Перайсьці да зьместу

Магілёўская хроніка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Магілёўская хроніка — летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) мескага летапісаньня. Складалася ў Магілёве на працягу ХVІІІХІХ стагодзьдзяў купецкім старостам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам (да 1701) і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім (1709—1747), працягнулі хроніку ягоны сын Аляксандар (1747—1788) і ўнук Міхаіл (1812—1857). Апошні і адзіны запіс Івана Міхайлавіча Трубніцкага пра навальніцу ўвечары 17 сакавіка 1864 году завяршае хроніку.

Геранім Філіповіч адшукаў страчаны арыгінал летапіса ў Салтыкоўскай бібліятэцы (Балашыха, Маскоўская вобласьць, Расея)[1].

Хроніка ўсебакова адлюстроўвае жыцьцё Магілёва. У цэнтры ўвагі аўтараў — справы і клопаты месьцічаў у сувязі са зьнешнепалітычнымі падзеямі. Запісы пра Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) паказваюць цяжкае становішча места і яго жыхароў. Створаныя вобразы Пятра І, Карла ХІІ, Меншыкава, Мазепы і інш. Многія старонкі хронікі прасякнутыя сацыяльным падтэкстам, спачуваньнем простаму чалавеку. Аўтары не страцілі сувязі з народнымі традыцыямі і абапіраліся на беларускую культурную спадчыну. Таксама ў хроніцы зьмешчаныя літаратурныя творы першай паловы ХVІІ ст. (вершаваны пасквіль на кардынала М. Радзяёўскага і караля Аўгуста ІІ Моцнага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземцаў у Польшчы» і інш.).

Найбольшую навуковую і гістарычна-літаратурную каштоўнасьць мае частка, напісаная першымі двума храністамі. Крыніцамі паслужылі запісы і ўспаміны сучасьнікаў, матэрыялы магілёўскага архіву, хронікі Гваньіні і Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіраньні аўтараў.[2]

  1. ^ Тамара Калініна (22 жніўня 2012) Геранім Філіповіч — дасьледнік Магілёўшчыны Культура. Магілёўскія ведамасьціПраверана 2 студзеня 2013 г.
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 55
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]