Перайсьці да зьместу

Дзяволтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дзяволтва (Дзевалтва) — гістарычная краіна зь няпэўнымі межамі.

На думку гісторыка Міколы Ермаловіча, летапісная назва «Дзяволтва» — гэта сьцягнутая форма «Дзевалотва», што можа казаць пра насельнікаў гэтай краіны як адгалінаваньні балтыйскага племя лотвы, што ў старажытныя часы гіпатэтычна насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі. На карысьць гэтага можа сьведчыць тое, што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва называецца Лотвай[1].

Упершыню ўпамінаецца ў Галіцка-Валынскім (Іпацьеўскім) летапісе, дзе падаецца пералік князёў, якія падпісалі мірную ўмову 1219 году: «се кнѧзи из Дяволтвы: Юдьки · Поукѣикъ · Бикши · Ликиикъ». Існуе меркаваньне, што два апошнія князі (як Bixe і Lygeyke) упамінаюцца ў акце Міндоўга 1260 году, якім ён перадаў, у выпадку браку ў яго спадкаемцаў, сваё каралеўства Тэўтонскаму ордэну (дакумэнт прызнаецца дасьледнікамі фальсыфікатам)[2].

У Іпацьеўскім летапісе (Іпацьеўскі сьпіс) пад 1264 годам адзначаецца, што Войшалк з дапамогай валынскіх князёў Шварна і Васількі, помсьцячы сваім ворагам, захапіў іх гарады «во Дявелътве и в Нальщанехъ». Мяркуецца, што да канца XIII стагодзьдзя Дзяволтва як асобная зямля з сваёй палітычнай арганізацыяй перастала існаваць і падпарадкавалася беспасярэдне вялікім князям літоўскім[2].

Гістарычныя крыніцы не захавалі пэўнай інфармацыі пра межы Дзяволтвы. Паводле гістарычнай традыцыі, захаванай, у прыватнасьці, у хроніцы Мацея Стрыйкоўскага, Дзяволтва прывязвалася да ракі Сьвятой[2]. Гісторык Генрык Лаўмянскі зьвязваў Дзяволтву з населеным пунктам Дзевалтовам[3].

  1. ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Менск, 2000. С. 40.
  2. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 201.
  3. ^ Кізін А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы ў гістарыяграфіі і розныя значэнні тэрміна «Літва» // 79-я научная конференция студентов и аспирантов Белорусского государственного университета: материалы конф., Минск, 10–21 мая 2022 г. В 3 ч. Ч. 3 / Белорус. гос. ун-т ; редкол.: В. Г. Сафонов (гл. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2023. С. 108.