Станіслаў Гайдукевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Станіслаў Сільвестравіч Гайдукевіч (13 сакавіка 1876 — 25 траўня 1937) — беларускі архітэктар.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Спачатку вучыўся ў вучылішчы землямераў, а потым атрымаў выдатную адукацыю ў Пецярбурскай акадэміі мастацтваў у 1910 годзе. Пасьля атрыманьня дыплёму вярнуўся ў Менск.

Жылы дом па вуліцы Савецкай, 17. г. Менск

Ужо праз два гады па яго праекце быў пабудаваны жылы дом на вуліцы Захар’еўскай (цяпер гэта дом № 17 на вуліцы Савецкай, побач з Чырвоным касьцёлам). Архітэктуру гэтага будынка адрозьніваюць модныя ў пачатку XX стагодзьдзя элемэнты мадэрна. У цэнтры галоўнага фасаду знаходзяцца парадны ўваход ды мансарда з шырокім бальконам. Плястыку гэтай часткі будынка аздабляюць ляпныя застаўкі (віньетка), гірлянды, бальконы з мэталічнай аградай. Ляпнымі аздабленьнямі апрацаваны і тарцовы фасад. Над галоўным уваходам у будынак — высокі аконны праём, які асьвятляе лесьвіцу. Пад час Айчыннай вайны на першым паверсе дома зьмяшчалася аптэка і явачная кватэра менскіх падпольшчыкаў. У розныя часы ў гэтым доме жылі дзяржаўны дзяяч БССР Адам Славінскі, беларускі акадэмік, геадэзіст Васіль Папоў. Сёньня на галоўным фасадзе будынка разьмешчаны тры мэмарыяльныя дошкі, а сам будынак зьяўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагодзьдзя.

Да кастрычніцкага перавароту па праектах Станіслава Гайдукевіча былі пабудаваныя прыбытковы дом Кастравіцкай, які не захаваўся да нашага часу, і Польскі банк. Гэта фінансавая ўстанова разьмяшчалася ў самым цэнтры гораду, на вуліцы Захар’еўскай (сёньня на гэтым месцы — кут будынка КДБ). 28 траўня 1934 году ў яго памяшканьні пасьля рэканструкцыі адчыніўся ГУМ, найбуйнейшая ў тыя часы ўнівэрсальная крама рэспублікі з двума філіяламі ў Менску. Але ў 1941 годзе будынак быў зьнішчаны, як і ўсё астатняе на гэтай вуліцы, з паветра.

Кастрычніцкі пераварот Станіслаў Гайдукевіч сустрэў у Менску, з 1921 па 1927 гады ён працаваў загадчыкам праектнага Камітэту дзяржаўных збудаваньняў пры СНК БССР. У другой палове 1920-х архітэктару даверылі стварыць праект Цэнтральнага Дома Селяніна. Строгі будынак на вуглу вуліц Маркса і Чырвонаармейскай быў здадзены ў эксплюатацыю ў 1928 годзе. Гэты праект Гайдукевіч стварыў разам з архітэктарам Радзевічам. Пры Доме былі адчынены бібліятэка, чытальня, заля на 400 чалавек, пакоі на 164 месцы. Таксама працавалі сталовая, музэй сельскагаспадарчы ды дзяржаўнага страхаваньня. Не абышлося і без вугалкоў: ленінскі, ваенны, санітарны, антырэлігійны. У тым жа будынку знаходзіўся Беларускі дзяржаўны музэй. Будынак быў зьнішчаны ў 1944 годзе, калі пры адступленьні яго ўзарвалі немцы.

Працу над стварэньнем новых праектаў Гайдукевіч спалучаў з пэдагагічнай. З 1929 па 1937 год дойлід выкладаў у Менскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Але 5 сакавіка 1937 году быў арыштаваны і ўвязьнены ў гарадзкую турму. Ва ўнутранай турме НКУС пасьля 20 дзён за кратамі скончыў жыцьцё самагубствам (ускрыў сабе вены).

Рэабілітаваны 22 жніўня 1957 году.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Менск, жылы дом па вуліцы Савецкая 17, 1912 г.
  • Менск, Будынак Польскага банку, (стаяў на месцы сучаснага будынка КДБ, не захаваўся)
  • Менск, будынак Таварыства ўзаемнай дапамогі (разам з Г. Гаем)
  • Менск, дом Кастравіцкай, 1917 г. (не захаваўся)
  • Менск, Цэнтральны дом селяніна, 1928 г., (разам з Радзевічам, стаяў на рагу Чырвонаармейскай і Маркса, разбураны ў 1944 г.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Станіслаў Гайдукевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў