Фольксваген Славаччыны
Каардынаты: 48°14′4″ пн. ш. 16°59′10″ у. д. / 48.23444° пн. ш. 16.98611° у. д.
«Фольксваген Славаччыны» | |
славац. Volkswagen Slovensko[1] | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 12 сакавіка 1991 (33 гады таму) |
Заснавальнікі | «Фольксваген» (Нямеччына), «Браціслаўскі аўтазавод» |
Уласьнікі | «Фольксваген» |
Краіна | Славаччына |
Разьмяшчэньне | Браціслава |
Адрас | акруга Браціслава 4, квартал Дзевінская Новая Весь, вул. Яна Ёнаша, д. 1[2] |
Ключавыя фігуры | Олівэр Грунбэрг, Франк Росьлер[3] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | аўтамабіль, скрынка перадачаў |
Абарачэньне | ▲10,39 млрд эўра (2019 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲520,4 млн эўра (2019 год) |
Чысты прыбытак | ▲447,9 млн эўра (2019 год)[4] |
Лік супрацоўнікаў | 12 100 (2020 год) |
Матчына кампанія | канцэрн «Фольксваген» (Нямеччына) |
Аўдытар | «ПрайсўотэрхаўсКупэры Славаччыны» |
«Фо́льксваген Слава́ччыны» — аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Славаччыны, заснаванае ў сакавіку 1991 году з удзелам «Браціслаўскага аўтазаводу».
На 2021 год прадпрыемства ўлучала 3 заводы ў Браціславе, Марціне (Жылінскі край) і Ступаве (Браціслаўскі край). Было адным з найбольшых прамысловых вытворцаў Славаччыны. Браціслаўскі завод быў адзіным у сьвеце, дзе выпускалі самаходы 5 марак. Прадпрыемства вырабляла 3 мадэлі электрамабіляў — гішпанскі хэчбэк «Сеат Міі», чэскі «Шкода Сіціго» і «Фольксваген Е-Ап», а таксама 6 іншых мадэляў 3-х марак: красовэры «Аўдзі Q7» і «Аўдзі Q8», «Поршэ Каен» і аднайменнае купэ, а таксама хэчбэк «Фольксваген Ап» і «Фольксваген Туарэг». Звыш 99 % вырабаў пастаўлялі за мяжу ў 158 краінаў, зь іх пераважна ў ЗША, Кітай і Нямеччыну. Таксама Браціслаўскі завод выпускаў трансьмісіі, завод у Марціне — аўтавузлы для трансьмісіі, а завод у Ступаве — прамысловыя прылады[3].
Заводы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Фольксваген Славаччыны» ўлучаў 3 заводы:
- Браціслава (вул. Яна Ёнаша, д. 1). Адзіны аўтазавод у сьвеце, дзе выраблялі 5 марак самаходаў. Адзіны вытворца электрамабіляў «Фольксваген Е-ап» і 8 іншых самаходаў — красовэраў «Аўдзі Q7» і «Аўдзі Q8», «Поршэ Каен», гішпанскага хэчбэка «Сеат Міі», хэчбэка «Фольксваген Ап» і красовэра «Фольксваген Туарэг», а таксама чэскага хэчбэка «Шкода Сіціго». Звыш 99 % вырабаў пастаўлялі за мяжу ў 158 краінаў.
- Марцін (Прамысловая вул., д. 1; Жылінскі край). Заснаваны ў 2000 годзе. Вырабляе вузлы для трансьмісіяў і шасі, у тым ліку: барабанныя і дыскавыя тармазы, дыфэрэнцыялы, колавыя калодкі, сынхронныя кольцы, флянцы і флянцавыя валы. Аўтавузлы ставілі на самаходы 5 эўрапейскіх марак: «Аўдзі», «Поршэ», «Сеат» (Гішпанія), «Фольксваген» і «Шкода» (Чэхія). Завод налічваў звыш 800 працаўнікоў і быў адным з найбольшых наймальнікаў у Жылінскім краі. Звыш 93 % вырабаў пастаўлялі за мяжу, а рэшту на Браціслаўскі завод.
- Ступава (Малацкая вул., д. 48; Браціслаўскі край). Адчыніўся ў кастрычніку 2014 году. У цэху на 0,6 га разьмясьцілі зварачныя абцугі і робатаў мацаваньня для вытворчасьці самаходаў[5].
Самаходы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Фольксваген Славаччыны» вырабляў 7 мадэляў самаходаў 5 эўрапейскіх марак: 4 красовэры 3-х марак — «Аўдзі Q7» і «Аўдзі Q8», «Поршэ Каен» і «Фольксваген Туарэг», а таксама 3 хэчбэкі 3-х марак — гішпанскі «Сеат Міі», чэскі «Шкода Сіціго» і «Фольксваген Ап»[6].
Сетка збыту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Фольксваген Славаччыны» меў 42 упаўнаважаныя прадаўцы ва ўсіх 8 краях Славаччыны:
- 4 у Банскабыстрыцкім краі — Банска Быстрыца, Зволен, Ладамэрская Веска і Лучанэц;
- 12 у Браціслаўскім краі — Браціслава (11) і Малацкі;
- 5 у Жылінскім краі — Дольны Кубін, Жыліна (2), Ліптаўскі Мікулаш і Марцін;
- 5 у Кошыцкім краі — Кошыцы (4) і Міхайлаўцы;
- 3 у Нітранскім краі — Нітра (2) і Новыя Замкі;
- 4 у Прэшаўскі краі — Вранаў-над-Топлёў, Гумэннэ, Попрад і Прэшаў;
- 6 у Трнаўскім краі — Галанта, Дунайская Стрэда, П’ешцяны, Сэніца, Трнава і Шаморын;
- 3 у Трэнчынскім краі — Поваска Быстрыца, Прэвідза і Трэнчын[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 сакавіка 1991 году ўрад Славаччыны, «Браціслаўскі аўтамабільны завод» і нямецкі аўтаканцэрн «Фольксваген»[8] заключылі Пагадненьне аб стварэньні таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Фольксваген Славаччыны». АТ «Фольксваген» атрымала 80 % паёў, а «Браціслаўскі аўтазавод» («БАЗ») — 20 %. Прадпрыемства разьмясьцілі на плошчах «Браціслаўскага аўтазаводу» ў квартале Дзевінская Новая Весь, які месьціцца ў акрузе Браціслава 4 на мяжы з Аўстрыяй. 14 лютага 1992 году пачалі вытворчасьць белых і чырвоных сэданаў «Фольксваген Пасат» 3-га пакаленьня. Штодзённая вытворчасьць склала 15 самаходаў. У студзені 1994 году сталі вырабляць хэчбэк «Фольксваген Гольф» 3-га пакаленьня. 22 жніўня 1994 году пачалі выраб трансьмісіяў для самаходаў «Гольф» і «Пасат»[9]. У лютым 1998 году вырабілі 100-тысячны самаход. Цягам 1998 году выпусьцілі мільённую трансьмісію, якую пастаўлялі на ўсе заводы «Фольксвагена» ў іншых краінах. 1 студзеня 1999 году канцэрн «Фольксваген» набыў 100 % паёў ТАА «Фольксваген Славаччыны» і пераўтварыў яго ў акцыянэрнае таварыства. 1 ліпеня 1999 году пачалася вытворчасьць хэчбэка «Фольксваген Пола» 2-х пакаленьняў і ў варыянце «Крос». Гэтая мадэль склала аснову вытворчасьці, якая перасягнула 777 000 асобнікаў. 29 траўня 2000 году ў паўночнаславацкім горадзе Марцін (Жылінскі край) запусьцілі вытворчасьць такіх аўтавузлоў, як трансьмісія, восі і стырно. У Марціне працавала 300 чалавек[10].
30 чэрвеня 2002 году на Браціслаўскім заводзе адчынілі новы зборачны цэх і станцыю тэхнічнага абслугоўваньня. Пачалася адзіная ў канцэрне вытворчасьць красовэра «Фольксваген Туарэг» і кузавоў для нямецкага красовэра «Поршэ Каен». Між зборачнага цэхам і выпрабавальнай аўтадарогай узьвялі канатную дарогу. У студзені 2003 году Браціслаўскі завод у Дзевінскай Новай Весі пачаў вырабляць гішпанскі хэчбэк «Сеат Ібіца». 28 траўня 2003 году выпусьцілі мільённы самаход, што зрабіла «Фольксваген Славаччыны» найбольшым аўтавытворцам краіны. 29 красавіка 2005 году вырабілі 1,5-мільённы самаход. У лістападзе 2005-га на Браціслаўскім заводзе стаў адзіным вытворцам нямецкага пазадарожніка «Аўдзі Q7»[11]. 21 красавіка 2006 году вытворчую лінію пакінуў 250-тысячны «Фольксваген Туарэг». 25 траўня 2007 году «Фольксваген Славаччыны» выпусьціў 2-мільённы самаход праз 4 гады пасьля мільённага. У сакавіку 2008 году ў Браціславе сталі вырабляць чэскі ўнівэрсал «Шкода Актавія». Пуск зборкі наведаў славацкі прэзыдэнт Іван Гашпаравіч. У лютым 2010 году ў Браціславе пачалі вытворчасьць новага пакаленьня красовэраў «Фольксваген Туарэг» і «Поршэ Каен». У сакавіку 2010-га «Фольксваген Славаччыны» выпусьціў 5-мільённую трансьмісію, яко стала 6-ступенная «МQ250» для самаходаў «Сіні рух» 2-га пакаленьня. На той час у Браціславе выраблялі 30 відаў трансьмісіяў для 4-х марак самаходаў: «Аўдзі», «Сеат» (Гішпанія), «Фольксваген» і «Шкода» (Чэхія). 4 красавіка 2010 году Браціслаўскі завод стаў 1-м з 61 завода канцэрна «Фольксваген», дзе пачалі вытворчасьць гібрыднага самахода, якім стаў гібрыдны «Фольксваген Туарэг». Для гэтай вытворчасьці падрыхтавалі 1000 працаўнікоў. 