Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў (Магілёў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Краіна Беларусь
Места Магілёў
Каардынаты 53°53′50″ пн. ш. 30°19′53.24″ у. д. / 53.89722° пн. ш. 30.3314556° у. д. / 53.89722; 30.3314556Каардынаты: 53°53′50″ пн. ш. 30°19′53.24″ у. д. / 53.89722° пн. ш. 30.3314556° у. д. / 53.89722; 30.3314556
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Магілёве. Знаходзіўся каля Каралеўскай брамы на Старым месьце. Дзеяў да першай паловы XIX ст. Твор архітэктуры барока.

Займаў пляц вакол Тэатральнага пляцу, абмежаваны вуліцамі Ветранай і Шклоўскай. У склад комплексу ўваходзілі мураваныя касьцёл і калегіюм, за якімі ўздоўж Шклоўскай вуліцы разьмяшчаўся двор, аточаны мураваным будынкам школы і гаспадарчымі пабудовамі[1]. У глыбі двара знаходзіўся кляштарны сад.

У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл і часткова[2] будынак калегіюму. У наш час замест аднаўленьня помніка архітэктуры зьявіўся праект пабудовы на месцы яго падмуркаў (якія захаваліся[3]) офіснага гмаху холдынгу «Сервалюкс»[4][5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1678[1][6][7] годзе (паводле іншых зьвестак — у 1673[2] годзе) смаленскі канонік і магілёўскі пробашч Я. Здановіч заснаваў езуіцкую рэзыдэнцую, якая адкрылася ў 1680 годзе. З 1682 году пачала дзеяць ніжэйшая школа (у 1732—1738 гадох для яе збудавалі мураванае памяшканьне)[2]. Каля 1684 году зьявілася музычная бурса і канвікт (інтэрнат), з канца XVII ст. дзеяў тэатар.

У 1684 годзе збудавалі мураваную капліцу Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, а ў 1686 годзе (паводле іншых зьвестак — у 1779 годзе[7]) пачалося ўзьвядзеньне мураванага калегіюму[6]. Імёны ягоных архітэктараў-езуітаў: Я. Алендзкі, прафэсар матэматыкі і архітэктуры В. Абранпольскі і інш.

Першы драўляны касьцёл пры рэзыдэнцыі збудавалі ў 1687 годзе (згарэў у 1708 годзе). У 1699 годзе распачалося будаваньне мураванага касьцёла Анёлаў-Ахоўнікаў, Сьвятога Тадэвуша і Сьвятога Францішка Ксавэрыя (кансэкрацыя сьвятыні адбылася ў 1725 годзе[6]). У 1720 годзе адкрылася аптэка[7], каля 1780 году — музэй, дзе выстаўляліся выкапні, матылі, манэты, мэдалі, дзеялі фізычны і хімічны кабінэты.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1792 год)), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і рэзыдэнцыя працягвалі дзеяць. У 1799 годзе рэзыдэнцыю пераўтварылі ў калегіюм з 6 клясаў[2]. На 1820 год езуіцкая бібліятэка налічвала 5 тысячаў кніжак[7]. Магілёўскім езуітам падпарадкоўваліся місіі ў Гомелі, Фашчаўцы, Хальчы, Чачэрску і іншыя. Калегіюму належалі маёнткі Бялянічы, Варатынічы, Галынец, Дабрасьневічы, Дубнікі, Куты, Параеўка, Паўлаўка, Турэц, Цёплае, Хронеў, Ямны ды іншыя[7].

Па ліквідацыі ордэна езуітаў у 1820 годзе расейскія ўлады зачынілі калегіюм (будынак прыставалі пад вайскова-афіцэрскую школу), а па здушэньні вызвольнага паўстаньня — у 1833 годзе гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1848 годзе над дахам будынка ўзьвялі несапраўдны шматгранны барабан, які аднак даволі ўдала паўтараў завяршэньні вежаў і ўзбагачваў сылюэт сьвятыні[6].

Перабудаваны будынак калегіюму

За савецкім часам царкву зачынілі. Па Другой сусьветнай вайне помнік архітэктуры зруйнавалі савецкія ўлады (існуе хібнае меркаваньне[7], што на ягоным месцы ў 1983 годзе збудавалі 9-павярховы жылы дом[5]).

Касьцёл — помнік архітэктуры барока, які меў блізкую архітэктоніку да Менскага касьцёла езуітаў[6]. Гэта была 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсыдай, да якой далучаліся трапэцападобныя ў пляне закрысьціі. Стылістыка галоўнага фасаду адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позьняга барока: ордэрная плястыка адначасова насычаная і строгая. Ён завяршаўся дзьвюма вежамі (1-ярусныя чацьверыкі[8]) з шмат’яруснымі барокавымі купаламі маляўнічага абрысу. Франтальны фасад дэкаравала ордэрная плястыка: слаістыя пілястры, выгнутыя гзымсы[7].

Скляпеньні былі цыліндрычнымі з распалубкамі на падпружных арках[6]. Інтэр’ер аздаблялі карынцкія пілястры, сьцены і скляпеньні — размалёўка.

Будынак калегіюму далучаўся да касьцёла тарцовай сьцяной. Гэта быў 2-павярховы прастакутны ў пляне аб’ём. Гладкія сьцены праразаліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.

У наш час на падмурках калегіюму стаіць будынак Магілёўскага музэю этнаграфіі. Унутраная сьцяна, якая выходзіць у двор музэю, зьяўляецца аўтэнтычнай сьцяной XVIII ст., колішняй часткаю езуіцкага калегіюму[5].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 349.
  2. ^ а б в г Пазднякоў В. Чарняўская Т. Магілёўскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 250.
  3. ^ У Магілёве ТБМ дамагаецца аднаўлення езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя. Радыё Рацыя (13.10.2010). Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
  4. ^ На месцы касцёла Св. Францыска Ксаверыя будзе адміністрацыйны будынак?. Mahilou.org » Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў МагілёвеПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ а б в Левановіч П., Дзьячкоў А. (15.10.2010) Няхай жыве касцёл у Магілёве!. Могилевский городской информационно-справочный порталПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ а б в г д е Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 156.
  7. ^ а б в г д е ё Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 434.
  8. ^ Габрусь Т. Наша «езуіцкае» барока // Наша Вера. № 1 (15), 2001.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]