Перайсьці да зьместу

Францыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францыя
лац. Francyja

République française
Сьцяг Францыі Герб Францыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Liberté, Égalité, Fraternité
Дзяржаўны гімн: «La Marseillaise»
Месцазнаходжаньне Францыі
Афіцыйная мова Француская
Сталіца Парыж
Найбуйнейшы горад Парыж
Форма кіраваньня Рэспубліка
Эманюэль Макрон
Габрыель Аталь
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
41-е месца ў сьвеце
674 843 км²
0,26%
Насельніцтва
 • агульнае (2015)
 • шчыльнасьць
22-е месца ў сьвеце
66 539 000[1]
116/км²
СУП
 • агульны (2010)
 • на душу насельніцтва
6-е месца ў сьвеце
$2,833 трлн
$42 577
Валюта Эўра ()
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
СEST (UTC+2)
Незалежнасьць 843
Аўтамабільны знак F
Дамэн верхняга ўзроўню .fr
Тэлефонны код +33
Мапа Францыі
Мапа Францыі

Рэспу́бліка Фра́нцыя альбо Фра́нцыя (Пра́нцыя[2], Хра́нцыя[3][4], па-француску: République française альбо France) — краіна ў Заходняй Эўропе, што ўключае ў сябе некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторыяў. Мэтрапольная тэрыторыя Францыі распасьціраецца ад Міжземнага мора да Ля-Маншу і Паўночнага мора, і ад Райна да Атлянтычнага акіяну. Гэта адна з трох краінаў, разам з Марока і Гішпаніяй, якая мае выхад да Атлянтыкі і Міжземнага мора адначасова. Францыя мяжуе з Бэльгіяй, Люксэмбургам, Нямеччынай, Швайцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Гішпаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ля-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, разьмешчаныя на розных кантынэнтах.

Паводле плошчы Францыя зьяўляецца 42-й найбуйнейшай краінай у сьвеце, але самай вялікай краінай у Заходняй Эўропе і Эўрапейскім зьвязе і трэцяй паводле велічыні ў Эўропе ў цэлым. Насельніцтва краіны складае 66,6 млн чалавек, гэта 22-і паказчык паводле колькасьці насельніцтва ў сьвеце і 2-і ў ЭЗ. Францыя зьяўляецца ўнітарнай паўпрэзыдэнцкай рэспублікай са сталіцай у Парыжы, найбуйнейшым горадзе краіны і галоўным культурным і камэрцыйным цэнтры. Ідэалы нацыі выяўляюцца ў Дэклярацыі правоў чалавека.

Францыя застаецца вялікай дзяржавай са значным культурным, эканамічным, вайсковым і палітычным уплывам як у Эўропе, гэтак і ва ўсім сьвеце[5]. Дзяржава мае пяты паводле велічыні ў сьвеце вайсковы бюджэт[6], трэці паказчык паводле велічыні запасаў ядзернай зброі[7], і другі — па велічыні дыпляматычнага корпусу[8]. Францыя зьяўляецца разьвітой краінай і мае шостую паводле аб’ёму эканоміку ў сьвеце паводле намінальнага СУП і восьмую паводле велічыні парытэту пакупніцкай здольнасьці (у 2014 годзе)[9].

Францыя ў дагістарычны пэрыяд была месцам старажытных стаянак нэандэртальцаў і краманьёнцаў. У эпоху нэаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культураў. Дагістарычная Брэтань была культурна зьвязана з суседняй Брытаніяй, на ейнай тэрыторыі выяўлена вялікая колькасьць мэгалітаў. У пэрыяд позьняга бронзавага і раньняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі быў населены ібэрамі, плямёнамі невядомага паходжаньня. У выніку паэтапнага заваяваньня, якое было завершана ў I стагодзьдзі да н. э. ў выніку Гальскай вайны Юліюса Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імпэрыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да V стагодзьдзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай францускае мовы.

У 486 годзе Галія была заваяваная франкамі пад кіраўніцтвам Хлёдвіга. Тым самым была створана Францкая дзяржава, а Хлёдвіг стаў першым каралём дынастыі Мэравінгаў. У VII стагодзьдзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму зь якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 годзе ў бітве пры Пуат’е разьбіць арабскае войска і прадухіліць заваяваньне арабамі Заходняй Эўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, францкая дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Эўропы. Пасьля сьмерці сына Карла Вялікага — Людовіка Пабожнага — ягоная імпэрыя была падзеленая на тры часткі. У 843 годзе паводле Вэрдэнскае дамовы было створана Заходне-Францкае каралеўства на чале з Карлам Лысым. Яно займала прыблізна тэрыторыю сучаснай Францыі. У X стагодзьдзі краіна стала называцца Францыяй.

