Жан-Жак Русо

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жан-Жак Русо
Jean-Jacques Rousseau
Русо ў 1753 годзе працы Марыса Кантэна дэ Ля Тура
Русо ў 1753 годзе працы Марыса Кантэна дэ Ля Тура
Дата нараджэньня 28 чэрвеня 1712
Месца нараджэньня Жэнэва, Швайцарыя
Дата сьмерці 2 ліпеня 1778 (66 гадоў)
Месца сьмерці Эрмэнанвіль, Каралеўства Францыя
Школа/традыцыя Рамантызм
Кірунак грамадзкая дамова[d] і барокавая музыка[d]
Асноўныя зацікаўленасьці палітычная філязофія, музыка, адукацыя, літаратура
Значныя ідэі Эміль, ці пра выхаваньне[d], Аб сацыяльнай дамоўленасьці, або прынцыпах палітычнага права[d], Julie, or the New Heloise[d] і Confessions[d]
Вучні Сэсыль Станіслас Ксаўе дэ Жырардэн[d]

Жан-Жак Русо́ (па-француску: Jean-Jacques Rousseau; 28 чэрвеня 1712, Жэнэва, Швайцарыя — 2 ліпеня 1778, Эрмэнанвіль, Каралеўства Францыя) — францускі й швайцарскі філёзаф, пісьменьнік і кампазытар XVIII стагодзьдзя францускага рамантызму. Ягоная палітычная філязофія значна паўплывала на Вялікую францускую рэвалюцыю, а таксама агульнае разьвіцьцё сучасных палітычнай, сацыялягічнай і пэдагагічнай думак. Русо распрацаваў прамую форму панаваньня народа дзяржавай — прамую дэмакратыю, якая выкарыстоўваецца й па гэты дзень, напрыклад у Швайцарыі.

На зьмену барочнаму рацыяналізму XVIII стагодзьдзя прыйшоў сэнтымэнталізм, галоўнай асаблівасьцю якога была новая культурная бруя, ейнай крыніцай было пачуцьцё. Яно змяніла культурнага чалавека, ягонае стаўленьне да самога сябе, да людзей, да прыроды й да культуры. Самым арыгінальным і ўплывовым прадстаўніком і правадніком гэтага кірунку быў Жан-Жак Русо. Ягоны раман «Эміль, ці пра выхаваньне» зьяўляецца трактатам пра адукацыю чалавека на атрыманьне грамадзянкай пазыцыі. Ягоны сэнтымэнтальны раман «Жулі, ці Новая Эляіза» меў важнае значэньне для разьвіцьця прад-рамантызма[1] й рамантызма ў мастацкай літаратуры[2].

Русо быў пасьпяховым музыкальным кампазытарам. Ён напісаў 7 опэраў, а таксама музыку ў іншых формах, і ён зрабіў унёсак у музыку як тэарэтык. У пэрыяд Вялікай францускай рэвалюцыі, Русо быў самым папулярным зь філёзафаў сярод чальцоў якабінскага клюбу. Русо быў перапахаваны як нацыянальны герой у Пантэоне ў Парыжы, у 1794 годзе, праз 16 гадоў пасьля сваёй сьмерці.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньняе жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом у Жэнэве, дзе нарадзіўся Русо.

Калі Русо нарадзіўся, Жэнэва на той час была горадам-дзяржавай і пратэстанцкім партнэрам Швайцарскай канфэдэрацыі (цяпер кантон Швайцарыі). З 1536 году Жэнэва была гугеноцкай рэспублікай і цэнтрам кальвінізму. За пяць пакаленьняў да Русо ягоны продак Дыд’е, гандляр кнігамі, які, магчыма, выдаваў пратэстанцкія трактаты, уцёк ад перасьледу з боку францускіх каталікоў, і апынуўся у Жэнэве ў 1549 годзе, дзе стаў гандляром віном[3]. Русо ганарыўся тым, што ягоная сям’я паходзіць зь сярэдняе клясы, якая мела права голасу ў гарадзкой радзе. На працягу ўсяго свайго жыцьця мысьляр наагул падпісваў свае кнігі як «Жан-Жак Русо, грамадзянін Жэнэвы»[4]. Тэарэтычна, у Жэнэве панавала дэмакратыя, але фактычна голас мелі толькі грамадзяне мужчынскага полу, які належылі да заможных старажытных сем’яў гораду. Такія грамадзяне складалі меншасьць усяго насельніцтва ў параўнаньні з імігрантамі, якіх называлі наўпрост жыхарамі, і якія не мелі выбарчыя правы. Улада належыла выканаўчай групы з 25 чалавек, якая называлася Малой радай, і якая абіралася кіроўнай клясай.

Бацька Русо, Ісаак Русо, усьлед за сваім дзедам, бацькам і братамі меў гадзіньнікавы бізнэс. Ён таксама кароткі час выкладаў танцы, бо не зважаючы на ​​свой статус рамесьніка, быў добра адукаваным і зьяўляўся аматарам музыкі. У 1699 годзе Ісаак сутыкнуўся з палітычнымі цяжкасьцямі, уступіўшы ў канфлікт з прыезджымі ангельскімі афіцэрамі, якія пагражалі Русо сьмерцю. Пасьля ўмяшаньня ў спрэчку мясцовых чыноўнікаў быў пакараны менавіта Ісаак, паколькі Жэнэва клапацілася аб захаваньні сваіх сувязяў з замежнымі дзяржавамі[5]. Маці Русо, Сюзана Бэрнар Русо, паходзіла зь сям’і вышэйшага саслоўя. Яе выхоўваў дзядзька Самюэль Бэрнар, які зьяўляўся кальвінісцкім казальнікам. Ён клапаціўся пра Сюзану пасьля таго, як у пачатку 1630-х гадоў памёр ейны бацька Жак[5]. У 1695 годзе Сюзане давялося адказваць на абвінавачваньні ў тым, што яна наведвала вулічны тэатар, пераапрануўшыся ў сялянку, каб зірнуць на Вінсана Сарасына, які падабаўся ёй, не зважаючы на шлюб. Пасьля слуханьняў Жэнэўская кансысторыя загадала ёй больш ніколі не кантактаваць зь ім[6].

Русо нарадзіўся 28 чэрвеня 1712 году. Як потым узгадваў мысьляр ён амаль памёр, бо лекары ня мелі надзеі на выратаваньне немаўля[7]. Русо быў ахрышчаны 4 ліпеня 1712 году ў гарадзкой катэдры[7]. Ягоная маці памерла ад пасьляродавай ліхаманкі празь дзевяць дзён пасьля родаў. Яго й ягонага старэйшага брата Франсуа выхоўвалі бацька й цётка, бацькава сястра, таксама на імя Сюзана. Калі Русо было пяць гадоў, бацька прадаў дом, які ён атрымаў ад сваякоў маці, і разам зь дзецьмі пераехаў у рамесны квартал. Русо ня здолеў пры жыцьці прыгадаць калі ён навучыўся чытаць, але ён памятаў як ва ўзросьце 5-6 гадоў бацька заахвочаў малога да чытаньня. Кожную ноч пасьля вячэры хлапчук чытаў з бацькам нейкую частку невялікай калекцыі прыгодніцкіх гісторыяў, якія належалі ягонай маці. Пасьля таго, як яны скончылі чытаць раманы, яны пачалі чытаць калекцыю твораў старажытных і сучасных клясыкаў, пакінутых дзядзькам ягонай маці. Сярод ягоных улюбёных быў твор Плютарха «Параўнальныя жыцьцяпісы», які ён чытаў свайму бацьку, калі той вырабляў гадзіньнікі. Пазьней Русо ўзгадваў, што чытаньне Плютарха й размовы з бацькам сфармавалі ў ім вольны й рэспубліканскі дух[6].

У гэтым доме Русо жыў разам з шляхцянкай дэ Варан. Цяпер гэта музэй.

Калі Русо было дзесяць гадоў, ягоны бацька, заўцяты паляўнічы, быў схоплены на землях заможнага землеўладальніка, на землях якога паляваў быў. Каб пазьбегнуць адказнасьці, ён зьехаў разам зь Сюзанай да Ньёну, дзе зноў ажаніўся. Ад гэтага моманту Жан-Жак яго мала бачыў[8]. Малы застаўся зь дзядзькам па маці, які гадаваў Русо поруч з сваім уласным сынам Абрамам Бэрнарам. Ягоны дзядзька займаў пасаду кальвінісцкага пастара, а хлопчыкі ў маёнтку па-за межамі Жэнэвы навучаліся матэматыкі й маляваньню. Русо, захапіўшыся рэлігійнымі службамі, некаторы час марыў стаць сьвятаром. Практычна ўсе вядомыя зьвесткі пра маладосьць Русо паходзяць зь ягонай пасьмяротна апублікаванай «Споведзі», у якіх храналёгія ёсьць некалькі заблытанай. У 13 гадоў Русо навучаўся спачатку ў натарыюса, а потым у гравэра, які зьбіваў маладзёна. У 15 гадоў Русо ўцёк з Жэнэвы й быў вымушаны накіравацца ў Савою, дзе яго прытуліў каталіцкі сьвятар. Русо пазнаёмілі з Франсуазай-Люізай дэ Варан, якой на той момант было 29 гадоў. Яна была шляхцянкай пратэстанцкага паходжаньня. На замову караля П’емонту дэ Варан займалася навяртаньнем пратэстантаў у каталіцтва. У выніку хлопчык быў адпраўлены ў Турын, дзе навярнуўся ў каталіцтва, адмовіўшыся ад жэнэўскага грамадзянства, аднак пазьней Русо, усё-ж такі, вярнуўся да кальвінізму. Пераходзячы ў каталіцтва, дэ Варан і Русо, хутчэй за ўсё, рэагавалі на настойваньне кальвінізму аб поўнай распусты чалавека. Паводле словаў Лео Дамроша, жэнэўская літургія XVIII стагодзьдзя па-ранейшаму патрабавала ад вернікаў заявы, што чалавек ёсьць гаротным грэшнікам, народжаным у тленнасьці, схільным да зла й няздольным сам па сабе рабіць дабро[9]. Дэ Варан, якая схілялася да дэізму, прыцягвала дактрына каталіцызму аб дараваньні людзкіх грахоў.

Апынуўшыся безь сямейнае дапамогі, бо бацька й дзядзька адмовіліся ад яго, падлетак Русо некаторы час працаваў слугой, сакратаром і выхавальнікам, бадзяючыся па Італіі, у асноўным па П’емонту й Савоі, і Францыі. У гэты час ён жыў з дэ Варан, якую малады хлопец абагаўляў і называў сваёй маман. Усьцешаная ягонай адданасьцю, дэ Варан спрабаваў знайсьці яму месца ў жыцьці й ладзіла дзеля яго афіцыйныя ўрокі музыкі. У нейкі момант ён ненадоўга наведваў сэмінарыю з мэтай стаць сьвятаром.

Даросласьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяброўка, выхавацелька і палюбоўніца Русо Франсуаза-Люіза дэ Варан.

Калі Русо споўнілася 20 гадоў, дэ Варан зрабіла яго сваім палюбоўнікам, маючы ў той час таксама інтымную сувязь з аканомам ейнага дому. Сэксуальны аспэкт іхных адносінаў бянтэжыў Русо, але ён заўсёды лічыў дэ Варан найвялікшым каханьнем у сваім жыцьці. Жыцьцё праводзіла даволі марнатраўца, то бок шляхцянка мела вялікую бібліятэку, а таксама любіла забаўляцца й слухаць музыку. Яна й ейны асяродак, які складаўся з адукаваных прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, увялі Русо ў сьвет пісьма й ідэяў. Русо быў абыякавым студэнтам, але ў свае 20 гадоў, якія былі адзначаныя доўгімі спохватамі іпахондрыі, ён сур’ёзна прыклаўся да вывучэньня філязофіі, матэматыкі й музыкі. У 25 гадоў хлопец атрымаў невялікія грошы ў спадчыну ад маці й выкарыстаў ейную частку, каб сплаціць дэ Варан за ейную фінансавую падтрымку. У 27 гадоў будучы філёзаф уладкаваўся на працу настаўнікам у Ліёне.

У 1742 годзе Русо пераехаў у Парыж, каб прадставіць у Акадэміі навук новую сыстэму нумарных нотных знакаў, на якую ён разьлічваў. Ягоная сыстэма, прызначаная дзеля сумяшчальнасьці з нормамі тыпаграфіяй, была заснаваная на адцісканьня адной лініі, на якой адлюстроўваюцца лічбы, якія прадстаўляюць інтэрвалы паміж нотамі, а таксама кропкі й коскі, якія рэпрэзэнтуюць рытмічныя значэньні. Палічыўшы гэтую сыстэму немэтазгоднай, Акадэмія адхіліла яе, хоць сябры акадэміі хвалілі яго за валоданьне прадметам і заклікалі яго паспрабаваць яшчэ раз. У тым годзе Русо пазнаёміўся й пасябраваў з Дэні Дыдро на грунце абмеркаваньняў літаратурных пачынаньняў. З 1743 па 1744 гады Русо займаў ганаровую, але дрэнна аплачваную пасаду сакратара графа дэ Мантэгю, францускага амбасадара ў Вэнэцыі. Гэта абудзіла ў ім любоў да італьянскай музыкі, асабліва да опэры. Працадаўца Русо звычайна атрымліваў грошы са спазьненьнем на цэлы год і таму нерэгулярна плаціў сваім супрацоўнікам[10]. Праз 11 месяцаў Русо пакінуў пасаду, атрымаўшы досьвед глыбокага недаверу да дзяржаўнай бюракратыі.

Вяртаньне ў Парыж[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуя Русо ў Жэнэве.

Вярнуўшыся ў Парыж, бедны Русо пасябраваў і стаў палюбоўнікам Тэрэзы Левасёр, швачкі, якая была адзінай падтрымкай дзеля сваёй маці й шматлікіх братоў і сясьцёр. Спачатку яны не жылі разам, але пазьней Русо ўзяў да сябе Тэрэзу й ейную маці да сябе ў слугі, а сам узяў на сябе цяжар утрыманьня ейнае вялікае сям’і. Згодна зь прызнаньнямі Русо, пасьля таго, як яна пераехала да яго, Тэрэза нарадзіла яму сына й яшчэ чатырох дзяцей. Русо пісаў, што ўгаварыў Тэрэзу аддаць кожнага з нованароджаных дзяцей у шпіталь дзеля падкладанцаў, дзеля захаваньня ейнага гонару. У сваім лісьце да мадам дэ Франсюэй у 1751 годзе ён спачатку настоўваў на тым, што быў не дастаткова багаты, каб гадаваць сваіх дзяцей, але ў IX кнізе «Споведзь» ён выкрыў сапраўдную прычыну свайго выбару. Русо баяўся, што ягоныя дзеці атрымаюць дрэннае выхаваньне, і будуць горш адукаваныя чым ён. Рызыка дрэннага выхаваньня ў прытулку дзеля падкладанцаў была значна меншай. Празь дзесяць гадоў Русо распытваў пра лёс свайго сына, але аніякіх запісаў знайсьці яму не ўдалося. Калі пасьля Русо стаў вядомым тэарэтыкам дзіцячай адукацыі й выхаваньня, ягоныя крытыкі, у тым ліку Вальтэр і Эдмунд Бэрк, прыгадвалі яму гэты эпізод з адмовай ад уласных дзяцей[11].

Пачынаючы зь некаторых артыкулаў аб музыцы ў 1749 годзе Русо рабіў шматлікія ўнёскі ў артыкулы ў Вялікай Энцыкляпэдыі Дыдро й д’Алямбэра. Самай вядомай была праўка артыкула аб палітычнай эканоміцы, зробленай у 1755 годзе. Ідэі Русо выкшталцоўваліся праз апантаныя дыялёгі з пісьменьнікамі мінулага, у тым ліку з шматлікімі гутаркамі з Дыдро. У 1749 годзе Русо штодня наведваў гэтага мысьляра, які быў кінуты ў крэпасьць Вэнсэну згодна загаду ў летр-дэ-кашэ за ягоныя меркаваньні ў ягоным «Лісьце пра сьляпых», якія намякалі на матэрыялізм, веру ў атамы й натуральны адбор. Паводле словаў гісторыка навукі Конўэя Цыркла, Русо разглядаў канцэпцыю натуральнага адбору «як сродак паляпшэньня чалавечага роду»[12].

У далейшым Русо вычытаў аб конкурсе эсэ, які ладзіўся быў Дыжонскай акадэміяй, у публікацыі ў Mercure de France на тэму таго, ці спрыяе разьвіцьцё мастацтваў і навук чалавецтву. Паводле словаў Русо, накіроўваючыся ў Вэнсэн, ён праз разважаньні выкрыў, што мастацтва й навукі адказныя за маральнае выраджэньне чалавецтва, якое па сваёй прыродзе ёсьць дабром. Ягоныя «Развагі аб мастацтве й навуцы» 1750 году была адзначаная прэміяй і прынесла яму значную вядомасьць. Русо захаваў сваю цікавасьць да музыкі. Ён напісаў як словы, гэтак і музыку да сваёй опэры «Вясковы вяшчун» (франц. Le devin du village), якая была выкананая дзеля караля Людовіка XV у 1752 годзе. Кароль быў настолькі задаволены творам, што прапанаваў Русо пажыцьцёвую пэнсію. На абурэньне сваіх сяброў Русо адмовіўся ад гэтае вялікае пашаны, зарабіўшы вядомасьць як «чалавек, які адмовіўся ад каралеўскай пэнсіі». Ён таксама адмовіўся ад некалькіх іншых карысных прапановаў, часам з рэзкасьцю поруч з жорсткасьцю, што крыўдзіла людзей і стварала яму праблемы.

Вяртаньне ў Жэнэву[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мадам Люіза д’Эпінэ працы Жана-Эт’ена Ліятара каля 1759 году.

Вярнуўшыся ў Жэнэву ў 1754 годзе, Русо зноў навярнуўся ў кальвінізм і вярнуў сабе афіцыйнае жэнэўскае грамадзянства. У 1755 годзе філёзаф завяршыў сваю другую буйную працу — «Развагі аб паходжаньні й асновах няроўнасьці сярод людзей» (франц. Discours sur l'origine et les fondements de l'inégalité parmi les hommes), у якой падрабязна распрацоўваліся аргумэнты, узьнятыя ў «Развагах аб мастацтве й навуцы».

Знаходзячыся ў гасьцёх у мадам д’Эпінэ, Русо, якому на той момант было 44 гады, паўнаёміўся з 25-гадовай Сафі д’Удэто, што збольшага натхніла яго на стварэньне эпісталярнага раману «Жулі, ці новая Эляіза», які таксама быў заснаваны на ўспамінах пра ягоныя ідылічныя юнацкія адносіны з мадам дэ Варан. Сафі была стрыечнай сястрой і госьцяй заступніцы й гаспадыні Русо мадам д’Эпінэ, да якой ён ставіўся даволі паважна. Тым ня менш, праз падазрэньні Русо ў няшчырасьці мадам ды іншых абставінаў, адбылася сварка паміж мысьляром з аднаго боку, і з мадам д’Эпінэ й ейным палюбоўнікам журналістам Грымам. Іхны агульны сябар Дыдро заняў бок супраць Русо. Пазьней Дыдро апісваў Русо як «фальшывага, дарэмнага, як сатана, няўдзячнага, жорсткага, крывадушнага й злога чалавека, які высмактаў зь яго ідэі, выкарыстаўшы іх, а потым пагарджаўся імі»[13].

