Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў
Абрэвіятура АБС
Дэвіз Напагатове!
Дата ўтварэньня 21 сакавіка 1992
Дата спыненьня існаваньня 25 сакавіка 2005 году
Тып Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя
Юрыдычны статус Асацыяцыя
Мэта Дапамога малодшаму пакаленьню ў духоўным, інтэлектуальным, грамадзкім і фізычным разьвіцьці, у вырашэньні задач роднай Бацькаўшчыны і ўдзелу ў сусьветным маладзёжным руху
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Рэспубліка Беларусь
Афіцыйныя мовы Беларуская
Скаўт-канцлер Кастусь Хадыка
Асноўныя асобы Кастусь Хадыка, Алег Грушэцкі, Вадзім Сугойдзь, Вольга Клімановіч, Алесь Лозка
Кіроўны орган Рада
Колькасьць супрацоўнікаў 1500
Заўвагі Заснавана Ўстаноўчым соймам 21 сакавіка 1992 г., афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі РБ 12 жніўня 1992 г. (пасьв. аб рэг. №400)

Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў — скаўцкая самастойная непалітычная добраахвотная арганізацыя дзяцей, моладзі і дарослых без абмежаваньняў у паходжаньні і нацыянальнасьці, полу і веравызнаньня. Заснаваная Ўстаноўчым соймам 21 сакавіка 1992 году. Афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі РБ 12 жніўня 1992 году (пасьв. аб рэг. №400). Афіцыйна зьліквідавана 25 сакавіка 2005 году Вярхоўным судом РБ з ініцыятывы Мінюсту. На момант закрыцьця колькасьць скаўтаў АБС складала каля 1500 чалавек. Пасьля закрыцьця АБС працягнула дзейнасьць неафіцыйна[1].

АБС (Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў) зьяўляецца пераемнікам традыцыяў беларускага скаўтынгу ў краіне і на чужыне (Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне).

Мэты, сяброўства, структура, сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэты, задачы, прынцыпы, мэтад дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўная мэта дзейнасьці — дапамога малодшаму пакаленьню ў духоўным, інтэлектуальным, грамадзкім і фізычным разьвіцьці, у вырашэньні задачаў роднай Бацькаўшчыны і ўдзелу ў сусьветным маладзёжным руху.

Задачы АБС:

* Спрыяньне рэалізацыі праграм сусьветнага скаўцкага руху (здароўе, экалёгія, грамадзка-карысная праца, урокі міру, дамаводзтва, сацыяльная рэабілітацыя цяжкавыхоўваемых дзяцей, падлеткаў і тых, якія маюць дэфэкты фізычнага і разумовага разьвіцьця і інш.);
* усебаковае разьвіцьцё дзяцей і моладзі;
* выхаваньне нацыянальна сьвядомай асобы праз краязнаўства, народную культуру і мастацтва, фальклёр, этнаграфію і інш.

Выхаваўчая праца АБС засноўваецца на прынцыпах скаўтынгу: абавязак перад Богам, адданасьць духоўным пачаткам; абавязак перад іншымі, вернасьць Бацькаўшчыне ў гармоніі з разьвіцьцём сьвету, узаемаразуменьне і супрацоўніцтва з усімі; абавязак у адносінах да сябе, адказнасьць за асабістае разьвіцьцё, вернасьць скаўцкай прысязе і абавязку.

Сяброўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяброўства ў АБС фіксаванае індывідуальнае і калектыўнае. Скаўты падзяляюцца на ўзроставыя ступені (назвы арганізаваным групам даюцца самімі сябрамі):

* Спаборнікі (таксама ўжываецца ваўчаняты) — 7—11 гадоў;
* малодшыя скаўты — 12—15 гадоў
* скаўты — 16—18 гадоў
Узрост дарослых, якія працуюць са скаўтамі і зьяўляюцца сябрамі АБС, не абмежаваны.

Прыём у сябры адбываецца на зборцы праз адданьне прырачэньня (прысягі):

«На мой гонар прыракаю, што паводле маёй найлепшай волі і стараньняў буду верны Богу і Бацькаўшчыне, пільнавацца правоў скаўта, дапамагаць кожнаму чалавеку ва ўсякім часе і штодзённа рабіць добры ўчынак».

Сябрамі АБС могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземныя асобы без грамадзянства, якія прытрымліваюцца скаўцкага прырачэньня, абавязкаў скаўта і прымаюць удзел у дзейнасьці АБС.

