Розум

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мэтафара розуму з выявы XVII стагодзьдзя

Ро́зум — здольнасьць маніпуляваць абстрактнымі паняцьцямі ці здольнасьць аналітычнага мысьленьня з выцягваньнем вывадаў з апрацоўваемых зьвестак. Ужываньне назапашанага досьведу, каб справіцца з жыцьцёвымі сытуацыямі. Да розуму ставіцца набор пазнавальных здольнасьцяў як то сьвьядомасьць, успрыманьне, мысьленьне, здаровы сэнс, мова й памяць. Як правіла, розум вызначаецца здольнасьцю суб’екта да мысьленьня й сьвьядомасьці. Ён адказвае за ўяўленьне, распазнаваньне й ацэньваньне навакольнага асяродзьдзя й самога сябе, і адказвае за апрацоўку пачуцьцяў і эмоцыяў, вынікам чаго зьяўляюцца стаўленьне да чагосьці й дзеяньні.

На сёньняшні дзень існуе мноства тэорыяў на конт розуму й ягоных функцыі. Першыя здагадкі на гэты конт былі зробленыя Заратустрам, Будай, Плятонам і Арыстотэлем, а таксама іншымі старажытнымі грэцкімі, індыйскімі, пазьней, ісламскімі й сярэднявечнымі эўрапейскімі філёзафамі. Папярэднія да сучасных уяўленьні аб розуме бачыліся, як адзін з аспэктаў душы, у тым сэнсе, што як боскае й несьмяротнае ён зьвязвае чалавечае мысьленьне зь нязьменным прынцыпам існаваньня.

Якія ўласьцівасьці адносяцца да розуму шмат абмяркоўвалася. Некаторыя псыхолягі сьцьвярджаюць, што толькі «вышэйшыя» інтэлектуальныя функцыі можна адносіць да розуму, у прыватнасьці, мысьленьне й памяць. З гэтага пункту гледжаньня эмоцыі, як то каханьне, нянавісьць, страх, радасьць, зьяўляюцца больш прымітыўнымі й суб’ектыўнымі й павінны разглядацца адрозна ад розуму. Іншыя сьцьвярджаюць, што розныя рацыянальныя й эмацыйныя станы ня могуць быць аддзелены, бо яны маюць тую ж прыроду й паходжаньне, і таму павінны быць разгледжаны ўсе як частка таго, што мы называем розумам.

Адным з адкрытых пытаньняў аб прыродзе розуму зьяўляецца псыхафізылягічная праблема, якая дасьледуе адносіны розуму да фізычнага мозгу й нэрвовай сыстэмы[1]. Згодна з дуалізмам й ідэалізмам розум разглядаецца як нефізычная зьвява[1]. Аднак сучасныя ўяўленьні часьцяком засяроджваюцца вакол фізыкалізму й функцыяналізму, якія лічаць, што розум прыкладна супадае з мозгам або зводзяцца да фізычных зьяваў, як то актыўнасьць нэўронаў[2]. Не зважваючы на гэта дуалізм і ідэалізм працягваюць мець шмат прыхільнікаў. Іншае пытаньне тычыцца таго, якіх якія істоты здольныя мець розум. Напрыклад, ці зьяўляецца наяўнасьць розуму ўнікальным для чалавека, ці некаторым або ўсім жывым істотам уласьцівая наяўнасьць розуму.

Незалежна ад ягонай прыроды, паводле агульнага меркаваньня, розум гэта тое, што дазваляе істоце мець суб’ектыўнае разуменьне й інтэнцыяльнасьць у адносінах да навакольнага асяродзьдзя, успрымаць і рэагаваць на раздражняльнікі зь нейкім органам, і мець сьвядомасьць, у тым ліку мысьленьне й пачуцьці.

Над паняткам розуму і ягонай прыродай працавалі шмат знакамітых філёзафаў, як то Плятон, Дэкарт, Ляйбніц, Лок, Бэрклі, Г’юм, Кант, Гэгель, Шапэнгаўэр, Сэрл, Дэнэт, Фодар, Нагел і Чалмэрс[3]. Псыхолягі, як то Фройд і Джэймз, а таксама кампутэрныя навукоўцы, як то Т’юрынг і Патнэм, распрацавалі ўплывовыя тэорыі пра прыроду розуму. Магчымасьць небіялягічнага розуму дасьледуюцца ў вобласьці штучнага інтэлекту, які працуе ў цесным супрацоўніцтве з кібэрнэтыкай і тэорыяй інфармацыі, каб зразумець, якім чынам апрацоўка інфармацыі з дапамогай небіялягічных машынаў параўнальная або адрозная ад псыхічных зьяваў у чалавечай сьвядомасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Clark, Andy (2014). «Mindwar»e. New York, Oxford University Press. — С. 14, 254—256. — ISBN 978-0-19-982815-9.
  2. ^ «The Mind/Brain Identity Theory». Stanford Encyclopedia of Philosophy.
  3. ^ «20 "Most Important" Philosophers of Mind since WWII». Leiter Reports: A Philosophy Blog.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Розумсховішча мультымэдыйных матэрыялаў