15 красавіка 2010 выпусьцілі мільённы пазадарожнік. 28 траўня 2010-га выраблі 2,5-мільённы самаход. На той час «Фольксваген Славаччыны» выпускаў 9 мадэляў самаходаў: «Аўдзі Q7», кузавы «Поршэ Каен», «Сеат Ібіца», «Шкода Актавія» і 5 мадэляў «Фольксваген» — «Бора», «Гольф», «Пасат», «Пола» і «Туарэг». У выніку Браціслаўскі завод быў адзіным у сьвеце, дзе выпускалі самаходы 5 марак. 1 чэрвеня 2010 году Марцінскі завод выпусьціў 200-тысячны аўтавузел. На заводзе выраблялі барабанныя і дыскавыя тармазы, дыфэрэнцыялы, колавыя калодкі, сынхронныя кольцы, флянцы і флянцавыя валы. Іх выпускалі для 5 марак эўрапейскіх самаходаў: «Аўдзі», «Поршэ», «Сеат», «Фольксваген» і «Шкода». 1 сьнежня 2010 году «Фольксваген Славаччыны» вырабіў 500-тысячны красовэр «Туарэг», які выпусьцілі з 6-цыліндравым турбадызэльным рухавіком[12].
У ліпені 2011 году Браціслаўскі завод пачаў выпускаць гарадзкія хэчбэкі «Сеат», «Фольксваген» і «Шкода» на плятформе «Новая малая сям'я» ў 3- і 5-дзьверных варыянтах. У 2013 годзе сталі вырабляць 1-ы электрамабіль «Фольксваген», якім стаў хэчбэк «Е-ап». Таксама ў 2013-м выпусьцілі 6-мільённую трансьмісію. У 2014-м выпусьцілі 250-тысячны хэчбэк «Фольксваген Ап». У 2015 годзе вырабілі 500-тысячны «Фольксваген Ап» і 750-тысячны самаход сэрыі «Новая малая сям'я» («НМС»)[13]. У 2017 годзе выпусьцілі 5-мільённы самаход, якім стаў белы красовэр «Туарэг» для пакупніка ў Аўстраліі. Таксама з Браціслаўскай лініі сышоў красовэр «Поршэ Каен» новага пакаленьня. У 2018-м пачалася вытворчасьць «Фольксвагена Туарэг» 3-га пакаленьня і красовэра «Аўдзі Q8»[14]. У 2019 годзе вытворчасьць АТ «Фольксваген Славаччыны» ўпала да 377 750 самаходаў 5 марак: «Аўдзі», «Поршэ», «Сеат», «Фольксваген» і «Шкода». Зь іх 68 % (256 952) прыпала на 5 мадэляў красовэраў і пазадарожнікаў 3-х марак: «Аўдзі Q7» і «Аўдзі Q8», «Поршэ Каен» і аднайменнае купэ, а таксама «Фольксваген Туарэг». Рэшту (120 798) склалі гарадзкія хэчбэкі на плятформе «Новая малая сям'я» («НМС»). Таксама ў Браціславе вырабілі 299 060 скрынак перадачаў. На заводзе ў Марціне выпусьцілі 29,9 млн аўтавузлоў. Завод у Ступаве вырабіў 10 200 вытворчых прыладаў. Закуп вузлоў склаў 8,8 млрд эўра, зь іх 33 % у Нямеччыне, 28 % у Славаччыне і 18 % у Вугоршчыне. Звыш 99 % самаходаў паставілі за мяжу, у тым ліку 22 % у Кітай, 16 % у Нямеччыну і 12 % у ЗША[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мапа старонак (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ Сувязь (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ а б Лічбы і факты (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ а б Кацярына Сільхарава. Справаздача за 2019 год (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ Заводы (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ Вырабы (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ Супольнікі (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ «Фольксваген» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 435. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
- ^ Гісторыя прадпрыемства ў 1991—1995 гадах (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ 1996—2000 гады (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ 2001—2005 гады (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ 2006—2010 гады (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ 2011—2015 гады (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
- ^ 2016—сучаснасьць (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 2021 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (славацк.) // АТ «Фольксваген Славаччыны», 23 кастрычніка 2020 г. Праверана 27 сакавіка 2021 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |