Палямон (літоўскі князь)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Палямо́н — мітычны родапачынальнік дынастыі літоўскіх князёў Палямонавічаў.

У сучаснай гістарыяграфіі прынята лічыць, што легенда была прыдуманая ў XV ці ў XVI стагодзьдзі з мэтай даказаць паходжаньне вышэйшай літоўскай шляхты ад рымлянаў і літоўскай дзяржаўнасьці ад рымскай[1]. Яшчэ ў другой палове XV стагодзьдзя Ян Длугаш пісаў, што ў літоўцаў рымскія карані, але не паглыбляўся ў дэталі. Легенда пра Палямона й заснаваньне Літвы ўпершыню згадваецца ў другой рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, створанай у 1520-х ці 1530-х гадах[2].

Паводле першай трактоўкі легенды, рымлянін Палямон, сваяк імпэратара Нэрона, ратуючыся ад жорсткасьці імпэратара зь пяцюстамі шляхетнымі сямействамі, прыплыў да вусьця Нёману, а па Нёмане дабраўся да рэк Дубісы і Юрасі. Тут яны пасяліліся, назваўшы гэту зямлю Жамойціяй (нізкай зямлёй). Дадзеную легенду трохі разьвіў Мацей Стрыйкоўскі, які перасунуў перасяленьне на 452 рок і растлумачыў гэта тым, што продкі літоўцаў ратаваліся ад зьверстваў Атылы[3].

Паводле другой трактоўкі, у часы жорсткага панаваньня імпэратара Нэрона, які ўласнаручна забіў родную маці і свайго «найвышэйшага доктара» Сэнэку, нейкі рымскі князь Палямон, паплечнік імпэратара, на чале пяцісот чалавек сеў на караблі, кіруючы на захад. Цераз Міжземнае мора ён трапіў да вусьця Нёману, увайшоў у адно зь яго адгалінаваньняў, дзе й пасяліўся. Новыя пасяленцы разам з Палямонам назвалі гэтую зямлю па-славянску Пабярэжная зямля, а па-летувіску — Жамойцкая зямля. Зь цягам часу Палямон і ягоныя людзі засялілі тэрыторыю да правага берагу Вяльлі. Князь Кернус назваў гэтую краіну Літустуба, ад лацінскіх словаў «litus» — бераг і «tuba» — труба. Паколькі простыя людзі ня здолелі правільна вымавіць такую назву, гэтую зямлю пачалі называць «Літвой»[4].

Аўтары легенды даволі дрэнна ведалі геаграфію Літвы і Беларусі, таму ў ёй сустракаецца мноства геаграфічных памылак і недарэчнасьцяў. Акрамя таго, існавалі шматлікія храналягічныя праблемы, а таксама неадпаведнасьць зь некаторымі іншымі крыніцамі. Паколькі вялікая частка тэксту датычыцца навакольляў гораду Наваградак, легенда, хутчэй за ўсё, паўстала менавіта ў гэтым горадзе[5]. Акрамя таго, існаваньне Палямона ў якасьці рэальна існага сваяка Нэрона не даведзенае.

Легенда пра Палямона даволі шырока разглядалася ў гістарыяграфіі. Да публікацыі «Хронікі Быхаўца» шматлікія былі ўпэўненыя ў тым, што легенда складзеная Стрыйкоўскім, хоць Васіль Тацішчаў зважаў на тое, што некаторыя элемэнты легенды маюцца ў шэрагу больш раньніх гісторыкаў[6]. У гістарычнасьці легенды сумняваліся ўжо ў XVIII стагодзьдзі: Мікалай Карамзін пісаў, што зьвесткі пра паходжаньне літоўцаў «казачныя й відавочна заснаваны на здагадках»[7].

Пасьля выяўленьня «Хронікі Быхаўца» яе дасьледаваў Тэадор Нарбут. Ён быў упэўнены ў пэўнасьці паданьня, аднак абверг вэрсію пра рымскае паходжаньне літоўцаў, лічачы іх нашчадкамі герулаў. Пазьней Ёсіф Ярашэвіч, які выдаў зборную працу па гісторыі Літвы, хоць і прымаў шматлікія палажэньні Нарбута, назваў легенду пра перасяленьне літоўцаў з Італіі «сапраўднай байкай»[8]. У сучаснай гістарыяграфіі легенда як гістарычная зьвестка не разглядаецца.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^  Rowell , S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295-1345. — Cambridge University Press, 1994. — P. 41. — (Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series). — ISBN 9780521450119
  2. ^ Ivinskis Z. Palemonas // Lietuviu enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuviu enciklopedijos leidykla, 1953—1966. — Vol. 21. — P. 400—401.
  3. ^ Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. — С. 130.
  4. ^ А. Латышонак. Нацыянальнасьць — Беларус, 2009 стр.66-67.
  5. ^ Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэньне беларуска-літоўскага летапісаньня. — С. 158—159.
  6. ^ Тацішчаў В. М. Гісторыя расейская. — М, Л: 1962 Т. I. — С. 290.
  7. ^ Карамзин М. М. Гісторыя дзяржавы Расейскай. — Спб: 1842 Т. II, гл. II. — С. 17, нататка 35.
  8. ^ Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэньне беларуска-літоўскага летапісаньня. — С. 171—172.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Jurginis J., Legendos apie lietuvių kilmę, V., 1971.(лет.)
  • Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295—1345. — Cambridge University Press, 1994. — P. 41. — ISBN 978-0-521-45011-9.(анг.)