Беларуска-францускія дачыненьні
Беларусь |
Францыя |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Францыі |
Амбасада Францыі ў Беларусі |
Беларуска-францускія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Францыі.
На 2022 год Амбасада Беларусі ў Францыі месьцілася на захадзе Парыжу па бульвары Сюшэ, д. 38 (16-я акруга Парыжу), што каля станцыі мэтро Ля Мюэт і насупраць Булёнскага лесу. Амбасада працавала з панядзека па пятніцу а 8:30—12:30 і 13:30—17:30[1]. Амбасада Францыі ў Беларусі знаходзілася ў Цэнтральным раёне Менску на плошчы Свабоды, д. 11, што каля станцыі мэтро Няміга. Француская амбасада працавала з панядзелка па чацьвер а 8:30—12:30 і 13:30—17:30, а ў пятніцу да 16:00[2].
Гандаль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2013 годзе беларуска-францускі гандаль склаў 600 млн даляраў пры адмоўным сальда для Беларусі[3]. У 2014 годзе заснавалі Беларуска-францускую камісію эканамічнай супрацы, якая засядала ў 2015, 2016 і 2018 гадох[4]. За 2014—2016 гады ўзаемны гандаль упаў на 64 % да 137 млн эўра. За 2016—2019 гады прамыя замежныя ўкладаньні з Францыі ў Беларусь вырасьлі з 7,1 да 9,2 млн даляраў (0,1 % укладаньняў у Беларусь), у выніку чаго Францыя заняла 37-е месца паводле ўкладаньняў у Беларусі. Францускія прадпрыемствы дзейнічалі ў Беларусі ў галіне фармацэўтыкі і прамысловасьці, сельскай гаспадаркі і сувязі[5]. За 2017—2019 гады двухбаковы гандаль вырас з 365 да 455 млн даляраў, пасьля чаго ўпаў да 423 млн даляраў у 2020 годзе і амаль аднавіўся ў наступным. Беларускі экспарт за 2017—2020 гады вырас з 66 да 119 млн даляраў, пасьля чаго ўпаў на 14 % да 103 млн даляраў у 2021 годзе. Зь Беларусі ў асноўным паставілі: мэблю (26 млн $), драўляныя вырабы (7,6 млн $) і драўляную тару (4,4 млн $), цьвікі і кнопкі (3,4 млн $), бясшвовыя профілі і трубы (3,2 млн $), прадольна-расьпілаваныя лесаматэрыялы (3,1 млн $), кошыкі і плеценыя вырабы (2,6 млн $), агародніна (2,4 млн $), сталёвыя пруткі (2,1 млн $) і скручаны дрот (1,5 млн $). З Францыі пераважна імпартавалі: лекі (47,7 млн $), гэрбіцыды і інсэктыцыды (22,6 млн $), прышчэпкі і сыроватка з крыві (13 млн $), кукуруза (11,1 млн $), віно (10,7 млн $), духмянасьці (10,3 млн $), парфумы і туалетная вада (8,7 млн $), мыйныя гелі і парашкі (8,3 млн $), ўборачныя камбайны (7,8 млн $) і хімічныя злучэньні (6,2 млн $)[6]. Францыя займала 11-е месца ў замежным гандлі Беларусі з доляй 1 %, а Беларусь займала 27-е месца ў замежным гандлі Францыі з доляй 0,3 %. Пры гэтым, адмоўнае для Беларусі сальда назіралася зь 2015 году[7].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1996 годзе ў Менскай абласной бібліятэцы (вул. Гікалы, д. 4) адчынілі Францускую мэдыятэку, пры якой стварылі сетку зь 10 францускіх чытальняў у іншых гарадах. У 1997 годзе ў 8 школах Беларусі, у тым ліку ў 7 па-за сталіцай, стварылі 4-гадовыя дзьвюхмоўныя курсы з 8-й па 11-ю клясы[7].
У 2019 годзе ў Францыі выступілі Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы і Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі. У лютым 2019 году 10 беларускіх мастакоў узялі ўдзел у Салёне сталічнага мастацтва ў Вялікім палацы Парыжу. У сакавіку 2019 году ў мастацкай галерэі Парыжу зладзілі выставу такіх 7 беларускіх мастакоў, як Віктар Шылко, Сяргей Давідовіч і Алег Захарэвіч, Сяргей Плотнікаў і Алег Крошкін, Алег Скавародка і Мікалай Дундзін[8]. У Ліёне і Парыжы беларуская дыяспара аднавіла сьвяткаваньне Дзядоў, Калядаў і Купальля. 22–25 траўня 2019 году да 200-годзьдзя кампазытара Станіслава Манюшкі ў Парыжы прайшло 3 канцэрты, у тым ліку на галаўной сядзібе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры. Таксама адпаведныя канцэрты парвялі ў галоўным саборы Фантэнэ-а-Роўз (край Выспа Францыі). У траўні 2019 году ў Беларусь вярнулі 15 карцінаў Шрагі Царфіна родам зь Беларусі, які быў прадстаўніком Парыскай школы жывапісу. 11 ліпеня 2019 году ў Сіўры-на-Сірэне адкрылі памятную дошку на доме мастака Хаіма Суціна са Сьмілавічаў, у якім той жыў у 1939–1940 гадох. Адкрыцьцё памятнай дошкі павялі ў рамках пленэру ў Танэры для 9 навучэнцаў Сьмілавіцкага цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі. 19–21 сьнежня 2019 году ў Парыжы прайшлі 2 канцэрты беларускіх музыкаў Кірылы Барташэвіч і Антона Васюковіча. Са сьнежня 2019 году па сакавік 2020 году Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі ладзіў выставу «Шрага Царфін. Рух да сьвятла». У лютым 2020 году 7 беларускіх мастакоў узялі ўдзел у Салёне сталічнага мастацтва на Элізэйскіх палях у Парыжы[9].
У 2019—2020 навучальным годзе ў ВНУ Францыі навучалася 387 беларускіх студэнтаў, таму Францыя займала 8-е месца сярод краінаў паводле прыёму беларускіх студэнтаў. У асноўным студэнты атрымлівалі ступеню магістра эўрапейскага права пасьля праходжаньня франкамоўнага дыплёмнага курсу ад Унівэрсытэту Бардо ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня) праз Франкамоўны цэнтар гуманітарных і сацыяльных навук[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З часоў Сярэднявечча гандлёвыя сувязі падтрымлівалі Полацкае княства і Францыя. У 1574 годзе вялікім князем літоўскім на некалькі месяцаў стаў анжуйскі герцаг Генрык Валезы, які пазьней стаў каралём Францыі. У 1792 годзе генэрал Тадэвуш Касьцюшка родам зь Беларусі атрымаў годнасьць ганаровага грамадзяніна Францыі. Падчас Другой сусьветнай вайны некалькі сотняў беларусаў змагаліся ў складзе францускага руху супраціву нямецкім акупантам. Сярод іх, Надзея Лісавец родам зь Менску атрымала афіцэрскую годнасьць францускага войска. У 1944 годзе францускі авіяполк «Нармандыя» браў удзел у апэрацыі «Багратыён» па вызваленьні Беларусі. Пасьля фарсіяваньня Нёману авіяполк атрымаў назву «Нармандыя-Нёман»[10].
25 студзеня 1992 году ўрады Беларусі і Францыі ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У сакавіку 1992 году ў Парыжы адчынілі Амбасаду Беларусі ў Францыі. У траўні 1992 году ў Менску адчынілі Амбасаду Францыі ў Беларусі[3]. У 1992 годзе міністар замежных справаў Францыі Ралян Дзюма наведаў Менск з афіцыйным візытам. Цягам 1992—1995 гадоў старшыні ўраду і Вярхоўнага Савету Беларусі наведалі Францыю[10]. У 1993 годзе ў Нацыянальным сходзе Францыі стварылі групу сяброўства зь Беларусьсю[3]. 11-13 ліпеня 1996 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў афіцыйны візыт у Францыю на запрашэньне францускага прэзыдэнта Жака Шырака. Пад францускім уплывам пасьля рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году А. Лукашэнка пераўтварыў парлямэнт у дзьвюхпалатны Нацыянальны сход Беларусі і пашырыў свае паўнамоцтвы. У 2010 годзе прадстаўнік МЗС Францыі П'ер Лелюш наведаў Менск. У 2012 годзе амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры заваўжыў: «нашыя стасункі па-ранейшаму знаходзяцца ў актыўным пошуку пунктаў судакрананьня». Тады беларускім амбасадарам у Парыжы стаў Павал Латушка. 5 лютага 2014 году ў Менску адчынілі прадстаўніцтва Справавога клюбу Беларусі і Францыі[10].
24 кастрычніка 2014 году ў Берасьці адчынілі Ганаровае консульства Францыі[11]. У 2015 годзе ў Ліёне адчынілі 1-е ганаровае консульства Беларусі ў Францыі. У 2016 годзе стварылі ганаровае консульства ў Бардо, у 2017 годзе — у Марсэлі, а ў 2018-м — у Біярыцы. 11 лістапада 2018 году ў Парыжы старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч сустрэўся са старшынёй Сэнату Францыі Жэрарам Ляршэ, у выніку чаго ў Сэнаце Францыі стварылі групу сяброўства зь Беларусьсю. Пабрацімскія сувязі мелі гарады: Менск і Ліён, Гомель і Клермон-Фэран, Берасьце і Брэст, Партызанскі раён Менску і Туркуэн, Цэнтральны раён Менску і Нэвэр[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Працоўны графік Пасольства // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Каардынаты, час працы і плян доступу // Амбасада Францыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г Беларусь-Францыя (палітыка) // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Асноўныя ўстановы і арганізацыі, якія садзейнічаюць разьвіцьцю беларуска-французскай эканамічнай супрацы // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Беларуска-францускія гаспадарчыя дачыненьні (фр.) // Галоўная ўправа скарбу Францыі, 28 сьнежня 2020 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Асноўныя вынікі двухбаковай гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і Францыі // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ а б в Двухбаковыя дачыненьні зь Беларусьсю (фр.) // Міністэрства Эўропы і замежных справаў Францыі, 23 траўня 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Асноўныя вынікі двухбаковай гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і Францыі // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ Аб беларуска-французскай супрацы ў галіне культуры // Амбасада Беларусі ў Францыі, 12 траўня 2021 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- ^ а б в Аляксандар Шпакоўскі. Францыя — Беларусь: выхад з «дыпляматычнай комы» // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2014. — № 33 (27643). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Каардынаты, час працы і плян доступу // Амбасада Францыі ў Беларусі, 10 траўня 2021 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ганаровыя консулы Беларусі // Амбасада Беларусі ў Францыі, 2022 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
- Зьвязацца з амбасадай // Амбасада Францыі ў Беларусі, 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 2 жніўня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |