Перайсьці да зьместу

Кірыла Арлоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кірыла Арлоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся30 студзеня 1895
Мышкавічы, Бабруйскі павет, Менская губэрня
Памёр13 студзеня 1968 (72 гады)
Мышкавічы, Качэрыцкі раён, Магілёўская вобласьць
ПартыяКПСС
АдукацыяКамуністычны ўнівэрсытэт нацыянальных меншасьцяў Захаду імя Ю. Мархлеўскага
Узнагароды

Кірыла Пракопавіч Арлоўскі (30 студзеня (паводле старога стылю 18 студзеня) 1895, Мышкавічы, Бабруйскі павет, Менская губэрня, цяпер Качэрыцкі раён, Магілёўская вобласьць — 13 студзеня 1968, Мышкавічы, Качэрыцкі раён) — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і ў нямецка-савецкую вайну, савецкі выведнік, гаспадарчы дзяяч.

Зь сялянскае сям’і. У 1910 годзе скончыў царкоўна-прыходзкую школу. З 1915 у арміі, удзельнік Першае сусьветнае вайны. Ваяваў на Заходнім фронце, служыў шарагоўцам 251-га запаснога пяхотнага палка, ад 1917 унтэр-афіцэрам, камандзірам сапэрнага ўзводу 65-га пяхотнага палку. У студзені 1918 дэмабілізаваўся й вярнуўся дадому.

Партызанка падчас грамадзянскай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1918 у час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі па заданьні Бабруйскага падпольнага раённага камітэту РКП (б) арганізаваў і ўзначаліў партызанскі аддзел, якім камандаваў да сьнежня 1918. У сьнежні 1918 — траўні 1919 працаваў у Бабруйскай надзвычайнай камісіі (ЧК). У 1919—1920 навучаўся на першых Маскоўскіх кулямётных курсах, пасьля сканчэньня якіх у 1920 камандзір аддзелу рудабельскіх партызанаў (псэўданім Ваня), якія дзейнічалі ў тыле польскіх інтэрвэнтаў; потым на падпольнай працы ў Коўне. У кастрычніку — сьнежні 1920 удзельнічаў у баёх супраць войскаў Булак-Балаховіча.

У 1922—1925 пад псэўданімамі Аршынаў, Муха-Міхальскі камандзір партызанскага аддзелу ў Заходняй Беларусі. У сьнежні 1922 прыбыў у Вялейскі павет, 21 сьнежня разам з партызанамі Станіслава Ваўпшасава ўдзельнічаў у нападзе на мястэчка Ілья: партызаны зьнішчылі паліцэйскі гарнізон, занялі пошту, тэлеграф і кантору воласьці, захапілі зброю, а ў валасной управе зьнішчылі сьпісы недаімшчыкаў. Надалей узначальваў аддзел, што дзейнічаў пераважна на поўдні Беларусі: у навакольлі Баранавічаў, Лунінца, Століна. У ноч на 4 жніўня 1924 зарганізаваў захоп мястэчка Стоўпцы[4]. Увосень 1924 — кіраўнік захопу ў палон палескага ваяводы Станіслава Юзафа Даўнаровіча, якога ў выніку гэтага Арлоўскі вымусіў падаць у адстаўку[5]. У выніку апэрацыяў Арлоўскага было забіта каля 100 чалавек.

Пасьля атаманства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930 скончыў Камуністычны ўнівэрсытэт нацыянальных меншасьцяў Захаду імя Ю. Мархлеўскага ў Маскве. У 1930—1936 служыў у органах ДПУ-НКУС Беларусі. У 1936—1937 кіраўнік участку будаўніцтва каналу Масква-Волга ў горадзе Дзьмітраў. У 1937—1938 удзельнік Грамадзянскае вайны ў Гішпаніі, дарадчык партызанскага корпусу рэспубліканскае арміі. З 1939 памочнік дырэктара Арэнбурскага (Чкалаўскага) сельгасінстытута. У сакавіку 1941 — траўні 1942 знаходзіщя ў камандзіроўцы па лініі НКУС у Кітаі.

Удзел у Нямецка-савецкай вайне й далейшы лёс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1942 сфармаваў і ўзначаліў разьведвальна-дывэрсійную групу НКДБ, якая 26 кастрычніка 1942 была закінутая на акупаваную нямецкімі войскамі тэрыторыю Беларусі і вырасла ў партызанскі аддзел «Сокалы». У красавіку — траўні 1943 на базе аддзела пад агульным камандаваньнем Арлоўскага створаныя тры партызанскія аддзелы. 17 лютага 1943 група партызан на чале з Арлоўскім зьнішчыла з засады некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў акупацыйнай адміністрацыі: генэральнага камісара Баранавічаў Фрыдрыха Фрэнча, гэбітскамісара Баранавіцкае акругі Фрыдрыха Шцюра й обэргрупэнфюрэра СС Фэрдынанда Засарнаса. Сам Арлоўскі быў цяжка паранены, страціў кісьці абедзьвюх рук. За гэты апэрацыю 20 верасьня 1943 атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу, ордэн Леніна і мэдаль «Залатая Зорка».

Пасьля лекаваньня да сьнежня 1944 працаваў у НКДБ БССР, пасьля пайшоў у адстаўку па стане здароўя. З 1944 на Качэрыўшчыне старшыня калгасу «Расьсьвет», які хутка вырас у буйную гаспадарку і адным зь першых атрымаў мільён рублёў чыстага прыбытку. Сябар ЦК КПБ ад 1949, кандыдат у сябры ЦК КПСС у 1956—1961. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР у 1947—1951, Вярхоўнага Савету СССР 3—7 скліканьняў ад 1950.

Узнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага сьцяга, мэдалямі. Герой Савецкага Саюзу (1943), Герой Сацыялістычнай Працы (18 студзеня 1958).

Імя Арлоўскага прысвоена калгасу «Расьсьвет», Качэрыцкай сярэдняй школе № 2, Магілёўскаму ПТВ мэханізацыі сельскай гаспадаркі ў в. Буйнічы. Яго імем названы вуліцы ў Бабруйску, Ганцавічах, Качэрычах, Клецку, Ляхавічах, Магілёве. У Мышкавічах устаноўлены бюст Арлоўскаму.

Кірыла Арлоўскі быў прататыпам галоўнага героя фільму «Старшыня» й Робэрта Джордана з аповесьці «Па кім зьвініць звон» Эрнэста Гэмінгўэя (паводле іншых зьвестак, прататыпам Джордана быў Хаджы-Умар Мамсураў).

Пераацэнкі дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У постсавецкі пэрыяд зьявіліся абвінавачваньні Кірылы Арлоўскага ў тэрарызьме[6], бандытызьме, забойствах цывільнага насельніцтва[7].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У вагуле восем з паловай гадоў правёў у тыле праціўніка, больш за семдзясят разоў нелегальна праходзіў празь мяжу[8].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]