Браціслава
Браціслава | |||||
славац. Bratislava | |||||
Выгляд на Браціславу з Браціслаўскага граду | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 907 | ||||
Горад з: | 1291 | ||||
Былыя назвы: | Пожань, Прэсбург, Прэшпарак | ||||
Краіна: | Славаччына | ||||
Край: | Браціслаўскі | ||||
Прыматар: | Матуш Валла[d] | ||||
Плошча: | 367,584 км² | ||||
Вышыня: | 134 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2009) | |||||
колькасьць: | 471 061 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1281,51 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +421 02 | ||||
Паштовы індэкс: | 8XX XX | ||||
Нумарны знак: | BA | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 48°8′41″ пн. ш. 17°6′46″ у. д. / 48.14472° пн. ш. 17.11278° у. д.Каардынаты: 48°8′41″ пн. ш. 17°6′46″ у. д. / 48.14472° пн. ш. 17.11278° у. д. | ||||
Браціслава | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.bratislava.sk/ |
Брацісла́ва (па-славацку: Bratislava; па-славацку: Prešporok/Prešporek, па-нямецку: Pressburg, па-вугорску: Pozsony) — сталіца і найбуйнейшы горад Славаччыны. Разьмяшчаецца на паўднёвым захадзе краіны па абодвух берагах Дунаю. Мяжуючы з Аўстрыяй і Вугоршчынай, Браціслава зьяўляецца адзінай нацыянальнай сталіцай, якая гранічыць адразу зь дзьвюма незалежнымі дзяржавамі. Браціслава і Вена зьяўляюцца найбліжэйшымі адна да адной эўрапейскімі сталіцамі, адлегласьць між якімі складае менш за 60 км.
Браціслава зьяўляецца культурным, палітычным і эканамічным цэнтрам Славаччыны. Тут знаходзяцца месцы паседжаньня славацкага прэзыдэнта, парлямэнту і ўраду. Сталіца ўтрымлівае некалькі ўнівэрсытэтаў, музэяў, тэатраў, галерэяў і іншых істотных культурных і адукацыйных адзінак[1]. Штаб-кватэры асноўных славацкіх фінансавых і бізнэс арганізацыяў таксама месьцяцца ў сталіцы.
На гістарычны лёс гораду, які працяглы час быў вядомы пад нямецкім імем Прэсбург, паўплывалі прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў, накшталт аўстрыйцаў, чэхаў, немцаў, вугорцаў, славакаў і габрэяў[2]. Горад быў сталіцай Вугорскага каралеўства, часткай тэрыторыяў больш вялікай Габсбурскай манархіі[3], з 1536 па 1783 гады зьяўляўся домам для шматлікіх славацкіх, вугорскіх і нямецкіх гістарычных постацяў.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Браціслава, перайменаваная 6 сакавіка 1919 году, на працягу сваёй гісторыі была вядомая пад шматлікімі назвамі на розных мовах. Першай зафіксаванай назвай гораду зьяўляецца, імаверна, «Brezalauspurc» (літаральна: Браслаўскі замак), якая згадваецца ў Зальцбурскіх аналах (Annales Iuvavenses) X стагодзьдзя. Іншымі варыянтамі былі: ням. Pressburg раней Preßburg ˈpʁɛsbʊɐk (дагэтуль выкарыстоўваецца ў нямецкамоўных краінах — збольшага ў Аўстрыі, радзей у Нямеччыне), па-вугорску: Pozsony poʒoɲ[3] (дагэтуль ужываецца ў Вугоршчыне), колішняя славацкая назва: «Prešporok»[4].
Іншымі варыянтамі зьяўляліся: грэц.: Ιστρόπολις «Istropolis» (літаральна: «горад на Дунаі», гэтаксама на лаціне), чэск. Prešpurk, франц. Presbourg, італ. Presburgo, лац. Posonium, харв. Požun, рум. Pojon. Варыянт «Pressburg» таксама ўжываўся ў англамоўных публікацыях да 1919 году, што месцамі выкарыстоўваецца і дагэтуль.
Старыя пісьмовыя крыніцы могуць спрычыніць блытаніну з лацінскімі формамі Bratislavia, Wratislavia і г. д., што азначае Ўроцлаў (Брэслаў) у Польшчы, а не Браціславу[5].
