Расада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Раса́да — маладая расьліна, якую вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца.

Выкарыстоўваецца ў агародніцтве, кветкаводзтве, лесаводзтве і пладаводзтве. Скарачае час вэгетацыі расьліны ў адкрытым грунце. Спрыяе атрыманьню раньняга і высокага ўраджаю агародніны на 2—3 месяцы раней за насеньне. Дапамагае вырошчваць познасьпелую агародніну ў шыротах з кароткім летам і ашчаджаць пасяўны матэрыял у 3—5 разоў. Дадатковае электрычнае асьвятленьне паскарае плоданашэньне і павышае ўрадлівасьць. У Беларусі з расады вырошчваюць баклажаны, капусту, струкавы перац і таматы[1].

Тэмпэратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гатункі капусты вырошчваюць у ахоўным грунце да 45—50 дзён пры тэмпэратуры 12—15 °С удзень і 6—10 °С уначы, а пазьнейшыя — да 30 дзён. Качанную салату і пэкінскую капусту трымаюць пры 15—18 °С удзень і 10—15 °С уначы. Баклажаны і перцы высейваюць у ахоўным грунце за 55—60 дзён да высадкі ў цяпліцу і за 50 дзён — да пасадкі пад плёначнае ўкрыцьцё. Пры гэтым рассаду трымаюць пры 18—22 °С удзень і 14—17 °С уначы. Таматы высейваюць за 50—55 дзён да цяпліцы і за 45 дзён да плёнкі. Расаду дыні і кавуна вырошчваюць 30 дзён да перасадкі на сталае месца, а агуркоў і фасолі — 20 дзён[2].

Пры гэтым, для прарастаньня расады патрабуецца вышэйшая тэмпэратура: агуркам, баклажанам і перцам — 26—28 °С, таматам — 24—26 °С, капусьце, салаце, сельдэрэю і цыбулі — 20—22 °С. Пасьля ўзыходу ўсяго насеньня тэмпэратуру варта зьнізіць на 4—6 дзён: агуркам падыдзе 16—18 °С днём і 14—15 °С уначы, а іншым цеплалюбівым (баклажанам, перцам і таматам) — 14—17 °С удзень і 10—12 °С уначы. Капусьце загартоўваюць пры 10—14 °С удзень і 6—10 °С уначы. Надалей тэмпэратуру трымаюць да 25 °С у ясны дзень, каля 17—19 °С — у пахмурны і апускаюць да 12—14 °С у прахалодную ноч дзеля захаваньня вырабаў фотасынтэзу[3].

Грунт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для расады з восені нарыхтоўваюць грунт з сумесі ўрадлівай садовай зямлі і пяску. Такі грунт лёгка прапускае паветра да каранёў расьлівы і ёсьць вільгацеёмістым. Ён зьмяшчае багата пажыўных рэчываў і добра праводзіць цеплыню. Таксама такі грунт вольны ад шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хваробаў. Для праверкі якасьці грунту робяць пасеў крэс-салаты. Яна зьмяняе афарбоўку пры лішку і нястачы ўгнаеньняў, а лісьце дэфармуецца ад таксінаў. Для грунту пад расаду агуркоў выкарыстоўваюць кантэйнэры абсягам прынамсі 1,5 літры. Пад раньнюю расаду перцу і таматаў — ад 0,7 да 1-го літру, а пад пазьнейшую — ад 0,3 да 0,5 літру. Раньнюю капусту высаджваюць у касэтах 7×7 і 8×8 см, а позьнюю — у касэтах 2,5×2,5 і 4×4 см або у скрыні. Сельдэрэй і цыбулю вырошчваюць з выкарыстаньнем пікоўкі. Расаду з касэтаў і кубікаў перавальваюць у буйнейшыя ёмістасьці з камяком зямлі[2].

Асьвятленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расаду дадаткова асьвятляюць ў лютым і сакавіку пры дапамозе сьвятлодыёдных лямпаў. У пахмурнае надвор’е іх уключаюць на 12—14 гадзінаў з ранку да вечару. У сонечнае — іх выключаюць на 4—5 гадзінаў у сярэдзіне дня. Пры гэтым, расаду разьмяшчаюць на адлегласьці, што прадухіляе ўзаемнае зацяненьне, каб кожнаму сьцяблу было даступна бакавое сьвятло[3].

Пасеў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кантэйнэры для пасеву расады маюць быць з адтулінамі для сьцёку лішняй вады ў паддон, бо лішак вільгаці і нястача тлену вылікаюць каранёвую гніль. Узровень увільготненага перад пасевам грунту мае складаць 5—10 мм ніжэй за край ёмістасьці для зручнасьці паліву і незацененасьці ўсходаў краямі кантэйнэра. Перад пасевам насеньне пратручваюць фіялетавай рашчынай марганцавакіслага калю і пратручваюць сокам з альясу, гутаматам, цырконам або эпінам. Усходжасьць насеньня правяраюць прарошчваньнем. У пасяўных латках робяць баразёнкі глыбінёй 1—2 см і паліваюць рашчынай марганцавакіслага калю, пасьля чаго саджаюць насеньне. Чым буйнейшае насеньне і чым даўжэй мяркуецца ўтрымліваць сеянцы да пікоўкі або перасадкі, тым большая адлегласьць між імі ў радку. Пасевы накрываюць тонкай плёнкай або шклом, якія здымаюць пасьля ўзьнікненьня ўсходаў[3].

Пікоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пікоўкай ашчаджаюць месца пад лямпамі і адбіраюць найдужэйшыя расьліны. Калі ад паверхні зямлі да семядольнага лісьця застаецца 1 см, гэта дазваляе пазьбегнуць затапленьня пункта росту пры паліваньні і атрымаць кампактнае сьцябло. Пакуль расьпікаваная расада прыжываецца ад некалькіх гадзінаў да содняў, ад яе прыбіраюць даасьвятленьне. Пікоўку выкарыстоўваюць для белакачаннай і квяцістай капусты, таматаў, а таксама перцаў і баклажанаў на ступені семядольнага лісьця і першага сапраўднага ліста[3].

Падкормка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне 0,1—0,2%-ай рашчыны расадных угнаеньняў пры кожным паліве замест вады спрыяе атрыманьню мацнейшых расьлінаў і дазваляе не прапусьціць час іх галаданьня. Пры гэтым, імкнуцца да захаваньня глебы ўмерана вільготнай і здольнай убірай ваду[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Расада // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 310. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  2. ^ а б Ірына Тамковіч. Яшчэ раз пра расаду (Пачатак) // Зьвязда : газэта. — 23 студзеня 2014. — № 12 (27622). — С. 10. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д Ірына Тамковіч. Яшчэ раз пра расаду (Заканчэньне) // Зьвязда. — 30 студзеня 2014. — № 17 (27627). — С. 5.