Ёган Готфрыд Гэрдэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ёган Готфрыд Гэрдэр
па-нямецку: Johann Gottfried Herder
Дата нараджэньня 25 жніўня 1744
Месца нараджэньня Марунгэн, Каралеўства Прусія
Дата сьмерці 18 сьнежня 1803
Месца сьмерці Ваймар, Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя
Школа/традыцыя Рамантычны нацыяналізм
Пэрыяд эпоха Асьветніцтва
Кірунак нямецкая філязофія
Значныя ідэі Плястыка[d], Stimmen der Völker in Liedern[d] і Трактат пра паходжаньне моваў[d]
Аказалі ўплыў Ёган Георг Гаман, Імануіл Кант
Наступнікі Людавіт Штур, Г. В. Ф. Гэгель, Ёган Вольфганг фон Гётэ
Творы ў [[
de:s:Johann_Gottfried_Herder|Вікікрыніцах]]

Ёган Го́тфрыд Гэ́рдэр (па-нямецку: Johann Gottfried von Herder) (25 жніўня 1744 — 18 сьнежня 1803) — нямецкі паэт, літаратурны крытык, багаслоў, філёзаф. Ён быў эстэтыкам і гісторыкам культуры.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Марунгэне, невялікім мястэчку ва Ўсходняй Прусіі, у сям’і школьнага настаўніка. Па заканчэньні школы, знаёмы расейскі вайсковы хірург пераканаў яго заняцца мэдыцынай і адвёз у Кёнігсбэрг. Але Гэрдэр прыняў іншае рашэньне і ў 1762 паступіў на багаслоўскі факультэт Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту. Там ён слухаў лекцыі магістра філязофіі Імануіла Канта. Кант меў вялікі ўплыў на Гэрдэра, аднак іхнія погляды на філязофію і культуру не супадалі.

Пасьля Кёнігсбэргу Гэрдэр пераязджае ў Рыгу, спалучаючы дзейнасьць сьвятара з пэдагагічнай працай і літаратурнымі заняткамі. Празь пяць гадоў ён пераязджае ў Парыж, дзе знаёміцца з ідэямі Шарля дэ Мантэск’ё, Жана Д’Алямбэра і Дэні Дыдро. У 1770-я гады ён вяртаецца ў Нямеччыну, стварае трактат «Пра паходжаньне мовы», атрымоўвае прэмію ў Бэрлінскай Акадэміі навук.

З 1784 па 1791 Гэрдэр выдае сваю асноўную працу па культуралёгіі — «Ідэі да філязофіі гісторыі чалавецтва».

Гэрдэр памёр у 1803 у Ваймары.

Ідэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яго асноўная праца называецца «Ідэі да філязофіі гісторыі чалавецтва». У ёй Гэрдэр ставіць пытаньне: што такое культура, у чым яе сэнс і ці спрыяе яна шчасьцю чалавецтва. Як асьветнік ён лічыць галоўнай асаблівасьцю чалавека яго разумнасьць, якая адрозьнівае людзей ад жывёльнага сьвету. Розум — не прынароджаная якасьць, але ён разьвіваецца ў працэсе жыцьцядзейнасьці; разумнасьць дасягаецца. Разьвіцьцё розуму адбываецца ў грамадзтве, а сувязі чалавека зь іншымі людзьмі забясьпечвае слова, якое ён лічыў найважнейшай асновай культуры.

Увогуле, ён выдзяляе тры фундамэнты культуры: розум, грамадзтва і мову. Да гэтага дадаюцца мастацтва, рамёствы, сям’я, дзяржава, рэлігія. Гэрдэр разумеў культуру вельмі шырока. Ён падкрэсьлівае значэньне нацыянальных культураў і мовы як паказальніка нацыянальнай спэцыфікі культуры.

Сэнс культуры ён бачыць у тым, што яна «мусіць спрыяць разьвіцьцю рэлігіі і гуманнасьці».

Гэрдэр адным зь першых назваў чалавека царом прыроды. У разуменьні культуры ён надаваў вялікае значэньне духоўным фактарам, прыцягваў увагу да неабходнасьці вывучэньня нацыянальных культураў.