Вясельле

Вясе́льле[1] — спалучэньне абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэньне шлюбу і ёсьць дзеяй зацьвярджэньня новай сям’і. Узьнікла з усталяваньнем аднашлюбнасьці. Традыцыйнае ўстойлівае спалучэньне абрадаў спалучае ўсе віды народнага мастацтва (музыка, сьпеў, танец і тэатар). Асноўным момантам ёсьць пераезд нявесты з дому бацькі ў дом жаніха. Прававая сіла вынікае з абавязковага выкананьня пры сьведках (род і суседзі), што ўзаконьвае маёмасныя і этычныя правы, дачыненьні і абавязкі будучай сям’і. Ад часу правядзеньня маладыя прызнаюцца самастойнымі чальцамі грамады.

Падзяляецца на 3 асноўныя часткі: 1) падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватаньне, запоіны, агледзіны і заручыны), 2) уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіваньне, выпрабаваньне здольнасьцяў і нораву маладой, дзяльба каравая і абдорваньне маладых), 3) пасьлявясельную (пярэзвы). Падрыхтоўка ёсьць умоўна-побытавай, бо падчас яе адбываецца пагадненьне між бацькамі маладых пра заключэньне шлюбу. Галоўнай урачыстасьцю ёсьць зьвядзеньне маладых, што замацоўвае шлюб на ўсё жыцьцё. Заключная частка пераважна складаецца з гульняў.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Беларусі найчасьцей жэняцца ўвосень ад Пакроваў Багародзіцы да Піліпаўскага посту, пасьля заканчэньня асноўных палявых работаў. Усталяванай вясельнай парой таксама ёсьць час пасьля Вялікадня і пасьля дня Пятра й Паўла ды зіма. Вясельныя песьні заклікальнага і любоўнага зьместу, прыгаворкі, прыказкі і абрадавыя танцы суправаджаюць і тлумачаць складнікі вясельля. Дзейнымі ўдзельнікамі вясельля зьяўляюцца малады (князь) і маладая (княгіня), сват і свацьця, дружына жаніха і дружкі нявесты. Ад часу родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні ладзяцца абрады выкраданьня і выкупу нявесты. З прыходам хрысьціянства выконваецца абрад вянчаньня ў царкве[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Т. І. Кухаронак Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў / рэдактар Т. В. Лапцёнак, мастацкі рэдактар І. Т. Махнач, тэхнічны рэдактар В. А. Тоўстая, камп'ютарная вёрстка Л. І. Кудзерка. — Менск: Беларуская навука, 2017. — 140 с. — (Традыцыйны лад жыцця). — 1000 ас. — ISBN 978-985-08-2185-0
- ^ Леаніла Малаш. Вясельле // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 400. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Народнае мастацтва / Я. М. Сахута. — Мн : Беларуская навука, 2015. — 180 с. : іл. — (Традыцыйны лад жыцця).
- «Ядраное жыта кліча...» каляндарны год у абрадах і звычаях / Т. В. Валодзіна, Т. І. Кухаронак. — Мн : Беларуская навука, 2015. — 356 с. : іл. — (Традыцыйны лад жыцця).
- Святыя крыніцы Беларусі / Уладзімір Лобан, Таццяна Валодзіна. — Мн : Беларуская навука, 2016. — 188 с. : іл. — (Традыцыйны лад жыцця).
- Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў / Т. І. Кухаронак, — рэдактар Т. В. Лапцёнак, мастацкі рэдактар І. Т. Махнач, тэхнічны рэдактар В. А. Тоўстая, камп'ютарная вёрстка Л. І. Кудзерка. — Мн : Беларуская навука, 2017. — 140 с. : іл. — Традыцыйны лад жыцця — ISBN 978-985-08-2185-0.
![]() |
Гэта — накід артыкула па антрапалёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |