Гульня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Перацягваньне канатаў

Гульня — від непрадуктыўнай дзейнасьці, зьвязаны зь дзеяньнямі, абмежаванымі правіламі, якія накіраваныя на стварэньне, разьвіцьцё і падтрымку працэсу ў вызначаных межах. Задача працэсу — даставіць удзельнікам шэраг перажываньняў і эмоцыяў, даць працэсы, у якіх можна набыць новы досьвед празь непасрэдны практычны ўдзел. У жывёлаў імкненьне гуляць назіраецца ў ювэнільным пэрыядзе і зьнікае з часам сталеньня. Чалавек у гэтым адрозьніваецца ад іншых жывёлаў тым, што захоўвае гульнявыя паводзіны доўга пасьля сканчэньня ювэнільнага этапу разьвіцьця.

Гульню варта адрозьніваць ад працы, якая звычайна праводзіцца за заробак, і ад мастацтва, якое часьцей за ўсё есьць выразам эстэтычных і ідэалягічных элемэнтаў чалавека. Тым ня менш, адрозненьне паміж імі не зьяўляецца дакладнымі, і многія гульні таксама лічацца працай, як то прафэсійныя віды спорту, або мастацтвам, як то пазлы і іншыя гульні.

Гульні звычайна зьвязаны з разумовай ці фізычнай стымуляцыяй, а часьцей і з адным і другім. Многія гульні дапамагаюць разьвіць практычныя навыкі, служаць формай фізычных практыкаваньняў ці іншым чынам выконваюць адукацыйную, сымуляцыйную або псыхалягічную ролю. Многія гульні паўсталі са старажытных часоў з абрадаў, але ў бытаваньні яны на сёньня не ўспрымаюцца як сродак былых вераваньняў, а як сродак адпачынку і здабыцьця карысных навыкаў.

Тыпы гульняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзіцячыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня ў квача зьяўляецца сусьветна папулярнай дзіцячай гульнёй.

Чалавек гуляе зь дзяцінства. Важным элемэнтам дзіцячых гульняў зьяўляецца цацка. Дзіцячыя гульні спрыяюць вывучэньню і спазнаньне навакольнага сьвету, разьвіцьцю асобы і ўяўленьня, усьведамленьню дарослых роляў, выпрацоўцы навыкаў і ўсталяваньню зносінаў паміж аднагодкамі. Гуляючы, дзеці рыхтуюцца да дарослага жыцьця, робячы выгляд, што яны настаўнікі, лекары, выхавальнікі, ладзяць уяўныя вечарыны сваім лялькам і г. д.[1] Сучасная нэўралёгія лічыць, што гульня разьвівае гнуткасьць розуму, дазваляе атрымаць навыкі і здольнасьць дасягаць жаданай мэты рознымі спосабамі. Часта дзіцячыя гульні структураваныя, то бок маюць усталяваныя правілы, вядомыя ўсім удзельнікам. Такія гульні значна адрозьніваюцца адна ад адной у розных народаў, гэта значыць маюць нацыянальныя і культурныя асаблівасьці.

Для стварэньня ўмоваў для дзіцячых гульняў у гарадзкіх жылых раёнах уладкоўваюцца дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Звычайна на гульнявых пляцоўках абсталююцца пясочніцы, арэлі, лесьвічкі і падобныя структуры, якія дапамагаюць дзецям разьвіваць каардынацыю і спрыт, і адначасова проста атрымліваць задавальненьне. Забаўляльныя цэнтры, аквапаркі і іншыя камэрцыйныя ўстановы прапануюць дзецям больш складаныя тыпы гульняў, якія патрабуюць дадатковага абсталяваньня.

Сымуляцыйныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да гэтай клясы адносяцца гульні, у якіх ствараецца пэўная умоўная сытуацыя з мэтай трэніроўкі, напрыклад вайсковых манэўраў. Да гэтай клясы ставяцца таксама розныя кампутарныя сымулятары, што імкнуцца як мага дакладней адлюстраваць умовы рэальных сытуацыяў і навучыць карыстальніка прымаць рашэньні ў экстрэмальных умовах. Адным зь відаў такіх сымуляцыяў зьяўляецца бізнэс-сымуляцыя[2][3]. Гэтая разнавіднасьць сымуляцыі характарызуецца імітацыяй бізнэс-працэсаў у асобных прадпрыемствах, галінах і гаспадарцы[4][5].

Спартовыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Спорт
Футбол зьяўляецца самым папулярным відам спартовай гульні.

Спартовыя гульні маюць добра ўсталяваныя правілы, зафіксаваныя ў дакумэнтах адпаведных міжнародных або нацыянальных фэдэрацыяў, якія займаюцца адпаведнымі відам спорту. Аматары звычайна прытрымліваюцца гэтых жа самых правілаў. Спартовыя гульні падзяляюцца на індывідуальныя і камандныя. У камандных гульнях важна ня толькі ўменьне асобных гульцоў, але і здольнасьць пасьпяхова узаемадзейнічаць паміж сабой.

