Дзяржава Сама

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дзяржа́ва Са́ма (па-славацку: Samova ríša, па-славенску: Samova država ці Samova plemenska zveza, па-польску: Państwo Samona, па-чэску: Sámova říše) (623—658) — першае вядомае палітычнае ўтварэньне славян. Зьвесткі аб яго стварэньні і гісторыі бедныя і носяць паўлегендарны характар. Назоў атрымала ад імя заснавальніка — Сама. У склад дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі сучасных Чэхіі, Славаччыны, часткова Нямеччыны (землі лужыцкіх сэрбаў), Польшчы, Славеніі і Харватыі. Неўзабаве пасьля сьмерці Сама яго дзяржава распалася.

Асоба Сама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са́ма (па-славацку і славенску: Samo, па-польску: Samon, па-чэску: Sámo) (канец VI стагодзьдзя — 658) — гандляр з Франкскай імпэрыі, першы пэўна вядомы славянскі ўладар. У 623 годзе заснаваў у Цэнтральнай Эўропе першае вядомае палітычнае ўтварэньне славян, званае па яго імі.

У Хроніцы Фрэдэгара ён завецца «homo nomen Samo, natione Francos, de pago Senonago» — «чалавек на імя Сама, франк зь мясцовасьці Сэнанага». «Senonago» верагодней за ўсё атаясамліваецца зь сёньняшняй тэрыторыяй Сэнс дэпартамэнта Ён на паўднёвы ўсход ад Парыжу, але «natione Francos» магчыма зразумець па-рознаму — «франк па нацыянальнасьці», «народжаны ў Франкскай імпэрыі» або «падданы/жыхар Франкскай імпэрыі».

Зараз існуе дзьве гіпотэзы аб этнічнай прыналежнасьці Сама. Першая зыходзіць з таго, што ён галараманец, раманізаваны жыхар Галіі — былой правінцыі Рымскай імпэрыі, а імя «Сама» кельцкага паходжаньня. Другая, заснаваная на Зальцбурскай хроніцы «Conversio Bagoariorum et Carantanorum», зыходзіць з таго, што слова «сама» трэба разглядаць у якасьці старажытнаславянскага тытулу. У такім разе «Сама» значыць «гаспадар» або «самаўладзец». Да таго ж у славянскіх мовах слова «сама» мае самастойны сэнс і некаторыя дасьледчыкі лічаць «Сама» скарачэньнем ад «Самаслаў». Аднак большасьць аддае перавагу першай гіпотэзе.

Славяне ў гэты час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славянскія землі на якіх утварылася гэтая дзяржава ў канцы 6 стагодзьдзя нахадзіліся пад уладай Аварскага каганату. Вядома мноства выступаў славян супраць авараў. У 603 годзе пасьля сьмерці аварскага кагана Баяна ў каганаце пачалася міжусобная барацьба. Шматлікія славянскія землі пачалі паўстаньне за вызваленьне ад больш як пяцідзясяцігадовай залежнасьці.

Дзейнасьць Сама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля 620 году Сама падрыхтаваў караван і адправіўся на ўсход. Дасягнуў ён месца, дзе Ўсходні гандлёвы шлях перасякаўся з Бурштынавым шляхам — Мараўскага поля каля таго месца, дзе Марава ўпадае ў Дунай і спыніўся тут лягерам. Пляны яго зьмяніліся, і ён вырашыў накіравацца ў Італію, а для таго, каб падарожжа стала схаднейшым, ён вырашыў набыць у славян аварскіх рабоў, якія карысталіся вялікім попытам у Лямбардыі. Сама ўмацаваў свой лягер і стаў набываць у падарожных гандляроў і навакольных славянаў рабоў. З часам побач зь ім сталі спыняцца драбнейшыя групы купцоў, і так утварыўся даволі вялікі лягер. Сама не валодаў славянскай мовай, бо ў гэтым пакуль не было асобай патрэбы, а меў зносіны са славянамі праз тлумачоў.

Аднойчы да гэтага месца, але на супрацьлеглым беразе, наблізіўся загон аварскай кавалерыі, аб якім стала вядома загадзя з-за характэрнага шуму. Каб напасьсьці на купецкі лягер, аварам трэба было пераправіцца праз раку, а брод быў даволі далёка. Часу на гэта авары страцілі даволі шмат, так што Сама пасьпеў дамовіцца са славянамі аб сумеснай абароне і наступным падзеле здабычы. Славянскі аддзел быў пастаўлены ў засаду, у лясным гушчару на шляху руху авараў Сама паставіў аддзелы лучнікаў, таму калі авары вырваліся зь лесу і распачалі бой з аддзелам Сама, яны ўжо былі моцна патрапаныя. А калі па іх з тылу рушылі славяне, то ўсё было хутка скончана. Сама падзяліў са сваімі баявымі таварышамі багатую здабычу, а слава аб яго подзьвігах і ваенным посьпеху разьнеслася па навакольных землях. Да яго пацягнуліся людзі, і яго войска стала расьці.

Сама перастаў сьпяшацца ў Італію. Ён стаў ахоўваць пераправы праз рэкі і гандлёвыя шляхі, а купцы за гэта плацілі яму. Месца і справа Сама вельмі спадабаліся. Умацоўваўся яго фінансавы і ваенны патэнцыял, калі праз год ён яшчэ раз здолеў перамагчы аварскае войска ў баі, слава аб Сама разьнеслася па ўсёй Эўропе. Сама стаў князем у славянскіх землях, кантралюемая ім тэрыторыя стала пашыралася, а ваенны посьпех не пакідаў яго. Ад абарончай тактыкі ў барацьбе з аварамі ён перайшоў да наступальнай, і сам стаў нападаць на аварскія атрады і паселішчы. Адно яго імя стала наводзіць на авараў жах. Пасьля такіх параз з-пад улады авараў вызваліліся харваты, прыальпійскія славяне.

Кароль Аўстразыі Дагабэрт I уважліва сачыў за разьвіцьцём падзей на ўсходзе. Ён вырашыў, што землі, спустошаныя жорсткімі войнамі, не акажуць занадта моцнага супраціву яго войску. Агульнай мяжы ў Аўстразыі са славянскімі землямі не было, паміж імі ляжалі шырокія нічыйныя землі. Славяне не нападалі на заходнія каралеўствы, але Дагабэрт асьцерагаўся іх і жадаў нанесьці папераджальны ўдар. Да таго ж знайшлася ўдалая падстава. На Мараўскім полі быў разрабаваны нейкі францкі караван. Купцу пашчасьціла выратавацца, і ён адправіўся са скаргай да Дагабэрта. Кароль абяцаў яму сваю дапамогу і адправіў да Сама пасла на імя Сыхары, які валодаў славянскай мовай.

Сыхары прыбыў да Сама і запатрабаваў сустрэчы з князем, але ведаючы, хто такі Сама, то і размаўляў ён па-франкску, і быў апрануты ў вопратку франкаў. Сама які ўжо вывучыў славянскую мову і прытрымваўся славянскіх звычаяў, не прыняў пасла. Тады Сыхары апрануўся па-славянску і прыйшоў да князя. На гэты раз Сама прыняў Сыхарыя, які паставіўся ўладара без павагі і стаў патрабаваць кампэнсацыі страт за разрабаваны караван. Сама пагадзіўся са справядлівасьцю яго патрабаваньняў і пагадзіўся кампэнсаваць усю прычыненую шкоду, калі Дагабэрт кампэнсуе ўсе страты славянскіх купцоў на тэрыторыі Аўстразыі. Сыхары не меў такіх паўнамоцтваў і стаў адказваць унікліва, Сама зьедліва высьмейваў яго адказы, і справа дайшла да сваркі паміж імі, падчас якой Сыхары дазволіў сабе абразьлівыя выразы ў адрас Сама. Уладар паклікаў сваіх слуг і загадаў выкінуць пасла за валы лягера, што і было выканана.

Пазнаўшы аб няўдачы пасольства, Дагабэрт вырашыў разабрацца зь непакорлівым і дзёрзкім славянскім уладаром. Каля 630 году ён сабраў войска і па вясьне трыма калёнамі рушыў на дзяржаву Сама. У некалькіх дробных сутычках у памежных землях алеманы і лангабарды атрымалі перамогі. Але на шляху калёны ўзначальваемай Дагабэртам была памежная крэпасьць Вагасьцісбург, у якой засеў Сама са сваёй дружынай. Дагабэрт аблажыў крэпасьць, але Сама са сваімі людзьмі вышаў за валы і навязаў франкам бой. Па легендзе бой доўжыўся трое сутак, пасьля чаго франкі зьбеглі, кінуўшы свой ляагер, харчы і здабычу. Сама не абмежаваўся гэтай перамогай і стаў зьдзяйсьняць набегі на заходнія землі, даходзячы да Цюрынгіі. Слава і магутнасьць Сама настолькі ўзрасьлі, што сэрбскі князь Дрэван выйшаў з васальнага падначаленьня Дагабэрту і прызнаў уладу Сама.

Славяне пачалі напады на землі франкаў і часьцяком атрымлівалі перамогі, праўда, усе гэтыя бітвы былі дробнымі. У гэтых акалічнасьцях саксы, якія жылі недалёка ад дзяржавы Сама і празь землі якіх славяне пранікалі на захад, прапанавалі свае паслугі Дагабэрту. За паніжэньне даніны яны абавязаліся ахоўваць межы Аўстразыі ад набегаў славян, ды і іншых ворагаў. Дагабэрт прыняў іх прапанову, але не шмат ад таго выйграў. Славяне па-ранейшаму пранікалі ў яго зямлі і рабавалі іх.

Дагабэрт ня мог зладзіцца са славянскім нашэсьцем. Тады ў справу ўступіў герцаг Цюрынгіі Радульф, якога таксама непакоілі набегі ваяроў Сама. Ён здолеў разьбіць славян і выгнаў іх атрады са ўсіх францкіх земляў. Але доўга карыстацца плёнам гэтай перамогі яму не прыйшлося. Радульф пасварыўся з дараднікамі Зыгібэрта, пасьля чаго ён абвясьціў сябе сувэрэнным гаспадаром свайго герцагства. Яму сталі патрэбныя хаўрусьнікікі, а хто акрамя Сама мог быць лепшым саюзьнікам у барацьбе супраць Зыгібэрта і Дагабэрта. Так славянская дзяржава стала хаўрусьнікам і апорай герцагства Цюрынгія.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У апошнія гады кіраваньня Сама яго дзяржава ўжо не вяла буйных войнаў, бо ворагі баяліся яго войска і яго воінскага посьпеху. Памёр Сама ў 658 годзе. Годнага пераемніка ў Сама і яго дзяржава распалася. У Сама было 12 жонак-славянак і ад іх 22 сына і 15 дачок. Паводле паданьняў нашчадкамі Сама зьяўляюцца Мойміравічы — гаспадары Вялікамараўскай дзяржавы і Пржэмыславічы — гаспадары Чэскай дзяржавы. Пацьверджаньняў няма, але бачачы шматлікасьць сыноў і дачок гэта цалкам магчыма ўявіць. Магчыма, яго нашчадкі ўладарылі і ў іншых славянскіх дзяржавах якія ўтварыліся пасьля заняпаду Дзяржавы Сама.