Азёрная школа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Азёрная школа (па-ангельску: Lake Poets) — назва групы ангельскіх паэтаў-рамантыкаў канца XVIII — першае паловы XIX, названая гэтак па месцы дзейнасьці яе важнейшых прадстаўнікоў: Ўордсварта, Колрыджа і Саўці. Апошнія, утварыўшы цесны сяброўскі кружок, услаўлялі на берагах азёраў паўночнае Ангельшчыны — Камбэрленда і Ўэстмарленда (іншае найменьне гэтае школы — лейкісты, ад анг. lake — возера) чароўную прыгажосьць натуральнага жыцьця на ўлоньні маляўнічае прыроды.

Азёрная школа зьявілася пратэстам супраць асьветніцкага клясыцызму XVIII ст., зь яго рытарычнай напышлівасьцю і ўзьнікла збольшага пад уплывам нямецкіх рамантыкаў. Адмовіўшы рацыяналістычныя ідэалы асьветніцтва, паэты Азёрнай школы супрацьпаставілі ім веру ў ірацыянальнае, у традыцыйныя хрысьціянскія каштоўнасьці, у ідэалізаванае сярэднявечнае мінулае. Ўордсварт і яго сябры, якія былі ў маладосьці заўзятымі рэспубліканцамі і прыхільнікамі францускае рэвалюцыі, робяцца на «азёрах» строгімі торы, якія недалюбліваюць крытычнага стаўленьня да існуючага дзяржаўнага ладу.

Пры напісаньні гэтага артыкула выкарыстоўваўся матэрыял з Энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).