Характэрнай асаблівасьцю спартовых гульняў зьяўляецца тое, што яны перараслі рамкі простай забавы, і сталі ня толькі часткай культуры, але і індустрыяй. У спорце ёсьць прафэсійныя гульцы, для якіх гульня зьяўляецца працай, а не забавай, і гледачы, заўзятары, якія атрымліваюць задавальненьне, назіраючы за гульнёй, і спартовы бізнэс, які арганізуе гульні. Самымі папулярнымі спартовымі гульнямі зьяўляюцца футбол, тэніс, гольф, баскетбол, валейбол, хакей, крыкет і бэйсбол. Іншыя гульні, хоць і ня маюць вялікай папулярнасьці ў гледачоў, але прыцягваюць шматлікіх аматараў, як то алтымат. Многія гульні папулярныя толькі ў межах асобных краінаў альбо рэгіёнаў, як то аўстралійскі футбол ці гэльскі футбол.

Лягічныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да лягічных гульняў ставяцца мазгатня, крыжаванкі, судоку, а таксама многія з антаганістычных настольных гульняў. Цікавасьць чалавека да лягічных гульняў крыецца ў тым, што гульня перад сабой ставіць задачу, рашэньне якой можна знайсьці з дапамогай лягічнага аналізу, прадумваньнем на некалькі крокаў наперад, і, у рэшце рэшт, пасьпяховае вырашэньне задачы дае чалавеку задавальненьне. Да гэтай катэгорыі можна аднесьці картачныя гульні рознага роду, паколькі яны патрабуюць лягічнага мысленьня, і ў іх часта гуляюць для задавальненьня. Аднак, картачныя гульні таксама ставяцца да азартных, таму што ў іх часта гуляюць на грошы, а часам і да спартовых, то бок покер у некаторых варыянтах і брыдж маюць правілы, па якіх можна праводзіць спаборніцтвы.

Азартныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Азартная гульня

Асаблівасьцю азартных гульняў зьяўляецца тое, што перамога або параза ў іх мае ня толькі сымбалічнае, але і рэальнае жыцьцёвае значэньне, то бок у гэтых гульнях гуляюць на грошы. Перамога і параза ў іх у асноўным залежыць ня толькі ад майстэрства гульца, але і ад выпадку. У сучасным сьвеце ў адных краінах існуе індустрыя азартных гульняў, у іншых краінах азартныя гульні знаходзяцца пад жорсткім кантролем ці забаронай.

У найпростых азартных гульнях не патрабуюцца ўменьні ці здольнасьці гульцоў. У іх вынік гульні залежыць ад выніку выпадковай падзеі, як то галава ці лік пры падкіданьні манэты або выпадзеньне пэўнага сэктару ў гульні ў рулетку. Аднак, складаныя гульні, нават з такімі простымі правіламі як блэкджэк, патрабуюць ад гульца разумовай дысцыпліны і веды верагоднасьцяў атрыманьня той ці іншай камбінацыі картаў. У яшчэ больш складаных гульнях у карты, як то покер, прэфэранс, умеласьць гульца значна важней чым выпадковасьць раздачы карт, то бок больш умелы гулец атрымае максымальную перамогу на добрай карце і мінімізуе паразу на дрэннай.

У краінах, дзе азартныя гульні дазволеныя, існуюць спэцыяльныя ўстановы для гульні — казіно. Для простых гульняў існуюць гульнявыя аўтаматы. Прывабнасьць азартных гульняў грунтуецца ня толькі на задавальненьні ад працэсу гульні, але і на імкненьні гульцоў атрымаць хуткія і лёгкія грошы. З азартнымі гульнямі зьвязана праблема людаманія, то бок псыхічны разлад, пры якім гульня выцясьняе ў жыцьці чалавека іншыя каштоўнасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sutton-Smith, B. (1997). «The Ambiguity of Play». Cambridge, Mass., Harvard University Press. ISBN 0674005813
  2. ^ Lainema (2003). «Enhancing Organizational Business Process Perception — Experiences from Constructing and Applying a Dynamic Business Simulation Game». Turku School of Economics, Series A-5:2003. ISBN 951-564-154-3.
  3. ^ Biggs, William D. (1990). «Introduction to Computerized Business Management Simulations». Guide to Business Gaming and Experiential Learning. Nichols/GP. London, — С. 23—35.
  4. ^ Faria, A. J. and Dickinson, John R. (1994). «Simulation Gaming for Sales Management Training». Journal of Management Development, Vol. 13, No. 1, — С. 47—59. https://doi.org/10.1108/02621719410050183
  5. ^ Jackson, J. R. (1959). «Learning from Experience in Business Decision Games». California Management Review, Vol. 1, No. 2, — С. 92—107. https://doi.org/10.2307%2F41165351

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гульнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў