Калоскі дабравест

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°41′4″ пн. ш. 23°50′28″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84111° у. д. / 53.68444; 23.84111

«Калоскі дабравест»
афіц. Каложскі дабравест
Гады з 2002-га
Краіна Беларусь
Горад Горадня
Мова беларуская і іншыя
Жанр духоўная песьня
Псэўданім Каложа
Тэматыка песьня
Лэйбл Гарадзенская япархія
Склад Хор Храма ўсіх сьвятых (Менск)
pokrovgrodno.org/be/festival

«Кало́скі дабраве́ст» — міжнародны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў, які штолюты ладзіцца ў Горадні з 2002 году.

Суарганізатарамі фэсту выступаюць Гарадзенская япархія і Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт пры адначасным дафінансаваньні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыцьцё і закрыцьцё прымае Гарадзенскі абласны драматычны тэатар[1]. Папярэдне ў студзені праводзіцца адборачнае праслухоўваньне хароў Гарадзенскай япархіі. Конкурснае праслухоўваньне з удзелам замежных хароў прымае сабор Пакрова Багародзіцы[2].

Лік удзельнікаў абмяжоўвалі 45 харамі. Працягласьць выступу мела складаць да 20 хвілінаў для дарослых і да 15 хвілінаў для дзіцячых хароў. Песьнясьпевы мелі ўлучаць: 1) духоўныя творы беларускіх кампазытараў; 2) творы Аляксандра Архангельскага, Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага і Паўла Часнакова (рамантычны пэрыяд); 3) партэсныя сьпевы Зьмітра Бартнянскага, Максіма Беразоўскага і Сьцяпана Дзегцярова (харавая клясыка); 4) хатнія сьпевы; 5) расьпеў не ў гарманізацыі — баўгарскі, грэцкі, знакавы, кіеўскі або хатні[3].

Намінацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год на «Калоскім дабравесьце» прысуджалі ўзнагароды ў 8 намінацыях:

  • царкоўныя хары япархіі і раённых цэнтраў (ад 9 чалавек);
  • царкоўныя ансамблі япархіі (да 8 чалавек);
  • царкоўныя хары (ад 12 чалавек) і ансамблі (да 12 чалавек) абласных гарадоў;
  • хары сьвятароў і духоўных школ;
  • сьвецкія прафэсійныя гурты;
  • сьвецкія аматарскія гурты;
  • дзіцячыя царкоўныя гурты;
  • дзіцячыя сьвецкія гурты[4].

Журы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год міжнароднае журы «Калоскага дабравесту» зь 10 асобаў ад пачатку ўзначальваў клірык сабору Пакрова Багародзіцы Андрэй Бандарэнка. У склад журы ўваходзіў старшыня аргкамітэту фэстывалю Анатоль Ненартовіч, які ўзначальваў царкву Сабору ўсіх беларускіх сьвятых, а таксама музыказнаўцы і сьвятары з 6 краінаў Эўропы: Латвіі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Украіны і Францыі[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 годзе ў Горадні прайшоў 1-ы фэстываль «Калоскi дабравест», прымеркаваны да 10-годзьдзя адраджэньня Гарадзенскай япархіі. У лютым 2008 году 7-ы абласны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў, які ў той год атрымаў назву «Калоскі дабравест», сабраў 39 царкоўных і сьвецкіх хароў з 6 краінаў Эўропы — Беларусі, Летувы, Польшчы, Расеі, Украіны і Сэрбіі. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі 4-х краінаў. Нязьменным старшынёй журы быў сьвятар і кампазытар Андрэй Бандарэнка. Пасьля дня Божага Нараджэньня цягам калядных сьвятаў журы адбірала ўдзельнікаў фэсту сярод усіх царкоўнапрыходзкіх хароў Гарадзенскай вобласьці. Сьвецкія хоры дасылалі заяўкі на ўдзел самі. У межах «Калоскага дабравесту» ладзілі навуковую канфэрэнцыю з удзелам адмыслоўцаў Мікалай Шыманскага зь Менску і Мікалая Дзянісава з Масквы. Працягласьць фэсту павялічылі да 4-х дзён за кошт урачыстага адкрыцьця з гала-канцэртам. Пастаяннымі сябрамі журы былі начальнікі кіраўніцтва культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Лойка і кіраўнік Гайнаўскага фэсту на Падляшшы пратаярэй Міхаіл Нігярэвіч. Сябрам аргкамітэту фэсту быў начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Папоў. Зь Летувы прыехаў хор Клайпедзкага дабрачыньня «Іверская сьвечка» пры Сьвята-Мікалаеўскай царкве ў Цельшах. З Сэрбіі — хор Дзьбюрдава. У рамках фэсту ў Гарадзкой выставачнай залі Горадні правялі фотавыставу «Праваслаўны храмы Гарадзеншчыны». Гала-канцэрт закрыцьця прайшоў з аншлягам. Спаборніцтва праходзіла ў намінацыях сярод хароў сьвятароў і духоўных школ, царкоўных ансамбляў Гарадзенскай япархіі, дзіцячых царкоўных калектываў, а таксама сьвецкіх аматарскіх асобна для дарослых і дзіцяча-юнацкіх. Пераможцаў узнагароджвалі тэлевізарамі, магнітафонамі і прагравальнікамі лічбавых відэадыскаў. Галоўную ўзнагароду атрымаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага, які выканаў творы беларускіх кампазытараў Аляксея Туранкова, Мікалая Шчаглова, Андрэй Бандарэнкі і Мікалая Бутомы[6].

