Ліён
Ліён | |||||
франц. Lyon | |||||
![]() | |||||
| |||||
Краіна: | Францыя | ||||
Рэгіён: | Авэрнь-Рона-Альпы | ||||
Дэпартамэнт-мэтраполія: | Ліёнская мэтраполія | ||||
Кіраўнік: | Грэгары Дусэ[d] | ||||
Плошча: | 47,87 км² | ||||
Вышыня: | 173 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2021) | |||||
колькасьць: | 522 250 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 10 909,76 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Паштовыя індэксы: | 69001—69009 | ||||
Нумарны знак: | 69 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 45°45′32″ пн. ш. 4°50′29″ у. д. / 45.75889° пн. ш. 4.84139° у. д.Каардынаты: 45°45′32″ пн. ш. 4°50′29″ у. д. / 45.75889° пн. ш. 4.84139° у. д. | ||||
Ліён на мапе Францыі ![]() ![]() Ліён | |||||
![]() | |||||
http://www.lyon.fr |
Ліён (па-француску: Lyon) — горад у Францыі, адміністрацыйны цэнтар Ліёнскай мэтраполіі, дэпартамэнту Рона (часова) і рэгіёну Авэрнь-Рона-Альпы (да 1 студзеня 2016 — рэгіёну Рона-Альпы). Да ўтварэньня ў 2015 годзе мэтраполіі горад зьяўляўся цэнтрам «Вялікага Ліёну» (франц. Grand Lyon), або Ліёнскай супольнасьці гарадоў (франц. Communauté urbaine de Lyon), якая складалася з 59 камунаў. На 1 студзеня 2021 году насельніцтва гораду складала 522 250 чалавек, а ўсёй аглямэрацыі — 1 424 069 чалавек.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 27 годзе да н. э. Рым падзяліў Галію на тры правінцыі. Тры правінцыі Галіі сыходзіліся на гэтым месцы, дзякуючы чаму Люгдунум (старажытны Ліён) стаў натуральным цэнтрам перасячэньня дарог паміж паўночнай і паўднёва-ўсходняй часткай сучаснай Францыі. Горад стаў адпраўным і важным пунктам у Рымскай імпэрыі на шляху ў Галію. Старажытны Ліён ператварыўся ў сталіцу Люгдунскай Галіі і сэрцам імпэратарскай улады ўсіх гальскіх правінцыяў, што забясьпечыла Люгдунуму званьне «сталіцы Галіі». У сукупнасьці з роляй буйнога транспартнага вузла й рачнога порта, гэты статус забясьпечваў гораду росквіт, які дасягнуў свайго апагею з 69 па 192 гады.

Сярод значных архітэктурных помнікаў гэтага пэрыяду да нашага часу захаваліся антычныя тэатар і Адэон на ўзгорку Фурвіеру, амфітэатар, вялікія тэрмы, чатыры аквэдука, розныя мазаікі, якія захоўваюцца ў Музэі гала-раманскай цывілізацыі. Два рымскіх імпэратары нарадзіліся ў гэтым горадзе — Кляўдыюс і Каракальля. Пры Нэроне горад згарэў, але хутка паўстаў зноў. У 197 годзе пасьля бітвы паміж Сэптыміюсам Сэвэрам і Клёдыюсам Альбінам паблізу Круа-Русо горад быў разрабаваны й спалены, што прывяло Люгдунум да паступовага згасаньню й страце былой славы й багацьця.
Хрысьціянства ў Галіі раней за ўсё сьцьвердзілася ў Ліёне. Вядомыя шматлікія сьвятыя біскупы былі зьвязаны зь Ліёнам, як то сьв. Ірынэй Ліёнскі, сьв. Юст Ліёнскі, сьв. Антыёх Ліёнскі й многія іншыя. У 843 годзе, згодна з Вэрдэнскай дамовай, Ліён перайшоў пад уладу імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Лётара I. Пазьней горад стаў часткай Бургундзкага каралеўства, якое было ўлучанае ў Сьвятую Рымскую імпэрыю ў 1033 годзе. Ліён трапіў пад францускі кантроль толькі ў XIV стагодзьдзі.

Напрыканцы XV стагодзьдзя кірмашы, якія ладзіліся пераважна італьянскімі гандлярамі, зрабілі Ліён эканамічным і разьліковым цэнтрам Францыі. Нават біржа, пабудаваная ў 1749 годзе, нагадвала грамадзкі рынак, дзе рахункі зводзілі пад адкрытым небам. Калі міжнародны банкаўскі цэнтар перамясьціўся ў Геную, а затым у Амстэрдам, Ліён заставаўся галоўным фінансавым цэнтрам Францыі. За часам Адраджэньня разьвіцьцё гораду вызначалася гандлем шоўкам, што ўмацавала ягоныя сувязі з Італіяй. Італьянскі ўплыў на архітэктуру Ліёну і сёньня застаецца бачным у гістарычных будынках. Напрыканцы XV і XVI стагодзьдзях Ліён быў таксама важным цэнтрам літаратурнай дзейнасьці і кніжнага друку як для францускіх пісьменьнікаў, гэтак і для італьянскіх эмігрантаў.
У 1572 годзе Ліён стаў месцам масавага гвалту католікаў супраць пратэстантаў-гугенотаў за часам Барталямэеўскай ночы. Два стагодзьдзі пазьней горад зноў ахапілі хваляваньні за часам Францускай рэвалюцыі, калі мясцовыя жыхары ўзьнялі паўстаньне супраць Нацыянальнага канвэнту і падтрымалі жырандыстаў. Рэвалюцыйныя войскі аблажылі Ліён і трымалі аблогу ўсьцяж два месяцы, пакуль горад не скарыўся ў кастрычніку 1793 году. Шматлікія будынкі былі зьнішчаныя, асабліва вакол пляцу Бэлькур, а Жан-Мары Калё д’Эрбуа і Жазэф Фушэ арганізавалі пакаранне сьмерцю больш чым 2 тысяч чалавек. Канвэнт загадаў зьмяніць назву горада на «Вызвалены горад» і ўсталяваў таблічку з надпісам: «Ліён вёў вайну супраць Свабоды, таму Ліёну больш не існуе». Празь дзесяцігодзьдзе Напалеон загадаў аднавіць усе будынкі, зьнесеныя ў той час.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З мноства плошчаў у Ліёне вылучаюцца плошча Бэлькур (франц. Bellecour) з каштанавымі алеямі, садамі і коннай статуяй Людовіка XIV і плошча Карно са статуяй рэспублікі.