Структура. Выбарныя органы АБС[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

АБС будуецца па тэрытарыяльным прынцыпе. Структурныя фармаваньні наступныя:

* кап’ё (першасная арганізацыя) — да 7 сяброў;
* зьвяз — чатыры кап’і;
* харугва — ня менш за два зьвязы ў адным населеным пункце (ці раёне ў сельскай мясцовасьці).

Адпаведна ў структурных фармаваньнях абіраюцца кап’ёвыя, зьвязовыя, харунжыя, і таксама іх намесьнікі — падкап’ёвыя, падзьвязовыя, падхарунжыя, а таксама скарбнікі. Ажыцьцяўляюць дапамогу скаўтам куратары зь ліку дарослых — скаўтмайстры і падскаўтмайстры. У спаборнікаў можа быць дасьведчаны малодшы скаўт, у малодшых скаўтаў — скаўт.

Найвышэйшым кіроўным органам АБС зьяўляецца Сойм скаўтаў, які склікаецца раз у тры гады і на які дэлегуецца прадстаўнікі ўсіх харугваў.

Кіроўным органам АБС паміж Соймамі зьяўляецца Рада скаўтаў.

Выканаўча-распараджальны орган — Канцылярыя АБС. Кампэтэнцыю Канцэлярыі вызначае Рада. Кіруе дзейнасьцю Канцэлярыі — Скаўт-канцлер, у яго адсутнасьці — Скаўт-падканцлер.

Тэрмін паўнамоцтваў Скаўт-канцлера, Скаўт-падканцлера, сябраў Рады і Канцэлярыі працягваецца ня больш за шэсьць гадоў. Склад Рады і Канцэлярыі абнаўляецца на кожным Сойме ня менш як напалову сяброў.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябры АБС карыстаюцца сымболікай, сугучнай гістарычным традыцыям беларускага народу і сусьветнага скаўцакага руху. Эмблема АБС уключае ў сябе агульнаскаўцкі сымбаль — лілею, якая апаясана стужкай колеру беларускага нацыянальнага сьцягу; на самой лілее разьмежчаны латарынгійскі крыж (які прысутнічаў на былым дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь «Пагоня».

Сябры АБС маюць скацкія хусьцінкі, значкі, форму.

Кліч (дэвіз) скаўтаў «Напагатове!», адказ «Заўсёды!». У асабліва ўрачыстых момантах выкарыстоўваецца вокліч «Жыве Беларусь!» з адказам «Заўсёды!».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1989 Алег Грушэцкі зьбірае першы невялікі зьвяз (атрад), у склад якога ўвайшлі ў асноўным вучні школы №20 ды сябры БВС (Беларускі вучнёўскі саюз) [2][3], якім Грушэцкі на той час кіраваў. Створаны атрад (які складаўся пераважна з хлапцоў і некалькіх дзяўчын) бярэ назву «Касінеры» у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Гэта была першая спроба адраджэньня беларускага скаўтынгу[4]. Прымячальна, што проста выпадкова назва сэнсоўна супала з назвай, якую ўзяла зарганізаванае ў 1945 г. першае скаўцкае фармаваньне «Згуртаваньня Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» — Першы Зьвяз Беларускіх Скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага. Грушэцкі актыўна зьбірае ня толькі ўсемажлівую інфармацыю пра скаўтынг (каб рухацца ў правільным напрамку), але й шукае былых беларускіх скаўтаў, што яму ўдаецца, і запісвае іх каштоўныя ўспаміны.

Празь некаторы час утвараецца яшчэ адзін зьвяз — з вучняў менскай школы №64, пад кіраўніцтвам Уладзімера Ўлаховіча. Атрады Грушэцкага і Ўлаховіча ў хуткім часе наладжваюць добрыя сувязі і ўжо напачатку 1991 г., у студзені, ладзяць сваю першую дабрачынную справу — праводзяць віншаваньне Каляд для хворых дзяцей менскай 1-й гарадзкой клінічнай лякарні.

Таксама ўтвараецца скаўцкі зьвяз у Беларускім гуманітарным ліцэе імя Якуба Коласа (пад кіраваньнем Вадзіма Сугойдзя). Паступова ўзьнікаюць скаўцкія зьвязы ў Горадні (кіраўнік Аркадзь Жукоўскі), Маладэчне (кіраўнік Вянглоўскі), Баранавічах.

Напачатку 1991 году Алегам Грушэцкім друкуецца першая сучаснае беларускае скаўцкае выданьне — газэта «Скаўт Беларусі». Цікава адзначыць той факт, што газэта была надрукавана як выданьне Саюзу Скаўтаў Беларусі, бо менавіта пад такой назвай на той час неафіцыйна дзейнічалі беларускія скаўцкія зьвязы, якія потым былі зарэгістраваны як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў» (у хуткім часе пад назвай Саюз Скаўтаў Беларусі афіцыйна зарэгістравана арганізацыя, узначальваемая Ігарам Касьцевічам, сёньня гэта БРСА (па-расейску: Белорусская республиканская скаутская ассоциация).

Франка-беларускі летнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 31 ліпеня 1991, каля в. Падневічы (Валожынскі раён, пад Ракавам), адбыўся франка-беларускі летнік (французы афіцыйна зьяўляліся куратарамі беларускіх скаўтаў). Шматлікавая колькасьць скаўтаў разьмясьцілася на беразе зьвілістай ракі Іслач. Гэтую падзею можна сьмела назваць як першы агульнабеларускі скаўцкі зьлёт, бо ў ім прынялі ўдзел ня толькі скаўты, якія потым утварылі «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў», але і скаўцкая арганізацыя, ўзначальваная Ігарам Касьцевічам «Союз Скаутов Белоруссии»). Такім чынам, на той зьлёт сабраліся ўсе скаўцкія арганізацыі, якія на той час дзейнічалі на Беларусі. Зьвяз Уладзімера Ўлаховіча толькі перад гэтым прыехаў з ЗША, дзе яны ладзілі летнік з амэрыканскімі скаўтамі.

У той час адбылася яшчэ адна значная падзея — адразу з гэтага летніка Алег Грушэцкі адправіўся на 17-ы Сусьветны скаўцкі Джамбары (скаўцкі зьлёт), які праходзіў з 8 па 16 жніўня 1991 году ў Паўднёвай Карэі. Гэты быў першы (і на той час адзіны) беларускі скаўт, які прадстаўляў Беларусь на сусьветным Джамбары[5] (па запрашэньню Сусьветнага скаўцага кіраўніцтва).

Варта заўважыць яшчэ адзін факт. 19—21 жніўня адбыўся жнівеньскі путч[6]. Французы, ведаючы пра ганеньні на скаўтаў пад час савецкай улады, шчыра запрасілі да сябе беларускіх скаўтаў, прапанавалі сваю дапамогу. На шчасьце, усё абышлося.

У жніўні 1992 году скаўты зь Беларускага гуманітарнага ліцэю прыяжджалі да францускіх скаўтаў зь візытам у адказ па запрашэньні францускага боку. Яны разам рабілі лягер на поўдні Францыі, у Альпах, на сьхіле гары, каля гораду Жазье. Скаўцкі лягер з намётаў быў разьбіты на вышыні трох тысячаў мэтраў над морам. Сярод скаўтаў жыў і каталіцкі сьвятар, які двойчы ладзіў сьвятую імшу для францускі і беларускіх падлеткаў. Пад канец горнага лягеру скаўты зрабілі пад’ём на высокую гару зоходніх Альп — Манблан. Гару скаўты пакарылі зь бел-чырвона-белым сьцягам [7].

Утварэньне арганізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 сакавіка 1992 году адбыўся Ўстаноўчы Сойм, на якім была ўтворана арганізацыя «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў». На Сойме, апроч скаўтаў АБС, прысутнічалі шаноўна запрошаныя кіраўнікі ССБ, дырэктар Бюро САСР для СНД Аляксандар Бондар, ксёндз Ян Матусевіч [8], а таксама былая скаўтка Клецкай гімназіі спадарыня Мендзялеева. 12 жніўня таго ж году Міністэрствам юстыцыі РБ арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў». Скаўт-канцлерам (кіраўнік) быў абраны Аркадзь Жукоўскі (кіраўнік гарадзенскай харугвы). Скаўт-падканцлерам абраны Алесь Лозка. У склад Рады АБС увайшлі: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч (скаўтка са зьвязу Ўладзімера Ўлаховіча) і Кастусь Хадыка (скаўт зь Беларускага гуманітарнага ліцэю).

15 лістапада 1992 г. адбыўся сход па пытаньню стварэньня Менскай харугвы. Харугве было надана імя Вітаўта. Апроч менскіх скаўтаў прысутнічаў Канцлер АБС сп. абраны Аркадзь Жукоўскі. Сябрамі Рады менскай харугвы абраны райцы АБС: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч і Кастусь Хадыка. Абраны Харунжы (кіраўнік харугвы) — Вадзім Сугойдзь (зьвязовы зьвязу БГЛ). Таксама абрана пісар — скаўтка Сьвятлана Гурыновіч з БГЛ. Засталося вакантным месца скарбніка.

Летнік «Лясун». Першы трэнінг і іспыты на скатмайстра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўне 1992 г. адбыўся першы летнік ужо афіцыйна зарэгістраванага АБС. Лягер насіў назву «Лясун» і яго стаянка з намётаў разьмяшчалася на ўскрайку тэрыторыі першага беларускамоўнага летніку «Грунвальд» (Койданаўскі раён Менская вобласьць). Райца Вольга Клімановіч праводзіла скаўцкі трэнінг на зьяднаньне калектыву, даверу і адказнасьці адзін за аднаго. Трэнінг яна пераняла непасрэдна ў амэрыканскіх скаўтаў. Іспыты на скаўмайстра прымаў скаўт-падканцлер Алесь Лозка. Удзел у летніку прыймалі Менская, гарадзенская і Баранавіцкая харугвы.

Фотагалерэя летніку «Лясун»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы Джамбары АБС[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвяча, зь якой Джамбарыйскі агонь прыйшоў на Беларусь
Выхаванцы А. Грушэцкага са зьвязу «Рыцары»

9—15 ліпеня 1993 году АБС праводзіць свой першы Джамбары. Знамянальна, што гэтае Джамбары праходзіла каля в. Падневічы, на месцы француска-беларускага летніка, які стаў у свой час першым агульнабеларускім зьлётам. На гэтым Джамбары прысутнічалі таксама скаўты з Амэрыкі, якіх запрасіла сябра Рады АБС Вольга Клімановіч[9]. Таксама прысутнічалі й скаўты з Прыднястроўя. На гэты час у склад АБС ужо ўваходзілі скаўцкія зьвязы й харугвы (некалькі зьвязаў у адной мясьціне, горадзе) у гарадох й месцах: Менску, Маладэчне, Горадні, Баранавічах, Гомелі, Рагачове, Парэччы. Падзея адкрыцьця ды жыцьця Джамбары асьвятлялася Беларускім тэлебачаньнем рэпартэрам Юліяй Качанавай. На ўрачыстым адкрыцьці, пад скаўцкі салют, было запалена вялікае джамбарыйскае вогнішча. Варта заўважыць тое, што гэтае вогнішча, якое ўрачыста запаліў Алег Грушэцкі, было запалена сьвячою, якую Грушэцкі запаліў ад джабарыйскага агню на 17-м Сусьветным Джамбары, у якім ён ганарова браў удзел. Такім чынам Сусьветны Джамбарыйскі вагонь сымбалічна прыйшоў і на Беларусь.

На той час пад кіраўніцтвам Грушэцкага ўжо быў іншы зьвяз — «Рыцары»[10].

Першы зімнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку 1993 г. скаўты АБС правялі свой першы зімнік, які адбыўся ў в. Парэчча (Слонімскі раён) дзякуючы скаўтам мясцовай школы. Удзел у зімніку прынялі запрошаныя скаўты зь Летувы, зь Вільні, пад кіраўніцтвам Рымаса Кузьмінскаса. Незадоўга да гэтага, на восеньскіх вакацыях 1992 г., менскія скаўты разам з атрадам Кузьмінскаса хадзілі ў паход з намётамі Вільня — Трокі.

У вёсцы ўдзельнікамі лягеру было праведзена сьвяткаваньне Калядаў. Таксама быў праведзены трэнінг на паразуменьне людзей зь фізычнымі недахопамі. Гэта заключалася ў тым, што скаўты цэлы дзень хадзілі, хто з завязанай нагой, хто з рукой, хто з вачыма і да т. п. Пры гэтым кожны быў павінен дапамагаць адзін аднаму. Мэта гэтага трэнінгу — паказаць дзецям, наколькі цяжка такім людзям, і наколькі ім неабходна дапамога і спачуваньне. Пад час зімніку скаўты наведалі разьмешчаны побач Жыровіцкі манастыр.

Фотагалерэя зімніку і паходу Вільня — Трокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кэмпінг-цэнтар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 г. АБС набывае загарадны дом, у якасьці кэмпінг-цэнтру, і арганізуе ў ім свае рэгіянальныя лягеры.

Спыненьне афіцыйнай дзейнасьці АБС[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 2005 году Вярхоўны суд Беларусі пад старшынствам А. Забары пастанавіў зьліквідаваць «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў». Прэтэнзіі Мінюста (які і зарэгістраваў аб’яднаньне) да аб’яднаньня — праблемы зь юрыдычным адрасам (разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу ў жылым фондзе), нелегітымнасьць Сойму, праведзенага ў 2002 годзе, прызнанага незаконным з-за недастатковай колькасьці зарэгістраваных структурных адзінак[11] (толькі Вялейская харугва імя Якуба Ясінскага зьяўлялася юрыдычнай асобай), а таксама адсутнасьць юрыдычнага адрасу на пячатцы[12]. На момант закрыцьця колькасьць скаўтаў АБС налічвала каля 1500 чалавек. Скаўцкія фармаваньні АБС існавалі ў Менску, Баранавічах, Буйках, Вялейцы, Гомелі, Горадні, Маладэчне, Рагачове, Рубе і інш.

Апошнім Скаўт-канцлерам АБС быў Кастусь Хадыка, які выказаўся, што нягледзячы на закрыцьцё, скаўты разыходзіцца ня будуць[1]. АБС працягнулі сваю дзейнасьць ўжо неафіцыйна.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Скаутов в Беларуси больше нет // «Комсомольская правда», 31 сакавіка 2005
  2. ^ Незалежная вучнёўская арганізацыя, дзейнічала у 1989-90 гг.; выступала за дэмакратычнае аднаўленьне беларускай школы і аб’ядноўвала аднадумцаў сярод вучняў старэйшых клясаў і навучэнцаў ПТВ; БВС выступаў за выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці вучнёўства, дамагаўся наданьня вучням старэйшых клясаў рэальнай магчымасьці удзелу ў кіраваньні школай; створаны пры Гарадзкім бацькоўскім камітэце Менскіх беларускамоўных клясаў і школаў, створанага ў сваю чаргу пры ТБМ.
  3. ^ Белорусская республиканская скаутская ассоциация Скаутинг Праверана 26 красавіка 2011 г.
  4. ^ Да гэтага, 6 студзеня 1988, было таксама зарганізавана скаўцкае фарміраваньне, пазьней перарослае ў БРСА, узначальваную Ігарам Касьцевічам, але за выснову быў узяты расейскі скаўтынг
  5. ^ Джамбори (Всемирный слёт скаутов)(рас.) Праверана 26 красавіка 2011 г.
  6. ^ Спроба ваеннага перавароту ў Маскве, учыненая кансэрватыўна настроенымі дзеячамі з кіраўніцтва ЦК КПСС і ураду СССР, з мэтай спыніць распад СССР.
  7. ^ Мікалай Адамчык. Скаўты ў Альпах // Час. «Бярозка». 1993
  8. ^ Ксёндз Ян Матусевіч шмат дапамог беларускім скаўтам — са сваіх сьвятарскіх паездак па Эўропе прывозіў шмат скаўцкай літаратуры й падручнікаў. Ён быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў
  9. ^ У свой час зьвяз Ул. Улаховіча, у які ўваходзіла Вольга Клімановіч, наладзіў зь імі добрыя адносіны, яны нават ездзілі да іх у амэрыканскі скаўцкі лягер
  10. ^ Скаўты папярэдняга зьвязу «Касінеры» ўжо выйшлі са скаўцкага ўзросту. Зьвяз «Рыцары» быў утвораны ў верасьні 1992 г. пераважна з вучняў СШ №140 (12—15 гадоў), а таксама з навучэнцаў нядзельнай школы пры Сьвятадухавым катэдральным саборы
  11. ^ Праваабарончы цэнтар «Вясна»
  12. ^ Скаўтаў пазбавілі рэгістрацыі // «Наша Ніва» №13, 2005.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Статут Аб’яднання беларускіх скаўтаў // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 5 снежня 1992. — В. 4250. — № 99. — С. 2.
  • Алег Грушэцкі Рыцарскі турнір // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 17 ліпеня 1993. — В. 4310. — № 55. — С. 2.
  • Алег Грушэцкі Як «зубры» сталі скаўтамі // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 11 жніўня 1993. — В. 4317. — № 62. — С. 4.
  • Алег Грушэцкі Што такое скаўтынг // Першацвет : часопіс. — 1994. — № 3. — С. 59—60.
  • Алесь Лозка Хто такія скаўты? // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 6 студзеня 1993. — В. 4256. — № 1. — С. 3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Аб’яднаньне беларускіх скаўтаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў