Перайсьці да зьместу

Тулюза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тулюза
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна Францыя
Дэпартамэнт Верхняя Гарона
Першыя згадкі 106
Кіраўніцтва і ўлада
мэр Тулюзы[d] Жан-Люк Муданк[d][1]
Геаграфія
Плошча
  • 118,3 км²[2]
Вышыня НУМ 156 м[3], 115 м[4], 263 м[4] і 147 м[5]
Каардынаты 43°36′19″ пн. ш. 1°26′34″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Этнахаронімы Toulousain, Toulousaine, Tuluzano, tolosan і tolosana
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс 31000[7], 31100[7], 31200[7], 31300[7], 31400[7] і 31500[7]
Сайт metropole.toulouse.fr (фр.)
Тулюза на мапе Францыі
Тулюза
Тулюза
Тулюза

Тулю́за (па-француску: Toulouse, па-аксытанску: Tolosa, па-лацінску: Tolosa) — горад на поўдні Францыі, адміністрацыйны цэнтар рэгіёну Аксытанія (да 1 студзеня 2016 — рэгіёну Поўдзень-Пірэнэі) і дэпартамэнту Верхняя Гарона. Насельніцтва — 504 078 чалавек (2021 год). Дэвіз акс. «Per Tolosa totjorn mai».

У Тулюзе своеасаблівая архітэктура, яе таксама называюць «ружовым горадам» дзякуючы колеру цэглы — традыцыйнага матэрыялу, зь якога быў пабудаваны стары горад.

Сярод архітэктурных помнікаў гораду вылучаюцца — выкананая ў гатычным стылі царква якабінцаў (Les Jacobins) XIII—XIV стагодзьдзяў, раманская базыліка Сан-Сэрнэн (Saint-Sernin) пачатак будаўніцтва канец XI стагодзьдзя, катэдра Сэнт-Эт’ен (Saint-Etienne) лічыцца прататыпам гатычна-мэрыдыянальнага стылю, гісторыя якога пачынаецца ў 1073 годзе.

Даліна Гароны была цэнтральным пунктам гандлю паміж Пірэнэямі, Міжземным морам і Атлянтыкай прынамсі ад жалезнага веку. Талёза была рымскім вайсковым фарпостам. Па заваёве Галіі яна была разраслася да рымскага места ў правінцыі Галія Нарбонская. У другой палове I стагодзьдзя імпэратар Даміцыян надаў Тулюзе адметнасьць, узяўшы яе пад апеку багіні Атэны. У V стагодзьдзі Тулюза трапіла пад уладу Каралеўства вэстготаў, стаўшы адным зь ягоных галоўных гарадоў, нават служыўшы сталіцай, пакуль у 507 годзе места не было захопленае франкамі пад кіраўніцтвам Хлёдвіга I падчас бітвы пры Вуе. З таго часу Тулюза стала сталіцай Аквітаніі ў межах францкага валадарства.

Захаваныя рымскія муры места.

У 721 годзе герцаг Аквітаніі Ода разьбіў войска амэядаў, якое ўварвалася ў рэгіён, у бітве пад Тулюзай. Шматлікія арабскія кранікёры лічаць, што перамога Ода была сапраўдным спыненьнем мусульманскай экспансіі ў хрысьціянскую Эўропу, а наступныя нашэсьці ў позьні час былі толькі набегамі бяз мэты да заваёвы[8][9]. Карл Вялікі стварыў Тулюскае графства ў 778 годзе, каб ахоўваць мяжу ад мусульманскай Гішпаніі, але распад каралеўства Аквітаніі і слабасьць каралеўскай улады ў наступныя стагодзьдзі прывялі да фактычнай незалежнасьці графства. У XI і XII стагодзьдзях паўднёвая Францыя ўсё яшчэ была прасякнутая лацінскай культурай. У адрозьненьне ад поўначы Францыі, судовая сыстэма тут грунтавалася на пісьмовым рымскім праве, а шляхта была высока адукаванаю. Гэта быў час трубадураў, якія стваралі творы па-аквітанску, адной з найбольш вытанчаных моваў Эўропы таго часу.

Тулюскі граф Раймунд IV.

У 1096 годзе тулюскі граф Раймунд IV на заклік папы Урбана II выступіў з сваім войскам, каб далучыцца да Першага крыжовага паходу, стаўшы адной з галоўных постацяў той кампаніі[8][10]. Зыход графа з часткай ваяроў і шляхты ў дадатку да стварэньня Раймундам IV аддаленага графства Трыпалі на пачатку XII стагодзьдзя аслабіў горад у вайсковым пляне, а таксама паменшыў ягоны ўплыў. Герцаг Гіём IX аспрэчыў валоданьне горадам, сьцьвярджаючы, што ён мусіў быў перайсьці ў спадчыну ягонай жонцы Філіпе. Больш як праз 50 гадоў ягоная ўнучка Элеанора Аквітанская ўсё яшчэ дарэмна прэтэндавала на пасаду[8]. Тулюза, якая месьціцца ў цэнтры вялікай раўніны, дзе вырошчвалі збожжа, была адметная вялікай колькасьцю млыноў, якія выкарыстоўвалі плынь ракі Гароны. Тулюская млынавая кампанія Базакль была першай засьведчанай эўрапейскай акцыянэрнай фірмай. На пачатку XIII стагодзьдзя Тулюскае графства апынулася ўцягнутым у яшчэ адну крыжовую кампанію, якая трывала дваццаць гадоў з 1209 па 1229 гады. Мэтай вайны было вынішчэньне руху катараў на поўдні Францыі, якіх папа Інакенцыюс III жадаў вынішчыць усімі магчымымі сродкамі[8].

У 1271 годзе Жанна Тулюская і ейны муж Альфонс Пуат’е памерлі не пакінуўшы нашчадкаў. Тулюза, якая ад часу дамовы 1229 году была падпарадкаваная каралеўству Францыі, больш ня мела ўласна графа і была анэксаваная і далучаная да каралеўскага дамэну[8]. Зьяўленьне ў месьце шматлікага каралеўскага чынавенства, а таксама разьвіцьцё гандлю і рамёстваў, што спрыяла сацыяльнаму ўзьняцьцю клясы гандляроў, абнавілі гарадзкую эліту. У 1298 годзе кароль Філіп Прыгожы значна палегчыў працэс набыцьця арыстакратычнага статусу капітулам, якія складалі раду, што ўсё больш складалася з багатых гандляроў[8]. У XIV стагодзьдзі значна ўзрос уплыў Тулюскага ўнівэрсытэту, асабліва пасьля пераносу рэзыдэнцыі папаў з Рыму ў Авіньён. Шмат выпускнікоў-юрыстаў з Тулюзы рабілі бліскучую кар’еру ў авіньёнскай курыі. Некалькі зь іх сталі кардыналамі, а тры нават былі абраныя ў папы, сярод якіх былі Ян XXII, Інакенцыюс VI і Урбан V.

Пакой сьвятога Дамініка ў доме Мэзон-Сэян, які лічыцца месцам нараджэньня ордэна дамініканцаў.

Чорная сьмерць у 1348 годзе, а затым Стогадовая вайна, выклікалі глыбокі крызіс, які ўцягнуў горад ажно да наступнага стагодзьдзя[8]. Не зважаючы на моцную іміграцыю, насельніцтва страціла больш за 10 тысячаў жыхароў за 70 гадоў. Палітычная і эканамічная сытуацыя палепшылася да сярэдзіны XV стагодзьдзя[11]. У 1443 годзе кароль Карл VII заснаваў Тулюскі парлямэнт, які стаў другім у Францыі пасьля парыскага. У XVI стагодзьдзі, і да 1562 году, эканоміка Тулюзы зьведала «залаты век». Ейны парлямэнт зрабіў горад судовай сталіцай значнай часткі паўднёвай Францыі, а сам горад стаў першым эўрапейскім цэнтрам гандлю фарбоўнікам, то бок адзінай тады вядомай у Эўропе сіняй фарбай, якая была вельмі запатрабаваная ў тэкстыльнай прамысловасьці ў тыя часы. У 1550 годзе колькасьць насельніцтва зрабіла Тулюзу другім або трэцім паводле велічыні горадам Францыі. Мяркуецца, што ў ім было 50 тысячаў жыхароў[8][12].