Разрыў Русо з «энцыкляпэдыстамі» супаў з складаньнем трох асноўных ягоных твораў, ва ўсіх якіх ён падкрэсліваў сваю гарачую веру ў духоўнае паходжаньне душы чалавека й Сусьвету, у адрозьненьне ад матэрыялістычных поглядаў Дыдро, Жульена Афрэ дэ Лямэтры й Поля-Анры д’Альбака. У гэты пэрыяд Русо карыстаўся падтрымкай і заступніцтвам Шарля II Франсуа Фрэдэрыка дэ Манмарансі-Люксэмбурга й прынца дэ Канці, двух самых заможных і ўплывовых магната Францыі. Гэтыя людзі сапраўды любілі й захапляліся Русо празь ягоную здольнасьць размаўляць на любыя тэмы, але яны таксама выкарыстоўвалі яго як спосаб вярнуцца да двару Людовіка XV, дзе вялікую ролю гуляла каханка караля — мадам дэ Пампадур. Аднак нават зь імі Русо зайшоў занадта далёка, крытыкуючы іхныя практыкі вядзеньня гаспадаркі[14].

800-старонкавы раман Русо «Жулі, ці новая Эляіза» пабачыў сьвет у 1761 годзе зь велізарным посьпехам. Апісаньні прыроднай прыгажосьці швайцарскай сельскай мясцовасьці ў кнізе ўразілі публіку і, магчыма, гэта стала штуршком наступным захапленьнем альпійскім пэйзажам у XIX стагодзьдзі. У 1762 годзе Русо ў красавіку апублікаваў працу «Аб сацыяльнай дамоўленасьці, або прынцыпах палітычнага права» (франц. Du Contrat Social, Principes du droit politique). У траўні мысьляр апублікаваў твор «Эміль, або аб адукацыі». Знакаміты разьдзел «Прафэсія веры савойскага вікарыя» павінен быў стаць абаронай рэлігійных перакананьняў. Праз тое, што ў творы адкідвалася ідэя першароднага граху й праявы Боскай, як пратэстанцкія, гэтак і каталіцкія ўлады асудзілі твор.

Перасьлед[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт Русо працы Алана Рэмзі 1766 году.

«Эміль» абурыў да таго ж францускі парлямэнт, які ў выніку выдаў ордэр на арышт мысьляра. Русо быў вымушаны бегчы ў Швайцарыю, але ў роднай Жэнэве філёзафа адмовіліся бачыць. Вальтэр прапанаваў Русо абарону, але той адмовіўся ад яе й прыбыў у Бэрн, дзе, аднак, у ліпені 1762 году быў праінфармаваны аб ягоным непажаданым знаходжаньні ў горадзе. Русо выправіўся ў Нэўшатэльскае княства, у якім кіраваў Фрыдрых II Вялікі. Тут мысьляр атрымаў прытулак, пасяліўшыся ў мястэчку Мат’е. Больш за два гады з 1762 па 1765 гады Русо жыў у мястэчку, бавячы час за чытаньнем і пісьмом, а таксама сустрэчамі з наведвальнікамі[15], як то Джэймз Босўэл. Тым часам мясцовыя служыцелі даведаліся пра адступніцтва Русо ў некаторых ягоных творах і вырашылі атакаваць яго. Нэўшатэльская кансысторыя выклікала Русо дзеля адказу на абвінавачаньне ў блюзьнерстве, а пастар Фрэдэрык-Гіём дэ Манмален[16], пачаў публічна асуджаць мысьляра як антыхрыста[15][17]. Царкоўныя напады распалялі прыхаджанаў, якія пачалі закідваць Русо камянямі, калі той выходзіў на шпацыр. У верасьні 1765 годзе камянямі быў закіданы дом Русо, у выніку ягоныя сябры ў Мат’е параілі яму пакінуць горад[17]. Русо жадаў застацца ў Швайцарыі, аднак, мясцовыя ўлады былі супраць. У рэшце рэшт, маючы шэраг прапановаў ад сяброў, мысьляр абраў прапанову Дэйвіда Г’юма пераехаць у Вялікабрытанію. Некаторы час філёзаф правёў у Страсбургу й Парыжы, пасьля чаго разам з Г’юмам зьдзейсьніў чатырохдзённае падарожжа ў Кале, дзе яны прабылі дзьве ночы, а потым селі на карабель да Дуўру. 13 студзеня 1766 году яны прыбылі ў Лёндан[18][19].

Неўзабаве пасьля іхнага прыбыцьця Дэйвід Гарык зладзіў ложу ў тэатры на Друры-Лэйн дзеля Г’юма й Русо ў той жа вечар, калі на спэктаклі прысутнічалі кароль і каралева. Гарык сам выступаў у камэдыі, а таксама ў трагедыі Вальтэра[18][20]. Русо так захапіўся пастаноўкай, што падчас спэктаклю, ён занадта нахіліўся з ложы й ледзь не вываліўся зь яе. Г’юм заўважыў, што кароль і каралева больш глядзелі на Русо, чым на спэктакль[21][22]. Пасьля Гарык зладзіў вячэру ў гонар Русо, які высока ацаніў тэатральныя выступы Гарыка. У гэты час Г’юм меў прыхільнае меркаваньне пра Русо на той час. У лісьце да мадам дэ Брабантан Г’юм пісаў, што пасьля ўважлівага назіраньня за Русо ён прыйшоў да высновы, што ніколі не сустракаў больш прыязнай і дабрадзейнай часобы. На Г’юмаву думку, Русо быў пяшчотным, сьціплым, ласкавым, бескарыслівым і надзвычай чулым чалавекам[18]. Першапачаткова Г’юм пасяліў Русо ў доме мадам Адамз у Лёндане, але Русо стаў прымаць столькі наведвальнікаў, што неўзабаве захацеў пераехаць у больш ціхае месца. Г’юм пераканаў Русо пераехаць у Чызўік[18], пасьля чаго мысьляр запрасіў да сябе з Францыі Тэрэзу[23].

Пэдагагічная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэорыя натуральнага выхаваньня: выхаваньне будзе садзейнічаць разьвіцьцю чалавека толькі ў тым выпадку, калі набудзе натуральны, прыродамэтазгодны характар. У выхаваньні ўдзельнічаюць прырода, людзі і рэчы: «Унутранае разьвіцьцё нашых здольнасьцяў і нашых органаў ёсьць выхаваньне, якое атрымоўваецца ад прыроды, а навучаньне таму, як карыстацца гэтым разьвіцьцём, ёсьць выхаваньне з боку людзей, набыцьцё ж уласнага досьведу адносна прадметаў, якія даюць успрыманьні, ёсьць выхаваньне з боку рэчаў».

Русо патрабаваў дбайнага вывучэньня дзіцяці, добрага веданьня ягоных ўзроставых і індывідуальных асаблівасьцяў. Выхавальнік не павінен навязваць дзіцяці (які ідэальны ад прыроды) свае погляды і перакананьні, гатовыя маральныя правілы, а павінны даць яму расьці і разьвівацца вольна, адпаведна ягонай прыродзе і па магчымасьці адхіляць усё тое, што гэтаму можа перашкодзіць. Натуральнае выхаваньне — гэта вольнае выхаваньне.

«Мэтад натуральных наступстваў» — гарачы прас. «Ён павінны жадаць толькі тое, што вы жадаеце прымусіць яго рабіць». Не саслоўнае, не прафэсійнае, а агульначалавечае выхаваньне. «Прывучайце дзяцей да выпрабаваньняў».

Першы пэрыяд — ад нараджэньня да 2 гадоў (да зьяўленьня маўленьня) — фізычнае выхаваньне. Другі пэрыяд — ад 2 да 12 — «сон розуму», разьвіцьцё зьнешніх пачуцьцяў. Трэці пэрыяд — ад 12 да 15 — разумовае і працоўнае выхаваньне. Чацьверты пэрыяд — ад 15 да паўналецьця, «пэрыяд бур і запалу» — маральнае выхаваньне. Русо штучна разьяднаў разьвіцьцё адчуваньняў і разважаньня і выказаў неадпаведную рэчаіснасьці згадку, што дзеці да 12 гадоў няздольныя да абагульненьняў і таму іхняе навучаньне варта адтэрмінаваць да дванаццацігадовага ўзросту. Ён адмаўляў падручнікі і заўсёды ставіў выхаванца ў становішча дасьледчыка, які адчыняе навуковыя ісьціны. «Хай ён не завучвае навуку, а выдумляе яе сам». Пасьля 15: выпрацоўка добрых пачуцьцяў, добрых меркаваньняў і добрай волі. Непасрэднае сутыкненьне з чалавечым горам і няшчасьцем, а таксама добрыя прыклады.

Выхаваньне жанчыны: падпарадкаваньне і пакора, здольнасьць засвоіць чужыя погляды, нават калі яны не супадаюць зь яе ўласнымі; вядзеньне гаспадаркі, уменьне падабацца і быць карыснай мужу; усялякая дзеўчына павінная спавядаць рэлігію маці, а ўсялякая жонка — рэлігію мужа.

Асоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лёс Русо, які шмат у чым залежыў ад ягоных асабістых уласьцівасьцяў, у сваю чаргу кідае сьвятло на ягоную асобу, тэмпэрамэнт і густ, якія адбіліся ў ягоных творах. Біёграфу даводзіцца, перш за ўсё, адзначыць поўную адсутнасьць слушнага вучэньня. Дэйвід Г’юм нават адмаўляў Русо ў гэтым, знаходзячы, што ён мала чытаў, мала бачыў і быў пазбаўлены ўсялякага жаданьня бачыць і назіраць. Русо быў абвінавачаны ў «дылетантызме» нават у тых прадметах, якімі ён адмыслова займаўся, то бок батаніка й музыка.

Русо быў несумненна бліскучым стылістам, але не дасьледчыкам ісьціны. Нэрвовая рухомасьць была сьледзтвам любові Русо да прыроды. Яму было цесна ў горадзе, ён прагнуў адзіноты, каб даць волю мроям сваёй фантазіі й гаеньню ранаў самалюбства. Нясьмелы па натуры й нязграбны па адсутнасьці выхаваньня, зь мінулым, з-за якога яму прыходзілася аб’яўляць «забабонамі» звычаі й паняткі сучаснікаў, Русо ў той жа час ведаў сабе кошт, прагнуў славы літаратара й філёзафа, і таму адначасова й пакутаваў у грамадзтве, і праклінаў яго за гэтыя пакуты.

Разрыў з грамадзтвам быў для яго тым больш немінучы, што ён, пад уплывам глыбокай, прыроджанай падазронасьці й запальчывага самалюбства, лёгка парываў з самымі блізкімі людзьмі. Разрыў апыняўся непапраўным з прычыны дзіўнай «няўдзячнасьці» Русо, ягонай злапомнасьцю, але й схільнасьці забываць учынёныя яму дабрадзействы.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Preromanticism Criticism». Enotes.com.
  2. ^ Robert Darnton, «The Great Cat Massacre», chapter 6.
  3. ^ Damrosch 2005. С. 8.
  4. ^ Damrosch 2005. С. 31.
  5. ^ а б Damrosch 2005. С. 9.
  6. ^ а б Damrosch 2005. С. 10.
  7. ^ а б Damrosch 2005. С. 7.
  8. ^ Damrosch 2005. С. 24.
  9. ^ Damrosch 2005. С. 121.
  10. ^ Damrosch 2005. С. 168.
  11. ^ Ball, Terence (1998). «Rousseau's Ghost». SUNY Press. — ISBN 978-0-7914-3933-3.
  12. ^ Zirkle, Conway (25 April 1941), «Natural Selection before the Origin of Species». Proceedings of the American Philosophical Society, Philadelphia. 84 (1): 71—123.
  13. ^ Damrosch 2005. С. 304.
  14. ^ Damrosch 2005. С. 357.
  15. ^ а б Durant 1967. С. 205.
  16. ^ Cranston 2005. С. 113.
  17. ^ а б Durant 1967. С. 206.
  18. ^ а б в г Durant 1967. С. 209.
  19. ^ Damrosch 2005. С. 406.
  20. ^ Damrosch 2005. С. 408.
  21. ^ Damrosch 2005. С. 420.
  22. ^ Damrosch 2005. С. 421.
  23. ^ Damrosch 2005. С. 409.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]