Нальшаны
Нальшаны, Нальшчаны — гістарычная краіна зь няпэўнымі межамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню ўпамінаюцца ў 1229 і 1247 гадох пад назвай Nalsen у Старэйшай рыфмаванай хроніцы пры апісаньні выправаў інфлянцкіх рыцараў. Разьмяшчаліся паміж уладаньнямі Інфлянцкага ордэну і Літвой (durh Nalsen kein Litowen — праз Нальшаны ў Літву)[1].
Аўтар лацінамоўнага трактату «Апісаньня земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які быў на каранацыі Міндоўга, упамінае Жамойць, Літву, Нальшчаны, Яцьвезь[2].
У грамаце Міндоўга ад 15 чэрвеня 1260 году (разглядаецца дасьледнікамі як фальсыфікат) упамінаецца Гердзень з Нальшанаў (Gerdine de Nailse)[3][4].
Галіцка-Валынскі (Іпацьеўскі) летапіс паведамляе пад 1258 годам, што татары хана Бурундая пры наступе з поўдня пасьлядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую». Таксама ў Іпацьеўскім летапісе нальшанскім князем называецца Даўмонт. Пад 1264 годам летапіс паведамляе, што Войшалк з дапамогай валынскіх князёў Шварна і Васількі, помсьцячы сваім ворагам, захапіў іх гарады «во Дявелътве и в Нальщанехъ».
Апошні раз Нальшаны ўпамінаюцца ў 1268 годзе, калі пад пратэктарат рыскага арцыбіскупа перайшоў Суксэ (Suxe), «нобіль Лятовіі з правінцыі Нальшанаў» (nobilis de Lettowia de provincia Nalsen). Мяркуецца, што па выправе Войшалка ў 1264 годзе, Нальшаны трапілі пад беспасярэдні кантроль вялікага князя літоўскага і страцілі палітычную незалежнасьць[5].
У дакумэнце дацкага караля Эрыка Мэнвэда ад 1298 году тэрыторыя пад назвай Nalexe, падуладная рыскаму арцыбіскупу, упамінаецца ў тым жа кантэксьце, што і тэрыторыя пад назвай Semigallia. Паводле Пскоўскага летапісу, «В лето 6876 (1368) рать Немецкая ў Велья из Налесья была…»[6] (сяло Вельле месьціцца на ўсход ад места Пыталава Пскоўскай вобласьці). Тым часам назва «Налесьсе» бытавала ў XVI стагодзьдзі ў Наўгародзкай зямлі[7].
Даследнік-краязнаўца XIX стагодзьдзя Адам Кіркор лічыў, што Нальшаны ахоплівалі тэрыторыю Сьвянцянскага павету з цэнтрам у Гальшанах (праз сугучча словаў Гальшаны — Нальшаны)[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сіцька З. «…Ясней ад перлаў і золата кароны» (да 750-годдзя каранацыі Міндоўга) // Беларускi гістарычны часопіс. № 5, 2003. С. 9—17.
- ^ Апісанне земляў (з Дублінскага рукапісу XIII ст.). Alba Ruscia // Спадчына. № 6, 1993. С. 63—68.
- ^ Пожалование Миндовга для Тевтонского ордена в Ливонии на всю Литовскую землю — фальсификат (1260), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
- ^ Насевіч В. Нальшчаны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 344.
- ^ Псковские летописи. Вып. 2. — М., 1955. С. 104.
- ^ Неволин К. А. О пятинах и погостах новгородских в XVI веке. — СПб., 1853. С. 181.
- ^ Живописная Россия. Т. 3: Литовское и Белорусское Полесье. — СПб., 1882. С. 76.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0