Тулюза на выяве 1650 годзе.

У 1666 годзе П’ер-Поль Рыке пачаў будаўніцтва Паўднёвага каналу, які павязаў Тулюзу зь Міжземным морам і лічыцца адным з найвялікшых будаўнічых праектаў XVII стагодзьдзя. Скончаны ў 1681 годзе, канал ажывіў эканоміку Тулюзы, спрыяючы экспарту збожжа і імпарту аліўкавага алею, віна ды іншых тавараў зь міжземнаморскіх рэгіёнаў[8]. У XVIII стагодзьдзі Тулюза была правінцыйнай сталіцай, якая ганарылася сваімі каралеўскімі акадэміямі, бо гэта быў адзіны горад у Францыі поруч з Парыжам, які меў тры каралеўскія акадэміі. Аднак, места часам здавалася аддаленым ад інтэлектуальных дыскусіяў, што меліся ў эпоху Асьветніцтва[8][13]. Вядомы прыклад ілюструе гэтую адсталасьць тулюскага грамадзкага мысьленьня таго часу, бо ў 1762 годзе гарадзкі парлямэнт прысудзіў Жана Каляса да сьмерці. Філёзаф Вальтэр абвінаваціў Тулюскі парлямэнт у рэлігійнай нецярпімасьці, бо Каляс быў гугенотам, надаўшы справе эўрапейскі розгалас і дамогся адмены прысуду Каралеўскай радай, што моцна пашкодзіла рэпутацыі парлямэнту. Менавіта тады Вальтэр апублікаваў адзін з сваіх галоўных філязофскіх твораў, як то знакаміты «Трактат аб талерантнасьці». З Францускай рэвалюцыяй 1789 году і рэформай і скасаваньнем усіх каралеўскіх установаў Тулюза страціла значную частку свайго ўплыву. Да таго часу яна была сталіцай вялізнай правінцыі Лангедок, з уласным парлямэнтам, які кіраваў яшчэ большымі тэрыторыямі, а пасьля места толькі мела статус сталіцы аднаго невялікага дэпартамэнту[8].

Панарама гораду.
  1. ↑ http://www.ladepeche.fr/article/2014/04/05/1856881-10h37-vendredi-jean-luc-moudenc-est-redevenu-maire-toulouse.html
  2. ↑ База зьвестак францускіх камунаў — Нацыянальны інстытут геаграфічнай і лясьнічай інфармацыі.
  3. ↑ https://it-ch.topographic-map.com/map-s538s8/Tolosa/?zoom=19&center=43.60429%2C1.44411&popup=43.60445%2C1.44405
  4. 1 2 База зьвестак францускіх камунаў — Нацыянальны інстытут геаграфічнай і лясьнічай інфармацыі, 2015.
  5. ↑ https://data.geopf.fr/telechargement/download/GEOFLA/GEOFLA_2-2_COMMUNE_SHP_LAMB93_FXX_2016-06-28/GEOFLA_2-2_COMMUNE_SHP_LAMB93_FXX_2016-06-28.7z — 2016.
  6. ↑ Populations de référence 2023 (фр.) — INSEE, 2025.
  7. 1 2 3 4 5 6 Base officielle des codes postaux — La Poste, 2018.
  8. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Olivier, Jean-Marc; Pech, Rémy(2019). Histoire de Toulouse et de la métropole. Éditions Privat.
  9. ↑ Recueil de l’Académie des jeux floraux
  10. ↑  Jotischky, Andrew Crusading and the Crusader States. — Taylor & Francis, 2004. — ISBN 978-0-582-41851-6
  11. ↑ Brumont, Francis (1994). «La commercialisation du pastel toulousain (1350–1600)». Privat presse. — С. 27.
  12. ↑ Julien, Pascal (2018). «Catalogue de l’exposition Toulouse Renaissance». Somogy éditions d’art.
  13. ↑ Michel Taillefer, "Toulouse au temps des Lumières : L'Académie des Sciences, Inscriptions et Belles-Lettres de Toulouse au XVIIIe siècle".

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]