Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў
Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў[1]
XIII фэст у 2022 годзе
XIII фэст у 2022 годзе
Гады ад 1996 году
Краіна Беларусь
Горад Менск (адкрыцьцё), Горадня
Мова(-ы) беларуская, расейская
Жанр песьня
Псэўданім РФНК
Тэматыка фальклёр, кнігі, нацыянальная кухня
Лэйбл Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культураў
Склад 37 дыяспараў (2016 год)
Заснавальнік Гарадзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт
Арганізатар Міністэрства культуры Беларусі

Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў — фэст дыяспараў Беларусі, які ладзяць кожныя 2 гады ў Горадні з 1996 году.

Ад 2007 году адкрыцьцё адбываецца ў Менску, а заключныя мерапрыемствы — у Горадні, дзе іх праводзяць Гарадзенскія абласны і гарадзкі выканаўчыя камітэты. Каардынатарам фэсту выступае Міністэрства культуры Беларусі. Паводле 7-га артыкула Палажэньня аб фэстывалі 2011 году, у фэсьце бяруць удзел аматарскія гурты і выканаўцы мастацкай творчасьці ад грамадзкіх аб’яднаньняў дыяспараў, установы культуры і адукацыі з рэпэртуарам твораў дыяспараў, народныя майстры, установы адукацыі і бібліятэкі з фондамі дакумэнтаў замежных народаў, выдавецтвы, электронныя сродкі масавай інфармацыі і пэрыядычныя друкаваныя выданьні грамадзкіх аб’яднаньняў дыяспараў, а таксама страўні нацыянальнай кухні. У якасьці гасьцей на адкрыцьці і закрыцьці выступаюць прафэсійныя гурты і выканаўцы мастацкай творчасьці зь Беларусі і этнічнай радзімы грамадзкіх аб’яднаньняў дыяспараў[2].

Права[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з Палажэньнем аб фэстывалі 2011 году Ўрад Беларусі ўхваляў рашэньне аб тэрмінах яго правядзеньня і зацьвярджаў яго аргкамітэт. Паводле 4-га артыкула Палажэньня, суарганізатарамі выступаюць упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства інфармацыі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культураў, абласныя выканаўчыя камітэты Беларусі, Гарадзенскі і Менскі гарадзкія выканаўчыя камітэты. Папярэдні адбор ладзілі ў некалькі колаў на раённым і гарадзкім узроўнях, а затым на абласным і менскім гарадзкім узроўнях. Аргкамітэт зацьвярджаў склад журы, рэжысэрска-пастановачнай групы і кіраўніцтва фэсту, сьпіс удзельнікаў і сымболіку фэстывалю, а таксама разглядаў фінансаваньне і вызначаў установы для творчага заказу падрыхтоўкі і правядзеньня фэсту. Пры гэтым Гарадзенскі гарвыканкам зацьвярджаў склад рэжысэрска-пастановачнай групы для эпізодаў заключных мерапрыемстваў, а таксама прадстаўляў на разгляд аргкамітэту праект праграмы, каштарыс і эскізы мастацкага афармленьня заключных мерапрыемстваў, якія ладзілі ў Горадні. Сцэнар урачыстасьцяў адкрыцьця і закрыцьця ўхваляла Міністэрства культуры Беларусі[2].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымболіка XI фэсту (2016 год)

Журы вызначае гурты і выканаўцаў для ўзнагароджаньня дыплёмам ляўрэата Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культураў за адметнае ўвасабленьне нацыянальнага калярыту супольнасьці, выканальніцкае майстэрства, высокамастацкае афармленьне сцэнічных пляцовак і падворкаў дыяспараў. Міністэрства культуры Беларусі ўзнагароджвае гурты і выканаўцаў, дзеячоў культуры і мастацтва за высокае выканальніцкае майстэрства. Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў узнагароджвае каштоўнымі падарункамі ўдзельнікаў і арганізатараў фэсту за ўклад у міжнацыянальную згоду ў Беларусі і дапамогу ў статутнай дзейнасьці грамадзкім аб’яднаньням дыяспараў. Міністэрства адукацыі Беларусі ладзіць узнагароджаньне ўстановаў адукацыі за выхаваньне дзяцей і падлеткаў у культурных традыцыях нацыянальных супольнасьцяў. Міністэрства інфармацыі Беларусі ўзнагароджвае выданьні грамадзкіх аб’яднаньняў дыяспараў і іх аўтараў[2].

Ад заснаваньня галоўныя ўзнагароды ў выглядзе крыштальных сымбаляў фэстывалю выраблялі шклавары заводу «Нёман» у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Да 2018 году ўзнагароды выраблялі ў выглядзе крыштальнага бусла. Таксама ўзнагароджвалі крыштальнымі вазамі і стылізаванымі талеркамі. У 2018 годзе сымбаль сьвята зьмянілі на 7-пялёсткавую кветку-вясёлку, якой сталі ўзнагароджваць у выглядзе крыштальнай фігуры[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе ў Горадні прайшоў I Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў. Грамадзкія аб’яднаньні дыяспараў Беларусі прадставілі на ім песьні, танцы, музыку, прадметы аздабленьня, звычаі і народную кухню. У фэстывалі ўзялі ўдзел грамадзкія аб’яднаньні 11 народнасьцяў — летувісы, палякі, расейцы і ўкраінцы, а таксама малдаване, немцы і татары, азэрбайджанцы, армяне, габрэі і карэйцы. У 1998 годзе II фэстываль прымеркавалі да 600-годзьдзя пасяленьня татараў у Беларусі. У 2000 годзе Міністэрства культуры Беларусі надало III фэстывалю статус Усебеларускага. Пры гэтым у Горадні заклалі сквэр Сяброўства, дзе пасадзілі дрэвы ад кожнай дыяспары. У 2002 годзе ўпершыню правялі абласныя адборы на фэстываль, што дазволіла павялічыць колькасьць дыяспараў, якія бралі ў ім удзел[4].

23 чэрвеня 2003 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 835 «Аб правядзеньні V Ўсебеларускага фэстывалю нацыянальных культураў» на прапанову Міністэрства культуры. Яго пастанавілі зладзіць ад траўня 2003 году да чэрвеня 2004 году. Згодна з 3-м артыкулам Пастановы падрыхтоўку і правядзеньне фэсту ўсклалі на Міністэрства культуры Беларусі, Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне, Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства інфармацыі Беларусі, абласныя выканаўчыя камітэты Беларусі і Менскі гарвыканкам. Таксама зацьвердзілі склад арганізацыйнага камітэту, які ўзначаліў намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Дражын[5]. У выніку ў 2004 годзе адбыўся V Усебеларускі фэстываль нацыянальных культураў, які ўпершыню правялі згодна з Пастановай Ураду Беларусі. У адборы на яго ўзялі ўдзел прадстаўнікі ад 38 гарадоў і 28 вёсак Беларусі. У 2006 годзе на VI фэстывалі ўпершыню правялі конкурс маладых выканаўцаў нацыянальнай песьні. Ад часу ўзьнікненьня фэсту ўтварыліся грамадзкія аб’яднаньні 8 дыяспараў — грэцкая, дагестанская, чуваская і эстонская, а таксама аўганская, грузінская, казаская і палестынская[4]. 2—4 чэрвеня 2006 году ў Старым горадзе сабралася звыш 20 000 чалавек. Агулам на фэст прыехала 25 суполак дыяспараў Беларусі[6]. Іх прадстаўляла звыш 800 чалавек[7].

23 красавіка 2007 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 512 «Аб Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культураў», якая ўлучала Палажэньне аб фэстывалі. Яго правядзеньне цягам 2-х гадоў з траўня 2007-га па чэрвень 2008 году разьмеркавалі на некалькі колаў у раёнах і гарадах, а таксама абласьцях. Згодна з 4-м артыкулам Палажэньня да ліку суарганізатараў VII фэсту дадаліся Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культураў і Гарадзенскі гарвыканкам. Каардынатарам фэсту стала Міністэрства культуры, якое зацьвярджала склад журы, рэжысэрска-пастановачнай групы і кіраўніцтва фэстывалю. Адкрыцьцё прызначылі на травень 2007 году ў Менску і прымеркавалі да Сусьветнага дня культурнай разнастайнасьці дзеля дыялёгу і разьвіцьця, які сьвяткуюць 21 траўня згодна з Рашэньнем Генэральнай асамблеі ААН 2002 году № 57/249. Да кастрычніка 2007 году мелі правесьці раённыя і гарадзкія колы адбору ўдзельнікаў. Да студзеня 2008 году ладзілі абласныя і Менскі гарадзкі колы адбору, на якіх рэспубліканскае журы вызначала гурты і выканаўцаў мастацкай творчасьці для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах фэсту ў чэрвені 2008 году ў Горадні. Пры гэтым Гарадзенскі гарвыканкам зацьвярджаў склад рэжысэрска-пастановачнай групы для мерапрыемстваў у Горадні і падаваў аргкамітэту каштарыс, праект праграмы і эскізы мастацкага афармленьня для іх[8]. Падчас правядзеньня адбораў ўтварыліся баўгарскія, кабардзіна-балкарскія і арабскія гурты. На VII фэстывалі ў 2008 годзе кожная дыяспара ўпершыню паказала асаблівасьці свайго сямейна-побытавага абраду вясельля[4]. Таксама сярод больш як 40 мерапрыемстваў з удзелам амаль 35 народнасьцяў у рамках фэсту ўпершыню зладзілі сьвята дзіцячай паэзіі «Зялёнае Лета», падчас якога дзеці чыталі вершы сваіх дыяспараў[9].

Азэрбайджанскі падворак на VIII фэсьце (2010 год)

У чэрвені 2010 году VIII фэст сабраў прадстаўнікоў 33-х народнасьцяў, сярод якіх былі латышы і вугорцы, башкіры, мардоўцы, марыйцы і чачэнцы, а таксама індыйцы, ланкійцы, пакістанцы, таджыкі, туркмэны і цыганы. Пасьля канцэртнага адбору сярод больш чым 2500 чалавек вылучылі 792 прадстаўнікоў, у тым ліку 74 гурты і 122 асобных выканаўцаў. Сярод іншага, гурт «Шматгалосьсе» ад Менскай вобласьці ўлучаў прадстаўнікоў 14 народнасьцяў, клюб «Карагод» ад Берасьцейскай вобласьці — 10 народнасьцяў, а «Дружба» зь Ільлюшына ў Вушацкім раёне — 5[4]. 4—6 чэрвеня галоўнай пляцоўкай фэсту ўпершыню стаў гарадзенскі стадыён «Нёман». У тэатралізаваным шэсьці ўзялі ўдзел больш як 2000 чалавек. Кожная дыяспара паказала свой звычай радзінаў дзіцяці. На заключным канцэрце сярод іншых выступілі Гюнэш Абасава, Б’янкі, Алег Газманаў, Вера Карэтнікава, Тарыел Майсурадзэ, Аляксей Хлястоў і Пётар Ялфімаў, а таксама гурт «3+2»[10]. У фэстывалі бралі ўдзел міністар культуры Павал Латушка і новапрызначаны старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра[11].

Помнік на месцы Фары Вітаўта, адкрыты падчас X фэсту (2014 год)

2 сакавіка 2011 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 256 «Аб Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культураў», Палажэньне аб фэсьце ў якой стала пастаянным для наступных фэстаў[2]. У чэрвені 2012 году IX фэст пашырылі на 20 новых мерапрыемстваў, сярод якіх былі вогненнае шоў, конкурс асілкаў, адзінаборствы і выстава народнай гаспадаркі. Тэмай падворкаў дыяспараў стала сьвята вясны. 14 верасьня 2013 году адкрыцьцё X фэсту прыняла Беларуская дзяржаўная філярмонія. Да сьнежня правялі абласныя адборы з удзелам звыш 2000 прадстаўнікоў 35 дыяспараў, сярод якіх былі ангельцы, гішпанцы і крымскія татары, іранцы, туркі і ўзбэкі, а таксама вэнэсуэльцы. Заключны адбор прайшлі 984 чалавекі. 6—8 чэрвеня 2014 году на фэсьце падвялі выніку конкурсу журналістаў наконт міжнароднага дыялёгу і супрацы зь беларускай дыяспарай. Зладзілі паказ народных строяў «Прыгажуня фэстывалю». Заклалі Алею сяброўства і ўсталявалі помнік на месцы Фары Вітаўта. Сярод іншага, правялі рок-канцэрт і сьвята тэатральнага мастацтва. На фэсьце выступілі Іскуі Абалян, Іван Буслай, Гюнэш, Леў Лешчанка, расейскі гурт «Вінтаж» і ўкраінскі «Цік». У якасьці запрошаных гасьцей выступіла 1500 прадстаўнікоў замежжа ад дыяспараў[12].

Цыганскі падворак на XI фэстывалі (2016 год)

12 верасьня 2015 году на Дні горада ў Менску адбылося адкрыцьцё XI фэстывалю з удзелам гуртоў ад больш як 20 дыяспараў[13]. 3—5 чэрвеня 2016 году ў Горадні прайшлі заключныя мерапрыемствы пад патранатам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (Францыя). На фэсьце выступіла звыш 2000 чалавек. Культуру дыяспараў прадставілі 22 падворкі. Упершыню адкрыўся іранскі шацёр. Да сьвяточнага шэсьця дыяспараў упершыню далучыліся амэрыканскі, сырыйцы і нігерыйцы. На XI фэсьце заклалі этна-аранжарэю, зладзілі матарызаваны парад і лазэрна-вогненнае шоў. Таксама ажыцьцяўлялі радыётрансьляцыю з фэста і тэлепаказ на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні», у тым ліку ў Сеціве. Адной з галоўных падзеяў стаў паказ майстроў мастацтваў «Кветкі Радзімы»[4]. Агулам у фэсьце ўзялі ўдзел 37 дыяспараў[14]. Сярод іншага, зладзілі шатляндзкую вечарыну і канцэрт ірляндзкіх танцаў[15].

Гандлёвыя павільёны надвячоркам на XII фэсьце (2018 год)

У чэрвені 2018 году XII фэст сабраў звыш 200 000 наведнікаў. На 2-і дзень у Горадні адчынілі «Фэстывальны» культурны цэнтар, які спалучыў музэй фэстывалю, музэй Горадні арт-кавярню, сувэнірную краму і выставачную залю. Асноўнай тэмай фэсту сталі гульні дыяспараў. Казаская юрта з разборнымі арэлямі перамагла на конкурсе падворкаў дыяспараў, на якім яе ўганаравалі галоўнай узнагародай у выглядзе крыштальнай кветкі-вясёлкі (сяміпялёсткі), што была сымбалем сьвята. На 3-і дзень фэсту Аўгустоўскі канал прыняў фота-пленэр і дыскатэку[4]. Упершыню сярод 35 дыяспараў выступілі тамілы[16] і кубінцы. На фэсьце адкрылі помнік князю Давыду Гарадзенскаму і ладзілі паказы фільмаў пад адкрытым небам. Сярод 120 000 наведнікаў фэст сустрэў 25-тысячнага бязьвізавага турыста[17]. Сярод 3000 замежных падарожнікаў фэст наведалі 1500 палякаў, 1200 летувісаў, 100 латышоў і 40 гасьцей зь Ліхтэнштайну[3].

Украінскі падворак на XIII фэстывалі (2022 год)

13 траўня 2020 году кіраўніца Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культураў Вольга Антоненка паведаміла пра рашэньне аргкамітэту наконт пераносу XIII фэсту на просьбу Гарадзенскага аблвыканкаму і дыяспараў у сувязі з пандэміяй уханьскага каранавірусу[18]. 26 траўня 2022 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусьціла ў абарачэньне канвэрт з маркай «XIII Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур», дызайн якога распрацавала М. Віткоўская. Памятнае гашэньне канвэрта правялі 3 чэрвэня ў аддзяленьні «Белпошты» № 23 у Горадні[19]. На XIII фэсьце(be) ў дадатак да 17 падворкаў дыяспараў у Горадні ўзьвялі беларускі падворак, а на плошчы разьмясьцілі мапу Беларусі з пазначэньнем мясцовых звычаяў паводле кожнай вобласьці краіны[20]. Таксама, акрамя 30 дыяспараў Беларусі, у фэсьце ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары Латвіі і Расеі, якіх ўзнагародзілі нагруднымі знакамі і ганаровымі граматамі Міністэрства культуры[21]. Шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы зрабіў для фэсту 51 выраб, у тым ліку крыштальную кампазыцыю ў выглядзе 2-х стэлаў зь беларускім узорам і эмблемай для пераможцаў[22].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвязда (белар.)Выдавецкі дом «Звязда», 2022. — вып. 103 (29725). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763X
  2. ^ а б в г Міхаіл Мясьніковіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 2011 г. № 256 «Аб Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культураў» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 10 сакавіка 2011 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  3. ^ а б Кацярына Чароўская. Яскравыя пялёсткі сьвята // Голас Радзімы : газэта. — 14 чэрвеня 2018. — № 22 (3574). — С. 1, 2.
  4. ^ а б в г д е Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур // Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культураў, 2024 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  5. ^ Генадзь Навіцкі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 2003 г. № 835 «Аб правядзеньні V Ўсебеларускага фэстывалю нацыянальных культураў» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2 ліпеня 2003 г. Праверана 9 лютага 2024 г.
  6. ^ Горадня: дзясяткі тысяч наведалі фэст нацыянальных культур // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 чэрвеня 2006 г. Праверана 9 лютага 2024 г.
  7. ^ Андрэй Лянкевіч. Фотарэпартаж з фэстывалю нацыянальных культур // Газэта «Наша ніва», 5 чэрвеня 2006 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  8. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 2007 г. № 512 «Аб Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культураў» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2 траўня 2007 г. Праверана 9 лютага 2024 г.
  9. ^ Сяргей Апановіч. У Гродне ва ўік-энд — свята нацыянальных культураў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 чэрвеня 2008 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  10. ^ Ірына Прымак. Мы розныя, і гэта — добра // Народная газэта. — 22 траўня 2010. — № 5256.
  11. ^ Юлія Дарашкевіч. Як у Горадні сустракалі новага кіраўніка вобласьці // Газэта «Наша ніва», 6 чэрвеня 2010 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  12. ^ Лічба дня // Зьвязда : газэта. — 15 траўня 2014. — № 88 (27698). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Рыгор Гарэшка. Фэстываль — на год амаль // Голас Радзімы : газэта. — 17 верасьня 2015. — № 35 (3443). — С. 2.
  14. ^ У XI Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культур прымаюць удзел 37 народнасьцяў // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2016 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  15. ^ XI фэстываль нацыянальных культур адкрываецца ў Горадні // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2016 г. Праверана 10 лютага 2024 г.
  16. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Гродне стартаваў Фэстываль нацыянальных культур // Белтэлерадыёкампанія, 1 чэрвеня 2018 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  17. ^ Фэстываль нацыянальных культур у Горадні // Belarus.by, 2 чэрвеня 2018 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  18. ^ Фэстываль нацыянальных культур у Горадні перанесены // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 траўня 2020 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  19. ^ XIII Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур // УП «Белпошта», 26 траўня 2022 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  20. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Фэстываль нацыянальных культур пройдзе ў Горадні // Белтэлерадыёкампанія, 26 траўня 2022 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  21. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Фэстываль нацыянальных культур у Горадні сустрэў беларусаў замежжа // Белтэлерадыёкампанія, 3 чэрвеня 2022 г. Праверана 11 лютага 2024 г.
  22. ^ Маргарыта Вушкевіч. Пад аховай кветкі-сяміколерніка // Зьвязда. — 28 траўня 2022. — № 103 (29725). — С. 1, 2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]