Зьмена межаў Францыі з 985 па 1947 гады

Пазьней цэнтральная ўлада істотна паслабела. У IX стагодзьдзі Францыя рэгулярна падвяргалася набегам вікінгаў, у 886 годзе апошнія рабілі аблогу Парыжу. У 911 годзе вікінгі заснавалі герцагства Нармандыя на поўначы Францыі. Да канца X стагодзьдзя краіна была практычна цалкам раздробленая, а каралі ня мелі рэальнай улады за межамі сваіх фэадальных уладаньняў (Парыж і Арлеан). Дынастыю Каралінгаў у 987 годзе зьмяніла дынастыя Капэтынгаў, па імені першага ейнага караля Гуга Капэта. Панаваньне Капэтынгаў характэрнае крыжовымі паходамі, рэлігійнымі войнамі ў самой Францыі, спачатку 1170 год адзначыўся рухам вальдэнсаў, а ў 1209—1229 гады прайшлі Альбігойскія войны. Таксама за часам Капэтынгаў адзначана скліканьне парлямэнту, Генэральных штатаў, упершыню ў 1302 годзе, а таксама Авіньёнскім палонам папаў, калі рымскі папа быў арыштаваны ў 1303 годзе каралём Філіпам IV Прыгожым, і папы былі вымушаныя заставацца ў Авіньёне да 1378 году. У 1328 годзе Капэтынгаў зьмяніла бакавая галіна дынастыі, вядомая як дынастыя Валюа. У 1337 годзе пачалася Стогадовая вайна з Ангельшчынай, у якой спачатку посьпех быў у ангельцаў, якія здолелі захапіць істотную частку тэрыторыі Францыі, але ў рэшце рэшт, асабліва пасьля зьяўленьня Жанны д’Арк, у вайне наступіў пералом, і ў 1453 годзе ангельцы капітулявалі. Як і астатнія Эўропа, Францыя значна пацярпела ад чорнай сьмерці, паводле зьвестак ад хваробы памёрла палова 17-мільённага насельніцтва Францыі[10].

Людовік XIV, «кароль-сонейка», які зрабіў Францыю лідэрам сусьветнае палітыкі

Да пэрыяду панаваньня Людовіка XI (1461—1483) адносіцца фактычная ліквідацыя фэадальнай раздробленасьці Францыі і ператварэньне краіны ў абсалютную манархію. У далейшым Францыя стала імкнулася гуляць прыкметную ролю ў Эўропе. Гэтак, з 1494 па 1559 гады яна вяла італьянскія войны з Гішпаніяй за кантроль над Італіяй. У канцы XVI стагодзьдзя ў пераважна каталіцкай Францыі атрымаў распаўсюд пратэстантызм кальвінісцкага толку, пратэстанты ў Францыі называліся гугенотамі. Гэта выклікала рэлігійныя войны паміж каталікамі і пратэстантамі, пікам якіх у 1572 году стала Барталямэеўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў. У 1589 годзе дынастыя Валюа перасеклася, і Генрых IV стаў заснавальнікам новай дынастыі Бурбонаў.

Француская манархія дасягнула свайго росквіту ў XVII стагодзьдзі за часам панаваньня Людовіка XIV. Удзельнічаючы ў шматлікіх войнах, Францыя стала вядучай эўрапейскай сілай. Да таго ж у Францыі пражывала найбольшая ў Эўропе колькасьць насельніцтва і дзяржава мела вялікі ўплыў на эўрапейскую палітыку, эканоміку і культуру. Француская мова стала найбольш выкарыстоўваемай мовай у дыпляматыі, навуцы, літаратуры і міжнародных справах, і заставалася такой да XX стагодзьдзя[11]. Францыя значна пашырыла сваю тэрыторыю дзякуючы заморскім уладаньням у Амэрыцы, Афрыцы і Азіі. Людовік XIV адмяніў Нанцкі эдыкт, змусіўшы тысячы гугенотаў адправіцца ў выгнаньне.

Пры Людовіку XV Францыя страціла Новую Францыю і большасьць сваіх індыйскіх уладаньняў пасьля паразы ў Сямігадовай вайне, якая скончылася ў 1763 годзе, аднак ейная кантынэнтальная тэрыторыя працягвала расьці дзякуючы далучэньню да краіны Лятарынгіі (1766) і Корсыкі (1770). Непапулярны кароль Людовік XV сваімі неабдуманымі фінансавымі, палітычнымі і ваеннымі рашэньнямі дыскрэдытаваў манархію і, магчыма, прывёў дзяржаву да францускай рэвалюцыі праз 15 гадоў пасьля сваёй сьмерці[12].

Людовік XVI, унук Людовіка XV, актыўна падтрымліваў высілкі амэрыканцаў да незалежнасьці ад Вялікабрытаніі, што было рэалізавана Парыскай дамовай 1783 году. Прыклад Амэрыканскай рэвалюцыі, а таксама фінансавы крызіс, які пачаўся ў Францыі, сталі адным з чыньнікаў пачатку францускай рэвалюцыі.

Напалеон Банапарт, імпэратар Францыі, і ягонае войска

Пасьля ўзяцьця Бастыліі 14 ліпеня 1789 году абсалютная манархія была скасаваная і Францыя стала канстытуцыйнай манархіяй. Праз Дэклярацыю правоў чалавека і грамадзяніна Францыя аб’явіла пра зьнішчэньне арыстакратычных прывілеяў і абвесьціла свабоду і роўныя правы для ўсіх мужчын, а таксама доступ да дзяржаўнай службы на аснове таленту і здольнасьцяў, а не нараджэньня. Улада караля была абмежавана, і Людовік XVI паспрабаваў зьдзейсьніць контрарэвалюцыю пры падтрымцы эўрапейскіх манархаў. Аднак спроба не ўдалася, аўтарытэт караля быў падарваны, ён быў катаваны, і Францыя стала рэспублікай 22 верасьня 1792 году.

Маючы ціск з боку іншых эўрапейскіх манархіяў, унутраных партызанскіх войнаў і контрарэвалюцыі, як то Вандэйскае паўстаньне, у маладой рэспубліцы пачаўся тэрор. Паміж 1793 і 1794 гадамі было пакарана сьмерцю ад 16 тысячаў да 40 тысячаў. У Заходняй Францыі грамадзянская вайна доўжылася з 1793 па 1796 гады, у гэты пэрыяд загінула ад 200 тысячаў да 450 тысячаў чалавек[13]. Аднак рэспубліка здолела выжыць і разграміць контрарэвалюцыю. У выніку Тэрмадарыянскага перавароту быў пакладзены канец панаваньню Рабэсп’ера і тэрору. Адмена рабства і мужчынскае ўсеагульнае выбарчае права, што было прынятыя за часам радыкальнай фазы рэвалюцыі, былі адмененыя наступнымі ўрадамі.

Пасьля нядоўгага часу кіраваньня ўрада Напалеон Банапарт захапіў кантроль над рэспублікай, у 1799 годзе стаўшы першым консулам, а ў 1804 годзе імпэратарам Францускай імпэрыі. Гэты пэрыяд гісторыі мае назоў Напалеонаўскія войны (1799-1815), калі Францыя ваявала адразу з кааліцыяй эўрапейскіх манархіяў. Пры гэтым напалеонаўскія войскі захапілі большую частку кантынэнтальнай Эўропы, а чальцы сям’і Банапартаў былі прызначаныя манархамі ў некаторых ізноў створаных каралеўствах[14].

Гэтыя перамогі прывялі да сусьветнай экспансіі францускіх рэвалюцыйных ідэалаў і рэформаў, як то ўсталяваньне мэтрычнае сыстэмы, Кодэкса Напалеона і Дэклярацыі правоў чалавека. Пасьля катастрафічнай расейскай кампаніі Напалеон пацярпеў паразу і ў 1815 годзе манархія Бурбонаў была адноўлена. Каля мільёну французаў загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў[14]. Першым каралём пасьля рэвалюцыі быў Людовік XVIII, брат Людовіка XVI. Ад 1824 да 1830 году каралём Францыі быў іх малодшы брат Карл X. Форма кіраваньня ў Францыі гэтага пэрыяду ўяўляла сабой канстытуцыйную манархію. Заканадаўчай галіной улады стала Палата дэпутатаў. Пасьля прызначэньняў каралём ультраманархістаў ва ўрад пачалася Ліпеньская рэвалюцыя 1830 году, пачаўся пэрыяд ліпеньская манархіі. Новым каралём Францыі стаў Люі-Філіп I. У 1831 годзе і ў 1834 годзе ў Ліёне адбыліся паўстаньні. У 1832 годзе ў Парыжы праводзіліся рэспубліканскія выступы.

У 1848 годзе ў выніку Францускай рэвалюцыі 1848 году кароль Люі-Філіп I адмовіўся ад стальца, прынятая канстытуцыя і усталяваная Другая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы аб’яўляўся прэзыдэнт. На першых выбарах прэзыдэнта перамог Напалеон III Банапарт.

2 сьнежня 1851 году Напалеон III Банапарт правёў дзяржаўны пераварот, шэраг урадоўцаў былі адхіленыя ад улады. 2 сьнежня 1852 году пасьля плебісцыту Напалеон III Банапарт быў абвешчаны імпэратарам. Гэты пэрыяд атрымаў назву другой імпэрыі.

Ад 16 мая 2022 да 9 студзеня 2024 году прэм’ер-міністрам Францыі была Элізабэт Борн.

Рэльеф мясцовасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Краявіды ў нацыянальным парку Мэркантур

У Францыі прадстаўлены тры розныя тыпы рэльефу — высокія горы, старажытныя плято і раўніны. Асаблівасьці будовы паверхні краіны такія, што наяўнасьць некалькіх узьнятых тэрыторыяў не зьяўляецца перашкодай для сувязяў паміж раўнінамі. Пірэнэі, Альпы і Юра — горы альпійскай сыстэмы. Цэнтральны масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя астаткі старажытных герцынскіх гор. Парыскі басэйн (Паўночна-Француская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басэйн) і грабен Роны і Соны — раўніны з малымі амплітудамі вышыняў.

Над тэрыторыяй Францыі адбываецца бесьперапынная барацьба паміж масамі акіянічнага паветра з захаду, кантынэнтальнага — з усходу і міжземнаморскага — з поўдню. Клімат любой часткі краіны залежыць ад перавагі той або іншай тэндэнцыі, хоць адбіваецца таксама ўплыў вышыні і мясцовых умоваў.

У францускіх Альпах

Акіянічны ўплыў выяўляецца ва ўсталяваньні цёплага вільготнага надвор’я. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлянтычнага цячэньня (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгацьцю. Над акіянам гэтае паветра ўлетку астуджаецца, а ўзімку награваецца. У выніку пры распаўсюджваньні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпэратуры. Напрыклад, у Брэсьце сярэдняя тэмпэратура студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C. Тут вільготна, за год налічаецца 185 дзён з ападкамі, а агульная сума ападкаў дасягае 840 мм. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе зацяжнога дробнага дажджу. Неба звычайна зацягнута аблокамі, але сьнегапады і маразы бываюць рэдка.

Кантынэнтальны ўплыў суправаджаецца сухім надвор’ем з больш рэзкімі тэмпэратурнымі кантрастамі. Паветраныя масы, якія паступаюць з усходу з шырокіх унутраных частак Эўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбургу сярэдняя тэмпэратура студзеня −1 °C, і ўзімку пэрыяд з тэмпэратурамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён, уключаючы ня менш 20 дзён са сьнегам. Аднак лета ў Страсбургу гарачае і часта душнае, характэрныя моцныя дажджы.

Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Зімы тут мяккія і вільготныя, хоць большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе непрацяглых ліўняў, а ў прамежках паміж імі стаіць яснае надвор’е. Лета гарачае і сухое. Напрыклад, у Марсэлі сярэдняя тэмпэратура студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпэратура часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, за год налічваецца 95 дзён з ападкамі. Містраль, халодны вецер, які часам дзьме з поўначы, асабліва ўзімку, прыносіць незвычайна халоднае надвор’е на міжземнаморскае ўзьбярэжжа Францыі.

Месцамі клімат істотна зьмяняецца з вышынёй — у такіх горных раёнах, як Вагезы, Юра, Цэнтральны масіў, Пірэнеі і Альпы. У цэлым з вышынёй тэмпэратура паніжаецца, а колькасьць ападкаў павялічваецца. У гарах нават у разгар лета днём бываюць нізкія тэмпэратуры і моцныя сьнегапады. Большая частка сьнегу ўвесну і ўлетку растае, але на вялікіх вышынях сьнег захоўваецца, там разьвітыя ледавікі. Манблан пакрыты сьнегам круглы год.

У Францыі чатыры вялікія ракі — Сэна, Люара, Гарона і Рона, сярод іх найбольшай даўжынёй (1000 км) адрозьніваецца Люара. Буйныя марскія парты Гаўр, Нант, Бардо і Марсэль разьмешчаныя ў вусьцях гэтых рэк. Сэна дрэнуе Парыскі басэйн і ўпадае ў Атлянтычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозьніваецца раўнамерным разьмеркаваньнем сьцёку на працягу году, што спрыяе суднаходзтву, і злучаная каналамі зь іншымі рэкамі. Люара бярэ пачатак у Цэнтральным Францускім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыскага басэйна і ўпадае ў Атлянтычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гароны, якая пачынаецца ў Пірэнэях, перасякае Гаронскую нізіну і ўпадае ў Атлянтычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швайцарыі і, выцякаючы з Жэнэўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца зь Сэнай паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марсэля. Рона адрозьніваецца хуткай плыньню і валодае вялікім гідраэнэргетычным патэнцыялам. На гэтай рацэ збудаваны шэраг гідраэлектрастанцый.

Сыстэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць усходняя мяжа краіны і якая зьяўляецца адным з найважных унутраных шляхоў зносінаў ў Эўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэньне для эканомікі Францыі.

У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Большая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэваў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.

У гарах блізу сьнегавай лініі распаўсюджаныя аголеныя скальныя субстраты з імхамі і лішайнікамі. Далей уніз па схілах, але ўсё жа вышэй верхняй мяжы лясоў альпійскія лугі выкарыстоўваюцца для пашы авечак і буйной рагатай жывёлы. Ніжэй верхняй мяжы лесу больш высокі пояс прадстаўлены хвойнымі лясамі з хвоі, лістоўніцы, піхты і елкі, ля самай межы іх рост тармозіцца і пераважае крывалесьсе, але з паніжэньнем вышыні дрэвы становяцца вышэй і зграбней. Хвойныя лясы зьмяняюцца шырокалісьцевымі з дуба, бука і каштана.

Найбольш своеасаблівая расьліннасьць міжземнаморскага ўзьбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расьліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызьнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады карэнных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масьліна, коркавы дуб і алепская хвоя.

Жывёльны сьвет Францыі моцна зьбеднены ў выніку гаспадарчай дзейнасьці чалавека. Тым ня менш тут дзікая фаўна захавалася лепш, чым у суседніх краінах. Сустракаюцца сярэднеэўрапейскія, міжземнаморскія і альпійскія віды жывёлаў, асабліва шмат іх у запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнэйскім парку жывуць бурыя мядзьведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.

З драпежных жывёлаў на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генэта. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, эўрапейская казуля, дзік і бабёр. На в. Корсыка ў гарах водзяцца муфлёны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, утварыліся хатнія авечкі).

Вельмі багаты і разнастайны сьвет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багацьцем вадаплаўных і іншых птушак адрозьніваецца раён Камарг у дэльце Роны.

Рыбныя рэсурсы Францыі моцна зьбяднелыя. Большую частку ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзінаў, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.

Сыстэма палітычных ўстаноў сучаснай Францыі вызначана Канстытуцыяй V Рэспублікі, прынятай 4 кастрычніка 1958 году. Некаторыя асобныя пункты Канстытуцыі пазьней пераглядаліся:

  • у 1962 было прынята вырашэньне аб абраньні прэзыдэнта Францускай Рэспублікі шляхам агульных прамых выбараў;
  • у 1993 годзе быў прыняты новы акт на прадмет крымінальнай адказнасьці сябраў ураду;
  • у 1995 годзе былі прыняты пастановы аб агульным паседжаньні Парлямэнта і пашырэньні кола ўдзельнікаў рэфэрэндума;
  • у 1998 годзе былі прыняты пераходныя палажэньні аб статусе Новай Каледоніі;
  • у 1999 годзе быў утвораны Эканамічны і фінансавы зьвяз, было прынята палажэньне аб роўным доступе мужчын і жанчын да выбарчых мандатаў і выбарчых пасад, а таксама была прызнана юрысдыкцыя/такая ўстанова, як Міжнародны суд па крымінальных справах;
  • у 2000 годзе паўнамоцтвы прэзыдэнта Францыі былі скарочаныя.

Канстытуцыйная рада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстытуцыйны савет Францускай Рэспублікі складаецца зь дзевяці сябраў. Яго функцыя — сачыць за правільным правядзеньнем выбараў і за адпаведнасьцю Канстытуцыі арганічных законаў, а таксама падканстытуцыйных законаў.

Прэзыдэнт Францускай Рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейны прэзыдэнт Францыіі Эманюэль Макрон

Кіраўнік дзяржавы абіраецца на пяць гадоў шляхам прамога ўсеагульнага галасаваньня (пяцігадовы тэрмін прэзыдэнцкага мандату быў вызначаны рэфэрэндумам 27 верасьня 2000 году).

На дадзены момант пятым прэзыдэнтам Францыі зьяўляецца Эманюэль Макрон, які замяніў Франсуа Алянда на гэтай пасадзе. Адпаведна Артыкулу 8 Канстытуцыі, прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра і, па прапанове апошняга, чальцоў ураду.

Адпаведна Артыкулу 16 Канстытуцыі, прэзыдэнт кіруе Нарадай міністраў, ратыфікуе законы, а таксама выконвае абавязкі галоўнага кіраўніка арміі. Прэзыдэнт мае права распусьціць Нацыянальны сход і, у выпадку сур’ёзнага палітычнага крызісу, прыняць надзвычайныя паўнамоцтвы.

Прэм’ер-міністар і ўрад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра ўрад вызначае і праводзіць палітыку францускай нацыі.

Урад адказвае за сваю дзейнасьць перад Парлямэнтам (артыкул 20 Канстытуцыі).

Прэм’ер-міністар ажыцьцяўляе кіраваньне дзейнасьцю ўрада і забясьпечвае выкананьне законаў (артыкул 21 Канстытуцыі). 9 студзеня 2024 году на пасаду прэм’ер-міністра прызначаны Габрыэль Аталь.

Парлямэнт Францускай Рэспублікі мае дзьвюхпалатную структуру і складаецца з Сэнату і Нацыянальнага сходу. Па-за функцыяй кантролю над урадам, абедзьве палаты распрацоўваюць і галасуюць за тыя ці іншыя законы. У выпадку нязгоды палат адна з адной канчатковае вырашэньне выносіць Нацыянальны сход.

  • Сэнат

Сэнатары цяперашняга Сэнату былі абраныя на ўскосных усеагульных выбарах ў 2003 годзе на 6 гадоў (раней Сэнат абіраўся на 9-гадовы тэрмін). Кожныя тры гады Сэнат напалову абнаўляецца. Апошняе ўзнаўленьне мела месца ў верасьні 2017 году.

