Рудабелка
Рудабелка лац. Rudabiełka | |||||
Пры ўезьдзе ў мястэчка | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XV стагодзьдзе | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Рудабельскі | ||||
Насельніцтва: | 6594 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2357 | ||||
Паштовы індэкс: | 247319 | ||||
СААТА: | 3240551000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°38′35″ пн. ш. 28°52′56″ у. д. / 52.64306° пн. ш. 28.88222° у. д.Каардынаты: 52°38′35″ пн. ш. 28°52′56″ у. д. / 52.64306° пн. ш. 28.88222° у. д. | ||||
± Рудабелка | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Рудабе́лка[2][3] (з 1954 году — Акця́барскі[a]) — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Нератоўцы. Адміністрацыйны цэнтар Рудабельскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6594 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 190 км на захад ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Бабруйск — Рабкор. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Глускам, Азарычамі, Парычамі, Капаткевічамі.
Рудабелка — даўні цэнтар староства і войтаўства гістарычнай Мазыршчыны (частка Меншчыны), на ўсходзе Палесься. У XX стагодзьдзі лякальны цэнтар партызанскага руху.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Рудабелка. Тапонім утварыўся ад двух словаў: «руда» паказвае на радовішча жалезнай руды (падобныя назвы — Рудодзіма, Рудамэйка, Рудакопішча), «белка» ў народнай тапанімічнай намэнклятуры, паводле тапаніміста Івана Яшкіна, — 'нягрузкае недрыгвістае верхавое балота'. Ідэнтычныя паводле будовы назвы існуюць у Летуве: Rū̃dbalis, Rūdbalỹs, Rū̃dpelkis — таксама ад руды і балота[4].
Згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, назву «Акцябарскі» надалі гарадзкому пасёлку, утворанаму 31 жніўня 1954 году шляхам аб’яднаньня вёсак Рудабелкі, Карпілаўкі і Рудні. Аднак у сучасных энцыкляпэдычных выданьнях гісторыя цяперашняга мястэчка разглядаецца як беспасярэдні працяг гісторыі менавіта Рудабелкі[5] (Рудыя Белкі, Рудобелка[6][7]).
Тапонім «Акцябарскі» (афіц. Акцябрскі) зьяўляецца штучным пераносам у беларускую мову расейскай назвы «Октябрьский», зьвязанай з кастрычніцкім пераваротам 1917 году. У наш час прапануецца вярнуць мястэчку традыцыйную гістарычную назву Рудабелка ў якасьці афіцыйнай[8]. Паводле сьведчаньня мясцовых жыхароў, іх дагэтуль клічуць рудабельцамі[9].
Назва «Акцябарскі» не зьяўляецца ўнікальнай: у Расеі з такой назвай існуе дзесяць пасёлкаў гарадзкога тыпу і больш за сотню звычайных пасёлкаў, у Казахстане — два пасёлкі гарадзкога тыпу, у Таджыкістане і Ўзбэкістане — па адным пасёлку гарадзкога тыпу.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню сяло Рудыя Белкі ўпамінаецца ў сярэдзіне XV стагодзьдзя як уладаньне вялікіх князёў у Птыцкім старостве Мазырскага павету. У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў прыбытак з маёнтку Рудабелка на 10 гадоў Мікалаю Радзівілу ў зьвязку з выкананьнем ім абавязкаў ваяводы троцкага, а ў 1526 годзе аддаў маёнтак яму ў валоданьне. Па сьмерці М. Радзівіла Рудабелка перайшла да ягонага сына Яна. Па сьмерці апошняга ў 1545 годзе маёнтак зноў стаў дзяржаўнай уласнасьцю.
На 1552 год у Рудабелцы было 99 дымоў. На той час празь сяло праходзіў гандлёвы шлях з Слуцку ў Мазыр. Пад 1560 годам Рудабелка ўпамінаецца ў зьвязку з апісаньнем межаў вёсак. 3 1583 або 1588 году маёнтак арандаваў Ю. М. Зяновіч, потым ягоны зяць — князь А. М. Вішнявецкі.
У 1661 годзе сяло перайшло ў валоданьне князя А. Г. Палубінскага. У 1683 годзе Рудабелка стала цэнтрам староства, якое налічвала 90 дымоў. У сяле дзеяла царква, працавалі рудня, млын і карчма. На 1683 год Рудабелка — цэнтар воласьці ў Мазырскім павеце. З 1685 году, па сьмерці Канстантына, сына А. Г. Палубінскага, маёнтак зноў перайшоў да Радзівілаў (празь сястру Канстантына, жонку Дамініка Мікалая Радзівіла). За Радзівіламі ў маёнтку была бібліятэка.
У 1700 годзе ў Рудабелцы збудавалі новую царкву. У XVIII стагодзьдзі сяло стала цэнтрам войтаўства Мазырскага староства Менскага ваяводзтва. У канцы XVIII стагодзьдзя Рудабелка знаходзілася ў валоданьні зямяніна Д. Лапа, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рудабелка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні. У 1-й палове ХІХ стагодзьдзя Д. Лапа правёў у маёнтку буйныя мэліярацыйныя працы. Пазьней, калі маёнтак перайшоў да ягоных сыноў — Міхала і Аляксандра, тут пачалі працаваць вінакурныя заводы, 5 малацільных машын, вадзяныя млыны, круперня, сукнавальня і іншыя прадпрыемствы. На 1844 год у маёнтак Рудабелка ўваходзілі 8 вёсак і 1 засьценак, пражывала 803 асобы мужчынскай стаці і 802 — жаночай. У 1863 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі краю адкрылі ў сяле народную вучэльню.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі маёнтак у Лапаў і ў 1874 годзе перадалі яго барону Ліліянфэльду. У 1880-я гады ў Рудабелцы было 25 дамоў, дзеялі царква і каталіцкая капліца[10]. У склад Рудабельскай воласьці на 1885 год уваходзілі 35 паселішчаў з 570 дварамі. У 1887 годзе ў Рудабелцы збудавалі новую драўляную царкву. З 1885 году ў маёнтку працаваў сьпіртзавод, а з 1898 году — лесапільнае прадпрыемства. У пачатку ХХ стагодзьдзя сяло знаходзілася ў валоданьні барона Ўрангеля. З 1916 году тут дзеяў тэлеграф.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рудабелка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[11]. У 1918—1920 гадах Рудабелка стала цэнтрам г. зв. «Рудабельскай рэспублікі». 28 чэрвеня 1939 году ўтварыўся Карпілаўскі (афіцыйна — Акцябарскі) раён Палескай вобласьці з цэнтрам у Карпілаўцы. 31 жніўня 1954 году шляхам аб’яднаньня вёсак Рудабелкі, Карпілаўкі і Рудні ўтварыўся гарадзкі пасёлак Рудабелка (афіцыйна — Акцябарскі), у які быў перанесены адміністрацыйны цэнтар Рудабельскага (афіцыйна — Акцябарскага) раёну.
У Другую сусьветную вайну з чэрвеня да кастрычніка 1941, з сакавіка да 4 траўня 1942 і з 24 студзеня да 27 чэрвеня 1944 году Рудабелка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У астатні час сяло знаходзілася пад кантролем партызанаў і было цэнтрам Рудабельска-Любанскай партызанскай зоны. На тэрыторыі раёну працавалі школы, электрастанцыя, майстэрні і іншыя. У сакавіку — красавіку 1942 году ў час карнай апэрацыі гітлераўцы спалілі Рудню, частку Рудабелкі і Карпілаўкі; у агні загінулі 2629 чалавек.
У верасьні 1944 году Рудабелка ўвайшла ў Бабруйскую, у 1954 — Гомельскую вобласьць. У 1962—1966 гадах уваходзіла ў склад Шацілавіцкага раёну.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 38 чал. у вёсцы Карпілаўцы
- XIX стагодзьдзе: 1897 год — 345 чал. у вёсцы Карпілаўцы
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 642 чал. у вёсцы Карпілаўцы і 297 чал. у вёсцы Рудні[12]; 1959 год — 2954 чал.; 1970 год — 4273 чал.; 1977 год — 5,3 тыс. чал.; 1979 год — 5825 чал.; 1989 год — 7253 чал.; 1991 год — 7,3 тыс. чал.[13]; 1994 год — 8,4 тыс. чал.; 1999 год — 8440 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,1 тыс. чал.[14]; 2005 год — 7,9 тыс. чал.; 2009 год — 7367 чал.[15] (перапіс); 2010 год — 7,3 тыс. чал.; 2016 год — 6753 чал.[16]; 2017 год — 6596 чал.[17]; 2018 год — 6594 чал.[1]
Па катастрофе на ЧАЭС у 1986 годзе у Рудабелку пачалі прыбываць перасяленцы з забруджаных тэрыторыяў, у выніку чаго вырасла колькасьць насельніцтва.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990-я ў Рудабелцы збудавалі новыя царкву і касьцёл.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Рудабелцы працуюць 3 сярэднія, спартовая, мастацкая і музычная школы.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дом дзіцячай творчасьці, дом рамёстваў, цэнтар гісторыі і культуры, 2 бібліятэкі.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2001 годзе зьявіўся новы генэральны плян разьвіцьця Рудабелкі. Цэнтар забудоўваецца 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Утварыліся 2 мікрараёны, жылы гарадок, 3 новыя раёны індывідуальнай забудовы. У 1985 годзе прайшла рэканструкцыя цэнтральнага пляцу.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. Прамысловы комплекс мястэчка спэцыялізуецца на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Налічваецца каля 60 прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Рудабелцы праводзіцца нацыянальны фэст фальклёрнага мастацтва «Берагіня». Дзее музэй народнай славы. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Акцябарская»[18].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сядзіба, вінакурня (1880-я)
У мястэчку знаходзяцца шматлікія помнікі, зьвязаныя з падзеямі Другой сусьветнай вайны.
Старачаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Покрыва Багародзіцы
- Сядзіба
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 66.
- ^ Вячорка В. Не Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а Качэрычы // Радыё Свабода, 25 траўня 2016 г.
- ^ Насевіч В. Рудыя Белкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 515.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 223.
- ^ Насевіч В., Паваліхіна В. Акцябрскі // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 93.
- ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы // Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
- ^ Маёрчык Я. Рудабелка (Акцябарскі) // Радыё Свабода, 3 ліпеня 2003 г.
- ^ Jelski A. Rudobiełka // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 943.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 29.
- ^ Насевіч В., Паваліхіна В. Акцябрскі // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 94.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 28.
- ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.