сьцяг Кернава


Магдэбурскае права: 1571
Краіна: Летува
Павет: Віленскі
Раён: Шырвінцкі
Староства: Кернаўскае
Насельніцтва:  272 чал. (2011)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Паштовы індэкс: LT-19014
Геаграфічныя каардынаты: 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д. / 54.88333; 24.85Каардынаты: 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д. / 54.88333; 24.85
Кернаў на мапе Летувы
Кернаў
Кернаў
Кернаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.kernave.org/index_en.html

Ке́рнаў (лет. Kernavė) — мястэчка ў Летуве, на правым беразе ракі Вяльлі. Цэнтар староства Шырвінцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2009 год — 350 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаў, за 35 на паўночны захад ад Вільні.

Кернаў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Віленшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся гістарычна-археалягічны комплекс, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Тапонім Кернаў зьвязваюць з ракой Кернаўкай, назву якой цяжка патлумачыць зь летувіскай мовы[1]. Паводле Хронікі Быхаўца і Хронікі літоўскай і жамойцкай[2], назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Кернуса[a], унука Палямона (адзначалася бытаваньне патранамічнага прозьвішча Керновіч: Kiernowicz, 1608—1616 гады[4]). Існуе таксама сучасная вэрсія германскага паходжаньня назвы (як і ў выпадку Трокаў, Эйраголы, Юрбарку ды пэўных іншых старажытных паселішчаў ліцьвінаў): kern у розных германскіх мовах азначае 'зерне'[5] (этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Kern-ic[6]).

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1390, 1413, 1431—1432 і 1434 гады)[7][8][9]; Kiernowo… Kyernowo (6 сьнежня 1522 году)[10]; Кернов (1553 год[11], Хроніка літоўская і жамойцкая[12]); у беларускіх тэкстах таксама ўжываецца форма Кернова[13].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле легенды, Кернаў у 1040 годзе заснаваў князь Кярнус (унук мітычнага Палямона). Да 1230 году Кярнаў быў сталіцай, пакуль іншы мітычны князь Рынгольд не перанёс яе ў Наваградак. Некаторыя летувіскія дасьледнікі называюць Кярнаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, бо нібыта ў ім разьмяшчалася рэзыдэнцыя князёў да часоў Гедзіміна, які ў 1321 годзе перанёс яе ў Трокі. Тым часам паводле археалягічных зьвестак, гэтае паселішча, як і Вільню, заснавалі полацкія крывічы[14].

Сучасныя археалягічныя дасьледаваньні выявілі ў Кернаве велізарны масіў хрысьціянскіх могілак канца ХІІІ — пачатку ХІV стагодзьдзя, прытым знойдзеныя нацельныя крыжы адпавядаюць менавіта ўсходнехрысьціянскай (бізантыйскай) традыцыі. На думку гісторыка Алега Дзярновіча, гэтыя пахаваньні сьведчаць пра тое, што насельнікамі раньняга гораду у значнай ступені былі або ўсходнія славяне, або хрысьціяне ўсходняга абраду[15].

Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 годам («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа з Вартбэрга») у зьвязку з рэйдам крыжакоў. Абарончую сыстэму паселішча ў XIII—XIV стагодзьдзях утваралі 5 замкаў, разьмешчаных на правым беразе Вяльлі, ад якіх засталіся гарадзішчы: Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Сьвятая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Лізьдзейкі (ці Крывейце; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).

Мескі герб, 1792 г.

У Кернаве, як мяркуецца, месьцілася рэзыдэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і пачаткова вялікага князя Гедзіміна. Іх лякалізуюць на Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад разьмяшчаўся вакол замкаў, прадмесьці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянаю[16]. Пахавальны абрад на могільніку сьведчыць пра суіснаваньне ў XIII—XIV стагодзьдзях паганскіх і хрысьціянскіх традыцыяў. У 1365 годзе Кернаў значна пацярпеў ў часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 годзе аддзел крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабе зьнішчыў драўляныя замкі, па чым яны не аднаўляліся. Кернаў значыцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным у канцы XIV стагодзьдзя[17].

Гарадзішчы і касьцёл. Н. Орда, 1875 г.

У XV ст. у даліне Паяўта (каля 25 га) на беразе Вяльлі зьявілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павету. Каля 1420 годе вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касьцёл. У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку Магдэбурскае права, якое ў 1792 годзе пацьвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стагодзьдзях аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» М. Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII—XIV стагодзьдзях.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Стары касьцёл, каля 1900 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кернаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у мястэчку дзеялі касьцёл і капліца.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кернаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Керанў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе ён апынуўся ў складзе Летувы. У 1960 годзе тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясьцілі запаведнікам.

У 2004 годзе Кернаў занесьлі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 194 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1833 год — 63 чал.; 1861 год — 260 чал.; 1866 год — 260 чал., у тым ліку 180 каталікоў, 12 праваслаўных і 60 юдэяў[18]; 1886 год — 242 чал.; 1895 год — 294 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1923 год — 252 чал.; 1959 год — 170 чал.; 1977 год — 170 чал.; 1979 год — 177 чал.; 1985 год — 202 чал.; 1989 год — 289 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 307 чал.; 2005 год — 320 чал.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Кернаўскі археалягічны і гістарычны музэй-запаведнік.

  • Гістарычна-археалягічны рэзэрват (XIII—XIV стагодзьдзі)
  • Капліца
  • Касьцёл Маці Божай Шкаплернай (1914—1924)
  • Могілкі хрысьціянскія
  • Скульптурныя помнікі
  1. ^ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]
  1. ^ Vanagas A. Lietuvos miestų vardai (antrasis leidimas). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. P. 93—96.
  2. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 17.
  3. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
  4. ^ Ragauskaitė A. XVII a. pirmosios pusės Kauno miestiečių asmenvardžių kilmė // Acta linguistica Lithuanica. T. 43, 2000. P. 100.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 31.
  6. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 125.
  7. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. P. 634, 641—642, 693—696.
  8. ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 55, 78, 100.
  9. ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 136.
  10. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 149, 151.
  11. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
  12. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 18.
  13. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 203.
  14. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 31.
  15. ^ Сяргей Абламейка, Хто і чаму разьбеларушвае спадчыну Вільні. Алег Дзярновіч пра беларускіх «ліцьвіноў» і ўкраінска-літоўскі хаўрус, Радыё Свабода, 24 кастрычніка 2019 г.
  16. ^ Дзярновіч А. Кернаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 88.
  17. ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
  18. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 47

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]