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год у Браціславе месьцілася галаўная сядзіба «Славацкай ашчаджальні», што была найбольшым банкам Славаччыны. На 2021 год «Фольксваген Славаччыны» меў у Браціславе аўтазавод, заснаваны ў сакавіку 1991 году, які быў адным з найбольшых прамысловых прадпрыемстваў краіны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першае паселішча на тэрыторыі Браціславы датуецца пэрыядам лінейна-стужкавай керамікі, каля 5000 г. да н. э. Каля 200 г. да н. э. кельцкае племя бойі засноўвае тут першае буйное паселішча, якое ўяўляе сабой умацаваны опідум і зьмяшчае ўласную мынцу па вырабе біятэкаў — кельцкіх срэбраных манэтаў[6]. Гэты абшар трапляе пад кантроль Рымскай імпэрыі з I па IV стагодзьдзі н. э., пасьля чаго тут ствараюцца лімэсы — прымежныя абарончыя ўмацаваньні. Пазьней на гэтую тэрыторыю рымляне прыўнесьлі вінаградарства, што заклала пачатак традыцыі вінаробства, якая захавалася і дасёньня[7].
Славяне пачалі засяляць гэты абшар у V—VI стагодзьдзях падчас Вялікага перасяленьня народаў[8]. У адказ на жорсткія напады цюркамоўнага племені авараў, было заснавана першае славянскае дзяржаўнае ўтварэньне — Дзяржава Сама (623—658). У IX стагодзьдзі Браціслаўскі і Дзевінскі замкі сталі істотнымі цэнтрамі славянскіх дзяржаваў: Нітранскага княства і Вялікай Маравіі[9]. Зь іншага боку, выказваліся меркаваньні пра прыналежнасьць абодвух замкаў адно да Вялікай Маравіі, што грунтавалася на мовазнаўчых прыкладах і факце адсутнасьці пераконваючых археалягічных зьвестак[10][11]. Першыя пісьмовыя згадкі пра паселішча з назвай «Brezalauspurc» датуюцца 907 годам і апісваюць перамогу баварскага войска над вугорскім[10]. Гэтая бітва храналягічна супадае з пэрыядам заняпаду Вялікай Маравіі пад націскам вугорскіх войскаў[12]. Зрэшты, дакладнае месца бітвы застаецца невядомым, але некаторыя дасьледнікі лічаць, што яна адбылася на возеры Балатон[13].
У X стагодзьдзі тэрыторыя Прэсбургу ўвайшла ў склад Каралеўства Вугоршчыны і стала істотным эканамічным і адміністрацыйным цэнтрам на дзяржаўнай мяжы[14]. Такое стратэгічнае знаходжаньне гораду стала прычынай частых набегаў і бітваў на подступу да яго тэрыторыяў, аднак гэта кампэнсавалася хуткім эканамічным ростам і самавітым палітычным статусам. Упершыню свае гарадзкія правы Прэсбург атрымаў у 1291 годзе ад караля Андраша III, у 1405 годзе на загад караля Жыгімонта Люксэмбурскага быў узьведзены ў статус вольнага каралеўскага гораду, а ў 1436 годзе Прэсбург атрымаў свой уласны герб[15].
У 1526 годзе пасьля бітвы пры Мохачы Каралеўства Вугоршчына было захоплена Асманскай імпэрыяй. Неўзабаве туркі аблажылі горад, але, моцна яго пашкоджіўшы, так і не дамагліся яго захапіць[16]. У выніку тэрытарыяльных зьменаў у краіне, у 1536 годзе Прэсбург становіцца новай сталіцай Вугоршчыны ў складзе аўстрыйскай Габсбурскай манархіі, што заклала пачатак новай эры ў гісторыі гораду. Цяпер Прэсбург стаў месцам правядзеньня каранацыяў і паседжаньня манархаў, арцыбіскупаў (1543), арыстакратыі і іншых буйных арганізацыяў і ўстановаў. У пэрыяд з 1536 па 1830 год адзінаццаць вугорскіх каралёў каранаваліся ў Катэдральным саборы Сьвятога Марціна[17]. Тым ня менш, усё XVII стагодзьдзе было адзначана антыгабсбурскімі паўстаньнямі, бітвамі супраць туркаў, пошасьцю чумы і іншымі катастрофамі[18].
Цягам XVIII стагодзьдзя падчас кіраваньня Марыі Тэрэзіі[19] Прэсбург становіцца найбуйнейшым і найважнейшым горадам Вугоршчыны[20]. Колькасьць насельніцтва павялічваецца ў тры разы; будуецца вялікая колькасьць новых палацаў[19], манастыроў, сядзібаў і вуліцаў; горад становіцца цэнтрам сацыяльнага і культурнага жыцьця рэгіёну[21]. Аднак, за часам кіраваньня сына Марыі Тэрэзіі Ёзэфа II[19] горад пачаў губляць свае пазыцыі, асабліва калі ў 1783 годзе карона вугорскіх каралёў была перанесеная ў Вену дзеля ўзмацненьня саюзу паміж Аўстрыяй і Вугоршчынай. Усе цэнтральныя ўстановы неўзабаве перамясьціліся ў Буду, за якімі пасьледвала вялікая колькасьць арыстакратыі[22]. Першыя газэты на вугорскай і славацкай мовах публікаваліся ў Прэсбургу: «Magyar hírmondó» (1780) і «Presspurske Nowiny» (1783), адпаведна[23]. Праз усё XVIII стагодзьдзе горад нёс функцыю грамадзка-культурнага цэнтру Славацкага нацыянага адраджэньня.
Усё XIX стагодзьдзе гісторыя гораду была шчыльна зьнітаваная з асноўнымі падзеямі тагачаснае Эўропы. У 1805 годзе тут быў падпісаны Прэсбурскі мір паміж Аўстрыяй і Францыяй. Дзевінскі замак быў зруйнаваны войскамі Напалеона ў 1809 годзе[24]. У 1825 годзе на сродкі вугорскага палітыка-рэфарматара Іштвана Сэчэні была заснаваная Вугорская акадэмія навук. У 1846 годзе вугорская мова стала афіцыйнай мовай заканадаўства, дзяржаўнага ўпраўленьня і адукацыі[25]. У адказ на падзеі Рэвалюцыі 1848—1849 гадоў у Вугоршчыне Фэрдынанд V падпісаў так званыя Красавіцкія законы, якія скасоўвалі прыгоннае права[26]. Прэсбург выступіў на баку рэвалюцыйных вугорцаў, але быў захоплены аўстрыйцамі ўжо ў сьнежні 1848 году.[27]. У XIX стагодзьдзі сфэра індустрыі разьвівалася надзвычай хуткімі тэмпамі. Першая конна-жалезная гарадзкая чыгунка ў Вугоршчыне[28] была збудаваная ў 1840 годзе ад Прэсбургу да мястэчка Сьвяты Юр[29]. Новая лінія да Вены, ужо з выкарыстаньнем паравоза адкрылася ў 1848 годзе[30]. Узьнікала мноства новых фінансавых, прамысловых і іншых установаў; да прыкладу, першы банк на тэрыторыі Славаччыны быў заснаваны ў 1842 годзе[31]. Першы гарадзкі мост цераз Дунай быў узьведзены ў 1891 годзе[32].
Да Першай сусьветнай вайны этнічны склад насельніцтва быў наступным: немцы — 42%, вугорцы — 41%, славакі — 15% (перапіс 1910). Па заканчэньні Першай сусьветнай вайны і ўтварэньня 28 кастрычніка 1918 году Чэхаславаччыны, горад увайшоў у склад новаўтворанай дзяржавы, не зважаючы на нежаданьне шматлікіх яго прадстаўнікоў[33]. Пераважная частка вугорскага і нямецкага насельніцтва імкнулася прадухіліць уваход гораду ў склад Чэхаславаччыны, што выявілася ў абвяшчэньні Прэсбургу вольным горадам. Зрэшты, чэхаславацкія легіёны акупавалі горад 1 студзеня 1919 году, які неўзабаве быў далучаны да Чэхаславаччыны[33]. Горад стаў месца паседжаньня славацкіх палітычных органаў і арганізацыяў і стаў сталіцай краіны з 4 на 5 лютага[34]. 12 лютага 1919 году нямецка-вугорскае насельніцтва зладзіла пратэсныя акцыі супраць чэхаславацкай акупацыі, але чэхаславацкія легіёны адкрылі агонь па бяззбройных дэманстрантах[35]. 27 сакавіка 1919 году найменьне «Браціслава» ўпершыню стала афіцыйнай назвай гораду[36]. Пакінутыя без аніякае падтрымкі пасьля адыходу вугорскай арміі, вугорцы былі вымушаныя добраахвотна альбо гвалтоўна высяляцца з сваіх дамоў[37], якія пасьля іх адыходу занімалі чэхі і славакі. Адукацыя на вугорскай і нямецкай мовах была істотным чынам зьніжаная[38]. Паводле чэхаславацкага перапісу 1930 году колькасьць вугорскага насельніцтва Браціславы складала 15.8%.
У 1938 годзе нацыская Нямеччына анэксавала суседнюю Аўстрыю ў аншлюс; сёлета да Трэцяга райху былі далучаныя мястэчкі Пэтржалка і Дзевін[39][40]. 14 сакавіка 1939 году Браціслава была абвешчана сталіцай першай незалежнай Славацкай рэспублікі, але новае дзяржаўнае ўтварэньне хутка трапіла пад кантроль нацыстаў. У 1941—1942 і 1944—1945 гадах новы славацкі ўрад высяліў з Браціславы прыкладна 15 000 габрэяў[41], большасьць зь якіх неўзабаве трапіла ў канцэнтрацыйныя лягеры[42]. Браціслава падзьверглася пэрыядычным бамбардаваньням саюзных войскаў, будучы пасьля вызваленай савецкай Чырвонай арміяй 4 красавіка 1945 году[39][43]. Напрыканцы Другой сусьветнай вайны большасьць браціслаўскіх немцаў былі эвакуяваныя нямецкімі ўладамі; толькі некаторыя зь іх вярнуліся пасьля вайны, але былі адразу высланыя бяз права на маёмасьць паводле дэкрэтаў Бэнэша[44].
Пасьля прыходу да ўлады ў лютым 1948 году Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны, горад стаў часткай Усходняга блёку. Да Браціславы далучаюцца новыя тэрыторыі, што станоўча ўплывае на рост колькасьці насельніцтва (колькасьць славакаў складала каля 90%). Пачынаецца будаўніцтва масіўных жылых раёнаў, якія складаюцца з высотных панэльных дамоў. Камуністычны ўрад узьвёў шэраг такіх грандыёзных збудаваньняў, як Новы мост і штаб-кватэра Славацкага радыё.
У 1968 годзе, пасьля беспасьпяховых спробаў лібэралізаваць камуністычны ўрад, паводле Варшаўскай дамовы горад быў заняты савецкімі войскамі. Неўзабаве Браціслава стала сталіцай Славацкай сацыялістычнай рэспублікі, адной зь дзьвюх фэдэральных адзінак Чэхаславаччыны. Браціслаўскія дысыдэнты паскорылі падзеньне камунізму Дэманстрацыяй са сьвечкамі 1988 году. Неўзабаве горад стаў адным зь перадавых цэнтраў Аксамітнай рэвалюцыі 1989 году[45].
У 1993 годзе горад стаў сталіцай новаўтворанай Славацкай рэспублікі, што пасьледвала за Аксамітным разводам[46]. У 1990-х гг. і пачатку XXI стагодзьдзя эканоміка гораду адчула фэнамэнальны эканамічны пад’ем, дзякуючы замежным інвэстыцыям. Квітнеючы горад стаў месцам некаторых важных культурных і палітычных мерапрыемстваў, накшталт Славацкага саміту 2005 году паміж Джорджам У. Бушам і Ўладзімерам Пуціным.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Браціслава знаходзіцца ў паўднёва-заходняй Славаччыне ў межах Браціслаўскага краю. Сталіца мяжуе з Аўстрыяй і Вугоршчынай, што робіць яе адзінай нацыянальнай сталіцай, якая гранічыць адразу зь дзьвюма незалежнымі дзяржавамі. Яна знаходзіцца за 62 км ад граніцы з Чэхіяй і за 60 км ад аўстрыйскай сталіцы Вены[47].
Браціслава мае плошчу 367,584 км², што робіць яе другім па велічыні горадам Славаччыны пасьля мястэчка Высокія Татры[48]. Горад стаіць на рацэ Дунай, які перасякае яго тэрыторыю з захаду на паўднёвы-ўсход. Басэйн Сярэдняга Дунаю пачынаецца зь Дзевінскай брамы ў заходняй Славаччыне. Іншай буйной ракой зьяўляецца Морава, якая працякае праз паўночна-заходнюю мяжу гораду і ўпадае ў Дунай ля Дзевінскай брамы, Малы Дунай і Выдрыцу, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дунай ля мястэчка Карлава Вэс.
Горны хрыбет Карпатаў пачынаецца на тэрыторыі гораду Малымі Карпатамі. Загор’е і Дунайская нізіны распасьціраюцца часткова і па абшарах Браціславы. Найніжэйшы пункт гораду — водная паверхня Дунаю (126 м н. у. м), найвышэйшы — гара Дзевінска Кобыла (514 м н. у. м.). Сярэдняя вышыня складае 140 мэтраў[49].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Браціслава знаходзіцца ў паўночнай зоне ўмеранага кантынэнтальнага клімату. Надвор’е часьцяком ветранае з значнымі перападамі тэмпэратуры паміж гарачым летам і халоднай вільготнай зімой. Горад знаходзіцца ў адным з самых цёплых і сухіх раёнаў Славаччыны[50]. Апошнім часам назіраецца хуткі пераход ад зімы да лета і наадварот, што скарачае восеньскі і веснавы пэрыяды. Сьнег выпадае радзей за папярэднія гады[51]. Некаторыя зоны, у прыватнасьці Дзевін і Дзевінска Нова Вэс уразьлівыя да разводзьдзяў Дунаю і Моравы[52]. Новая проціпавадкавая ахова была збудаваная з абодвух берагоў ракі[53].
Кліматычныя зьвесткі для Браціславы | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Сярэдні максымум t, °C | 2 | 5 | 11 | 16 | 22 | 24 | 27 | 27 | 22 | 15 | 8 | 4 | 15 |
Сярэдні мінімум t, °C | −3 | −2 | 1 | 5 | 10 | 13 | 15 | 14 | 11 | 6 | 1 | −1 | 6 |
Норма ападкаў, мм | 42 | 37 | 36 | 38 | 54 | 61 | 52 | 52 | 50 | 37 | 50 | 48 | 557 |
Крыніца: World Weather // Weather Information for Bratislava |
Гарадзкі пэйзаж і архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У асноўным гарадзкі пэйзаж Браціславы складаецца з шматлікіх сярэднявечных вежаў і велічных будынкаў XX стагодзьдзя. Горад зазнаў значныя перамены падчас будаўнічага буму ў пачатку XVI стагодзьдзя[54].
Большасьць гістарычных збудаваньняў засяроджана ў Старым горадзе. Напрыклад, Старую ратушу Браціславы, якая ўяўляе сабой комплекс з трох будынкаў, узьведзеных у XIV—XV стагодзьдзях, дзе цяпер месьціцца музэй гораду Браціславы. Міхайлаўская брама зьяўляецца адзіным захаваўшымся прыкладам сярэднявечных умацаваньняў і адным з самых старажытных будынкаў Браціславы[55]. У будынку ўнівэрсытэцкай бібліятэкі, пабудаванай у 1756 годзе, з 1802 па 1848 гады месьціўся заканадаўчы орган Вугорскага каралеўства[56]. Тут было зацьверджана шмат істотных заканадаўчых актаў у гісторыі Вугоршчыны пэрыяду рэформаў (скасаваньне прыгоннага права, заснаваньне Вугорскай акадэміі навук і г. д.)[56].
Гістарычны цэнтар утрымлівае мноства барокавых палацаў. Палац Грасалкавічаў, збудаваны ў 1760 годзе, цяпер зьяўляецца рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Славаччыны, а Летні арцыбіскупскі палац зьяўляецца месцам паседжаньняў ураду Славаччыны[57]. У 1805 годзе пасьля бітвы пад Аўстэрліцам дыпляматы Напалеона і Франца II падпісалі Прэсбурскі мір у Прыматавым палацы[58]. Некаторыя невялікія дамы таксама маюць гістарычную каштоўнасьць; кампазытар Ёган Нэпамук Гумэль нарадзіўся ў адным з дамоў Старога гораду.
Вартым увагі рэлігійным збудаваньнем зьяўляецца гатычны катэдральны сабор сьвятога Марціна XIII—XVI стагодзьдзяў, які з 1563 па 1830 гады служыў месцам каранаваньня вугорскіх манархаў[59]. Францішканскі касьцёл XIII ст. быў месцам правядзеньня шматлікіх рыцарскіх цырымоніяў і зьяўляецца найстарэйшым захаваўшымся сакральным збудаваньнем Браціславы[60]. Царква Сьвятой Лізаветы, больш вядомая пад назвай Блакітная царква, цалкам збудаваная ў стылі мадэрн.
Адзінымі вайсковымі могілкамі ў Браціславе зьяўляецца Славін, урачыста адкрыты савецкай арміяй у 1960 годзе ў гонар загінулых салдатаў падчас вызваленьня Славаччыны ў 1945 годзе. Таксама тут адкрываецца жывапісны выгляд на горад і Малыя Карпаты[61][62].
Іншыя выбітныя збудаваньні XX стагодзьдзя ўключаюць у сябе Новы мост цераз Дунай з высотным рэстаранам у форме НЛА, будынак штаб-кватэры Славацкага радыё ў форме перакуленай дагары піраміды і ўнікальна спраектаваную тэлевежу Kamzík зь месцам для панарамнага агляду і вярчальным рэстаранам. Напачатку XXI стагодзьдзя новая забудова зьмяніла колішні гарадзкі пэйзаж[63]. Падчас будаўнічага буму ўзводзіліся новыя грамадзкія будынкі накшталт моста Апалён і новага будынку Славацкага нацыянальнага тэатру[64] .
Браціслаўскі замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Браціслаўскі замак — адна з найбольш выдатных мясьцінаў Браціславы, якая знаходзіцца на 85-мэтровым узвышшы над Дунаем. Замкавы ўзгорак быў заселены людзьмі яшчэ ў пераходным пэрыядзе паміж каменным і бронзавым вякамі[65]. Пазьней быў акропалем кельцкага мястэчка, часткай рымскіх лімэсаў, вялікім умацаваным славянскім паселішчам, палітычным, вайсковым і рэлігійным цэнтрам Вялікай Маравіі[66]. Каменны замак быў збудаваны не раней за X стагодзьдзе, калі яго тэрыторыя была часткай Каралеўства Вугоршчыны. У 1430 годзе падчас кіраваньня Жыгімонта Люксэмбургскага замак быў пераўтвораны ў гатычную антыгусіцкую цьвердзь, пазьней у 1562 годзе набыў рысы стылю рэнэсанс[67] і быў перабудаваны ў 1649 годзе ў стылі барока. Падчас кіраваньня каралевы Марыі Тэрэзіі замак стаў прэстыжным месцам каралеўскіх паседжаньняў. У 1811 годзе замак быў ненаўмысна зьнішчаны пажарам і ляжаў у руінах да 1950-х гг., калі ён быў адноўлены ў колішнім тэрэзіянскім стылі.
Дзевінскі замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зруйнаваны і за апошні час адноўлены Дзевінскі замак знаходзіцца ў гарадзкім раёне Дзевін на вяршыні гары, дзе рака Морава, якая фармуе граніцу паміж Аўстрыяй і Славаччынай, уцякае ў Дунай. Гэта адно з найважнейшых археалягічных месцаў Славаччыны, якое месьціць музэй, прысьвечаны ўласнай гісторыі[68]. Праз сваё стратэгічнае месцазнаходжньне Дзевінскі замак быў надзвычай важным прымежным замкам Вялікай Маравіі і раньняга Вугорскага каралеўства. Ён быў зруйнаваны войскамі Напалеона ў 1809 годзе. Гэта істотны сымбаль славацкай і славянскай гісторыі[69].
Русаўцэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Русаўскі замак з сваім ангельскім паркам знаходзіцца ў гарадзкім раёне Русаўцэ. Замак быў узьведзены ў XVII стагодзьдзі і быў перабудаваны ў стылізаваны пад ангельскую нэаготыку палац у 1841—1844 гг[70]. Гарадзкі раён таксама знакаміты руінамі колішняга рымскага лягера пад назвай Герулята, які быў пабудаваны і выкарыстоўваўся з I па IV стагодзьдзі, як частка абарончых лімэсаў[71].
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Разам зь Венай, Браціслава ўтварае супольную гарадзкую мэтраполію, | |||||
Раён | Насельніцтва | Этнас | Насельніцтва | ||
Браціслава I—V | 471 061 | славакі | 452 767 | ||
Браціслава I | 44 798 | вугорцы | 11 541 | ||
Браціслава II | 108 139 | чэхі | 7972 | ||
Браціслава III | 61 418 | немцы | 1200 | ||
Браціслава IV | 93 058 | маравы | 635 | ||
Браціслава V | 121 259 | харваты | 614 |
Ад часу свайго заснаваньня і да XIX стагодзьдзя немцы былі пераважнай этнічнай групай Браціславы[4]. Аднак аўстра-вугорскае пагадненьне 1867 году заклала пачатак актыўнай мадзярызацыі і пад канец Першай сусьветнай вайны 40% насельніцтва Прэсбургу размаўляла на вугорскай як на роднай мове, 42% — на нямецкай, 15% — на славацкай. Пасьля ўтварэньня Чэхаславаччыны ў 1918 годзе Браціслава засталася поліэтнічным горадам, аднак з тэндэнцыяй да дэмаграфічных зьменаў. У выніку славакізацыі[75][76] колькасьць чэхаў і славакаў у горадзе павялічылася, тым часам як колькасьць вугорцаў і немцаў рэзка ўпала. У 1938 годзе 59% насельніцтва гораду складалі чэхі і славакі, 22% — немцы і 13% — вугорцы[77]. Утварэньне Першай Славацкай рэспублікі ў 1939 годзе прыўнесла іншыя зьмены, найбольш значнымі зь якіх былі масавая высылка чэхаў і дэпартацыя габрэяў у межах Галакосту[4]. У 1945 годзе большасьць немцаў была эвакуяваная. Пасьля аднаўленьня Чэхаславаччыны, у выніку дэкрэтаў Бэнэша (часткова ануляваных у 1948) пачаўся калектыўны ўціск на нямецкія і вугорскія этнічныя меншасьці шляхам экспрапрыяцыі іхняе маёмасьці і высылкі людзей у Нямеччыну, Аўстрыю і Вугоршчыну праз абвінавачваньне ў супроцоўніцтве з нацыскай Нямеччынай і Вугоршчынай супраць Чэхаславаччыны[42][78][79]. У гэты час горад набыў выразна славацкі характар[42]. Сотні людзей былі выселеныя ў часе камуністычнага прыгнёту 1950-х дзеля замяшчэньня «рэакцыённага» насельніцтва пралетарскай клясай[4][42]. З 1950-х гадоў славакі сталі дамінуючай этнічнай супольнасьцю гораду, складаючы каля 90% гарадзкога насельніцтва[4].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Браціслаўскі замак
- Дзевінскі замак
- Істрапалітанская акадэмія
- Царква Сьвятой Лізаветы альбо «Блакітная царква» (1907—1913) у стылі мадэрн, адно з найбольш вядомых збудаваньняў вугорскага архітэктара Эдзёна Лехнэра
- Міхайлаўская брама
- Маўзалей Хатама Софэра
- Катэдра Сьвятога Марціна
- Старая ратуша
- Славацкі нацыянальны тэатар
- Браціслаўскі заапарк
- Касьцёл Найсьвяцейшага Збавіцеля
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Brochure – Welcome to Bratislava (PDF). City of Bratislava. Праверана 25 красавічка 2007 2006 г.
- ^ Brochure – Culture and Attractions (PDF). City of Bratislava. Праверана 25 красавіка 2007 2006 г.
- ^ а б Ruth E. Gruber (1991-03-10) Charm and Concrete in Bratislava The New York Times. The New York Times Company. Праверана 2008-07-27 г.
- ^ а б в г д Peter Salner Ethnic polarisation in an ethnically homogeneous town // Czech Sociological Review. — 2001. — В. 2. — № 9. — С. 235–246.
- ^ Graesse, Orbis latinus
- ^ History – Celtic settlements. City of Bratislava (2005). Праверана 15 тараўня 2007 г.
- ^ History – Bratislava and the Romans. City of Bratislava (2005). Праверана 15 траўня 2007 г.
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 90
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 95
- ^ а б Gyula Kristó Korai Magyar Történeti Lexikon – 9–14. század (Encyclopedia of the Early Hungarian History – 9–14th centuries). — Budapest: 1994. — P. 128, 167. — ISBN 963 05 6722 9
- ^ Meine wissenschaftlichen Publikationen (Fortsetzung, 2002–2004). Uni-bonn.de (2006-10-31). Праверана 2009-05-28 г.
- ^ Špiesz, «Bratislava v stredoveku», p. 9
- ^ Charles R. Bowlus The battle of Lechfeld and its aftermath. — 2006. — P. 83.
- ^ History – Bratislava in the Middle Ages. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 2005 г.
- ^ Špiesz, «Bratislava v stredoveku», p. 132
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 30
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 62
- ^ Lacika, «Bratislava», pp. 31-34
- ^ а б в Jill Knight Weinberger (2000-11-19) Rediscovering Old Bratislava The New York Times. The New York Times Company. Праверана 2008-07-27 г.
- ^ Lacika, «Bratislava», pp. 34-36
- ^ Lacika, «Bratislava», pp. 35-36
- ^ History – Maria Theresa’s City. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 2005 г.
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», pp. 350—351
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 385
- ^ Erzsébet Varga, «Pozsony», p. 14 (Hungarian)
- ^ History – Between the campaigns of the Napoleonic troops and the abolition of bondage. City of Bratislava (2005). Праверана 15 траўня 2007 г.
Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 444 - ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 457
- ^ History – Austro-Hungarian Empire. Železničná spoločnosť Cargo Slovakia. Праверана 28 траўня 2008 г.
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», pp. 426—427
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 451
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 1», p. 430
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 41
- ^ а б Lacika, «Bratislava», p. 42
- ^ Tibenský, Ján et al. Slovensko: Dejiny. — Bratislava: 1971.
- ^ Marcel Jankovics, «Húsz esztendő Pozsonyban», p. 65-67 (Hungarian)
- ^ History – First Czechoslovak Republic. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 г.
- ^ History of Hungarians in the first Czechoslovak Republic (1918–1919 section) Праверана 5 верасьня 2008 г.
- ^ History of Hungarians in the first Czechoslovak Republic Праверана 22 чэрвеня 2008 г.
- ^ а б History – Wartime Bratislava. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 2005 г.
- ^ Kováč et al., «Bratislava 1939—1945», pp. 16-17
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 43. Kováč et al., "Bratislava 1939—1945, pp. 174—177
- ^ а б в г History – Post-war Bratislava. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 г.
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 2», p. 300
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 2», pp. 307—308
- ^ Kováč et al., «Kronika Slovenska 2» p. 498
- ^ History – Capital city for second time. City of Bratislava. Праверана 15 траўня 2007 г.
- ^ Autoatlas – Slovenská republika. — 2006. — В. 6th. — ISBN 80-8042-378-4.
- ^ Vysoké Tatry – Basic characteristics. Statistical Office of the Slovak Republic (December 31, 2005). Праверана 16 жніўня 2007 г.
- ^ Basic Information – Position. City of Bratislava (February 14, 2005). Праверана 1 траўня 2007 г.
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 10
- ^ Bratislava Weather (славацк.). City of Bratislava (March 14, 2007). Праверана 1 лістапада 2007 г.
- ^ Thorpe Nick (2002-08-16) Defences hold fast in Bratislava. BBC. Праверана 2007-04-27 г.
- ^ Handzo Juraj (2007-01-24) Začne sa budovať protipovodňový systém mesta (Construction starts for city's flood protection) (славацк.). Bratislavské Noviny. Праверана 2007-04-28 г.
- ^ Zuzana Habšudová City to cut tall buildings down to size // The Slovak Spectator.
- ^ Michael's Gate. Bratislava Culture and Information Centre. Праверана June 10, 2007 г.
- ^ а б University Library in Bratislava – The Multifunctional Cultural Centre. — 2005. — P. 34–36.
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 147
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 112
- ^ St. Martin’s Cathedral. City of Bratislava. Праверана 8 чэрвеня 2007 г.
- ^ Františkánsky kostol a kláštor (славацк.). City of Bratislava (February 14, 2005). Праверана 10 чэрвеня 2007 г.
- ^ Turistické informácie – Slavín (славацк.). City of Bratislava. Праверана 6 траўня 2007 г.
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 135
- ^ Visit Bratislava: Real Estate Market. City of Bratislava. Праверана 3 чэрвеня 2007 г.
- ^ Jana Liptáková New Slovak National Theatre opens after 21 years // The Slovak Spectator.
- ^ Lacika, «Bratislava», pp. 11-12
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 121
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 124
- ^ Beáta Husová Bratislava City Museum: Museums: Devín Castle – National Cultural Monument. Bratislava City Museum. Праверана 21 чэрвеня 2007 г.
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 191
- ^ Pamiatkové hodnoty Rusoviec – Rusovský kaštieľ (Historical landmarks of Rusovce – Rusovce mansion) (славацк.). Rusovce (2004-05-06). Праверана 1 чэрвеня 2007 г.
- ^ Múzeum Antická Gerulata (Ancient Gerulata Museum) (славацк.). Rusovce (May 6, 2004). Праверана 1 чэрвеня 2007 г.
- ^ Urban Bratislava. Statistical Office of the Slovak Republic (December 31, 2005). Праверана April 25, 2007 г.
- ^ Population and Housing Census 2001. Statistical Office of the Slovak Republic (2001). Праверана April 25, 2007 г.
- ^ Permanently resident population by nationality and by regions and districts — archive link
- ^ Iris Engemann (European University Viadrina, Frankfurt/Oder) The Slovakization of Bratislava 1918—1948. Processes of national appropriation in the interwar-period. CEU 07.03.2008 https://web.archive.org/web/20160303232607/http://web.ceu.hu/urbanstudiesworkshop/documents/iris_engemann.pdf
- ^ NAME CHANGES OF THE STREET IN BRATISLAVA FROM POLITICAL REASONS AFTER THE CREATION OF THE FIRST CZECHOSLOVAK REPUBLIC, The disintegration of the Austria-Hungarian Monarchy (In Hungarian)
- ^ Lacika, «Bratislava», p. 43
- ^ Germans and Hungarians in Pozsony (PDF) Праверана June 22, 2008 2008 г.
- ^ shp.hu Праверана June 22, 2008 2008 г.
|
|