Перайсьці да зьместу

Войшалк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Войшалк
лац. Vojšałk
Войшалк (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г.
3-і вялікі князь літоўскі
1264 — 1266
Папярэднік Транята
Наступнік Шварн Данілавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1223
Памёр 1268
Бацька Міндоўг
Маці 1-я жонка Міндоўга

Войшалк Міндоўгавіч (1223[1]—1268) — вялікі князь літоўскі (1264—1266[2] або 1267[3]), князь наваградзкі (1254, 1258—1263)[4]. Сын Міндоўга.

Асноўныя артыкулы: Войшалк (імя) і Імёны ліцьвінаў

Іменная аснова -войш- (імёны ліцьвінаў Вайшыла, Войшымунд, Войсяд; германскія імёны Vuisilo, Vuisimundo, Vuisadus) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага waiþs 'паляваньне', гоцкага waiþja 'паляўнічы'[5] або ад асновы -віс- (-віз-, -веш-)[6][7] (пазьнейшай -вайс-[8]), а аснова -скалк- (-шалк-) (імёны ліцьвінаў Скаламонт, Скальбут, Коншалк; германскія імёны Scelemondo, Butaskalks, Gottschalk) — ад гоцкага skalks 'слуга'[9]. Такім парадкам, імя Войшалк азначае «адданы паляваньню»[10].

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка тлумачыць паходжаньне імя Войшалк ад двухасноўнага імя тыпу Воиславь, Воитехь (Voislav, Voitech) шляхам даданьня да ўтваральнай асновы Voi- ці Vois- фармантаў 1—3 ступеняў -š-, -e(-o)l-, -(e,-o)k(o). Ад той жа асновы ўтварыліся ст.-польск. Wojsza, Wojszek і бел. Войша, Вайшэвіч[11]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» таксама адзначае яшчэ адзін адпаведнік — князя бодрычаў Готшалка[12]. Поўнае двухасноўнае імя падае пад 1267 году адна з польскіх кронік у паведамленьні[13]: «Dux Leo filius Danielis regis Rusie occidit Woyslaum filium Mendogi ducis Lithwanorum» («Князь Леў, сын караля Русі Данілы, забіў Войслава, сына герцага ліцьвінаў Міндоўга»).

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Vesegele (чэрвень 1260 году)[14]; и въ Молшелгове (1264—1267 гады)[15][16]; Воишелкъ, Вошелкъ, Вышелкъ або Вышелгъ (Галіцка-Валынскі летапіс); Woisalk (Старэйшая Аліўская хроніка)[17]; Воишелгъ[18] або Въишелгъ[19] (Наўгародзкі першы летапіс); Воишелкъ Миндовговичь[20] або Войшеглъ[21] (Наўгародзкі чацьверты летапіс); Вошелегъ (Сафійскі першы летапіс)[22]; Voysalk або Woysalk (Ян Длугаш); Woyszełk (Хроніка Быхаўца)[23]; Войселк… Войселка Мендоговича (Хроніка літоўская і жамойцкая)[24]; Woyschalcus syn Mendoga (1872 год)[25].

Меркаваны партрэт Войшалка ў Лаўрышаўскім эвангельлі

Нарадзіўся ў 1223 годзе. Каля 1245 году ў Наваградку разам з бацькам і яго баярамі ахрысьціўся ў праваслаўе. Быў, відаць, наваградзкім намесьнікам Міндоўга. Магчыма, маецца на ўвазе пад ананімным «сынам Міндаўга», які ў 1251—1252 гадох ваяваў у ваколіцах Турыйску на Валыні, але гэта мог быць і Даўмонт (калі вернае меркаваньне некаторых крыніцаў, што апошні таксама быў сынам Міндаўга).

Першы пісьмовы ўспамін пра Войшалка знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1254 годам, калі ён стаў наваградзкім князем. У тым жа годзе склаў мір з галіцка-валынскімі князямі, выдаў замуж за Шварна Данілавіча сваю сястру і перадаў Наваградзкае княства Раману Данілавічу. Сам жа пайшоў у Палонінскі манастыр на Валыні, дзе прыняў пострыг пад імем Лаўрыш.

Па трох гадох жыцьця ў Палонінскім манастыры, дзесьці ў 1256 або 1257 годзе выправіўся ў паломніцтва на гару Атон, але мусіў вярнуцца з Баўгарыі з прычыны вайны, якая ішла там. Каля 1260 году разам з 10—12 манахамі заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[a]. Гэты манастыр пазьней атрымаў назву Лаўрышаўскага манастыра (цяпер вёска Лаўрышава, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Першым ігуменам манастыра быў прападобны Елісей.

Войшалк пражыў у манастыры каля году, да нападу Бурундая з галіцка-валынскімі князямі ў 1258 годзе на Літву. У гэты час ён выйшаў з манастыра і, зьяднаўшыся з сваім стрыечным братам Таўцівілам, захапіў Рамана Данілавіча і забіў яго, зноў стаўшы наваградзкім князем.

У 1263 годзе па забойстве Транятам Міндаўга і Таўцівіла на кароткі час зьбег у Пінск. Але ўжо ў 1264 годзе разам зь пінскім войскам вярнуўся ў Наваградак, дзе злучыўся з дружынамі наваградзкіх баяраў і пайшоў ўсталёўваць сваю ўладу ў Літве, зьнішчыўшы шмат сваіх ворагаў.

Прызнаў уладу Васількі Раманавіча і князяваў разам з Шварнам Данілавічам, з дапамогай якіх заваяваў Нальшаны і Дзяволтву. У 1267 годзе перадаў уладу Шварну і пайшоў у манастыр на Валыні.

Прыкладна ў красавіку 1268 году старэйшы брат Шварна Леў Данілавіч паклікаў Войшалка да сябе ва Ўладзімер Валынскі на паляваньне, дзе ўласнаручна забіў яго[26]. Летапіс тлумачыць забойства тым, што Леў меў крыўду на Войшалка, які перадаў уладу над Літвой не яму, а Шварну[2].

Папярэднік
Транята
Вялікі князь літоўскі
1264—1267
Наступнік
Шварн
  1. ^ Пераклад з старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч А. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 20.12.2015.
  1. ^ Vojšałk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 219.
  2. ^ а б Насевіч В. Войшалк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 463.
  3. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 231.
  4. ^ Ермаловіч М. Войшалк // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 349.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  6. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 101, 102.
  7. ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1964. P. 167.
  8. ^ Gottschald M. Deutsche Namenkunde: Unsere Familiennamen nach ihrer Entstehung und Bedeutung. — Berlin, 2006. S. 522.
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  10. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
  11. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 111.
  12. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 49.
  13. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 113.
  14. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
  15. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 59.
  16. ^ Договор полоцкого князя Изяслава от имени Полоцка и Витебска с Ригой (1264—1267), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  17. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 1. — Leipzig, 1861. S. 767.
  18. ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 58.
  19. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 112—113.
  20. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 39.
  21. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 180.
  22. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 192.
  23. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 133.
  24. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 29—30.
  25. ^ Monumenta Poloniae historica. Pomniki dziejowe Polski / A. Bielowski. T. 2. — Lwów, 1872. S. 997.
  26. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 38.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]