8—21 лютага 2009 году на 8-ы фэстываль «Калоскі дабравест» завіталі звыш 40 хароў з суседніх Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Ад Беларусі выступілі хор тэалягічнага факультэту БДУ, прыходзкія хоры япархіяў Беларусі і хоры зь Берасьця, Воршы і Гомлю. У склад журы ўвайшлі ярэй Андрэй Бандарэнка, народны артыст Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага харавога фэстывалю ў Эстоніі Валеры Пятроў, сакратар Саюзу кампазытараў Украіны Іван Тараненка і расейскі кампазытар Мікалай Дзянісаў. Заключны гала-канцэрт у залі Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру прайшоў з аншлягам. Узнагароды атрымалі хоры з Горадні, Калініграду і Луцка (Валынская вобласьць)[7].

10—13 лютага 2010 году ў 9-м фэсьце «Калоскі дабравест» удзельнічалі 39 хароў зь Беларусі і суседніх Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Упершыню завіталі жаночы ансамбль манастыра сьвятога Герарда ў Ерэване (Армэнія) і хор «Бранка» сабору ў Нішы (Сэрбія). На канцэртах фэсту выступілі Дзяржаўны камэрны хор Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча і хор сьвятароў Гарадзенскай япархіі пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі[8]. Галоўную ўзнагароду атрымаў хор манастыра сьвятога Герарда пад кіраўніцтвам Мгера Наваяна[9].

16—19 лютага 2011 году адбыўся 10-ы фэст «Калоскі дабравест», які адкрываў Міхась Дрынеўскі[10]. У 2011 годзе фэстываль атрымаў званьне міжнароднага ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У лютым 2012 году 11-ы фэст сабраў 45 хароў з 8 краінаў Эўропы — Беларусі, Грэцыі (упершыню), Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны. Узнагароды прысудзілі ў 3-х ступенях па 9 намінацыях. Галоўную ўзнагароду атрымаў дзіцячы хор «Натхненьне» музычна-харавой школы № 106 у Маскве (Расея), якім кіравала Вольга Скварцова[11]. Пераможцаў уганаравалі бронзавай статуэткай у выглядзе сымбалю фэста, выкананай скульптарам Уладзімер Панцялееў. Спадарожна праводзіліся вечары паэзіі, выставы і кіналекторыі[12]. Фэстываль «Калоскі дабравест» фінансавалі Гарадзенскі аблвыканкам і Гарадзенская япархія[13].

27 лютага — 2 сакавіка 2013 году прайшоў 12-ы «Калоскі дабравест». Папярэдне ў студзені падчас калядных сьвятаў зладзілі адбор сярод прыходзкіх хароў Гарадзенскай япархіі. З-за мяжу да ўдзелу запрасілі хары зь 7 краінаў Эўропы — Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Францыі. Агулам у фэсьце ўдзельнічала 45 хароў. Пераважна выконваліся творы беларускіх аўтараў і мясцовых напеваў, а таксама знакавы, шляхавы, хатні, кіеўскі, баўгарскі і грэцкі расьпеў, як і штодзённы песьнясьпеў. Спадарожна праводзіліся: выстава з фондаў Гарадзенскага дзяржаўнага музэю гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песьні, кіналекторый, мастацкія выставы ў Гарадзенскай выставачнай залі і музэі Гарадзенскага абласнога мэтадычнага цэнтру народнай творчасьці, а таксама фотавыстава «Праваслаўны сьвет». 28 лютага ладзілі канцэрт студэнцкага хору Маскоўскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Расея), а 1 сакавіка — Архірэйскага хору сабору Аляксандра Неўскага ў Парыжы (Францыя) і хору сьпеўных стараверскіх прыходаў Сыбіры[14].

19—22 лютага 2014 году адбыўся 13-ы «Калоскi дабравест»[15]. У фэсьце прынялі ўдзел 37 хроў з 6 краінаў[16]. Адкрыцьцё і закрыцьцё правялі ў Гарадзенскім абласным драмтэатры, а спаборнае праслухоўваньне — у саборы Пакрова Багародзіцы. 20—21 лютага ў Гарадзенскім музычным каледжы і Новым замку ладзілі канцэрты хароў з Армэніі, Расеі і Ўкраіны. У спаборніцтве ўдзелічалі 4 хары з Расеі, 3 з Польшчы, 2 з Украіны і па 1 з Армэніі і Румыніі[17]. На адкрыцьці выступіў студэнцкі хор Маскоўскай кансэрваторыі пад кіраўніцтва Станіслава Калініна. Ладзіліся фотавыстава «Нашыя храмы» фотаклюбу «Горадня», асабістая фотавыстава Ўладзімера Лябецкага «Праваслаўная Сэрбія вачыма беларусаў» і выства абразоў Міколы Цудатворцы ў Гарадзенскім музэі рэлігіі. У закрыцьці ўзяў удзел беларускі экзарх Павал[18]. Таксама ладзілі кінапаказы фільмаў «Вялікі пост» і «Ікона». У рамках фэсту прадставілі кнігу Ларысы Густавай «Царкоўны сьпевы. Беларуская сьпеўная культура праваслаўнай традыцыі»[19]. Сярод іншага выступілі мужчынскі хор стараабрадніцкага сабора Пакрова Багародзіцы ў Маскве і жаночы хор «Аватамк» царквы Рыгора Асьветніка Эміядзінскага манастыра (Армэнія)[20]. Галоўную ўзнагароду атрымаў студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Рэспубліка Татарстан, Расея).

11—14 лютага 2015 году «Калоскі дабравест» сабраў 20 хароў зь Беларусі і яшчэ 20 з 6 іншых краінаў Эўропы — Летувы, Малдовы (упершыню, сьвецкі і царкоўны), Польшчы, Расеі, Румыніі і Ўкраіны. Сярод іншых запрасілі студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і хор «За веру і айчыну» інжынэрных войскаў Расеі. 8—12 студзеня праводзілі адборачнае праслухоўваньне хароў Гарадзенскай япархіі ў Сьвіслачы, Росі (Ваўкавыскі раён), Мастах і Азёрах (Гарадзенскі раён). Спадарожна ў Калоскай царкве Барыса і Глеба праходзіла выстава сучасных абразоў зь Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Таксама прадставілі альбом Алёны Шацько «Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі». У склад журы ўвайшлі выкладнікі і сьвятары Беларусі, Расеі, Румыніі і Францыі. Пераможцаў вызначалі ў 8 намінацыях[21].

25—27 лютага 2016 году на 15-ы «Калоскі дабравест» завіталі 35 хароў з Армэніі, Беларусі, Малдовы, Польшчы, Расеі, Сэрбіі, Узбэкістану (упершыню) і Францыі. З Ташкента прыехаў хор сабора Ўсьпеньня Багародзіцы[22]. 6—11 лютага 2017 году на 16-м фэстывалі выступіла 38 хароў зь 7 краінаў[23] — Армэніі, Беларусі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны[24]. Спадарожна ў Гарадзенскім абласным мэтадычным цэнтры народнай творчасьці прайшла выстава графікі, керамікі і жывапісу «Прыгажосьць Боскага сьвету», якую ладзіў Цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі «Прамень» Кастрычніцкага раёну Горадні[25]. Галоўную ўзнагароду атрымаў Акадэмічны хор Расейскай акадэміі музыкі з Масквы пад кіраўніцтвам Зьмітра Анегіна. Таксама ляўрэатамі сталі 9 хароў Гарадзенскай вобласьці[26]. У Сеціве сьпевы хароў паглядзела звыш 5000 чалавек[27].

7—10 лютага 2018 году на 17-ы «Калоскі дабравест» завіталі 35 хароў з 8 краінаў — Беларусі, Македоніі (упершыню), Польшчы, Расеі, Румыніі, Узбэкістану, Украіны і Чарнагорыі (упершыню). Сярод іншага выступіла 10 дзіцячых хароў[28]. 20—23 лютага 2019 году ў 18-м фэстывалі ўзялі ўдзел звыш 40 хароў з 8 краінаў — Беларусі, Латвіі (упершыню), Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны[29]. На адкрыцьці выступіла Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы[30]. Перамогу на спаборніцтве здабыў Усіхсьвяцкі хор Храма ўсіх сьвятых у Менску[31].

19—22 лютага 2020 году 19-ы фэстываль сабраў 37 хароў з 11 краінаў, у тым ліку ўпершыню зь Нідэрляндаў, Фінляндыі і Эстоніі. У папярэднім адборы ўзялі ўдзел звыш 800 хароў[32]. Кіраўніцай фэсту выступіла Натальля Гаплінчык[33]. Сярод іншага ў рамках фэсту сьвятар Павал Касьпяровіч прадставіў зборнік беларускай паэзіі «Калоскі дабравест» пад рэдакцыяй Анатоля Брусевіча. Зборнік улучыў вершы 9 паэтак і паэтаў, у тым ліку такіх як Данута Бічэль, Юрка Голуб, Андрэй Мельнікаў, Ала Нікіпорчык, Рычард Белячыц, Аліна Паўлоўская і манах Ян Бембель пад псэўданімам Зьніч[34].

Галоўная ўзнагарода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Год Хор Краіна
2020 19
2019 18 Хор Храма ўсіх сьвятых (Менск) Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь
2018 17
2017 16 Акадэмічны хор Расейскай акадэміі музыкі (Масква) Сьцяг Расеі Расея
2016 15
2015 14
2014 13 Студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Татарстан) Сьцяг Расеі Расея
2013 12
2012 11 «Натхненьне» музычна-харавой школы № 106 (Масква) Сьцяг Расеі Расея
2011 10
2010 9 Хор манастыра сьвятога Герарда (Ерэван) Сьцяг Армэніі Армэнія
2009 8
2008 7 Народны хор імя Цітовіча Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь
2007 6
2006 5
2005 4
2004 3
2003 2
2002 1

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У Гародні – апошні дзень XIV фэстывалю «Калоскі дабравест» // Радыё «Рацыя», люты 2015 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  2. ^ Якуб Сушчынскі. «Калоскі дабравест» адбудзецца ў Гародні // Радыё «Рацыя», люты 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  3. ^ Палажэньне аб міжнародным фэстывалі «Калоскі дабравест»(рас.) // Гарадзенская япархія, 17 чэрвеня 2019 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  4. ^ Гісторыя фэстывалю «Калоскі дабравест»(рас.) // Гарадзенская япархія, 2021 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  5. ^ Міжнароднае журы фэстывалю «Калоскі дабравест»(рас.) // Гарадзенская япархія, 6 верасьня 2019 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  6. ^ Надзея Бунцэвіч. «Калоскi дабравест»: курс на Ўсход і на Захад // Культура : газэта. — 15 сакавіка 2008. — № 11 (829).
  7. ^ Аляксандра Дубравіна. Склікае Каложа // Культура. — 28 лютага 2009. — № 9 (877).
  8. ^ Песьню пяе Каложа // Культура. — 13 лютага 2010. — № 7 (927).
  9. ^ Хор манастыра Герарда атрымаў Гран-пры на фэстывалі духоўнай музыкі ў Беларусі(рас.) // Вікінавіны, 19 лютага 2010 г. Праверана 5 студзеня 2021 г.
  10. ^ Надзея Бунцэвіч. Мэтрыка для песьні // Культура. — 12 лютага 2011. — № 7 (979).
  11. ^ Дар'я Чаркес. «Натхненьне» на «Дабравесьце» // Культура. — 10 сакавіка 2012. — № 10 (1033).
  12. ^ Алена Стасюкевіч. Уладальнікам Гран-пры «Калоскага дабравеста» стаў дзіцячы хор з Масквы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 лютага 2012 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  13. ^ Яўген Рагін. У грыбы на бібліёбусе // Культура. — 12 студзеня 2013. — № 2 (1076).
  14. ^ Алена Стасюкевіч. Фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» зьбярэ ў Горадні калектывы з 8 краін // БелТА, 13 лютага 2013 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  15. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 235 (27600). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Сёньня стартуе міжнародны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» // Белтэлерадыёкампанія, 19 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  17. ^ У XIII Міжнародным фэстывалі праваслаўных песьнясьпеваў прымуць удзел калектывы з шасьці краін // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  18. ^ Аляксандар Саенка. У Горадні ўрачыста адкрыўся XIII Міжнародны фэстываль праваслаўных сьпеваў «Калоскі звон» // БелаПАН, 20 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  19. ^ Барыс Пракопчык. Песьнясьпевы «Калоскага дабравеста» // Зьвязда. — 18 лютага 2014. — № 30 (27640). — С. 5.
  20. ^ На «Калоскім дабравесьце» выступілі хоры стараабраднікаў і Армянскай царквы // Газэта «Новы час», 23 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  21. ^ Тацяна Вішнеўская. Фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» адбудзецца 11-14 лютага ў Горадні // БелТА, 6 студзеня 2015 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  22. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Горадні адкрыўся міжнародны фэстываль праваслаўных сьпеваў «Калоскі дабравест» // Белтэлерадыёкампанія, 25 лютага 2016 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  23. ^ Тацяна Вішнеўская. Фэстываль «Калоскі дабравест» праходзіць у Горадні // БелТА, 9 лютага 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  24. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дайджэст навін рэгіёнаў // Белтэлерадыёкампанія, 11 лютага 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  25. ^ Яўген Рагін. Пра краязнаўчы факультатыў, моладзевую сталіцу і «Сьвяткі.by» // Культура. — 4 лютага 2017. — № 5 (1288).
  26. ^ Мікалай Шаўчэнка. Пра «Скарбніцу Падняпроўя», ДК на колах і нішчымны пірог // Культура. — 18 лютага 2017. — № 5 (1290).
  27. ^ Якуб Сушчынскі. «Калоскі дабравест – 2017» // Радыё «Рацыя», люты 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  28. ^ «Калоскі дабравест» сабраў у Горадні калектывы з 8 краін // БелТА, 9 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  29. ^ Яўген Рагін. Нам, царам, бязь юшкі аніяк // Культура. — 16 лютага 2019. — № 7 (1394).
  30. ^ Леанід Шчаглоў. XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Калоскі дабравест» адкрыўся ў Горадні // БелТА, 20 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  31. ^ Вікторыя Захарава. Усе хары ў госьці да нас // Ігуменскі тракт. — 4 лютага 2020. — № 2 (245).
  32. ^ Ала Бялькевіч. «Калоскі дабравест»: музыка па-за часам // Культура. — 25 студзеня 2020. — № 4 (1443).
  33. ^ Фэстываль «Калоскі дабравест» у Горадні будзе рэкордным па колькасьці краін-удзельніц // БелТА, 14 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
  34. ^ Якуб Сушчынскі. Новы зборнік беларускай паэзіі «Калоскі дабравест» // Радыё «Рацыя», люты 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]