Пастарнак
Пастарна́к (па-лацінску: Pastinaca) — род кветкавых расьлін сямейства парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Эўразіі. На Беларусі 1 від — пастарнак дзікі, або лясны (Pastinaca sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жыльля. Культывуецца пастарнак пасяўны (Pastinaca sativa). Двух- або шматгадовыя травы зь перыстым лісьцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. Пастарнак пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расьліну.
Спажываюць пераважна мясістыя карняплоды зь белай або сьветла-крэмавай мякацьцю, з інтэнсіўным водарам пятрушкі) і салодкім смакам (падобным на смак аніса, кмену і фенхелю), якія ўтрымліваюць бялкі, вугляводы, пектынавыя і мінэральныя рэчывы, вітаміны В1, В2, РР, да 3,5% эфірных алеяў. У адрозьненьне ад блізкага сваяка, морквы, маюць менш бэта-каратыну, але больш (20 мг%) вітаміна С. Дастаткова калярыйны — 70 ккал (?) на 100 г. З маладога лісьця пастарнаку гатуюць салаты, дадаюць у марынады, выкарыстоўваюць пры кансэрваваньні гародніны.
Вядомы з часоў антычнасьці, доўгія стагодзьдзі пастарнак быў адной з найбольш папулярных культур у Эўропе, у тым ліку ў Беларусі, выконваючы ў Сярэднявечча і раньні Новы час прыкладна тую ж ролю, якую сёньня бульба. Здаўна вядомая народная прыпеўка:
Танцавала рыба з ракам,
А пятрушка з пастарнакам,
А цыбуля дзівавала,
Што пятрушка танцавала.
З XVIII—XIX стагодзьдзяў паступова выходзіў з моды, у сучаснай беларускай кулінарыі фактычна не ўжываецца.
Спосабы прыгатаваньня пастарнаку блізкія да морквы: найбольш вараць або тушаць, робяць сьвежыя салаты і пюрэ (найчасцей з дадаткам цыбулі), смажаць, запякаюць. Выкарыстоўваюць як гарнір да тушанага мяса, як прыправу ў першыя стравы. Вараны пастарнак, паліты растопленым маслам і пасыпаны зелянінай — выдатная гарачая закуска. Чысьціць старыя карняплоды належыць нажом зь нержавеючай сталі, затым прамыць халоднай вадой і да апрацоўкі трымаць у падкісьленай вадзе; маладыя часам дастаткова толькі нацерці сольлю.
Убіраюць пастарнак позна ўвосені, зразаючы лісьце на ўзроўні галоўкі. Захоўваюць пры 0—2 °С. Лічыцца, што маразы толькі паляпшаюць салодкі смак пастарнаку, таму нярэдка яго пакідаюць зімаваць.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пастарнак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў