Гісторыя Магілёва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Магілёў на нямецкай гравюры XVIII ст.

Магілёў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны цэнтар праваслаўя. 9 чэрвеня 1661 атрымаў роўныя правы з сталіцай Вялікага Княства Літоўскага — Вільняй  — за гераізм, выяўлены ў часе паўстаньня супраць маскоўскіх акупантаў. У 1930-я разглядалася магчымасьць пераносу сюды сталіцы Беларускай ССР.

Заснаваньне і раньняя гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Барысаглебская царква

Паводле археалягічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасаду яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла мелася даўняе ўмацаваньне[1]. У пач. XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам фэўдальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. Паводле Магілёўскай хронікі, складзенай цягам 18—19 стагодзьдзяў, Магілёў у якасьці места заснавалі 24 сакавіка 1267 году[2]. У 1320 г. места далучылася ў складзе Віцебскага княства да Вялікага Княства Літоўскага, дзе зрабілася цэнтрам воласьці.

Пісьмовы ўспамін пра Магілёў зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх», якія датуецца канцом XIV ст. У гэты час места знаходзілася ў валоданьні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 яно перайшло да вялікага князя Сьвідрыгайлы, а ў 1503 — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.

У XV ст. Магілёў быў значным цэнтрам гандлю, тут мелася ўласная мытня. Пад 1447 згадваеца праваслаўная Спаская царква. У пач. XVI ст. места ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1514: у зьвязку з падзеньнем Смаленску і пераходам яго на стагодзьдзе пад уладу Масковіі, многія смаленскія купцы перабраліся ў Магілёў.
  • 1518, 1519, 1535: ваколіцы Магілёва цярпелі на рабаўніцкіх набегаў маскавітаў, аднак самім местам захопнікі авалодаць ня здолелі.
  • 1526: скончылася будова новага Магілёўскага замка.
  • 1561: атрымаў права на войтаўства.
  • 28 студзеня 1577: Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права, места атрымала свой першы герб; у каралеўскай грамаце зазначалася[3]:
« А иж бы тое место неякою помноженья оздоб своих не мело, с тое ласки нашего господарское надаем тому месту печать мескую. Вежу мурованую, высоко выведеную, которую врат того места. У судов и инших справах и потребах печатовоти и того герба уживати мает вечными часы. »
  • 1577: у Магілёве быў 1261 жылы дом (у 1588 — 1500 жылых дамоў)[4].
  • 27 чэрвеня 1581: у Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі цалкам зьнішчылі Задубровенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога места і замка скончыўся безвынікова[4].
  • 1588: першы ўспамін пра рымска-каталіцкі касьцёл у Магілёве.
  • 1590—1592: у Магілёве адкрылася агульнадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы.
  • 1594—1604: узьвядзеньне першага мураванага будынка ў Магілёве — Фарнага касьцёла.
  • 13 сьнежня 1595: казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40% забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[4], і зьнішчылі значную колькасьць месьцічаў; захавалася паведамленьне пра тыя падзеі:
« У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, зь якіх прычынаў гэта сталася, ні з гультайства, ні з маскоўскага нацкоўваньня, бо ў гэты час міру з Масквою не было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта зь людзкой памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог месьцічаў-пакутнікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў. »

Магілёўская хроніка

  • 1601—1633: завяршылася будаўніцтва разьвітай абарончай сыстэмы мескіх умацаваньняў з трох лініяў абароны; першую лінію складаў замак — «Высокае места», другая лінія ўмацаваньняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Старое места і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасьць брамаў.
Кляштар бэрнардынаў, зь піктаграфічнай мапы XVIII ст.
  • 1604: тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 сотняў; у межах Старога места (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астроская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку разьмяшчалася Ледзькаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзенееўская, Перахрысьценская, Слабодзкая, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трысьненская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.
  • 1604: налічваў 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў[5]; адно з найбуйнейшых местаў Вялікага Княства Літоўскага, меў права на правядзеньне двух кірмашоў на рок.
  • 1616: пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой на працягу XVII—XVIIІ стагодзьдзяў надрукавалі каля 40 кніжак.
  • 1632: у месьце заснавалі адзіную ў той час на Беларусі Магілёўскую праваслаўную дыяцэзію[4].
  • 1654: у пачатку вайны Расеі з Рэччу Паспалітай магілёўцы здаліся маскоўскаму войску; у сяр. XVII ст.: умацаваньні Старога места налічвалі 4 брамы — Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які абкружаў Новае места, стаяла 8 драўляных брамаў — Курдзенеўская (Гваздоўка), Лядвееўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трысьненская, Быхаўская, Папінская.
  • 1 лютага 1661: у выніку народнага паўстаньня месьцічы зьнішчылі акупацыйную маскоўскую залогу[6].
  • 9 чэрвеня 1661: за выяўленую ў час паўстаньня мужнасьць вялікі князь Ян Казімер ўраўнаваў у правах Магілёў зь Вільняй; апроч таго, места атрымала новы герб «у блакітным полі тры срэбныя мескія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узьнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[7].
Манастыр Яўленьня Гасподняга
  • 1681: на гандлёвай плошчы Магілёва паўстала новая мураваная ратуша (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай).
  • 1708: у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) места спалілі расейскія войскі.
  • 1745: у месьце быў 1301 будынак[4]; працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіньнікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў»; на тэрыторыі пасадаў знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Св. Міколы — «цэх алейніцкі», тут жылі злотнікі (ювэліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі; існаваў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.
  • 1756: у Магілёве дзейнічалі 9 праваслаўных цэркваў і 2 манастыры, 2 вуніяцкія цэрквы (Дальняя Ўваскрэшаньня Хрыстова і Покрыва Прасьв. Багародзіцы), 6 рымска-каталіцкіх касьцёлаў і 3 кляштары (кармэлітаў, езуітаў і бэрнардынаў).
  • 1765: у месьце налічвалася 1879 будынкаў.
  • 1772: у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, цэнтар Магілёўскай губэрні.
Сабор Сьв. Ёсіфа, кан. XVIII ст.
  • 22 лістапада 1773: цэнтар Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся сэмінарыя і акадэмія.
  • 1780: у Магілёве адбылася сустрэча паміж расейскай імпэратрыцай Кацярынай II і аўстрыйскім імпэратарам Ёсіфам, у гонар чаго заклалі Сабор Сьв. Ёсіфа.
  • 1781: атрымаў новы, расейскі герб, таксама з выявай Пагоні; у канцы ХVІІІ стагодзьдзя: у месьце было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавалі 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крамаў, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.
  • 1809: на базе Магілёўскай народная вучэльні (1789) адкрылася Магілёўская гімназія.
Панарама места. Н. Орда, 1877
  • 1812: Магілёў пэўны час займалі францускія войскі.
  • 1838: пачала выдавацца газэта «Могилевские губернские ведомости».
  • 1848—1856: празь места прайшла шаша.
  • 1867: заснаваньне Магілёўскага музэя.
  • 1879: у Магілёве зьявіўся водаправод
  • 1888: завершаньне будаўніцтва Магілёўскага тэатра.
  • 1897: падчас Усерасейскага перапісу 12 847 магілёўцаў (або 29,79% ад усіх месьцічаў) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказьнікам сярод беларускіх местаў.
  • 1902: праз Магілёў прайшла Пецярбурска-Адэская чыгунка.
  • жнівень 1915 — лістапад 1917: у Першую сусьветную вайну ў месьце знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у Магілёве быў расейскі імпэратар Мікалай II.
  • 16 студзеня 1918: бальшавікі правелі масавыя арышты дзеячоў польскай супольнасьці ў Магілёве; аднаго зь іх, ксяндза Эўгэнюша Сьвятопэлк-Мірскага, пазьней забілі[8].
  • 1 студзеня 1919: згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ўвайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала Магілёў разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
  • 1919—1924: павятовы цэнтар Гомельскай губэрні.
  • 1924: вярнуўся ў склад БССР, цэнтар Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёну.
  • 1938: цэнтар Магілёўскай вобласьці.
  • ліпень 1941 — чэрвень 1944: у Другую Сусьветную вайну знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі ў месьце Лупалаўкі лягер сьмерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасылачны лягер для ваеннапалонных, дзе загінула 70 тыс. чал.
  • 1942: патоп на Дубравенцы (2 тыс. загінулых)[9].
  • 1946: у Магілёве адкрыўся першы аўтобусны маршрут.
  • 1962: утварэньне 2 адміністрацыйна-тэрытарыяльных раёнаў Магілёва — Ленінскага і Кастрычніцкага.
  • 1970: пуск магілёўскага тралейбуса.
  • 2002: на пасаду кіраўніка Магілёўскага гарвыканкаму прызначаны Віктар Шорыкаў.
  • 2005: гістарычны герб места атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ігар Марзалюк, Алена Марзалюк. Магілёў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 243—244.
  2. ^ Дзьве даты 24 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 24 сакавіка 2012. — № 57 (27172). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сімволіка. Гербы краю на Магілёўская абласная бібліятэка
  4. ^ а б в г д Ігар Марзалюк, Алена Марзалюк. Магілёў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 244.
  5. ^ В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская. Магілёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988]. С. 44—50.
  6. ^ Беларускія летапісы і хронікі: пер. са старажытнарус., старабел., пол. / склад. У. Арлоў; рэд. В. Чамярыцкі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. С. 294.
  7. ^ Магілёў // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  8. ^ Dariusz Tarasiuk. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. ISBN 978-83-227-2629-7. S. 117.
  9. ^ Аляксей Бацюкоў (13 красавіка 2009) Трагедыя на Дубравенцы. Магілёўскія ведамасьціПраверана 2 студзеня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Магілёвасховішча мультымэдыйных матэрыялаў