Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі
Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі, таксама Зьвяз беларуска-амэрыканскай моладзі — грамадзкая арганізацыя беларускай моладзі ЗША, заснаваная 24 верасьня 1950[1] (паводле іншых вестак — 9 ліпеня 1950 году[2]) як Аб’яднаньне беларускай моладзі ў Амэрыцы (АБМА).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварылася пераважна з былых сябраў Саюзу беларускай моладзі, якія па вайне ў лягерах Ды-Пі бралі актыўны ўдзел у скаўтынгу, навучаліся ў беларускіх школах і гімназіях. Першым старшынёй абралі Міхася Сеньку, заступнікам старшыні — Кастуся Вайцяхоўскага, сакратаром — Лявона Шурака.
30 траўня 1953 году ў Саўт-Рывэры адбыўся II Зьезд, у якім удзельнічала 70 дэлегатаў. Старшынём пераабралі Міхася Сеньку, першым заступнікам — Кастуся Вайцяхоўскага, другім заступнікам стала Валя Дульская. У склад управы ўвайшлі Ўладзімер Пеляса, Анатоль Шурак, Валянціна Вайцяхоўская, Мікалай Ігнатовіч, Віталь Цярпіцкі. Рэвізійную камісію склалі Ўладзімер Траскевіч, Вольга Лапека, Хведар Беразоўскі[3].
Вяла актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць, праводзіла моладзевыя вечарыны, удзельнічала ў спартовых спаборніцтвам (у складзе спартовага клюбу «Нёман» ), а таксама ў імпрэзах і акцыях, у тым ліку у Парадах ляяльнасьці ці антыкамуністычных акцыях. Мела летнія саколкі, аздобленыя надпісам «Жыве Беларусь!»[4]
Фактычна была моладзевым крылом Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту і Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва ў Амэрыцы, а ад 1951 году і Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі. У сярэдзіне 1950-х гадоў на фоне крокаў у збліжэньні розных грамадзка-палітычных суполак Амэрыкі навязала лучнасьць з Згуртаваньнем беларуска-амэрыканскай моладзі. У 1959 годзе правяла супольную спартовую сустрэчу, а ў 1962 годзе пачала супольна выдаваць часопіс «Беларуская моладзь».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. С. 69.
- ^ Кіпель В. Беларусы ў ЗША. — Менск: Беларусь, 1993. С. 181.
- ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. С. 70.
- ^ Кіпель В. Жыве Беларусь! // Наша Ніва. № 8 (270), 22.02.2002. С. 14.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 20 год Арганізацыі Беларуска-Амэрыканскае Моладзі. — USA, 1970. — 172 с., іл.
- Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с, [12] с. іл.