Базылік
Базылік (па-лацінску: Ocimum) — кветкавая расьліна сямейства ясноткавых.
Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. У Беларусі як вострапрыпраўную расьліну вырошчваюць базылік камфарны (Ocimum basilicum). Менавіта апошні, назва якога паходзіць ад грэцкага basilikos (каралеўскі), праз ўжываньне яго як прыправы (у вузкакулінарным сэнсе — спэцыі) стаў вядомы пад назвай базыліку.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Радзіма базыліку, праўдападобна, Іран. Дзякуючы лекавым якасьцям яшчэ ў старажытнасьці базыліку прыпісвалася чарадзейная моц. У індуізьме базылік лічыўся ўлюбёнай расьлінай Вішну. Базылік знойдзены пры раскопках эгіпецкіх пірамідаў. Мяркуецца, што ў Эўропу базылік трапіў у 4 стагодзьдзі да н.э. разам з жаўнерамі Аляксандра Македонскага, якія вярталіся з паходу ў Азію. Ад таго часу базылік пашырыўся ў Міжземнамор'і. Рымляне выкарыстоўвалі базылік пераважна як лекавую расьліну, паступова адкрываючы яго вартасьці прыправы. У ВКЛ базылік патрапіў, верагодна, у 16 стагодзьдзі зь Італіі. У кухарскія кнігі базылік унесьлі толькі ў 18 стагодзьдзі дзякуючы францускім кухарам, якія адкрылі хутчэй кулінарныя, чым магічныя ўласьцівасьці базыліку.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У наш час базылік як прыправа вядомы ва ўсім свеце, але найбольш ужываецца ў Італіі, Гішпаніі, Францыі, Грэцыі і Грузіі. Дзеля вырабу спэцыі выкарыстоўваецца надземная частка расьліны, якая валодае спэцыфічным прыемным водарам, што абумоўлены высокім утрыманьнем этэрнага алею (1,5 %) і дубільных рэчываў (6 %), мае зьлёгку гаркавы смак. Лісьце ўжываецца свежае ды сушанае. Сабранае лісьце сушаць пры тэмпэратуры 30 – 35 °C, а потым здрабняюць. Базылік дадаецца ў салаты, соўсы (італійскі salsa verde — зялёны соўс, францускі соўс вінэгрэт і г.д.), супы, мясныя (асабліва з бараніны) і рыбныя стравы, стравы з гародніны (спаржы, фасолі), а таксама пры саленьні і марынаваньні агуркоў, памідораў, кабачкоў, патысонаў, баравікоў, выкарыстоўваецца дзеля аддушкі воцату (крыху свежага лісьця дадаецца ў бутэльку з воцатам), араматызацыі таматнага соку. Не камбінуецца зь іншымі прыправамі, апроч часнаку. У «Літоўскай гаспадыні» базылік фігуруе як важная прыправа.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алег Дзярновіч, праект «Наша ежа».
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Як вырошчваць базылік (па-ангельску)
- Базылік на старонцы Герната Кацара, прысьвечанай спецыям Апісаньне выкарыстаньня базыліку ў кухнях Эўропы ды Азіі, спасылкі.
Базылік — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў