Дом Менскага земляробчага таварыства
Славутасьць | |
Дом Менскага земляробчага таварыства
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | прасп. Незалежнасьці, 15 |
Каардынаты | 53°53′53.9″ пн. ш. 27°33′12.94″ у. д. / 53.898306° пн. ш. 27.5535944° у. д.Каардынаты: 53°53′53.9″ пн. ш. 27°33′12.94″ у. д. / 53.898306° пн. ш. 27.5535944° у. д. |
Архітэктурны стыль | нэаклясыцызм |
Аўтар праекту | Генрык Гай |
Дата пабудовы | 1914 год |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Дом Менскага земляробчага таварыства | |
Дом Менскага земляробчага таварыства на Вікісховішчы |
Дом Менскага земляробчага таварыства ўзаемнага страхаваньня — чатырохпавярховы будынак пачатку XX стагодзьдзя ў Менску на рагу вуліцы Гарадзкі Вал і праспэкту Незалежнасьці, 2/15. Помнік архітэктуры нэаклясыцызму. Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных справаў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ранейшы адрас — № 49/7 на скрыжаваньні вуліцаў Захар’еўскай і зноў адкрытага ў пачатку 1910-х Захар’еўскага завулку.
Чатырохпавярховы мураваны будынак спраектаваны архітэктарам Генрыкам Гаем і пабудаваны ў 1914 годзе на месцы двух дамоў і ўчастку зямлі (пл. 281,74 кв. саж.), купленага да 1910 году Менскім земляробчым таварыствам (сындыкатам) узаемнага страхаваньня ў Менскага сельскагаспадарчага таварыства, і ўчастка зямлі (пл. 48,31 кв. саж.) купленага сындыкатам у Менскага дабрачыннага таварыства[1]. Аўтар скульптурнай кампазыцыі невядомы, меркавана — Станіслаў Гайдукевіч[2].
У 1915 годзе на першым паверсе месьціліся 2 крамы акцызнага таварыства Лянсьберга, кветкавая крама Кржывіцкага Івана, малочная лаўка Пікса, крама інжынэра Янішэўскага Г. Я., кацельня, 2 крамы таварыства дапамогі параненым вайскоўцам, крама Чырвонага Крыжа. На 2-м паверсе праўленьне Менскага земляробчага таварыства ўзаемнага страхаваньня. На 3-м паверсе — Менскі грамадзкі клюб (у 8 пакоях з кухняй і вітальняй). На 4-м паверсе месьцілася кантора Лібава-Роменскай чыгункі й камэрцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі[1].
У 1915—1916 гадах у доме таксама месьцяцца сталовая пры Галоўным штабе арміі, упраўленьне Галоўнага ўпаўнаважанага Расейскага таварыства «Чырвонага Крыжа». У 1917 кабінэт памочніка начальніка камэрцыйнай службы Лібава-Роменскай чыгункі, камэрцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі, канцылярыя гаспадарскай часткі галоўупаўнаважанага Чырвонага Крыжа, спажывецкае таварыства «Сила»[3].
З 1919 году ў будынку месьціцца «Земгор» (на 3-м паверсе), Менскі павятовы выканаўчы камітэт (13 аддзелаў), жыльлёвы раённы савет (4-ты паверх), даведачны стол дамавых камітэтаў Менску. У 1922 уласьнік — гарадзкі жыльлёвы пададдзел камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэту[3].
З 1920 году будынак займае ЧК Беларусі. З 1922 году — ДПУ БССР. У 1929 у будынку разьмяшчаецца ДПК (Дзяржаўнае палітычнае кіраўніцтва), казармы палка ДПК, клюб, камэндатура, Цэнтральная «кантора». З 1934 году — НКУС БССР[3].
Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампазыцыя гэтага чатырохпавярховага Г-падобнага ў пляне збудаваньня засноўвалася на кантрасным спалучэньні шырокай скругленай вуглавой часткі й двух падоўжаных крылаў. Крыло, арыентаванае фасадам на праспэкт Незалежнасьці, захавалася толькі часткова. Акцэнт прыпадае на вуглавую частку, дзе месьціцца галоўны ўваход. Яго вылучаюць чатыры канэляваныя паўкалёны, якія імітуюць портык. На трэцім паверсе над уваходам — шырокая лёджыя. Вуглавая частка будынку завершаная скульптурнай кампазыцыяй у выглядзе грэцкай багіні ўрадлівасьці, багацьця й земляробства Дэмэтры зь дзецьмі. Асноўныя дэкаратыўныя элемэнты бакавых крылаў — паўкалёны іянічнага ордэру на вышыню другога-чацьвертага паверхаў. Па ўсім пэрымэтры — невысокі парапэт з балюстрадай. Аконныя праёмы на першым паверсе паўцыркульныя, на астатніх — прамавугольныя ў нішах з балюстрадай. Нутраная пляніроўка калідорнага тыпу[4].
Скульптура Дэмэтры зь дзецьмі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1952 году будынак упрыгожвала скульптурная кампазыцыя Дэмэтры зь дзецьмі, якая пазьней была замураваная ў адным з будынкаў Міністэрства ўнутраных справаў. Значна пашкоджаная скульптура была знойдзеная ў 2000-х гадах. У 2004 годзе яна была адноўленая скульптарамі Аляксандрам Дранцам і Паўлам Цыбулем, пасьля чаго была вернутая на гістарычнае месца[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Маракоў Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1426-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000028 |
- Дом менскага земляробчага таварыства на сайце Глёбус Беларусі (рас.)