Зубар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зубр»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зубар
Wisent.jpg
Клясыфікацыя
Царства Жывёлы
Тып Хордавыя
Падтып Хрыбетныя
Надкляса Чатырохногія
Кляса Сысуны
Інфракляса Апонявыя
Атрад Парнакапытныя
Падатрад Жвачныя
Сямейства Пустарогія
Падсямейства Быкі
Род Бізоны
Від Зубар
Бінамінальная намэнклятура
'Bison bonasus Linnaeus, 1758
Арэал
Bison bonasus distribution.svg

Зу́бар ці эўрапе́йскі бізо́н (па-лацінску: Bison bonasus) — жывёліна клясы сысуноў сямейства пустарогіх. Адзіны прадстаўнік роду бізонаў у Эўразіі[1]. Зубар зьяўляецца самым цяжкім і буйным млекакормячым на эўрапейскім кантынэнце і апошнім эўрапейскім прадстаўніком дзікіх быкоў.

Нацыянальны сымбаль Беларусі[2]. Эўрапейскі зубар занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[3], Летувы, Расеі, Украіны, Польшчы, Чырвоную кнігу МСАП.

Падвіды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існавалі ўсяго тры падвіды зуброў:

  • Bison bonasus bonasus — белавескі зубар;
  • Bison bonasus caucasicus — каўкаскі зубар (зьнішчаны ў пачатку ХХ стагодзьдзя);
  • Bison bonasus hungarorum — зубар вугорскі, або карпацкі (зьніклы)[4].

Белавескі (эўрапейскі) падвід аднаўляецца шляхам развядзеньня жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўкаскі — узнаўляецца гібрыдызацыяй Bison bonasus і Bison bonasus caucasicus.

Шкілет зубра

Аднаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1914 годзе ў Белавескай пушчы налічвалася каля 700 зуброў. Першая сусьветная вайна 1914—1918 гадоў прывяла да адсутнасьці аховы пушчы, што выклікала скарачэньне колькасьці зуброў. У 1915 годзе засталося каля 300 асобінаў. У 1916 годзе менш за 100. У лютым 1919 году апошнюю дзікую зубрыху забіў мясцовы лясьнік зь вёскі Сточак (Беларуская ССР; цяпер Гайнаўскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча). 26 жніўня 1923 году ў Бэрліне (Нямеччына) на прапанову намесьніка кіраўніка Заалягічнага музэю ў Варшаве Яна Штольцмана(pl) (1854—1928) заснавалі Міжнароднае таварыства захаваньня зуброў(de). Да 1927 году зубры адсутнічалі ў прыродным асяродзьдзі. У выніку міжнароднага перапісу 1926 г. у заапарках Эўропы налічылі 52 зубры, якія паходзілі ад 5 самцоў (быкоў) і 7 самак (кароваў). На студзень 2012 г. агульнасусьветны статак эўрапейскіх зуброў перасягнуў 4000 асобінаў, зь іх звыш паловы жылі ў прыродзе. Найбольш зуброў было ў польскай частцы Белавескай пушчы. Другі паводле колькасьці статак знаходзіўся ў Беларусі — 1150 асобін, у тым ліку 415 зуброў у Белавескай пушчы. Штогадовая сьмяротнасьць зуброў у Беларусі вагалася ад 55 да 130 асобінаў[5].

У 1854 годзе застрэлілі апошняга зубра на землях сучаснай Летувы. У 1969 годзе заснавалі Пашыляйскі зуброўнік, куды прывезьлі першую пару белавескіх зуброў. У 1970 г. дадалі яшчэ 6. У 1972 г. прыбылі яшчэ 2 зубры. У 1973 годзе ў першай пары зьявілася патомства і 5 зуброў выпусьцілі на волю з пастаўніка ў Пашыляйскі лес. Ад заснаваньня да 2012 г. у Пашыляйскім зуброўніку нарадзілася каля 140 зубранятаў, на волі — яшчэ каля 80[6].

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуэтка зубра, які ліжа ўкус насякомага(en) (прытулак Мадлены(fr), дэпартамэнт Дардонь, Францыя)
100 летувіскіх талёнаў (1991)
Фрыц Шапэр. «Старажытнагерманскае паляваньне на зубра» (1904)

Да нашага часу дайшлі наскальныя малюнкі зуброў, створаныя 30 тыс. гадоў да н. э. На выяўленых насьценных росьпісах 13 тысячагодзьдзя да н. э. зубры займаюць 2-е месца пасьля дзікіх коней. У пячорах Альтаміра (аўтаномная супольнасьць Кантабрыя, Гішпанія) і Руфіньяк (дэпартамэнт Дардонь, рэгіён Аквітанія — Лімузэн — Пуату-Шарант, Францыя) знаходзяцца найбольш знаныя росьпісы. У прытулку Мадлены(fr) (дэпартамэнт Дардонь, Францыя) знайшлі выразаную з аленевага рогу статуэтку зубра, які ліжа укус вусяка.

У 1190-я гг. у г. Пасаў (цяпер зямля Баварыя, Нямеччына) адбылося напісаньне эпічнай паэмы «Песьня пра Нібэлюнгаў», у якой згадваюцца зубры. У 1523 г. у Кракаве (Польскае каралеўства) Мікола Гусоўскі (1470—1533) выдаў лацінамоўную паэму «Песьню пра зубра». У 1834 годзе ў Парыжы (Францыя) Адам Міцкевіч (1798—1855) выдаў эпічную паэму «Пан Тадэвуш», у якой згадваў зуброў. У 1930 годзе Янка Маўр выдаў аповесьць «Палескія рабінзоны», дзе адбываецца забой апошняга зубра.

Скульптуры зубра стварылі Аўгуст Гаўль (1869—1921), Эрнст Горзэман(de) (1886—1960) і Фрыц Шапэр(de) (1841—1919). Найбольшая ў сьвеце статуя (вага — 76 тонаў) вышынёй 20 мэтраў месьціцца каля вёскі Петкавічы (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь) побач з аўамагістральлю М1 БерасьцеВорша.

Імя зубра носяць: род злакаў Зуброўка, бо зубры імі харчуюцца; гатунак гарэлкі «Зуброўка»; ровар «Зубраня»; дзіцячы аздараўленчы цэнтар «Зубраня»(ru) (Мядзельскі раён, Менская вобласьць).

У геральдыцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У філятэліі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1954 г. у Польшчы выпусьцілі першую паштовую марку з выявай зубра.

У фалерыстыцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — ISBN 5-85700-095-5
  2. ^ birdwatch.by(бел.)
  3. ^ Красная книга Республики Беларусь. Европейский зубр(рас.)
  4. ^ Праект APUS.RU(рас.)
  5. ^ Леанід Лахманенка. Сучасная «Песьня пра зубра» // Зьвязда : газэта. — 21 студзеня 2012. — № 13 (27128). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Вітаўт Жэймант. Гаспадар беларускіх пушчаў размнажаецца і ў Летуве // Зьвязда : газэта. — 21 студзеня 2012. — № 13 (27128). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зубарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў