Перайсьці да зьместу

Эманюэль Макрон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эманюэль Макрон
па-француску: Emmanuel Macron[1]
26 жніўня 2014 — 30 жніўня 2016
Папярэднік Арно Мантэбур[d]
Наступнік Мішэль Сапэн[d]
15 траўня 2012 — 15 ліпеня 2014
Папярэднік Жан Кастэкс
Наступнік Ляранс Боон[d]
з 14 траўня 2017
Папярэднік Франсуа Алянд
з 14 траўня 2017
Папярэднік Франсуа Алянд
старшыня[d]
6 красавіка 2016 — 8 траўня 2017
Наступнік Катрын Барбару[d]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся21 сьнежня 1977(1977-12-21)[2][3][4][…] (47 гадоў)
Партыя
Адукацыя
Сужэнец Брыжыт Макрон[d][8]
Бацька Жан-Мішэль Макрон[d][9]
Маці Франсуа Наге[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Сайт elysee.fr (фр.)

Эманюэ́ль Жан-Мішэ́ль Фрэдэры́к Макро́н (па-француску: Emmanuel Macron; нар. 21 сьнежня 1977 году, Ам’ен, Францыя) — францускі палітык, былы інвэстыцыйны банкір. Прэзыдэнт Францыі з 14 траўня 2017 году. Падчас свайго прэзыдэнцтва Макрон рабіў рэформы працоўнага заканадаўства, падаткаабкладаньня і пэнсійнай сыстэмы, а таксама выступіў за пераход да аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Апазыцыя называла яго «прэзыдэнтам заможных», а ягоныя рэформы выклікалі нарастаньне пратэстаў, кульмінацыяй якіх сталі пратэсты «жоўтых камізэлек» і страйкі супраць пэнсійнай рэформы ў 2018—2020 гадах. У замежнай палітыцы заклікаў да рэформаў Эўрапейскага Зьвязу і склаў пагадненьні з Італіяй і Нямеччынай. За часам гандлёвай вайны паміж Кітаем і ЗША Макрон склаў з Кітаем гандлёвыя і бізнэсовыя кантракты на суму ў 40 млрд эўра.

Эманюэль Жан-Мішэль Фрэдэрык Макрон нарадзіўся 21 сьнежня 1977 году ў Ам’ене. Сын лякаркі Франсуазы і прафэсара нэўралёгіі ва Ўнівэрсытэце Пікардыі Жана-Мішэля Макрона. У яго ёсьць малодшыя сястра і брат. Выхаваны ў нерэлігійнай сям’і, ён быў ахрышчаны каталіком на ўласнае жаданьне ў веку 12 гадоў.

Эманюэль Макрон вучыўся ў ліцэі ў Ам’ене, дзе яго адзначылі як надзвычай таленавітага вучня. У ім ён пачаў працяглыя стасункі з настаўніцай драмы Брыжыт Транье, зь якой ён ажаніўся ў 2007 годзе. Потым ягоныя бацькі паслалі вучыцца ў прэстыжнай школе-ліцэі імя Генрыха Чацьвертага ў Парыжы, дзе ён атрымаў ступень бакаляўра. Ён вывучаў філязофію ва ўнівэрсытэце ў Парыжы. У гэты час ён таксама працаваў памочнікам Поля Рыкёра, францускага пратэстанцкага філёзафа і гісторыка, які тады пісаў сваю апошнюю буйную працу.

Макрон далей вучыўся ў розных навучальных установах. У 2001 годзе атрымаў ступень магістра ў галіне грамадзкіх адносін ва Ўнівэрсытэце Заходні Парыж — Нантэр-ля-Дэфанс. У 2004 годзе скончыў амаль лепш за ўсіх Нацыянальную школу адміністрацыі, якая і спрыяла імклівай палітычнай кар’еры. Раней Нацыянальную школу адміністрацыі скончылі прэзыдэнты Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн, Жак Шырак ды Франсуа Алянд.

Дзяржаўная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Макрон пачаў кар’еру дзяржаўнай службе інспэктарам фінансаў у Міністэрстве эканомікі і фінансаў Францыі ў 2004 годзе. У 2007 годзе ён займаў пасаду намесьніка дакладчыка для Рады па паляпшэньню францускага гаспадарчага росту на чале з Жакам Аталям. У 2008 годзе Эманюэль вырашыў сысьці зь дзяржаўнай пасады, на якой ён зарабляў 50 000 эўра. Замест гэтага ён пачаў працаваць у прыватным сэктары. Ягоныя сябры папярэджвалі, што такі крок можа перашкодзіць усялякім палітычным амбіцыям у будучыні. Макрон у верасьні 2008 годзе пайшоў працаваць у якасьці інвэстыцыйнага банкіра на высокааплатную пасаду ў банк Rothschild & Cie Banque, францускае аддзяленьне міжнароднай фінансавай групы Ротшыльда. Ён хутка дабіўся посьпеху ў гэтай кампаніі, дзякуючы чаму ў 2012 годзе кампанія Нэстле набыла аддзяленьне Pfizer па вытворчасьці дзіцячага харчаваньня. Сума гэтага кантракту склала $ 12 мільярдаў. Паводле сьведчаньняў, сам Макрон зарабіў на гэтым кантракце 2,9 млн эўра[10].

Макрон у 2014 годзе, калі займаў пасаду міністра эканомікі і прамысловасьці Францыі.

Макрон быў сябрам Сацыялістычнай партыі з 2006 па 2009 гады. Макрон быў прызначаны памочнікам па пытаньнях гаспадаркі пры першым урадзе Франсуа Алянда ў 2012 годзе. 26 жніўня 2014 году ён быў прызначаны міністрам гаспадаркі, прамысловасьці і лічбавых справаў у другім урадзе Мануэля Вальса. Падаў у адстаўку 30 жніўня 2016 году, каб узяць удзел у 2017 годзе ў прэзыдэнцкіх выбарах. У лістападзе 2016 году, Макрон заявіў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах пад сьцягам партыі Наперад. Гэтая грамада, якая паводле сваіх поглядаў блізкая да сацыялістаў, заснаваная ў красавіку 2016 годзе. Перамог на прэзыдэнцкіх выбарах 2017 году ў Францыі, заступіўшы на пасаду 14 траўня 2017 году.

Прэзыдэнт Францыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле апытаньня, праведзенага кампаніяй Ordoxa, Макрон павінен быў атрымаць перамогу ў першым туры[11][12]. Пад час выбараў Эманюэль Макрон у першым туры набраў 23,9 % галасоў[13][14][15]. Кандыдаты, якія не прайшлі ў другі тур выбараў, падтрымалі кандыдатуру Макрона. Паводле апытаньня OpinonWay-RIPA, праведзенага он-лайн для Echoes і Radio Classique 28—30 красавіка, чакалася, што Макрон атрымае перамогу і ў другім туры выбараў[16]. Па выніках другога тура Эманюэль Макрон перамог набраўшы 66,06 % і стаў самым маладым прэзыдэнтам Францыі і самым маладым кіраўніком Францыі пасьля Напалеона. Ён стаў першым чалавекам у гісторыі Пятай Рэспублікі, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах без дапамогі Сацыялістычнай партыі і прыхільнікаў галісцкай партыі. Старшыня партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн атрымала 33,94 % галасоў выбаршчыкаў[17].

15 траўня 2017 году ў Бэрліне на сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель ён выказаўся за рэфармаваньне ЭЗ. Праз два дні ён правёў сустрэчу з старшынём Эўрапейскай рады Дональдам Тускам. Падчас сустрэчы яны выказаліся за ўмацаваньне Эўразьвязу і эўразоны. У той жа дзень быў прадстаўлены новы францускі ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Эдуарам Філіпам. У той жа час француская газета Le Figaro абвінаваціла Макрона ў парушэньні перадвыбарных абяцаньняў.

Макрон з прэм’ер-міністрам Італіі Паолё Джэнтылёні.

25 траўня 2017 году на саміце НАТО Макрон сустрэўся з Дональдам Трампам. У гэты дзень Макрон таксама сустрэўся з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, дзе абмяркоўваліся шляхі выхаду з складанай сытуацыі, павязанай з напружанымі адносінамі паміж ЭЗ і Турэччынай, а таксама сытуацыя ў Сырыі ды Іраку. У эканамічнай сфэры Макрон і Эрдаган дамовіліся павялічыць тавараабарачэньне паміж Францыяй і Турэччынай да 20 мільярдаў эўра. Празь некалькі дзён палітык прыняў Уладзімера Пуціна ў Вэрсалі, дзе абмяркоўвалі вайну ў Сырыі і Лібіі, расейска-ўкраінскую вайну, паўночнакарэйскую праблему, стасункі паміж Францыяй і Расеяй. Макрон заклікаў да палітычнага рашэньня, каб спыніць вайну ў Сырыі. Адносна сытуацыі ва Ўкраіне Макрон адзначыў, што ў выпадку эскаляцыі канфлікту санкцыі супраць Расеі могуць быць узмоцненыя. Гаворачы аб міждзяржаўных дачыненьнях, яны адзначылі важнасьць іхнага разьвіцьця. У чэрвені 2017 году Макрон раскрытыкаваў пастанову прэзыдэнта ЗША Трампа аб выхадзе ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце. Паводле ягоных словаў, Трамп зрабіў памылку, бо зьмяненьне клімату ўважаецца адною з галоўных праблемаў сучаснасьці, і калі з гэтым нічога не рабіць, нашыя дзеці спазнаюць сьвет міграцыі, войнаў і галечы.

Макрон і Дональд Трамп у 2017 годзе.

Увосень 2017 году Макрон пачаў рэформу рынку працы. Паводле задумы прэзыдэнта, гэта павінна было перазагрузіць францускую эканоміку, надаўшы ёй дынамічнасьці, канкурэнтаздольнасьці і гнуткасьці ў адаптацыі да патрабаваньняў рынку. Рэформа мусіла стаць галоўным інструмэнтам зьніжэньня беспрацоўя ў Францыі з 10% да 7% да 2022 году. Пяцьцю прэзыдэнцкімі ўказамі было зроблена 36 паправак у працоўны кодэкс, у тым ліку адносна ўмоваў складаньня кантрактаў на працу, разьвязаньня спрэчак паміж наймальнікам і работнікам, значнага абмежаваньня памеру кампэнсацыяў пры звальненьні работнікаў. Акрамя таго, за час выбараў Макрон абяцаў за пяць гадоў скараціць колькасьць францускіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных установаў на 120 тысяч чалавек, абмежаваць рост заробкаў і абмежаваць некаторыя ільготы. Такія пляны не былі добра ўспрынятыя мэтавай аўдыторыяй.

У лістападзе 2018 году разам з шэрагам іншых лідэраў ЭЗ прапанаваў стварыць узброеныя сілы ЭЗ асобна ад НАТО. 10 сьнежня 2018 году ў сувязі з пратэстамі Руху жоўтых камізэлек у канцы 2018 году абвесьціў аб увядзеньні ў краіне надзвычайнага эканамічнага і сацыяльнага стану.

Зважаючы на тое, што другая інаўгурацыя Макрона адбылася 7 траўня 2022 году, ягоны другі прэзыдэнцкі тэрмін афіцыйна адлічваецца з 14 траўня 2022 году. Гэта быў першы выпадак за 20 гадоў, калі прэзыдэнт Францыі застаўся ва ўладзе на другі тэрмін.

16 чэрвеня 2022 году францускі прэзыдэнт, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі прыбылі ў Кіеў, дзе сустрэліся з Уладзімерам Зяленскім. Там палітык выказаў падтрымку і жаданьне прыняць Украіну ў Эўразьвяз. З 25 па 28 ліпеня 2022 году Макрон зладзіў невялікі тур па Афрыцы, дзе наведаў Камэрун, Бэнін і Гвінэю-Бісаў. Паездка трывала 72 гадзіны. 21 студзеня 2023 году палітык прапанаваў павялічыць абаронны бюджэт Францыі да 414 мільярдаў эўра за сем гадоў. Ён абвесьціў, што ў найбліжэйшы час Францыя паспрабуе мадэрнізаваць, трансфармаваць і пашырыць свае ўзброеныя сілы.

15 красавіка 2023 году Макрон падпісаў закон аб пэнсійнай рэформе, які прадугледжваў павышэньне пэнсійнага веку да 64 гадоў. Гэтаму папярэднічалі некалькі тыдняў страйкаў і пратэстаў праціўнікаў рэформы.

  1. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #1089164025 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ а б Emmanuel Macron // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б Emmanuel Macron // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б Emmanuel Macron // GeneaStar
  5. ^ а б https://www.workwithdata.com/person/emmanuel-macron-1977
  6. ^ а б Emmanuel Macron n'est plus encarté au Parti socialiste (фр.) // Le Figaro / A. BrézetParis: Société du Figaro, 2015. — ISSN 0182-5852; 2496-8994
  7. ^ а б Who's Who in France (фр.)Paris: 1953. — ISSN 0083-9531; 2275-0908
  8. ^ https://www.elysee.fr/en/brigitte-macron
  9. ^ http://colchide.com/people/emmanuel-macron/
  10. ^ Emmanuel Macron (анг.). Britannica.com.
  11. ^ Соцопрос: На выборах во Франции Макрон опередит Ле Пен. Радио Польша (19 сакавіка 2017).
  12. ^ У другім туры Эмануэля Макрона падтрымаюць 64 % выбарцаў, Марын Ле Пэн — толькі 36 %. Хартыя’97 (20 сакавіка 2017).
  13. ^ Эммануэль Макрон і Марын Ле Пэн сталі ў галаве першага тура прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі, набраўшы 23,9 % і 21,4 % галасоў адпаведна кожны. Каго чакае прэзыдэнцкі пост, вырашыцца ў другім туры выбараў, 7 траўня. Белсата (24 красавіка 2017).
  14. ^ Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Францыі Эманюэль Макрон і Марын Ле Пэн лідэруюць на выбарах // Новы час : газэта.
  15. ^ У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі перамог Эмануэль Макрон. Эўрапейскае радыё для Беларусі. — Цэнтрыст Эмануэль Макрон перамог у першым туры выбараў прэзыдэнта Францыі з 23,75 % галасоў, лідар крайне правага «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пен атрымала 21,53 %.
  16. ^ За Макрона на выбарах прэзыдэнта Францыі гатовы прагаласаваць 61 % французаў. Хартыя’97 (1 мая 2017).
  17. ^ Прэзыдэнтам Францыі стаў Эмануэль Макрон. Беларускае Радыё Рацыя.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]