  • Нацыянальны сход

Нацыянальны сход складаецца з дэпутатаў, якія абіраюцца на прамых усеагульных выбарах на 5 гадоў. Апошнія выбары ў Нацыянальны сход адбыліся ў чэрвені 2022 году.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Француская Рэспубліка складаецца з мэтраполіі, 5 заморскіх дэпартамэнтаў, 4 адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэньняў і 1 адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўтварэньня sui generis.

Француская мэтраполія падзелена на 13 рэгіёнаў (да 1 студзеня 2016 — на 22), якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на 96 дэпартамэнтаў.

Заморскія дэпартамэнты (départements d’outre-mer, DOM) Францыі:

Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя ўтварэньні (collectivités d’outre-mer), ці заморскія тэрыторыі Францыі:

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэньне sui generis — гэта Новая Каледонія.

Дзяржаўнае ўладкаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францыя — сувэрэнная ўнітарная дэмакратычная рэспубліка. Дзейная канстытуцыя, прынятая 4 кастрычніка 1958 году, усталёўвае рэспубліканскую прэзыдэнцка-парлямэнцкую форму кіраваньня (Канстытуцыя Францускай Рэспублікі, разьдз. 2). Галава дзяржавы — прэзыдэнт, якія абіраецца на 5 год. Галава ўраду — прэм’ер-міністар. Рада міністраў прызначаецца прэзыдэнтам па ўзгадненьні з прэм’ер-міністрам. Заканадаўчая ўлада належыць дзьвюхпалатнаму парлямэнту, які абіраецца ўсеагульным галасаваньнем.

Заканадаўчая ўлада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заканадаўчая ўлада ў Францыі належыць парлямэнту, які ўключае ў сябе дзьве палаты — Сэнат і Нацыянальны сход. Сэнат Рэспублікі складаецца з 348 сэнатараў, 305 зь якіх прадстаўляюць мэтраполію, 9 — заморскія тэрыторыі, 5 — тэрыторыі Францускай супольнасьці і 12 — францускіх грамадзянаў, якія пражываюць за мяжой. Сэнатары абіраюцца на дзевяцігадовы тэрмін калегіяй выбарнікаў, якая складаецца з дэпутатаў Нацыянальнага сходу, генэральных саветнікаў і дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў, пры гэтым Сэнат абнаўляецца на адну траціну кожныя тры гады.

Нацыянальны сход складаецца з 577 дэпутатаў, 555 зь якіх прадстаўляюць мэтраполію, а 22 — заморскія тэрыторыі. Дэпутаты Нацыянальнага сходу абіраюцца наўпроставым галасаваньнем на пяцігадовы тэрмін.

У Пятай рэспубліцы прэм’ер-міністар адказвае за бягучую ўнутраную і эканамічную палітыку, а таксама мае права выдаваць указы галоўнага характару. Ён лічыцца адказным асабіста за палітыку дзяржавы.

Прэм’ер-міністар прызначаецца прэзыдэнтам рэспублікі. Зацьвярджэньне яго кандыдатуры Нацыянальным сходам не патрабуецца, але праз тое, што Нацыянальны сход мае права ў любы момант аб’явіць ураду вотум недаверу. Звычайна прэм’ер прадстаўляе адну партыю, якая мае большасьць месцаў у НС. Прэм’ер-міністар складае сьпіс міністраў свайго кабінэта і прадстаўляе яго на зацьвярджэньне прэзыдэнту.

Мясцовае самакіраваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэма мясцовых органаў самакіраваньня ў Францыі будуецца ў адпаведнасьці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Яны прадстаўленыя камунамі, дэпартамэнтамі і рэгіёнамі, дзе зьяўляюцца выбранымі органамі.

Камуна налічвае каля 36 тыс. чалавек, кіруецца муніцыпальнай радай і мэрам, які зьяўляецца органам выканаўчай улады. Рада кіруе справамі камуны, прымае рашэньні па пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы яе грамадзянаў па ўсіх сацыяльных праблемах: распараджацца маёмасьцю, ствараць неабходныя слуюбы.

Дэпартамэнт зьяўляецца асноўнай адзінкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Францыі. Яны прадстаўленыя ў ліку 96 унутраных і так званых заморскіх дэпартамэнтаў. Да ўвядзеньня дэпартамэнцкай Рады адносіцца прыняцьце мясцовага бюджэту і кантроль за яго выкананьнем, арганізацыя дэпартамэнцкіх службаў, кіраваньне маёмасьцю. Выканаўчым ораганм дэпартамэнту зьяўляецца старшыня генэральнай рады.

Найбуйнейшай адзнкай у адміністрацыйным падзеле краіны зьяўляецца рэгіён. У кожным рэгіёне заснаваныя эканамічныя і сацыяльныя камітэты і рэгіянальны камітэт па займах. У рэгіёне дзейнічае свая рахункавая палата. Рэгіянальная рада абірае свайго старшыню, які зьяўляецца выканаўчай уладай у рэгіёне.

Узброеныя сілы і паліцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Віды францускіх войскаў

У цэлым Францыя зьяўляецца адной зь нешматлікіх краінаў, у складзе ўзброеных сілаў якой ёсьць амаль поўны спэктар сучаснай зброі і вайсковай тэхнікі ўласнай вытворчасьці — ад стралковай зброі да ўдарных атамных авіяносцаў.

Францыя таксама зьяўляецца краінай-уладальніцай ядзернай зброі. Афіцыйна пазыцыяй францускага ўраду было стварэньне «абмежаванага ядзернага арсэналу на мінімальна неабходным узроўні». На сёньняшні дзень гэты ўзровень складае чатыры атамныя падводныя лодкі і каля ста самалётаў зь ядзернымм ракетамі.

У рэспубліцы дзейнічае кантрактная сыстэма прахаджэньня службы і адсутнічае воінская павіннасьць. Вайсковы пэрсанал, якія ўключае ў сябе ўсе падразьдзяленьні, складае каля 270 тыс. чалавек. Пры гэтым паводле рэформы, запачаткаванай прэзыдэнтам рэспублікі Нікаля Сарказі, з арміі павінна быць звольнена 24% служачых, у асноўным на адміністрацыйных пасадах.

Замежная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дачыненьні зь Беларусьсю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 студзеня 1992 году ўрады Беларусі і Францыі ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У сакавіку 1992 году ў Парыжы адчынілі Амбасаду Беларусі ў Францыі. У траўні 1992 году ў Менску адчынілі Амбасаду Францыі ў Беларусі.

Францыя атрымлівае звыш 65 % сваёй электраэнэргіі ад ядзернай энэргетыкі, што зьяўляецца найбольшым адсоткам у сьвеце[15].

Францыя зьяўляецца чальцом групы Васьмі, вядучых прамыслова разьвітых краінаў, яна ёсьць сёмай паводле велічыні ў сьвеце і другой у ЭЗ эканомікай паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці[9]. Францыя далучылася да Эўразоны ў 1999 годзе. Эўра цалкам замяніў францускі франк (₣) у 2002 годзе[16].

Францыя мае зьмешаную эканоміку, якая спалучае ў сабе вялікую колькасьць прыватных прадпрыемстваў[17] з істотнай дзелю дзяржаўных прадпрыемстваў і дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку. Урад захоўвае значны ўплыў на ключавыя сэгмэнтах у інфраструктурных сэктарах, маючы большасьць ва ўласнасьці на чыгунку, сфэру электрычнасьці, авіяцыі, ядзернай энэргетыкі і тэлекамунікацыяў[18]. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 69 % вытворчасьці электраэнэргіі ў Францыі[19]. Урад павольна праводзіць акцыянаваньне дзяржаўнага сэктара і распрадае актывы ў кампаніях France Telecom, Air France, а таксама ў страхавых, банкаўскіх кампаніях і кампаніях абароннай прамысловасьці[18]. Францыя займае важную пазыцыю ў аэракасьмічнай прамысловасьці на чале з эўрапейскім кансорцыюмам Airbus, і мае свой уласны нацыянальны касмадром ў Францускай Гвіяне.

Паводле зьвестак Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у 2009 годзе Францыя была шостым паводле велічыні ў сьвеце экспартэрам і чацьвёртым паводле велічыні імпартэрам прамысловых тавараў[20]. У 2008 годзе Францыя была трэцяй паводле велічыні краінай, якая атрымлівае прамыя замежных інвэстыцый сярод усіх краінаў АЭСР. Паводле гэтага паказчыку Францыя за 2008 год атрымала 118 млрд даляраў, саступіўшы толькі Люксэмбургу і ЗША[21]. У тым жа годзе францускія кампаніі інвэставалі каля 220 млрд даляраў за межамі Францыі, такім чынам, вывеўшы Францыю на другую пазыцыю сярод краіныў АЭСР паводле велічыні прамых інвэстыцыяў пасьля ЗША[21].

На кастрычнік 2011 г. Францыя трымала ў стратэгічным запасе 17 млн тонаў нафты і нафтапрадуктаў[22].

З насельніцтвам у 68 мільёнаў чалавек паводле зьвестак на 2023 год Францыя зьяўляецца 21-й у сьвеце краінай паводле колькасьці насельніцтва і трэцяй паводле колькасьці насельніцтва ў Эўропе[18]. Хоць францускі народ гістарычна мае кельцкае, лацінскае, аквітанскае і германскае паходжаньні, на сёньня ён ўяўляе сабой сумесь некалькіх іншых этнічных групаў, галоўным чынам дзякуючы буйнамаштабнай іміграцыі за апошнія паўтара стагодзьдзя. У Францыі налічваецца 73 гарадзкія зоны, у кожнай зь якіх жывуць больш за 100 тысячаў чалавек. Пяць найбуйнейшых гарадзкіх зон:

Найбуйнейшыя гарадзкія зоны Насельніцтва ў 2002 годзе
Парыж 11,2 мільёны
Ліён 1,7 мільёны
Марсэль 1,5 мільёны
Ліль 1,2 мільёны
Тулюза 1 мільён

У Сярэднявеччы і да канца XIV стагодзьдзя француская філязофія была вядучай у Эўропе, таму што амаль усе выдатныя філёзафы навучаліся або выкладалі, па меншай меры некаторы час, у Палятыне ў Парыжы або Парыскім унівэрсытэце, які быў заснаваны ў 1206 годзе. Француская філязофія вядомая ва ўсім сьвеце дзякуючы свайму арыгінальнаму стылю і тэматыцы. Для яе характэрна яснасьць мысьленьня, майстэрскае вар’іраваньне выразаў і ўражлівыя вобразы, якія спалучаюцца зь незвычайнай філязофскай сур’ёзнасьцю і вастрынёй, цесная сувязь з грамадзкім і палітычным жыцьцём нацыі[23]. Спэцыфіка францускай філязофіі абумоўлена ейнай мовай, надае ёй паэтычнасьць і мастацкасьць.

Француская музыка вядомая з часоў Карла Вялікага, але кампазытары сусьветнага маштабу: Жан-Батыст Люлі, Люі Купэрэн, Жан-Філіп Рамо — зьявіліся толькі ў эпоху барока. Росквіт францускай клясычнай музыкі наступіў у XIX стагодзьдзі. Эпоха рамантызму прадстаўленая ў Францыі творамі Гектара Бэрліёза. У XX стагодзьдзі клясічная музыка Францыі разьвіваецца ў агульным рэчышчы сусьветнай музыкі. У 1920-х гадах у Францыі распаўсюдзіўся джаз, найбуйнейшым прадстаўніком якога стаў Стэфан Грапэлі. У другой палове XX стагодзьдзя ў Францыі атрымала распаўсюджаньне звычайная эстрадная музыка, выканаўцамі якой былі, напрыклад, Мірэй Мат’ё, Даліда, Джо Дасэн, Патрысія Каас, Мілен Фармэр, Ляра Фабіян, Грэгары Лемаршаль.

  1. ^ Афіцыйная ацэнка насельніцтва Праверана 17 лютага 2015 г.
  2. ^ З-за граніцы // Дзянніца. — Масква: 24 дзякабра 1918. — № 43. — С. 4.
  3. ^ Чалавек: Тэматычны слоўнік. Менск: Беларуская навука, 2006. ISBN 985-08-0715-6
  4. ^ Магазіншчыца // Наша Ніва. - 2000. - № 34. - С. 9.
  5. ^ Great Powers — Encarta. MSN. 2008. Webcitation.org.
  6. ^ Trends in world military expenditure, 2013. SIPRI
  7. ^ Status of World Nuclear Forces. Federation of American Scientists — Fas.org.
  8. ^ France-Diplomatie. Diplomatie.gouv.fr.
  9. ^ а б GDP, PPP (current international $). Data.worldbank.org. Праверана 17 лютага 2016 г.
  10. ^ Peter Turchin (2003). Historical dynamics: why states rise and fall. Princeton University Press. p. 179. ISBN 0-691-11669-5
  11. ^ Language and Diplomacy. Nakedtranslations.com.
  12. ^ BBC History : Louis XV (1710—1774). BBC.
  13. ^ Linton, Marisa (2004) The Terror in the French Revolution (анг.). Kingston University.
  14. ^ а б Blanning, Tim. Napoleon and German identity. History Today 48 (London).
  15. ^ France: Energy profile. Spero News.
  16. ^ History of the Euro. BBC News.
  17. ^ Entreprises selon le nombre de salariés et l’activité. INSEE.
  18. ^ а б в The World Factbook: France. Central Intelligence Agency.
  19. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  20. ^ International Trade Statistics 2008. World Trade Organization
  21. ^ а б Country fact sheet: France. World Investment Report 2009
  22. ^ Францыя адкрые стратэгічныя запасы нафты // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2012. — № 60 (27175). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  23. ^ Философская Энциклопедия. В 5-х т. — М.: Советская энциклопедия. Под редакцией Ф. В. Константинова. 1960—1970.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Францыя на беларускім Партале падарожжаў
  • Weber Eugen, Bisson T.N., Blondel Jean F.P., Elkins Thomas Henry, Bachrach Bernard S., Fournier Gabriel, Wright Gordon, Flower John E., Popkin Jeremy David, Higonnet Patrice Louis-René, Tuppen John N., Bernard François, Woloch Isser, Drinkwater John Frederick, Shennan J.H. (18 ліпеня 2024) France (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 20 ліпеня 2024 г.