Вісарыён Бялінскі
| Вісарыён Бялінскі | |
Бялінскі ў 1843 годзе, мастак К. Гарбуноў | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Імя пры нараджэньні | рас. Виссарион Григорьевич Белынский |
| Нарадзіўся | 30 траўня (11 чэрвеня) 1811[1][2][3][…] крэпасьць Свэаборг, Фінляндыя, Расейская імпэрыя |
| Памёр | 26 траўня (7 чэрвеня) 1848[1][3][4][…] (36 гадоў) Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя |
| Пахаваны | |
| Сужэнец | Maria Orlov[d] |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | крытык, пісьменьнік, публіцыст, філёзаф |
| Гады творчасьці | 1830—1848 |
| Кірунак | літаратурная крытыка, публіцыстыка |
| Мова | расейская мова[5][6][6][…] |
| Дэбют | «Дзьмітры Калінін» (рас. «Дмитрий Калинин»; 1830) |
| Значныя творы | «Літаратурныя летуценьні» (рас. «Литературные мечтания»; 1834) |
| Подпіс | |
| | |
Вісарыён Рыго́равіч Бялі́нскі (11 чэрвеня [ст. ст. 30 траўня] 1811, крэпасьць Свэаборг, Хельсынкі, Фінляндыя — 7 чэрвеня [ст. ст. 26 траўня] 1848, Санкт-Пецярбург) — расейскі пісьменьнік, літаратурны крытык, публіцыст, філёзаф-заходнік.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзед будучага крытыка — сьвятар у сяле Бялыні Ніжняломаўскага павету Пензенскай губэрні. Вісарыён нарадзіўся 11 чэрвеня 1811 году, у сям’і флёцкага лекара Рыгора Нікіфаравіча Бялынскага (1784—1835) у Свэаборгу (Суамэнліна, цьвержа цяпер у межах Хэльсынкі, Фінляндыя), дзе ў той час служыў ягоны бацька.[7]. Раньняе дзяцінства Вісарыёна супала зь першымі гадамі Вялікага княства Фінляндзкага. У далейшым (1816) бацька перасяліўся на службу ў родны край і атрымаў месца павятовага лекара ў горадзе Чамбары.
Навучыўшыся чытаць і пісаць у настаўніцы, Вісарыён быў аддадзены ў нядаўна адчыненую ў Чамбары павятовую вучэльню, адкуль у 1825 годзе перайшоў у губэрнскую гімназію, дзе правучыўся тры з паловаю гады, але курсу (на той час чатырохгадовага) ня скончыў, бо гімназія яго не задавальняла, і задумаў паступіць у Маскоўскі унівэрсытэт. Выкананьне задумы было вельмі нялёгкім, бо бацька, праз абмежаванасьць сродкаў, ня мог забясьпечваць Вісарыёна ў Маскве; але юнак вырашыў бедаваць, каб толькі быць студэнтам. У жніўні 1829 году ён быў залічаны ў студэнты па славесным факультэце, напрыканцы таго ж году прыняты на казённы рахунак. Паступаючы, будучы крытык «ашляхеціў» прозьвішча, зьмякчыўшы яго як «Бялінскі».
Унівэрсытэцкі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
З 1829 да 1832 году вучыўся на славесным аддзяленьні філязофскага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту. Паступленьне ва ўнівэрсытэт, апроч іспытаў, было зьвязана з цэлым шэрагам фармальнасьцяў. У прыватнасьці, патрабавалася парука «аб непрыналежнасьці да таемных таварыстваў», якую забясьпечыў генэрал Дурасаў — знаёмы родзічаў Бялінскага. У Маскоўскім унівэрсытэце тады ўжо зьявіліся маладыя прафэсары — прадвесьнікі бліскучага ўнівэрсытэцкага жыцьця 40-х гадоў. Лекцыі Мікалая Надзеждзіна і Міхаіла Паўлава ўводзілі слухачоў у кола ідэяў германскай філязофіі (Шэлінга і Окена). Гэтае захапленьне злучала студэнтаў у гурткі, зь якіх у далейшым выйшлі дужа ўплывовыя дзеячы расейскай літаратуры і грамадзкага жыцьця. У гэтых гуртках Бялінскі й знайшоў сваіх сяброў і аднадумцаў (Герцэна, Агарова, Станкевіча…) Пад уплывам тагачаснай філязофіі і рамантычнай літаратуры Бялінскі стварыў трагедыю «Дзьмітрый Калінін», якая вылучалася рэзкімі антыпрыгоньніцкімі настроямі. Трапіўшы ў цэнзуру(якая складалася тады з унівэрсытэцкіх прафэсараў), трагедыя ня толькі не была дапушчаная да друку, але й падштурхнула Вісарыёна да адлічэньня з унівэрсытэту «празь няздатнасьць»[8]. Застаўшыся без усякіх сродкаў, Вісарыён зарабляў урокамі і перакладамі францускіх раманаў. Бліжэй пазнаёміўшыся з прафэсарам Надзеждзіным, ён пачынае перакладаць артыкулы для заснаванага ў 1831 часопісу «Тэлескоп» і ў верасьні 1834 стварае свой першы сур’ёзны крытычны артыкул.
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гэты крытычны артыкул «Літаратурныя летуценьні. Элегія ў прозе» (Литературные мечтания. Элегия в прозе), ёсьць бліскучым аглядам гісторыі расейскай літаратуры і вылучаецца высноваю Бялінскага, што ў сучасных яму расейцаў «няма літаратуры» ў ягоным разуменьні, а ёсьць невялікая колькасьць пісьменьнікаў. Але «прыйдзе час, — асьвета разальецца ў Расеі шырокаю плыняй, разумовае аблічча народу высьветліцца… Але цяпер нам трэба вучэньне!…»
Другі літаратурны агляд Бялінскага (1836) прасякнуты тым жа духам адмаўленьня: дастаткова назвы — «Нішто аб нічым, альбо справаздача сп. выдаўцу „Тэлескопу“ за апошняе паўгодзьдзе расейскай літаратуры». Але зьяўленьне аповесьцяў Гогаля і вершаў Кальцова ўжо дае крытыку надзею на лепшую будучыню.
У тыя гады Бялінскі знаходзіўся пад уплывам гуртка Станкевіча, дзе ў той час ў бясконцых камэнтарах і спрэчках вывучалася філязофская сыстэма Гегеля і дзе галоўным аратарам быў Міхаіл Бакунін.
Напрыканцы 1839 году Бялінскі пераяжджае ў Пецярбург, згадзіўшыся ўзяць на сябе крытычны аддзел у «Айчынных Запісках». З таго часу рэчаіснасьць, на якую раней Бялінскі глядзеў праз ідэалістычную прызму, прымушае яго зьмяніць характар крытыкі — яна становіцца больш грамадзкай. «Свабода творчасьці лёгка ўзгадняецца з служэньнем сучаснасьці; для гэтага ня трэба сябе прымушаць пісаць на тэмы… трэба толькі быць грамадзянінам, сынам свайго грамадзтва і сваёй эпохі…»
Апроч штогадовых аглядаў расейскай літаратуры, Бялінскі публікаваў артыкулы пра Дзяржавіна, Лермантава, Майкова, шэраг артыкулаў пра Пушкіна. Здароўе ж ягонае пагаршалася — разьвіваліся сухоты. Увосень 1845 году ён вытрымаў моцную хваробу, што пагражала жыцьцю, а напачатку 1846 году пакінуў «Айчынныя запіскі». Пасьля ён стаў супрацоўнікам новага часопісу «Сучасьнік» («Современник»). У 1845 годзе ім быў адасланы знакаміты ліст да Гогаля[9], дзе Бялінскі абураецца адыходам раней ухваленага ім Гогаля ад ранейшых пазыцыяў.
Паездка за мяжу ў 1847 не дала ніякага выніку, і Бялінскі, ціха згасаючы, памёр 26 траўня (7 чэрвеня) 1848 году ў Санкт-Пецярбургу. Пахаваны на Літаратарскіх мастках Воўкаўскіх могілак.
Значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Стаўшы, паводле Вароўскага, «першым разначынцам»[10], Бялінскі, як прадвесьнік новага этапу ў расейскім рэвалюцыйна-вызваленчым руху, рыхтаваў для будучыні гэтага руху глебу і надалей быў неаднаразова названы «бацькам расейскай інтэлігенцыі».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Белинский, Виссарион Григорьевич (рас.) // Русский биографический словарь — СПб: 1908. — Т. 3. — С. 591—648.
- ↑ Морозов П. О. Белинский, Виссарион Григорьевич (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. Петрушевский — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. V. — С. 191—194.
- 1 2 Лаврецкий А., Гусев В. Белинский В. Г. // Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
- ↑ Белинский Виссарион Григорьевич // ПроДетЛит (рас.) — 2019.
- ↑ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- 1 2 Belinskij, Vissarion Grigorʹevič // CONOR.SI
- ↑ «Неистовый Виссарион» из Суоменлинны
- ↑ ФЭБ: Мордовченко, Бурсов. Белинский. — 1955 (текст)(недаступная спасылка)
- ↑ В. Г. Белинский Письмо Н. В. Гоголю
- ↑ В. В. Воровский Памяти «Неистового Виссариона»
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- В. В. Зянькоўскі. Бялінскі (Гісторыя расейскай філязофіі) (рас.)
- В. Р. Бялінскі. Абраныя філязофскія сачыненьні(недаступная спасылка) (рас.)
- Электроннае навуковае выданьне «В. Р. Бялінскі» (рас.)